Паэтычная сімволіка ў вясельна-песеннай традыцыі Гомельшчыны на тэрыторыі беларуска-рускага памежжа

0
1003
Паэтычная сімволіка ў вясельна-песеннаи традыцыі Гомельшчыны на тэрыторыі беларуска-рускага памежжа

Народна-песенныя тэксты валодаюць вобразнай формай адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці, эмацыянальна-ацэначным і экспрэсіўным характарам выражэння думкі, разнастайнай сістэмай выяўленча-выразных моўных сродкаў. Вясельна-абрадавая песня, якая суправаджае адзін з самых важных і адказных момантаў у жыцці чалавека — уступленне ў шлюб, — вызначаецца сваёй паэтычнасцю, надзвычайнай лірычнасцю, задушэўнасцю і напеўнасцю.

Як адзначаюць даследчыкі, “эстэтычная функцыя мовы, яе паэтычнасць, якія характарызуюцца развітай сістэмай метафарыч-насці, семантычнай шматпланавасцю, гістарычна паходзяць з міфалогіі … Міф быў цесна звязаны са словам, таму “міфалагічная практыка” садзейнічала развіццю і пашырэнню вобразнасці слова” [4, с. 129]. Развітая вобразная сістэма — адна з важнейшых адзнак народна-песеннага тэксту. Як слушна заўважае Н.С. Гілевіч, “у кожнай песні мы ўбачым выкарыстанне розных прыёмаў і сродкаў мастацкага адлюстравання і мастацкай выразнасці. Народна-песенная паэтыка выпрацавала за доўгія стагоддзі вельмі многа спосабаў выяўлення чалавечых дум і пачуццяў у слове” [5, с. 13]. Адным з важнейшых спосабаў выражэння думкі праз паэтычнае слова ў народнай песні з’яўляюцца сімвалы і алегорыі, вытокі якіх у анімістычным светапоглядзе першабытнага чалавека.

Сімвал у навуковай літаратуры кваліфікуецца як адзін з відаў іншасказання, умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з’явы, паняцця пэўным прадметам ці словавобразным знакам [6, c. 51]. Некаторыя даследчыкі лічаць сімвал спецыфічным стылістычным прыёмам: “Сімвал — гэта стылістычны прыём, пабудаваны па семантычнай мадэлі іншасказання, які вызначаецца вобразнай і эмацыянальнай насычанасцю з перавагай выяўленчай функцыі” [7].

У народна-песеннай творчасці мастацкая сімволіка адрозніваецца канкрэтнасцю вобразаў, узятых з навакольнага асяроддзя, кожны з якіх .. мае пэўнае значэнне [5, с. 77-78]. Сімвал замяняе на аснове падабенства і асацыяцый пэўныя дзеянні, прадметы, іх якасці і ўласцівасці іншасказальнымі вобразамі. У сувязі з гэтым сімвал як знак матывуецца зместам рэферэнта [8, с. 404].

Мастацкая сімволіка ў вясельна-песеннай традыцыі дазваляе больш яскрава абмаляваць вобразы галоўных дзеючых персанажаў шлюбнай абраднасці, паказаць іх знешні выгляд, паводзіны, унутраны стан, узаемаадносіны з іншымі персанажамі.

Паводле функцыянальнай значнасці у навуковай літаратуры размяжоўваюцца словы-сімвалы (устойлівая іншасказальная выява прадмета або рэаліі з дапамогай іншага шляхам іх замяшчэння) і сімвалічныя сітуацыі (паказ адносін персанажаў, іх пачуццяў, перажыванняў праз уласцівасці прадметаў, узятых з акаляючага свету, якія звычайна выступаюць у форме паралелізму) [9, с. 306].

