Паэтыка азначэнняў у каляндарна-абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча

0
543
Паэтыка азначэнняў у каляндарна-абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча

Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Гомельска-Бранскага пагранічча ў сучаснай Беларусі адзін з найбольш адметных у моўных і культурных адносінах. Абрадавы фальклор гэтай тэрыторыі, занатаваўшы маральны вопыт народа і духоўны запавет многіх пакаленняў, заслугоўвае дэталёвага фальклорна-этнаграфічна-лінгвістычнага аналізу. Нездарма этнографы, фалькларысты і лінгвісты не спыняюць комплекснага рознабаковага вывучэння духоўнай спадчыны Усходняга Палесся [1 – 8]. Народная культура рэгіёна мае многія спецыфічныя рысы і ўласцівасці, што патрабуюць этналінгвістычнага даследавання. Яскравай стылістычнай адметнасцю фальклору на гэтай тэрыторыі з’яўляецца стабільнае функцыянаванне ў тэкстах вобразных азначэнняў.

Мэта артыкула – даследаваць стылістычныя адметнасці мастацкіх азначэнняў у каляндарна-абрадавых песнях беларуска-расійскага пагранічча.

У народнай традыцыі асобныя з’явы маюць пастаянныя замацаваныя азначэнні – сталыя эпітэты: Вятры буйныя, палудзённыя; Палудзённыя, хмары цёмныя; Пад вароцячкі пад шчытовыя; Сені новыя, ясяновыя (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 72].

Святочны вечар Каляд абавязкова суправаджаецца азначэннем «святы»: Хто ета ідзець – дуброва гудзець, Святы вечар, дуброва гудзець! (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 25]. Паколькі ў абрадавых песнях, прысвечаных Ражаству (калядках), асноўным матывам з’яўляецца пажаданне гаспадарам дабрабыту, то разам з азначэннем «святы» і «шчодры» ў адносінах да слова «вечар» часта ўжываецца эпітэт «добры»: Шчодры вечар, Каляда, каляда! Добры вечар, Каляда, каляда! (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 23]. У спалучэнні з назоўнікам «вечар» прыметнік «добры» ўтварае тыповую для калядак і ўвогуле характэрную для славянскага этыкету формулу прывітання: Добры вечар таму, хто у гэтым даму! (в. Растаў, Акцябрскі р-н) [1, с. 24]. У іншай этыкетнай формуле сталае азначэнне «добры» прымеркавана да іншага азначальнага слова: Святы вечар добрым людзям! (в. Кісцяні, Рагачоўскі р-н) [1, с. 25].

На тэрыторыі Гомельска-Бранскага пагранічча сустракаюцца песні, стылістычна пабудаваныя на абыгрыванні вобразных азначэнняў: Стара пчолачка раечкі вядзець. – Сядзіцесь, райкі, у новые ўлейкі, А я, старая, у старым сяду. Нясіце, райкі, сладкія мядкі, А я, старая, жоўтыя васкі.

Сладкія мядкі – людзям на канун, Жоўтыя васкі – Богу на свячкі (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 25 – 26]. Адпаведнасць азначэнняў «стары – новы» становіцца асновай вобразнасці і выразнасці ў іншых абрадавых творах: Стараму дзеду на рукавічку, А старэнькай бабульцы На новую спаднічку (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [1, с. 41].

У спалучэнні «сладкія мядкі» адлюстравалася ўласцівае фальклору даследаванага рэгіёна ўзаемадзеянне беларускіх і рускіх гаворак, выяўленае ў старажытным няпоўнагалосным фанетычным варыянце прыметніка. Вытокі няпоўнагалосся – у паўднёваславянскім рэфлексе праславянскага спалучэння *ol, якое ў мовах усходніх славян ператварылася ў поўнагалоссе -оло.

