Грунтоўнае даследаванне асаблівасцяў народнай архітэктуры вядомага гомельскага гісторыка і кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава выйшла з друку ў выдавецтве “Беларуская навука”.
Кніга мае назву “Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі (канец ХІХ-першая палова ХХ ст.)”. Тыраж кнігі, якая змяшчае 306 ілюстрацый, складае 500 экзэмпляраў. Надрукавана яна на мелаванай паперы, што дазволіла перадаць большасць ілюстрацый у колеры і высокай якасці.
Рэцэнзентамі выступілі доктар мастацтвазнаўства Т.В. Габрусь і доктар мастацтвазнаўства, прафесар Я.М. Сахута. Выпуск выдання ажыццёўлены па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Даследнік Яўген Малікаў адзначае, што праца над кнігай вялася ім каля 20 год.
Змест даследавання па главах:
Глава 1. Гістарыяграфія вывучэння праблемы, крыніцы і методыка даследавання
Глава 2. Станаўленне традыцый драўлянага архітэктурнага дэкора на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі
Глава 3. Тэхналогіі выканання разьбянога дэкора
Глава 4. Сувязі разьбянога аздаблення драўлянай архітэктуры з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам Беларусі
Глава 5. Прафесійныя архітэктурныя стылі і дэкор народнага дойлідства
Глава 6. Лакальныя традыцыі драўлянага архітэктурнага дэкора
глава 7. Рэгіянальныя спосабы мастацка-архітэктурнага спасціжэння прасторы
Глава 8. Агульныя рысы разьбянога дэкора народнай архітэктуры паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі
У хуткім часе выданне трапіць у кнігарні. Меркаваны кошт – каля 25 рублёў. Кнігу можна папярэдне замовіць у аўтара.

Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны, а таксама абаронцы драўлянай забудовы горада над Сожам, вітаюць выданне кнігі і спадзяюцца, што з яе выхадам у свет у справе аховы нашай традыцыйнай спадчыны настане новая эра.