У вясельна-песеннай сімволіцы аналізуемага рэгіёна найчасцей выкарыстоўваюцца сімвалічныя сітуацыі, якія ў вобразнай форме, іншасказальна малююць пэўныя абставіны, прадубліраваныя рэальным апісаннем адзначанай падзеі, дзеяння, стану, уласцівасці, ствараючы так званы паралелізм. Крыніцай сімвалічных вобразаў, якія выкарыстоўваюцца ў вясельных песнях, з’яўляюцца прыродны, жывёльны і раслінны свет, працоўны і сямейны побыт. Вобразны паралелізм, які дапамагае ў песнях раскрыць унутраны душэўны стан персанажаў шлюбнай цырымоніі, іх пачуцці і перажыванні, кваліфікуецца як псіхалагічны [5, с. 42-44]. “У народнай песні найбольш пашыраны паралелізм псіхалагічнага перажывання герояў і адпаведнага стану прыродных з’яў, дзе ў якасці сімвалаў мужчынскага і жаночага пачаткаў жыцця выступаюць спецыфічныя расліны, птушкі, рэчкі, крыніцы” [10, с. 720].

Вясельна-песенная сімволіка з’яўляецца даволі разнастайнай паводле сваёй прадметна-тэматычнай накіраванасці. Самую вялікую групу складаюць раслінныя і жывёльныя сімвалы. Такія вобразы-сімвалы ў асобных выпадках указваюць на нявесту або жаніха як галоўных персанажаў вясельнай абраднасці: Татачка пайшоў Весь лужок сышоў І каліначку не знайшоў.. Васячка прыйшоў .. І каліначку зпайшоў [1, с. 154]; Ляцела паша ластаўка ўчора к вам, Хоць заляцела, не заляцела, пяхай вам [1, с. 101]; Ляціць сокал з саколкаю, А то не сокал, то Ванечка, а саколка — Ганначка [1, с. 108]. Жаночыя сімвалы ў вясельных песнях значна перавышаюць па колькасці мужчынскія. У выключнай большасці выпадкаў яны набываюць дадатковую станоўчую ці адмоўную канатацыю і характарызуюць сітуацыю або стан, у якіх знаходзіцца нявеста: адзначаюць яе маладосць: Ой, ты, ёлачка, ты, сасоначка, Зелена, зелена.. А ты, Ніначка, ты, малодзенька, Молада, молада [3, с. 462]; прыгажосць: Чырвоная вішня З-пад кораня выйшла. Не аддай мяне, маці, Гдзе я не прывычна [1, с. 123-124]; настрой: Елачка зіму, лецячка зялёна, Наша Юлечка ў чацвер была вясёла [1, с. 101]; чаканне мілага: Не шолкава травінка Каля пенья ўецца. Прыгажуня-дзевіца Дружкі не даждзецца [1, с. 141]; паводзіны: Пахільнае дзераўца ялінка, Сы горачкі яліначка пахілілась. Пакорнае дзіцятка Ганначка. Яна свайму да татачку да пакарылась [1, с.109]. Яны перадаюць пачуццё трывогі маладой дзяўчыны ў чаканні перамен: Стаіць яблынька, распусціўшысь, Некаму зазіраць .. Сядзіць Ганначка, расплакаўшыся, Некаму яе ўняць [1, с. 109]; Ляцелі галачкі ў тры радочкі, Зязюля напераду. Галачкі селі, песні запелі, А зязюля закукавала .. Ішлі дзевачкі ў тры радочкі, Лепачка напераду. Дзевачкі селі, песні запелі, А Леначка заплакала [1, с. 114]; развітанне з дзявочай вольніцай: Гарэла сасна, пылала. Пад ёй дзяўчына стаяла, .. Гарэла саснпа, як траска, Цяпер я ваша нявестка [1, с. 452]; Стаяла, буяла У полі канапелька. Не даў ёй ветрык Яшчэ болей пастаяці [3, с. 65]; тугу па родным доме: Зашумела ляшчынанька, .. Заплакала дзяўчынанька [3, с. 466]; Закукала зязюлечка, Ой, борам лятучы. Заплакала Верачка, Ой, ад маткі ідучы (1, с. 126); Многа ластавак лятае Ў паднябеснай высаце, Мпога дзевак у пас страдае На чужой старане [1, с. 144]; у некаторых выпадках — сіроцкі стан нявесты: Зялёная яварыначка, чаго ў цябе явароў многа, Зялёнага да ніводнага.. Маладая Манечка .. у цябе Ды бацькоў многа, А роднага ды ніводнага [1, с. 155].