Наяўнасць няпоўнагалосных форм адрознівае сучасную рускую літаратурную мову і фальклорныя творы ад адпаведных поўнагалосных беларускіх. У рускай традыцыі няпоўнагалосныя ўтварэнні ўзыходзяць да часоў другога паўднёваславянскага ўплыву – гістарычнага працэсу ХV – ХVІ стст., калі адбывалася насычэнне мовы кніжнаславянскімі моўнымі элементамі і формамі. Няпоўнагалоснае ўтварэнне ў прыведзеным творы мае ў слоўным акружэнні слова «канун», карані якога – царкоўна-славянская рэлігійная пісьменнасць. Эпітэт, выражаны няпоўнагалосным утварэннем, ужываецца і з іншымі азначальнымі словамі, але заўсёды ў звязаным з рэлігійнай традыцыяй кантэксце: Нашчадруіш сладкая пшанічкі І накорміш Божая сінічкі (в. Амяльное, Веткаўскі р-н) [9]. Захаванне найменняў у народна-песеннай творчасці Гомельшчыны, падмацаванае ўплывам суседніх рускіх гаворак, пацвярджае існаванне фальклорнай адзінкі з даўніх часоў, калі жывая старажытнаруская народная гаворка шчыльна ўзаемадзейнічала і пастаянна і часта судакраналася з царкоўнаславянскай мовай.

Са старажытнарускіх часоў у вуснапаэтычных творах сустракаецца сталы эпітэт «красны» з семантыкай ‘прыгожы’. Азначэнне апявае прыгажосць дзяўчат, часам ужываецца ў адносінах да раслін, якія выступаюць у творы ўвасабленнем жаночых вобразаў: Красна, красна каліна ў лузе… А красней таго дзевачка ў таткі (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 26]; Красна Ніначка піравоз дзяржала (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 27]; Икъ прискакавъ хлопчикъ… Да ухопивъ красну дѣвку [10, с. 163].

Акрамя семантыкі, на старажытнасць прыметніка паказвае кароткая форма ў атрыбутыўным значэнні – марфалагічнае выражэнне мастацкіх азначэнняў, здаўна характэрнае для ўсходнеславянскага фальклору, пра што сведчаць этнаграфічныя матэрыялы ХІХ ст.: На нашей вулицы Возиро вяли́ ко (Гомельскі р-н) [10, с. 163]; Просили русалки Въ дѣвочекъ сорочикъ: «Дайтя намъ соро́ чикъ Хоть оны ровне́ньки, Абы были бѣленьки» (Гомельскі р-н) [10, с. 201]; Въ столя́ ны подковки, Што некому попераду вити, Пѣсенку запѣти, Таночка завести [10, с. 175].

Кароткія прыметнікі як сталыя мастацкія азначэнні захавалі пашыранасць у сучасным фальклоры: Ай, у гадок разок, ой, на вялік дзянёк (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 79]; Мне не нада твой платочак, нада золат пярсцянёк (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90].

Да кароткіх вонкава набліжаюцца ўсечаныя, або сцягнутыя, формы прыметнікаў. Яны паходзяць з поўных прыметнікаў, якія перажылі страту ятацыі і зліццё галосных у канчатках. Фальклорны матэрыял Гомельска-Бранскага пагранічча пацвярджае пашыранасць сцягнутых прыметнікаў у форме назоўнага і вінавальнага склонаў адзіночнага ліку жаночага роду ў стылістычнай функцыі сталых мастацкіх азначэнняў: Ой, што над нашай над каморай Ды цёмна хмара стаяла. Ой, што на мяне на маладую Ды худа славачка ўпала. Ой, што яе, ту цёмну хмару Ды пяром размахаю. Ой, што яе ту худу славу Ды перацярплю, пераплачу (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 110]; Ой, парай, татачка, да добру радачку (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78]; Провяду русалокъ Изъ бору до бору, Въ зилену дуброву [10, с. 201].

Адметную выразнасць ствараюць таўталагічныя спалучэнні аднакарэнных усечаных прыметнікаў: Русалка сидзhла, Рубацевки просила: «…Хушъ худу худзеньку, Да бѣлу бѣленьку[10, с. 201].

У абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча адметна выкарыстоўваюцца колеравыя азначэнні. Колеравая палітра паэтычных жанраў рэгіёна не валодае надзвычайнай разнастайнасцю і шматфарбнай маляўнічасцю. Аднак некаторыя прыметнікі, якія называюць колеры, ужываюцца дастаткова часта. Як правіла, такія азначэнні маюць у розных творах аднолькавыя паясняльныя словы і перадаюць тыпізаваную ў народнай свядомасці прыродную з’яву.

Азначэнне «жоўты» звычайна характарызуе пясок або прыродныя рэчывы жоўтага колеру: А ў ляску, ляску на жоўтым пяску (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 28]; Ой, не рві, братка ж, да жоўтых красачак (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78]; Жоўтыя васкі – Богу на свячкі (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 25 – 26].

