Разнавіднасцю веснавых каляндарна-абрадавых песень з’яўляюцца русальныя, або “граныя” песні, якія выконваліся дзяўчатамі на працягу так званага русальнага тыдня. Змест гэтых песень быў цесна звязаны з уяўленнямі пра русалак. Іх выкананнем суправаджаўся абрад “Провадаў русалкі”, які адбываўся напрыканцы русальнага тыдня, або “гранай нядзелі”. Нягледзячы на тое, што ў сучаснай фалькларыстыцы існує павышаная цікавасць да гэтага питання, адказ на яго не знойдзены да цяперашняга часу. Погляды розных вучоных на гісторыю паходжання русальнага абраду абумоўлены яго сувяззю са штодзённымі бесперапыннымі клопатамі селяніна на полі і ва ўласнай сядзібе, яго надзеямі на добры ўраджай збожжа. “У аснове вобраза русалкі ляжаць погляды на іх, як на нейкія звышнатуральныя сілы, звязаныя з полем, расліннасцю, калі не боствы, то духі палёў” [1, с. 174].
Той факт, што русалкі, згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі, павінны былі садзейнічаць атрыманню нашымі продкамі багатага ўраджаю жыта, вынікае з таго, што амаль у кожнай вёсцы іх праводзілі ў жытняе поле, у той час, калі “жыта цвіце”, а саму русалку нязменна ўпрыгожвалі жытняй саломай ці аржанымі снапамі:
На гранай надзелі русалкі сядзелі,
Ой, рана-рана, русалкі сядзелі… [2, с. 54]
Згодна з павер’ямі, русалка ўяўляе сабою сезонны дух, яна з’яўляецца з іншасвету і можа быць актыўнай сярод людзей вельмі кароткі прамежак часу, які адпавядае мяжы вясны і лета. Менавіта таму “гэты прамежак часу і атрымаў назву “гранай нядзелі або тыдня”, гэтага ўласна русальнага часу, пасля чаго русалкі знікалі, каб зноў аб’явіцца толькі ў наступным годзе” [1, с. 371-372].
Для тэкстаў русальных песень характэрна абмежаваная колькасць матываў. Добра вядомы тры асноўныя тэматычныя групы песень, звязаныя з гэтым святам: па-першае, русалкі заўсёды знаходзяцца на адным месцы, часцей за ўсё, на дрэве (“сядзела русалка на белай бярозе” [3, с. 394]); па-другое, яны звяртаюцца з просьбамі да маладых дзяўчат і хлопцаў (“Дзевачкі ж сястрычкі, падайце ж вадзічкі, // Падайце ж вадзічкі з халоднай крынічкі…” [2, с. 54], у хлопцаў прасілі “сплесці ім лапці”); нарэшце, па-трэцяе, абрад провадаў русалкі адлюстраваны ў песенных тэкстах: “Веду русалку да бору, да бору, // А сама по мору, по мору, // Заведу русалку за цёмны лесок, // А сама пойду до своіх дзевок” [3, с. 394].
Даследчыца беларускага фальклору Г. Барташэвіч выказвае думку аб тым, што “гойданне русалак па бярозам” таксама носіць магічны характар, паколькі яно заснавана на падабенстве: наколькі высока ўзлятаюць арэлі, настолькі вялікім будзе жыта на полі аратага” [1, с. 166].
Вобраз русалкі амбівалентны па прыродзе: з аднаго боку, русалка як істота мае рысы дабрадзейныя, але з другога — цалкам варожыя для чалавека. Менавіта гэтым тлумачацца неадназначныя адносіны да яе. Часцей за ўсё старажытныя земляробы лічылі за лепшае засцерагчыся ад русалак, усяляк абараняць ад іх уласнае поле, каб яны не пашкодзілі жыта, таму ў некаторых тэкстах русальных песень выразна гучаць матывы рытуальнай ахоўнай магіі:
Вывяду русалак з лесу,
З лесу да за вёску нашу Рана-рана, з лесу.