Раслінныя і жывёльныя мужчынскія вобразы-сімвалы сустракаюцца ў вясельных песнях адзначанага рэгіёна радзей і выконваюць пераважна ўказальную функцыю: А ў барку, барку, На жоўтым пяску, Там стаяў явар тонкі, высокі, Ай, тудой ішоў мальчышак з руж’ём [3 с. 72]; Ляцеў гарнастай цераз сад, Папускаў перейка на ўвесь сад [1, с. 469]; Не бій, орлічка, дзевачка, Прымі да сябе ў госці яго [3, с. 72]; Дай мне, татка і мамка, салавейку лугавога, Ёп будзе раненька ўставаць, Мяне будзіць [1, с. 178].

Як паказваюць прыклады, у сістэме вобразаў-сімвалаў, узятых з расліннага свету, найчасцей сустракаюцца вобразы каліны, яблыні, вішні, бярозы, руты-мяты, ружы, канапелькі, явара. У сімвалах з жывёльнага свету выключную большасць складаюць вобразы птушак: ластаўкі, галубкі, чырачкі, саколкі, сокала, гарнастая, арла, салаўя, якія сімвалізуюць нявесту або жаніха і маюць пераважна станоўчую канатацыю. Выключэнне ў гэтай сістэме складае вобраз зязюлі, які паказвае адмоўныя з’явы або негатыўныя эмоцыі: Пашлю сокала На Украіначку, На сваю радзіначку, А зязюлечку, а зязюлечку, На той свет па мамачку [2, с. 237]; То там салаўі гнёзды вілі, Серыя зязюлі кукавалі, Да мне долечку праклялі [1, с. 151].

З іншых жывёльных сімвалаў у адзінкавых выпадках у вясельных песнях сустракаецца вобраз рыбкі, які сімвалізуе вольнае, незамужняе жыццё: Ой, гуляй, гуляй, белая ріба, Па сінему морю. Ай, гуляй, гуляй, малада дзевачка У роднай мамкі [1, с. 146] і вобраз пчолкі як увасаленне працалюбства, пладавітасці і дастатку: А ў трэцім гумне чорны мак, На той мачынцы пчолка, Вывела дзетачак двоечка: Первага дзяцёнка Іванку, Другога дзяцёнка Маньку [1, с. 151].

Сістэму словавобразных знакаў у вясельна-песенным дыскурсе Гомельшчыны папаўняюць прыродныя сімвалы, звязаныя з вадой, якія нагадваюць нам пра каханне: Часты дожджык палівае, Мяне мілы ўспамінае [1, с. 143]; Цячэ рэчанька, цячэ быстрая — скочу-пераскочу, Аддай, мамачка, аддай, родная, за каго я хочу [1, с. 173]; любоўныя перажыванні: Я касіла ля пруда, Не дае касіць вада [1, с. 143]; хуткаплыннасць дзявоцтва: З-пад вас, мае сені. Ручай працякае. На том і ручаёчку Манячка гуляе [1, с. 154]. Асобныя назвы воднай прасторы і аб’ектаў зямнога рельефу (Дунай, рэчкі быстрыя, берагі крутыя, горы каменныя, горкі крутыя) паэтычна сімвалізуюць дальнюю старонку, чужы край, якім з’яўляецца дом маладога для нявесты: Прыедзе Васечка, яе ўкрадзе, За ціхі Дунай завязе, .. За тыя рэчачкі быстрыя, .. За тыя берагі крутыя, За тыя мужыкі ліхія [3, с. 471]; Не думай, Манечка, не гадай, Павязом цябе за Дунай [1, с. 151]; Баравыя васілёчкі зацвілі, Усе горы каменныя ўслалі [1, с. 462]; Ой, конь, мой конь, вараны .. Ці ўзвязеш свашачак На гару. На тую гару крутую [2, с. 230]; А з горкі, горкі крутыя, Беглі конікі вараныя [1, с. 464].