Прыметнік «сіні» з дэмінутывам «сіненькі» пастаянна суправаджаюць назоўнік «мора»: На сінім моры цянёты цяняць (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 32]; Толькі нашла адно тоя да сіненькая мора (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 110].

Колеравае найменне «зялёны» перадае адпаведныя характарыстыкі веснавога і летняга прыроднага асяроддзя: Пусці, татачка, ў зялён сад гуляць (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61]; А што з-пад садзіку ж да з-пад зялёнага (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 77]; Што на нашай вуліцы, на зялёнай мураўцы (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 91].

Прыметнік «белы» разам з іншымі сталымі мастацкімі азначэннямі ўдзельнічае ў партрэтнай характарыстыцы персанажаў: Покуль мае бодрыя ножачкі, Эй, хадіці не будуць… Покуль мае белыя ручачкі, Эй, работаць не будуць… Покуль мае карыя вочачкі, Эй, глядеці не будуць (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 107]. Азначэннем «белы» надзяляюцца бярозы: Да й з белаю бярозаю Размаўляла (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 49]; Да белая бярёзачка, Да чаго ж ты пахялела (в. Заляддзе, Веткаўскі р-н) [1, с. 108]. У адзінкавых выпадках азначэнне «белы» характарызуе прадукты харчавання: Масленіца-шчасленіца, Белы сыр (в. Мар’іна, Добрушскі р-н) [5, с. 172].

Распаўсюджаныя вобразы фальклору Гомельска-Бранскага пагранічча – лебедзь (лябёдушка), гусачка – амаль заўсёды белыя: Як наперад, як наперад белая лябёдачка (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 89]; Як узяў жа гусачку за белае крылля (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 89]; Гуску за галоўку, за белую шыйку (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 91]. Гусі, арлы і іншыя птушкі – традыцыйна шэрыя (серыя, сізыя, шэзыя): Як па том па возяру серы гусі плавалі… Адкуль й узяўся серы селязенька… Як узяў жа гусачку за сераю шыйку (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 88]; Як наляцеў, як наляцеў сіз арол на крылушках… Ухапіў ён, ухапіў белаю лябёдачку (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90]. Варыянт апошняй веснавой песні фіксаваў на тэрыторыі Гомельшчыны ў ХІХ ст. П. Шэйн: Икъ налетѣвъ сизой орелъ Ухвативъ ёнъ гусачку Подъ самое подъ крыльцо, За сизоя за перо [10, с. 163].

Іншыя прыметнікі, якія называюць колер, у разгледжаных творах або не фіксуюцца ўвогуле, або сустракаюцца ў адзінкавых выпадках. Зрэдку ўжываюцца азначэнні «чорны» і «чырвоны»: Чыя тая барада… Чорным шоўкам абвіта? (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [1, с. 124]; Ехала Каляда ў чырвоным вазочку (в. Мар’іна, Добрушскі р-н) [5, с. 171].

Сярод найменняў масцей і парод жывёл безумоўную перавагу мае прыметнік «вараны». Такое азначэнне народная творчасць прымяняе да коней. Фактычны матэрыял паказвае акцэнталагічна-фанетычнае вар’іраванне азначэння: І накорміш каня варанога (в. Амяльное, Веткаўскі р-н) [9]; Икъ прискакавъ хлопчикъ На воро́ номъ ко́ ни [10, с. 163]; Конь вароны вады не п’е, конь вароны грае (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90]; Як наехаў хлопчык на вароном коні (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 89].

Калі прыметнікі-назвы колераў і масцей як фальклорныя сталыя эпітэты даюць найменні тыповым, абагульнена ўспрынятым народам характарыстыкам, то некаторыя іншыя пашыраныя ў вуснай народнай творчасці Гомельшчыны мастацкія азначэнні перадаюць народныя ўяўленні аб ідэальных уласцівасцях жывых істот і якасцях прадмет і з’яў: Конь вароненькі, сам малодзенькі Залата грыўка стаеньку ззяе… Срэбраны капыт камень рубае… Шаўковы хвасцец след замятае (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 33]; Каляда-калядзіца, добрая маладзіца, Назбіраіш аўса залатога І накорміш каня варанога (в. Амяльное, Веткаўскі р-н) [9].

