Пахавальна-памінальная лексіка на тэрыторыі Добрушскага раёна Гомельскай вобласці

0
474
Пахавальна-памінальная лексіка на тэрыторыі Добрушскага раёна Гомельскай вобласці

Уласцівасць мовы адлюстроўваць адметнасць культуры яе носьбітаў абумоўлена кумулятыўнай функцыяй, якая заключаецца ў назапашванні і захаванні традыцый. У лексічнай сістэме нацыянальнай мовы гэта скарбніца ўяўляе сабой абрадавыя назвы, якія адлюстроўваюць важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці народа: называюць святы, прысвяткі і абрады розных перыядаў земляробчага календара беларуса, абазначаюць самыя значныя змены і падзеі ў жыцці чалавека.

У традыцыйных абрадах і звычаях жыхароў Добрушскага раёна Гомельскай вобласці знайшлі адлюстраванне разнастайныя бакі народнай культуры, побыту, філасофіі, рэлігіі, светаўспрымання і светаасэнсавання. У прыватнасці, даследаванне пахавальна-памінальных звычаяў і абрадаў як складовай часткі духоўнай культуры і народнага побыту дабрушан дае падставы сцвярджаць, што галоўнымі каштоўнасцямі ў іх жыцці з’яўляюцца сям’я і дом, жаданне жыць у згодзе са сваім сумленнем, з людзьмі, што былі побач, з навакольным светам. Выконваючы тое ці іншае абрадавае дзеянне, чалавек верыў, што гэтым забяспечвае сабе і сваім блізкім здароўе, шчасце, дабрабыт.

Веданне і дэталёвае выкананне традыцыйных абрадаў і норм паводзін стварае чалавеку ці сям’і добрую славу, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і высока ацэньваецца грамадой.

Аб’ектам нашага даследавання стала лексіка пахавальна-памінальнай абраднасці жыхароў Добрушчыны. «Пахавальна-памінальная абраднасць беларусаў, – як слушна сцвярджае Т. І. Кухаронак, – змяшчае ў сабе многія архаічныя рысы, звязаныя з народнымі ўяўленнямі пра замагільнае жыццё, пра душу, пра магчымасць зносін з нябожчыкам. Гэты шматгранны рытуал складаўся з разнастайных па функцыянальнай і семантычнай нагрузцы абрадавых дзеянняў пры строгай іх паслядоўнасці ў часе» [1, с. 354].

Пахавальна-памінальную лексіку, зафіксаваную студэнтамі філалагічнага факультэта УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» падчас фальклорнай практыкі на тэрыторыі Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, можна прадставіць у выглядзе наступных тэматычных груп: 1. Назвы асоб, звязаных з пахавальным абрадам: капачы „людзі якія капалі яму для нябожчыка’: У любой вёсцы есть такі ужо не маладыя хлопцы (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); „мужчыны, якія капалі магілу і выносілі труну з хаты’: Тыйа л’удз’і, каторыйа капайуц’ йаму, вынас’іл’і м’ерц’в’ака , іх называл’і капачы (зап. у в.