Арганічнымі, хоць і нешматлікімі ў вясельна-песенным тэксце дадзенага рэгіёна з’яўляюцца касмаганічныя сімвалы, якія ўвасабляюць галоўных персанажаў, падкрэсліваюць значнасць і важнасць такой падзеі, як уступленне ў шлюб: Адкрый акенца і паглядзі, Ці ясны месяц па зары, Ці любы міленькі на кані [3, с. 104]; Месяц дарожку асвяціў, Ды брат сястрыцу правадзіў [1, с. 467]; На дваре зоречка, заря, Іванька коніка седлае [2, с. 261]; Зоры мае, ясненькія. Не стухайце вы рана, А свяціце позна, Маё дзіця ў дарозе, Дай на лютым марозе [3, с. 66]. Сустракаецца ў песнях і разгорнутая сімволіка, у якой спалучаецца некалькі сімвалаў: Як сонейка будзе — цёпленька будзе, Месячык засвеціць — светленька будзе, А хлопчык узыйдзе — веселенька будзе [3, с. 68], дзе цяпло, святло і каханне — аснова шчаслівага сямейнага жыцця.

Неад’емным элементам сімвалічнай іншасказальнасці ў вясельна-песенным кантэксце выступаюць рэлігійныя сімвалы, якія ўзмацняюць велічнасць і ўрачыстасць шлюбнай цырымоніі, паказваюць яе значэнне ў асабістым жыцці чалавека: Гэта маёй дачушкі ўплёты, Нядаўна яна купіла, Адзін вечарок насіла, Ды ў Бога долі прасіла [2, с. 246]; Ой, рад Ванечка, Што прад Богам пастаяў, .. Што Манечку за ручку падзяржаў, З левае ручкі пярсцёнак зпяў [1, с. 156]; Тройца па цэркві хадзіла, Спасу за ручку вадзіла, Спася, мой Спася, Дай жа нам, Божа, долю, А маладым добрую гадзіну [3, с. 461].

Даволі цікавыя і разнастайныя сімвалы сацыяльна-бытавога паходжання. Гэта назвы канкрэтных прадметаў і дзеянняў, якія выкарыстоўваюцца ў вясельна-абрадавым комплексе і маюць рытуальнае значэнне: вяпок як сімвал дзявоцкасці: Не доўга вяночку на стунне вісець, Не доўга Галінке ў дзеўках сядзець [3, с. 107]; хлеб і вада як вобразы маладых: Наш хлеб — ваша вадзіца, Наш хлапец — ваша дзевіца [1, с. 469]; свяча, з якой праводзілі і сустракалі маладых бацькі і якая сімвалічна “асвятляла” іх будучы жыццёвы шлях: Выдзька, мамачка, з свячамі, Мы тваю дочаньку вянчалі [1, с. 109]; Вот табе свечачка-месячка, А праваднічок ужо твой жаніх [1, с. 459]; пярсцёнак, што сімвалізаваў яднанне маладых: З кім я павянчона, На вяночку стаяла, Богу прысягала, Пярсцёнка мяняла, За руку дзяржала [1, с. 457]; салодкае пітво на мёдзе, якім сустракалі бацькі маладых: Прапіла матка дачку На салодкім медочку [1, с. 148]; дзявочая каса як увасабленне незамужняга стану: Не жалка мне мамкі старой, Ні яе надвор’я, А жалка мне русай касы, Дзявочай красы [1, с. 114]; белая хустка як сімвал прывітання: Не бачыла міленькага чатыры гадочкі, .. Не вуспела сказаць “здраствуй”, .. Толькі махнула платком белым [1, с. 132]; Хусткай беленькай махала, Падзі, мілёначак, сюда! [1, с. 143]; калупанне печы як сімвал згоды маладой на заручынах: Сіня груба павалілася — Наша Танечка заручылася [1, с. 135]; патухшая лучына, што ўвасабляе цяжкую долю маладой у доме мужа: Лучына, лучына бярозавая! Што ж ты, лучына, Не ясна гарыш?.. Лютая свякровушка сярдзіта была, Вадой заліла, не высушыла [1, с. 142]; мост ці кладка як увасабленне пераходу ў новы этап жыцця, змену сямейнага статусу: Ой, пад калінаю мосцік, Цераз уябе ехаў невядомы госцік [3, с. 69]; Цераз сіняе мора ляжыць кладачка ялова .. Цераз тую кладачку ніхто не праходзіў,.. Перайшоў, перайшоў малады Лявончык, Перавёў, перавёў Настусю за ручку [3, с. 75]; ручнікі і паясы як сімвалы жыццёвай дарогі: Братоўка .. Сцеле бары кутасамі, Дарожкі ручнікамі, А сцежачкі — паясамі [3, с. 466].

