Па слядах таямнічых сімвалаў

0
1126

Калі ўсё забываецца, застаецца тэхналогія, глыбіню ведаў зашыфраваных знакаў якой, спазнаўшы, хочацца данесці да іншых. Так, 23 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава адразу адбылося адкрыццё дзвюх выстаў: “Веткаўская буквіца” і “Белая птушка – нявеста”.

У райскім садзе веткаўскіх буквіцаў

“Веткаўская буквіца” – гэта праект Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава, які налічвае болей за 20 гадоў. У 1999 годзе выйшаў першы тыраж кнігі-замалёўкі “Веткаўская буквіца”, дзе прадстаўленыя буквіцы, створаныя С. І. Леонцьевай, і напісаныя Г. Р. Нячаевай тэксты да іх. Аднак на створаным спыняцца ніхто не хацеў. Арганізаваўшы дадзеную выставу сумесна з дзіцячай мастацкай школай г. Гомеля, стваральнікі тым самым паставілі праект на новы віток развіцця.  Як заўважае Галіна Рыгораўна Нячаева, дырэктар Веткаўскага музея, “было цяжка сабе ўявіць, што старажытныя рукапісы і старажытныя мастакі так добра будуць пачувацца побач с сучаснымі, маладымі, юнымі аўтарамі”. Ды толькі вочы не замажаш – вынікі відавочныя.

Праца ў мастацкай школе пачыналася майстар-класамі, прысвечаных уласна таму, як вырошчваць буквіцу ў кнізе-садзе. Галіна Рыгораўна ўспамінае: “Перш-наперш я сказала: ўявіце, што вы – дрэва і што вы хочаце вырасціць з сябе, напрыклад, літару “Г”. Выцягніце руку! Што вы адчуваеце? Так, гравітацыя цягне вас за рукой. Што патрэбна зрабіць, каб утрымацца? Правільна, выгнуцца. Так танцуе дрэва, і менавіта так танцуе і нараджаецца літара. Танцаваць жа дрэву даводзіцца ўвесь час, паколькі яго прыцягвае сонца і трымае зямля. Як толькі яно страчвае раўнавагу, яно можа ўпасці, таму яму тэрмінова патрэбна гадаваць новую галіну. Гэтак жа вырошчваюць буквіцы ў нашых кнігах нашыя майстры. У сваю чаргу тая лёгкасць, свабода і разняволенасць, уласцівая работам старажытных майстроў, прывяла да думкі, каб далучыць дзяцей да гэтай свабоды, даючы магчымасць выявіць сваю фантазію і пабыць вучнем старажытнага майстра”.

Дзеці бяруцца за справу і прымяняюць веткаўскі арнамент у сваіх працах, пераймаючы нават колер. Але гэта не пустое капіраванне, гэта – выкарыстанне раслінных дэталяў, элементаў веткаўскага арнамента, яго каларыта ва ўласнай палітры. І так натуральна тонкія гравюры і графічныя работы дзяцей расцвітаюць, прымаючы ў сваё лона птушак і белак, адлюстроўваючы ў іх самаго чалавека. Дзеці адчулі на сабе жыццё, заключанае ў веткаўскім арнаменце, а наколькі моцна – давядзецца судзіць наведвальнікам выставы. Па заканчэнню яе будуць адзначаны работы па розных намінацыях як сярод 5-гадовых дзяцей, так і сярод юнакоў. Чакае свайго пераможцу і прыз сімпатый гледачоў, дапамогуць вызначыць якога запісы, пакінутыя ў кнізе водгукаў.

Веткаўская рукапісная кніга – гэта цалкам унікальная з’ява з толькі ёй уласцівымі рысамі: спецыфічныя арнамент, графіка, райскі сад напаўняюць літаральна кожную кнігу. Рукапісная кніга стваралася ў Ветцы з пачатка 18 стагоддзя па 1930-я гады, у той час, калі паўсюль гэта ўжо знішчалася. Перш за ўсё запатрабаванасць паўставала ў рукапісных пеўчых кнігах, паколькі гэтыя кнігі пачалі выдавацца толькі ў пачатку 20 стагоддзя, а ў любым стараверскім асяродку і ў 17 стагоддзі, і ў 18 стагоддзі спявалі менавіта па гэтых кнігах, так называемыя крукавыя, ці знамённыя спевы. Прыклад такіх спеваў прадставіў Андрэй Несцяровіч, прыхажанін Гомельскага Ільінскага стараверскага храма, запісам Першага песнапення на Вялікай вячэрняй службе ў выкананні маскоўскага хора пад кіраўніцтвам Барыса Паўлавіча Кутузава.

Пра пышнасць і хараство арнаменту, уласцівага веткаўскаму стылю, Святлана Іванаўна Леонцьева, стваральнік экспазіцыі, адзін з лепшых спецыялістаў па кніжнай культуры ў рэспубліцы, распавядае: “Уявіце, што вы ў царкве, сабралася паства, і вам патрэбна раскрыць кнігу і спяваць па ёй дзівосныя, цудоўныя песні, праз якія наладжваць сувязь непасрэдна з Богам. Вы павінны ў душы мець вось гэты райскі сад. Таму лічыцца, што арнамент ў рукапісных пеўчых кнігах прызваны ствараць менавіта гэтую атмасферу, каб у душы чалавека нарадзілася тое захапленне, тая радасць, дзякуючы якім яго душы захочацца спяваць”.