Івакі ад Ганны Уласаўны Васільчанкі, 1935 г.н.); пеўчыя, пеўшыя „людзі, якія галасілі па пакойніку’: Галасілі звычайна родныя, але таксама і тыя хто прыходзілі памінуць чалавека (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); Жэншчыны галас’іл’і на пахаван’н’і эта п’еўшыйа (зап. у в. Грушаўка ад Вольгі Ягораўны Вінакуравай, 1943 г.н.); пакойнік „чалавек, які памёр’: Ум’ерш’ева ч’елав’ека называл’і пакойн’ік (зап. у в. Івакі ад Святланы Андрэеўны Чарнашэй, 1946 г.н., перасяленка з в. Холміч Лоеўскага р-на); самаубійца „чалавек, які скончыў жыццё самагубствам’: Самауб’ійцу харан’іл’і ў канав’е. А зараз за кладб’ішчам (зап. у в. Івакі ад Ганны Уласаўны Васільчанкі, 1935 г.н.); Харан’іл’і самауб’ійцу на кладб’ішчы с ус’ім’і ум’есц’і (зап. у в. Грушаўка ад Вольгі Ягораўны Вінакуравай, 1943 г.н.); умершая „жанчына-пакойніца’: Умершую тады у гроб клалі (зап. у в. Прудоўка ад Ганны Мікалаеўны Сераднічэнкі, 1936 г.н.). 2. Прадметы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні пахавальнага абраду: гроб „труна’: У гроб абавязкова лажылі пакойніка (зап. у в. Вуць ад Надзеі Пятроўны Мятліцкай, 1930 г.н. і Ганны Антонаўны Міхаленкі, 1940 г.н.); стружкі „часткі дрэва, якія заставаліся пасля яго абчэсвання – адзін з рытуальных прадметаў пахавальнага абраду’: Гроб аб’івал’і б’елым мац’ерыйалам. На дно клал’і стружк’і (зап. у в. Івакі ад Ганны Уласаўны Васільчанкі, 1935 г.н.); ленавое пакрывала „рытуальны прадмет пахавальнага абраду’: У гроб лажыл’і пакрывала. Абычна л’енавойе. Ну стружку ж лажац’ пад н’із, л’енавым пакрывалам засц’ілайуц(зап. у в. Грушаўка ад Вольгі Ягораўны Вінакуравай, 1943 г.н.); цвятны мацерыял „кавалак тканіны, які лажылі на ложак пакойніка – рытуальны прадмет пахавальнага абраду’: Кусочак новага ц’в’атнога мац’ерыйала лажыл’і на кравац’ пакойн’іка. Йон начаваў пасл’едн’уйу ноч дома. І йага патом лажыл’і у гроб (зап. у в. Ларышчава ад Аўдоцці Мікалаеўны Раманавец, 1936 г.н.).

  1. Найменні дзеянняў пры правядзенні пахавальнага абраду: завешваць зеркала, накрываць зеркала „абавязковае дзеянне пахавальнага абраду’: Кал’і чэлав’ек пам’ор, у йаго у дом’е з’еркала зав’ешвал’і, каб н’е прэдв’ідз’ілас’а н’ічога (зап. у в. Івакі ад Надзеі Міхайлаўны Назарэнкі, 1939 г.н.); Эта накрывайуц’ з’еркала ў хац’е, каб ішл’і на м’ерц’в’ака гл’адз’ец(зап. у в. Івакі ад Ганны Уласаўны Васільчанкі, 1935 г. н.).

Люстэрка ў народных уяўленнях – сімвал «падваення» рэчаіснасці, мяжа паміж светамі. Люстэрка ў месцы знаходжання прадстаўніка іншага свету (у нашым выпадку нябожчыка, яго душы) адкрывае да таго доступ, робіць яго бачным для людзей. Нябожчыка, які знаходзіўся ў пераходным стане, быў адкрыты да кантакту з іншасветам, неабходна было ізаляваць ад люстэрка.

Яшчэ адзін распаўсюджаны звычай абраду пахавання – кідаць грошы: У нас к’ідайуц’ грошы у маг’ілу. К’ін’еш грошы у маг’ілу, значыт выкуп’іш м’еста пакойн’іку на том св’ец’е (зап. у в. Ларышчава ад Аўдоцці Мікалаеўны Раманавец, 1936 г.н.). Дадзенае абрадавае дзеянне адлюстроўвае веру ў замагільнае жыццё. 4. Найменні памінальных абедаў: Усе ўдзельнікі пахавання запрашаліся на памінкі ‘памінальны абед’: Збіраюцца звычайна ўсе родныя, суседзі і друзья (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.).