Сукупнасць сімвалаў у вясельна-песенным тэксце ўтварае своеасаблівае сімвалічнае поле, у якім семантычны аб’ём словавобразнага знака рэалізуецца ў пэўным кантэксце і набывае ўстойлівую, традыцыйную, агульназразумелую спалучальнасць з іншымі намінатыўнымі адзінкамі незалежна ад сітуацыі зносін. Пад полем мы разумеем, услед за В.С. Ахманавай, “сукупнасць змястоўных адзінак (паняццяў, слоў), якая запаўняе пэўную галіну чалавечага вопыту” [8, c. 334]. Найбольш запоўненым у вясельна-песеннай сімволіцы Гомельшчыны з’яўляецца сімвалічнае поле дзеючых персанажаў шлюбнай цырымоніі і прадметаў, выкарыстоўваемых у працэсе абрадавага дзеяння. Так, сімвалічнае агенснае поле з ядзерным кампанентам “нявеста” ўтвараюць словавобразныя знакі каліна, яблыня, вішпя, бяроза, рута-мята, ружа, канапелька, ластаўка, галубка, чырачка, саколка, рыбка, пчолка; сімвалічнае поле “жаніх” складаюць сімвалы явар, сокал, гарнастай, арол, салавей. Сімвалічнае поле са значэннем “рытуальны атрыбут” напоўнена прадметнымі вобразамі вянок, свяча, пярсцёнак, стужка, ручнік, белая хустка, кладачка, мосцік і інш.

Такім чынам, сімвал як “семантычная мадэль іншасказання” ўзмацняе вобразастваральныя магчымасці паэтычнага слова, павышае яго эмацыянальнае ўздзеянне на адрасата і павялічвае экспрэсіўны патэнцыял. У вясельных песнях Гомельшчыны беларуска-рускага памежжа выкарыстоўваюцца як словы-сімвалы, так і сімвалічныя сітуацыі, у якіх абмалёваецца душэўны стан, перажыванні, пачуцці і паводзіны ўдзельнікаў шлюбнай цырымоніі. Словавобразныя знакі выконваюць у вясельных песнях як указальную, так і характарыстычную функцыі. Сістэма сімвалаў вясельнай песні стварае сімвалічнае поле кантэксту, у якім узмацняецца вобразная функцыя паэтычнага слова і яго выяўленча-выразныя магчымасці.

Літаратура

  1. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 472 с.
  2. Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт. уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. — 362 с.
  3. Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / укладанне В.С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2011. — 485 с.
  4. Новиков, Л.А. Семантика русского языка: учеб. пособие / Л.А. Новиков. — М.: Высш. школа, 1982. — 272 с.
  5. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н.С. Гілевіч. — Мінск: Выш. школа, 1975. — 288 с.
  6. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / Вячаслаў Рагойша. — Мінск: Выш. школа, 1979. — 320 с.
  7. Заулина, О.А. Символ как стилистический прием / О.А. Заулина // Вестник Чувашского университета. — 2005. — № 1. — С. 16-23.
  8. Ахманова, О.С. Словарь лингвистических терминов. / О.С. Ахманова. Изд. 2-е, стереотип. — М.: Сов. энцикл., 1969 — 508 с.
  9. Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии / редкол.: К.П. Кабашников (отв. ред.) и др. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. — 478 с.
  10. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5-і т. Т. 4 / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1986. — 742 с.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, С. 138-144.