Кніга “Святы пеўчыя”, выкананая на паперы 1822-23 гадоў, – самы лепшы прыклад таго райскага сада, які вырошчваўся на старонках падобных кніг. Кніга заселена райскімі птушкамі, таму і на выставе яго акружаюць сірыны, алканосты, паўліны, птушкі пачатку і канца, дня і ночы (сакол і сава – “начны і дзённы дазор”, па словах Галіны Рыгораўны). Прадстаўлена на выставе кніга, перапісаная ў 1840 годзе купцом 2-й гільдыі Дзям’янам Купрыянавым. Гэта ў сваю чаргу сведчыць, што купецтва таксама займалася перапіскай кніг, а не толькі спансіравала работы майстроў.

Частка экспазіцыі прысвечана практычным тэхналогіям стварэння кнігі. Тут змешчаныя інструменты, якія ў свой час змаглі набыць, і незакончаны, неразмаляваны рукапіс. Справа ў тым, што рукапіс стваралі некалькі чалавек, як мінімум тры: адзін пісаў, другі аздабляў, трэці пераплятаў. Рэдка калі адзін чалавек мог гэтыя ўменні спалучаць, хаця і такія прыклады маюцца. На вітрынах экспазіцыі можам убачыць звычайныя пёры – іх выкарыстоўвалі і для пісьма, з іх стваралі і пэндзлі. Дзюбку пяра абразалі, устаўлялі туды валасы (з карка ката, вавёрчынага хваста), моцна сцягвалі ніткай і – пэндзаль гатовы. Побач можам падзівіцца на тэраксу – дошку з нацягнутымі на яе суровымі ніткамі, з дапамогай якіх лінеілі паперу: накладвалі зверху, моцна прыціскалі, і гэтыя ніткі літаральна адбіваліся на паперы. У кожнай вітрыне акцэнтамі – бутэлечкі з фарбамі з калекцыі аднаго з апошніх іканапісцаў. Дарэчы, чаму нам здаецца, што ікона напісаная сёння? Што кнігі літаральна ззяюць, бы жаночыя ўпрыгожванні? Усё проста: для стварэння фарбаў выкарыстоўваліся сапраўдныя прыродныя мінералы – біруза, малахіт, кінавар, сурык, лазурыт і інш.

Гэта насамрэч радасная выстава, у якой знаходзіцца энергія нашых продкаў, якая можа нам дапамагаць. Да таго ж энергія нашых продкаў, адчуванне імі жыцця, імкненне перадаць радасць жыцця можа натхніць нас на будучыя поспехі. Спатрэбілася натхненне – ведаеце, дзе яго здабыць: выстава працягнецца да восені. Час ёсць!

“Як па мору, мору сінему Плыло стада лебядзінае…”

Выстава “Белая птушка – нявеста” прысвечана аднаму прадмету з усяго багатага ўбору аднаго абраду адной вёскі Веткаўскага раёна – вясельнай сарочцы в. Неглюбка. На першы погляд, на сарочцы нічога нельга разглядзець: усё дробненькае, беленькае, чырвоненькае, але – аднолькавае. Ды толькі прадстаўленыя на экспазіцыі фотаздымкі павялічаных арнаментаў сарочак яскрава ілюструюць, што кожны сантыметр паверхні напоўнены прыгажосцю, працай, геаметрыяй старажытных знакаў.

Як вядома, на другі дзень маладая апранала чырвоны ўбор, у чым заключаўся старажытны сэнс. Як тлумачыць Галіна Рыгораўна Нячаева, дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава, “белы колер маладой – гэта не толькі знак яе чысціні, але і знак смерці яе ў былой іпастасі. Яна развітвалася са сваімі сяброўкамі, з якімі вадзіла карагоды ў гаях і пляла вянкі, яна развітвалася са сваімі бацькамі, з якімі першыя тры гады пасля вяселля не мела права бачыцца. Белы колер убору маладой – знак прыналежнасці яе да таго свету, таму што любы, хто памірае, належыць да яго. Яна памірае і становіцца прадстаўніком іншага свету, такім чынам апранаецца ў белую птушку, белага лебедзя”.

Акрамя фотаздымкаў, дакрануцца да сімволікі таемных знакаў дапамагаюць дзівосныя тэхнікі арнаментаў, павялічаныя дзеля выставы рэстаўратарам музея Людмілай Андрэеўнай Новікавай. Арнаменты далёка не выпадковыя. “Не пабаюся асацыяцыяў з кінафільмам, – адзначае Галіна Рыгораўна і смела хрысціць арнамент белым сонцам таго, замагільнага свету. – Любы з нас, хто спіць, ці засынае, ці перажывае зіму, ці постуе (псіхалагічных станаў, калі чалавек праходзіць па ніжэйшай частцы свету, – безліч), адчувае белае сонца таго свету як антытэзу нашаму – чырвонаму – сонцу”. Далучаюцца сюды знакі вод (/\/\/\), арнамент сонца едзе на колах і інш.

Разгадваць жа цікавую прыроду патаемных знакаў і сімвалаў можна бясконца.

Будзьма разам!

Аўтар: Марына Маркевіч

Фатаздымкі аўтара