Даследаваныя творы выяўляюць часты зварот фальклору да азначэнняў «срэбраны» і «залаты» з колькаснай перавагай апошняга. Эпітэты ўжываюцца з рознымі азначальнымі словамі і называюць не толькі адносіны да матэрыялу, з якога выраблены твор, але і колер, а таксама замілаванне аўтара твора аб’ектам гаворкі: Да вдарили въ дю́ бочки, Да золоти перочки [10, с. 163]; Ухопивъ за ручку За золоти перстень [10, с. 163]; За правую ручку, за залаты персцянёк (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90]; Срэбраны капыт камень рубае (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 33].

Прыметнікі «шырокі», «быстры», «цёмны» ў народных песнях Гомельска-Бранскага памежжа з’яўляюцца пастаяннымі азначэннямі асобных назоўнікаў і адносяцца да сталых мастацкіх азначэнняў, будучы агульнаэтнічнай рысай мясцовага фальклору: Па вуліцы па шырокай (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 81]; Як у нашых у варотах шырокая возяра (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 88]; А што з-пад лесіку ж да лесу цёмнага Ой там цякла рэчка да рэчка быстра (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 77].

Адзначаюцца выпадкі ўжывання аднародных сталых азначэнняў, якія называюць найбольш адметныя ўласцівасці прадметаў і з’яў: Рэчка быстрая да беражыстая Ой, на той рэчачкі да ляжыць кладачка… Ой, кладка новая да й асіновая (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 77].

Часам аднародныя эпітэты маюць у сваім шэрагу метафарычныя азначэнні і ўяўляюць сінанімічны рад: У полі бярёза зялёна-кудрява, Зялёна-кудрява, голлем кучярява (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 106].

Распаўсюджаным эпітэтам фальклору Гомельска-Бранскага пагранічча можна лічыць прыметнік «малады»: Маладая дзевачка пер’е збірала (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 29]; Малады хлопчык хваліўся канём (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 32]; Не прадавай міне, малады Віцечка!.. Ой, як будзіш ты маладую жонку браць (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [1, с. 33]. Прыметнік ужываецца таксама ў няпоўнагалоснай форме: Млады Валодзька, хто цябе й вучыў? (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 32]. Разам з аднакарэнным паясняльным словам-назоўнікам эпітэт «малады» можа ствараць таўталагічнае спалучэнне: Да маладая малодачка Да й чаго ты зажурыла… (в. Заляддзе, Веткаўскі р-н) [1, с. 108].

Пры фіксаванні фальклорных твораў Гомельска-Бранскага пагранічча на мяжы ХХ – ХХІ стст. у фанетычным афармленні асобных моўных адзінак назіраецца ўплыў вымаўлення, характэрнага для сучаснай беларускай літаратурнай мовы, заснаванага на сярэднебеларускіх гаворках. Зварот да надрукаванага ў ХІХ ст. фальклорнага матэрыялу рэгіёна сведчыць аб выпадках дысіміляцыйнага акання ў адзначаных эпітэтах: Воду пярахристя зылотымъ крастомъ, А ты панъ Игнатъ да бывай здоровъ, Да ни самъ собой, съ мылодой жаной (Гомельскі р-н) [10, с. 77].

Фальклорныя творы рэгіёна адлюстроўваюць такую спецыфічную рысу грамадскай свядомасці, як падзел асоб, з’яў, прадметаў навакольнай рэальнасці, на свае, родныя, блізкія, і чужыя, няродныя. У лексіцы твораў гэтая дыферэнцыяцыя праяўляецца ў выкарыстанні адпаведных мастацкіх азначэнняў «родны – няродны», «любы – нялюбы», «мой (свой) – чужы (суседні)» у розных фанетычна-марфалагічных варыянтах: Ой, ты, маць мая, ой, маць радзімая (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 79]; Сястрыца родная, ці жыва-здарова (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 88]; Яе родная мамачка, Эй, ўгаворя́ла (в. Казацкія Балсуны) [1, с. 107]; Мамачка ж мая, ты, вішанька (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46]; А шчэ й з маімі падружка.. У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 45]; Забылася я свайму міленькаму Прыказаці (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 49]; А мой міленькі, чарнабрывенькай (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 67]; – Ой, чаго ж тая ў мяне мамачка неродна (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 43]; Падкалодная – маць неродная (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 74]; Парай, татачка, як з нялюбом жыць (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61].

