Пад перабор гітарных струнаў або жыццё у мажорнай танальнасці

0
1041

Серада, 15 лютага. Прыёмнік настроены на хвалю “107,4 FM”. У эфіры запускаецца гульня “Кантрольная работа”. Прыз – квіткі на канцэрт украінскай гітарысткі Валянціны Брэвусавай – пераможцы конкурса “Рэнесанс гітары – 2011”, што адбудзецца ў нядзелю ў Гарадскім цэнтры культуры. Вось і першы ўдзельнік дазваніўся, ды толькі “экзамен” ён праваліў. Тут мяне дзёрнула: а дай-ка я паспрабую. Чаму б і не? Набіраю. Доўгія гудкі. Я ў эфіры. І – квіткі ў кішэні! Так трымаць!

Нядзеля, 19 лютага. Сонца шчыра вітае кожнага, хто трапляе ў яго абдымкі. Са стрэх цурчаць струменьчыкі празрыстай вады. На тварах прахожых усё часцей з’яўляюцца ўсмешкі. Гэткі сонечны дзень з яго вясеннім настроем прыемна дапаўняе думка аб канцэрце, што з хвіліны на хвіліну дасць старт. Для Валянціны дадзены канцэрт не першы і не апошні на тэрыторыі Беларусі. Так, да жыхароў горада Гомеля гітарыстка завітала ў рамках тура па гарадах Беларусі, што з’яўляецца прызам у конкурсе “Рэнесанс гітары – 2011”. Ззаду засталося выступленне ў Магілёве. На чарзе – мы, а затым і Пінск, Мінск, Гродна і іншыя гарады.

Пачынаецца канцэрт. Валянціна кранае струны – і з-пад яе пальцаў нараджаюцца гукі, якія то срэбным гарохам рассыпаюцца па наваколлі, то лёгкімі згусткамі завісаюць у паветры, але не пакідаюць раўнадушным анікога. Дарэчы, варта адзначыць, што публіка на канцэрце прадстаўлена відавочна мужчынамі ў большай ступені, чым жанчынамі. Чым гэта можна растлумачыць? Вырашайце самі. Ды толькі пакуль выконваецца тая ці іншая кампазіцыя, кожны мае магчымасць знітавацца з музыкай і з яе дапамогай раскрыць яшчэ неспазнаныя бакі і глыбіні сваёй душы.

Здавалася б, чаму дзяўчына, якой самой варт прымаць серэнады ў свой гонар, выбрала сабе такі інструмент? Як распавядае сама Валянціна, у дзяцінстве яна наведвала тэатральную студыю, якая пасля была расфарміравана. Такім чынам Валянціна трапіла ў музыкальную школу. “Бацькі вырашылі, каб я спявала пад гітару. Дагэтуль і спяваю”, – усміхаецца гітарыстка. Спеваў Валянціны нам пачуць не давялося, але граць у яе, трэба прызнаць, атрымліваецца. І атрымліваецца вельмі добра.

Выкарыстоўваючы пад час ігры такія тэхнікі, як тэпінг, слэп, тамбурын, Валянціна жыва малюе перад намі вобразы, што закладзеныя аўтарам у тую ці іншую кампазіцыю. Момант – і перад намі кубінскі пейзаж з дажджом, у наступную хвіліну сэрцы ўжо адстукваюць іспанскія рытмы. Па словах Валянціны, як для конкурсаў, так і для выступленняў яна стараецца падбіраць творы папулярных класікаў, вельмі падабаецца ёй іспанская музыка. Наяўнасць прагі да “гарачых” кампазітараў не менш “гарачай” музыкі відавочная. Парагвай на канцэрце прадставіў Аўгусцін Піа Барыяс, Мексіку – Мануэль Пансэ, Кубу – Леа Брауэр, Іспанію – Хаахін Турына. Паслужны спіс, так сказаць, уражвае.

Натхненне гітарыстка чэрпае, як не дзіўна, з музыкі і вершаў. Любіць пачытаць апошняга паэта вёскі С. Ясеніна, рэвалюцыянерку слова М. Цвятаеву. У свой час Леа Брауэр заўважаў, што галоўнае ў яго музыцы – яе не-банальнасць. Таму творы кампазітара і ўтрымліваюць тэхнікі розных накірункаў, утвараючы тым не менш суцэльны вобраз. Выконванне музыкі Валянцінай не разыходзіцца з дадзеным азначэннем кампазітара. Кожны прысутны праз яе ігру змог адчуць на сабе цэлы спектр эмоцый з гамай разнастайных асацыяцый. Гледачы, атрымаўшы станоўчы зарад ад ігры Валянціны, неўзабаве пачынаюць падцягваюцца да яе, каб сфатаграфавацца ці ўзяць аўтограф. Фінальны акорд сваім выступленнем ставяць Ігар Шошын і яго вучні.

Так, дзень насамрэч выдаўся на славу: пачулі і адчулі шмат. Рабіць жа разнастайным адчутае – гэта ўжо асабістая справа кожнага. Валянціне ж хочацца пажадаць натхнення, росту і ўздыму, жадання пакараць новыя вяршыні і простага людскога шчасця. Вялікі дзякуй радыёхвалі “107,4 FM” за такія гульні і, адпаведна, за магчымасці, якія прадстаўляюцца. Яшчэ сустрэнемся!

🙂

Аўтар: Марына Маркевіч

Аўтар фатаздымкаў: Марыся Тульжанкова