Ды й пакіну там. [4, с. 102]
Тэксты песень, што выконваліся падчас выканання абраду “Провадаў русалкі”, акрамя выразных эпітэтаў (белая бяроза, цёмны лясок, халодная крынічка, шчыры бор) змяшчаюць такія сродкі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, як антытэза. “Правяду русалку да бору, // Сама вярнуся дадому.// Правяду русалку да й грушкі, // Сама вярнуся ў падушкі// Правяду русалку ў цёмны лес, // Сама вярнуся к татку ў клець” [5, с. 135] і паўторы:
На гранай нядзелі,
Русалкі сядзелі,
Русалкі сядзелі,
На Бога глядзелі, а-а-а,
На Бога глядзелі, гу-гу-гу [6, с. 166].
Варта адзначыць, што ў некаторых тэкстах русальных песень можна назіраць самы распаўсюджаны рэфрэн, які паўтараецца пасля кожнага вершаванага радка:
— Дзевачкі, сястрычкі, падайце ж вадзічкі,
Ой, рана-рана, падайце ж вадзічкі.
Падайце ж вадзічкі з халоднай крынічкі,
Ой, рана-рана, з халоднай крынічкі.
Цяжка ж мне стаяці, каласком махаці,
Ой, рана-рана, каласком махаці… [2, с. 54]
Асноўны сэнс песень, што спявалі дзяўчаты на русальным тыдні, не адрозніваецца тзматычнай разнастайнасцю: русалка часцей за ўсё сядзіць на дрэвах або ў жыце, глядзіць на дзяўчат або на Бога і расплятае свае доўгія косы:
На граной нядзелі русалкі сядзелі,
Русалкі сядзелі, на бога глядзелі,
Ой, рана-рана, русалкі сядзелі.
Ой, рана-рана на бога глядзелі… [2, с. 54]
Абрад “Провадаў русалкі”, на думку некаторых сталых даследчыкаў беларускага фальклору, увабраў у сябе пэўнае адлюстраванне магічна заклінальнай сутнасці:
Правяду русалку да й асінкай заламаю…
Правяду русалку ў шчырый бор,
Сама вярнуся ў таткаў двор… [2, с. 53]
Нашы продкі лічылі неабходным “правесці русалку” далей ад нівы, каб яна не загубіла збожжа. Сярод усіх песень веснавога цыклу русальныя песні вылучаюцца сваёй невялікай колькасцю і надзвычайнай міфалагізаванасцю. У тэкстах русальных песень можна разгледзець міфічныя вобразы русалкі, “дзевачак-сястрычак”, “хлопцаў-брацікаў”. Вобраз жыта: (“ядронае жыта”, “пшаніца-ярыца”) праходзіць праз усю русальную песенную творчасць. Часцей за ўсё ў русальных песнях сустракаецца бяроза, з вобразам якой цесна звязаны вобраз русалкі.
Сядзела русалка на белай бярозе,
Сядзела русалка да й песні спявала,
Ой, рана-рана, на белай бярозе.
Ой, рана-рана, да й песні спявала… [2, с. 53]
Падагульняючы сказанае, трэба адзначыць, што русальныя песні даволі сціплыя па выкарыстанні мастацкіх сродкаў, у параўнанні з іншымі песнямі, такімі, як калядкі, шчадроўкі, вяснянкі, юраўскія і інш. У русальных песнях у асноўным сустракаюцца эпітэты, метафары, антытэза і рэфрэн.
- Барташэвіч, Г. А. Беларуская народная паэзія веснавога цыклу і славянская фальклорная традыцыя / Г. А. Барташэвіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1985. — 184с.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Гомел. вобл. / Уклад. А. А. Захарава [і інш.]; Уклад, муз. часткі У. І. Раговіч. — Мінск: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.
- Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы /Склад. У. В. Анічэнка. -Мінск: Навука і тэхніка, 1995. — 464 с.
- Новак, В. С. Каляндарна-абрадавы фальклор Гомельшчыны: У 2 ч. Ч. 1: Манаграфія / В. С. Новак. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2009. -252 с.
- Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна /Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, устунныя артыкулы, рэдагаванне I. Ф. Штэйнера, В. С.
- Новак // Навуковы рэцэнзент — доктар філалагічных навук, прафесар К. П. Кабашнікаў. — Мінск: ЛМФ “Неман”, 2002. — 383 с.
- Новак, В. С. На гранай нядзелі русалкі сядзелі… / В. С. Новак. — Гомель: “Барк”, 2005. — 244 с.
Аўтар: А. Паўлава
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — 302 с. Ст. 235-237.