Памінкі на Добрушчыне, як і паўсюль на Беларусі, ладзіліся ў пэўныя рытуальныя дні пасля смерці канкрэтнага чалавека, спалучалі як язычніцкія, так і хрысціянскія элементы, што насілі наступныя назвы: тры дня „памінальны абед’: Абеды дзелалі на этат дзень (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.); памінкі „трэці дзень пасля пахавання’: Тры дн’і пам’інк’і называл’і. Старыйа так ус’егда гаварыл’і (зап. у в. Грушаўка ад Вольгі Ягораўны Вінакуравай, 1943 г.н.); паследні стол „памінкі праз год’: Пасля яго больш сталоў не рабілі толькі так па-сямейнаму. «После кашы нету пашы», – так звычана і кажуць (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); дзевяціны „дзявяты дзень пасля пахавання’: Посл’е пахарон дз’ев’аты дз’ен’ эта дз’ев’ац’іны. Так у нас ус’е гаворац (зап. у в. Ларышчава ад Антаніны Паўлаўны Некрашэвіч, 1947 г.н.); Збіраюцца звычайна тыя хто блізка жывуць (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); дзевяць дней, сорак дней „памінальны абед’: Кашу на кажды абед делают (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.); шэсць недзель ‘саракавы дзень пасля пахавання’: На шэсц’ н’едз’ел’ пам’інайуц’, св’ечк’і став’ац’. Хто пам’інайе ў цэркв’і, а хто дома. Саб’еруцца, пайадз’ац’. Свайе ходз’ац’, чужыйа н’е пойдуц (зап. у в. Івакі ад Ганны Уласаўны Васільчанкі, 1935 г.н.); полгода, год „памінальныя абеды’: Самы глаўны абед полгода и год и всё. Эта большой абед самы самы глаўны абед. Кашу на кажды абед делают (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.); годдзе „год’: На годдзе, калі паміраў чалавек, абавязкова рабілі памінкі (зап. у в. Вуць ад Надзеі Пятроўны Мятліцкай, 1930 г.н. і Ганны Антонаўны Міхаленкі, 1940 г.н.).

Памінанне продкаў на трэці і дзявяты дзень звязана з паняццем няцотнасці, дамінантнымі прадстаўнікамі якой з’яўляюцца лікі тры і дзевяць (дзевяць – тройчы тры). Адным з самых незвычайных і супярэчлівых па інфарматыўнай напоўненасці з’яўляецца ў традыцыйнай культуры і лік сорак. 5. Найменні страў памінальнага стала: боршч „памінальная страва’: Звычайна вараць з красных буракоў (зап. у в.

Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); канон, канун „рытуальная страва пахавальнага абраду’: Свяцілі спачатку белы хлеб потым размочвалі яго у салодкай вадзе і перадавалі ўсім (зап. у в. Церахоўка ад Веры Іванаўны Варонінай, 1953 г.н.); Вада, размешаная с мёдам і белым хлебам. Канон і каша абязацельнымі былі (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.); На пам’інках канон дз’елал’і. Дз’елал’і йаго з булк’і б’елай, м’од і ваду к’іп’ачонуйу. М’ода н’ема – сахар. З этага і пачынал’іс’а пам’інк’і. Каб пар гарачы ішоў (зап. у в. Грушаўка ад Вольгі Ягораўны Вінакуравай, 1943 г.н.); каша „традыцыйныя страва на пахавальным абедзе’: Кашу далжны былі прыгатовіць (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.); пшонная каша „традыцыйная страва’: Раньше тока пшонную кашу дзелалі каша. Везде была, тока на свадьбах не было (зап. у г. Добруш ад Дзіны Яўгенаўны Малашэнкі, 1932 г.н.).

Памінальны стол ладзіўся ў дзень пахавання і пачынаўся са з’ядання спецыяльнай абрадавай стравы – кануну, які гатавалі з вады і мёду або цукру, куды крышылі белы хлеб ці печыва, каб памерламу было соладка на «тым свеце». Таксама на стале абавязкова была каша, яна сімвалізавала вечнасць жыцця, урадлівасць нівы і выконвала трансляцыйныя, магічныя і выхаваўчыя функцыі.

Пахавальна-памінальныя абрады і звычаі з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Лакалізацыя Добрушскага раёна спрыяла цесным міжмоўным кантактам. Вынікі гэтага кантактавання адзначаюцца і ў разгледжанай намі пахавальна-памінальнай лексіцы. У першую чаргу тут адлюстроўваюцца доўгатэрміновыя і трывалыя сувязі беларускай і рускай моў, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў рэгіёна беларуска-рускім білінгвізмам.

Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў: «капачы, пеўчыя, умершая, памінкі». Пашыраны таксама і складаныя назвы: «кідаць грошы, завешваць зеркала, накрываць зеркала, ленавое пакрывала, цвятны мацерыял, шэсць нядзель, сорак дней».

Лексіка пахавальна-памінальнага абраду, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гомельшчыны, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, невычэрпнай крыніцай практычнай народнай мудрасцi.

Літаратура

  1. Беларусы / В. К. Бандарчык [і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2001. – Т. 5. Сям’я. – 375 с.

Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 15 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2013. – С. 425-429.