Ужыванне азначэнняў у пары ўзмацняе адрозненні: У суседнім сяле дажджы і... У! Дажджы ідуць, А ў нашым сяле не быва… (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 45]; Калі люб табе – да й нелюбенькі Калі міл табе да не міленькі Ў доме міленькі, чарнабрывенькі (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61].

Часта ў даследаваных творах сустракаюцца метафарычныя азначэнні, якія ўтрымліваюць перанос лексічнага значэння. Звычайна з дапамогай гэтых азначэнняў прыродныя з’явы надзяляюцца чалавечымі якасцямі: Ох ты, ластаўка, ты касістая (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 64]; Ой ты, ластаўка, ты касастая Ты ж касастая, непрыгожая (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 65].

Уласцівасцю фальклорных твораў даследаванага рэгіёна з’яўляецца выкарыстанне ў якасці мастацкіх азначэнняў прыдаткаў, якія выразна і эмацыянальна характарызуюць рэалію, названую паяснёным словам: Вот там дзеўка-чарнаброўка Воду брала (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 49].

Прыдатак пры атрыбутыўна-пазітыўных адносінах з паясняльным словам прапанаваў яму канкрэтную назву. Эпітэт даў эмацыянальную ацэнку паясняльнага назоўніка, дзякуючы характарыстычным уласцівасцям назоўніка-прыдатка, што перадаў прыкмету рэаліі праз адносіны да названага ім аб’екта: Не любі-ка чужой жонкі Чарнаброўкі Гарэлачка-палыноўка – Не здароўя (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 50]; Два царэвічы-королевічы (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 27]; Свёкарка-тата, жалей мя… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 47].

Даследаваны моўны матэрыял паэтычных жанраў фальклору Гомельска-Бранскага пагранічча сведчыць аб значнай пашыранасці ў каляндарна-абрадавых песнях мастацкіх азначэнняў. Яны ствараюць эмацыянальнасць, выразнасць і вобразнасць твораў. Сярод эпітэтаў пераважаюць сталыя, замацаваныя за пастаяннымі паясняльнымі словамі. Па граматычным выражэнні большасць адзначаных эпітэтаў з’яўляецца прыметнікамі. Адметнае выкарыстанне набываюць найменні колераў. Некаторыя эпітэты становяцца кампанентамі таўталогіі. Асаблівай экспрэсіўнасцю валодаюць у фальклоры адзначанага рэгіёна эпітэты-прыдаткі.

Літаратура

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / уклад. В. А. Захарава [і інш.]; уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1989. – 384 с.
  2. Вечнае: фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт.-уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003. – 362 с.
  3. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / рэд. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск: Нёман, 2003. – 472 с.
  4. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / уклад., сістэм., тэкст. праца В. С. Новак. – Гомель: Полеспечать, 2007. – 456 с.
  5. Зямля чароўная дабра: Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / пад агул. рэд. А. А. Станкевіч. – Гомель: Полеспечать, 2008. – 280 с.
  6. Чачэршчына, нам дадзеная лёсам… Мінулае і сучаснасць Чачэрскага краю: гісторыка-культурны і фальклорна-этнаграфічны зборнік, прысвечаны 850-годдзю Чачэрска / пад агул. рэд. У. І. Коваля, В. С. Новак. – Гомель: Полеспечать, 2010. – 300 с.
  7. Станкевіч, А. А. Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз / А. А. Станкевіч, К. Л. Хазанава, А. М. Воінава. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. – 269 с.
  8. Новак, В. С. Традыцыі каляндарна-абрадавага фальклору Гомельскага раёна / В. С. Новак // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; навук. рэд. А. І. Лакотка. – Мінск, 2015. – Вып. 19. – С. 271 – 276.
  9. Лопатин, Г. И. Фольклорно-этнографический репертуар личности: Варвара Александровна Грецкая / Г. И. Лопатин [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://vetka-museum.by. – Дата доступа: 15.10.2015.
  10. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края: в 3 т. / П. В. Шейн. – СПб.: Тип. Имп. академии наук, 1887. – Т. І, ч. 1. Бытовая и семейная жизнь белоруса в обрядах и песнях. – 580 с.

Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 440-446.