Пра ўнікальны экспанат з калекцыі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля напісаў астраном Уладзімір Ларыёнаў.
— Пакуль мы толькі можам меркаваць, што Фёдар Іванавіч Паскевіч праводзіў астранамічныя назіранні сам або дэманстраваў свае магчымасці гасцям, якія наведвалі палац у Гомелі,— распавядае галоўны захавальнік фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяна Шода і дэманструе выдатна захаваны тэлескоп. Больш за тое, ён апынуўся яшчэ і дзеючым.
Гэта значыць з дапамогай такога рэфрактара (дыяметр шклянога аб’ектыва 60 міліметраў) да гэтага часу пры жаданні можна назіраць Сонца, Месяц, планеты ды каметы…
Хутчэй за ўсё, Фёдар Іванавіч прывёз тэлескоп з Санкт-Пецярбурга ў 70-80 гадах ХIХ стагоддзя. Заўважу, што менавіта на гэты час прыпадае ўсплёск цікавасці да астраноміі ў Расіі. Прычым разам з прафесійнымі назіральнікамі і даследчыкамі-навукоўцамі было нямала і аматараў гэтай старажытнай найцікавай навукі.
Удалося высветліць, што тэлескоп быў выраблены ў «установе аптычных і метэаралагічных інструментаў», якая належала вядомаму ў Пецярбурзе Оскару Рыхтэру. Немалаважны нават для сённяшняга дня факт: гэта прадпрыемства рэкамендавалася Міністэрствам фінансаў Расіі для заказчыкаў «у мэтах абмежавання імпарту секстант, тэадалітаў і іншай аптычнай апаратуры».
— Мы лічым, — працягвае Таццяна Шода, — такі інструмент можа быць адзіным у Беларусі.
У любым выпадку Гомель можа ганарыцца тым, што такі дзеючы музейны экспанат ўяўляе сабой не толькі вялікую культурную, але і навукова-тэхнічную каштоўнасць.