Што звычайныя людзі робяць у нядзелю? – Адпачываюць ад будзёнай працы. І кожны гэта робіць па-свойму: хтось ідзе гуляць на прыроду, хтось сустракаецца з дзецьмі і ўнукамі, нехта не адыходзіць ад экрана тэлевізара, а некаторыя нават з ложка не вылазяць. Але нашыя талакоўскія валацугі не такога насення парасткі. Ім падавай якой небудзь работы-турботы, бо, як кажуць у народзе, нуда – горш за каросту. Вось і сабраліся яны, і паехалі ў вёсачку Рагі “патрусіць” мясцовых знатакоў народнай культуры.
На ганку тамтэйшага клуба ласкавай усмешкай сустрэла нас загадчыца бібліятэкі Марыя Уладзіміраўна Вінічэнка: Ой, госцейкі зайшлі! Ну, хадземця, пакажу я вам нашыя скарбы!!! – з пачуццём гонару за сваю справу павіталася тая. Па дарозе да “скарбаў” высветлілася, што Марыя Уладзіміраўна, літаральна за месяц, з дапамогай мясцовых школьнікаў і проста цікаўных людзей стварыла музей народнага побыту.
І вось зарыпелі дзверцы ў невялічкі пакойчык і перад вачамі застракацелі сапраўдныя дыяманты народнага умельства. Чаго тут толькі не было: і ручнікі, і посцілкі, і глячыкі, і корабы, і драўляныя кросны, сабраныя на дзіва дэтальна і ахайна. Мабыць, і старонкі не хопіць, каб падрабязна апісаць усё ўбачанае.
Па словах гаспадынькі музея, усе рэчы былі сабраны ў ваколіцах вёскі Рагі і прылеглых да яе вёсак Прыволле, Паўднёвы і Андрэянаўскі (гэтага пасёлка, на жаль, вы ўжо не знойдзеце на карце Беларусі). Выяжджалі на свойскім транспарце – запрагаўся конік, і дзеці разам Марыяй Уладзіміраўнай адпраўляліся на збор артэфактаў. Аглядалі занядбаныя хаціны, некаторыя рэчы выпрошвалі ў мясцовых жыхароў. Вось так напрацягу месяца і сабралася цікаўнейшая калекцыя мясцовага куточка народнага побыту.Пасля нялёгкай апрацоўкі (кожную рэч патрэбна было вымыць, вычысціць, бо некаторыя з іх ужо не адзін дзесятак гадоў пыліліся на вясковых гарышчах) экспазіцыя набыла эстэтычны прэзентабельны выгляд і кожная рэч знайшла сваё пачэснае месца ў інтэр’еры музея. Праўда, на гэтым ні Марыя Уладзіміраўна, ні яе памочнікі нават і не думаюць спыняцца. Мала таго, што яны праводзяць экскурсіі ў музеі, дык яшчэ вырашылі заняцца “падсобнай гаспадаркай”:
– Вясковыя дзеці, якія прыходзяць нас наведаць са здзіўленнем глядзяць на некаторыя рэчы. Упершыню бачаць кросны, матавілы, сукайла, а некаторыя, нават, пра лён упершыню чуюць. Дык мы вырашылі засеяць каля клуба невялікі кавалачак зямлі лёнам, каб дзеці змаглі прасачыць увесь ланцужок вырабу тканіны (вырошчванне лёну, яго апрацоўка, выраб нітак, а пасля ўжо ткацтва на кроснах). А вось Яшчэ адна акалічнасць, якая дакладна заслугоўвае велізарнай павагі: уся вышэй пералічаная праца вялася ў час асабістага летняга адпачынку Марыі Уладзіміраўны!!! Ці не дзіва?
Не мінулі нашы ногі і мясцовых майстроў народнай творчасці. Пасля невялікіх блуканняў па вёсцы мы зайшлі да Кацярыны Іосіфаўны Жураўскай – вось жа хто ўмее па-сапраўднаму з дапамогай “горыну” адлюстраваць сапраўдную прыгажоць акаляючага нас асяродддзя. На ейных працах знаходзім і кветачкі, і сунічкі, і птушачак, чаго там толькі не ўбачыш. У спадчыну ад маці Кацярына Іосіфаўна атрымала ручнікі, посцілкі, розныя вышыванкі, якія з цеплынёй захоўвае і ні за якія грошы не згодна аддаць:
– Гэта адзінае, што засталося ад маёй маці. Вёскі, дзе мы раней жылі (в. Нудзічы, Брагінскі раён), ўжо няма – яе пахавалі разам з астатнімі вёскамі пасля Чарнобыльскай трагедыі.
Шаноўная Кацярына Іосіфаўна захоўвае не толькі гэтыя рэчы, але яшчэ і фактычныя ўспаміны пра іх: так, яна нам распавяла пра традыцыйны брагінскі строй, пра ўзорыстыя тканыя посцілкі, якія называлі “у вілінкі”, “у пярэкулі”, пра тканыя ручнікі “у елачку” і шмат-шмат іншай цікавай інфармацыі. Так што вылазце з ложка, і хутчэй у вандроўку па родным краі! А такія сапраўдныя захавальніцы народнай спадчыны, як Марыя Уладзіміраўна і Кацярыны Іосіфаўна, якіх нямала на нашай Бацькаўшчыне, са шчырым сэрцам распавядуць вам пра наша найбагацейшае гістарычнае і культурнае мінулае.
(26.02.2011г. в. Рагі Гомельскага р-на)