“Па лабірынтах мінуўшчыны” з Алесем Матафонавым

0
969

11 снежня 2011 г. у Гомельскай біблятэцы імя Коласа адбудзецца творчая сустрэча з таленавітым беларускім рэжысёрам і сцэнарыстам, аўтарам шэрагу гісторыка-дакументальных кінастужак (“Адкрыты архіў”, “Маем рэчы”, “Лабірынты” і інш.) Алесем Матафонавым.

Падчас сустрэчы гаворка будзе ісці пра мінуўшчыну Беларусі, стварэнне дакументальных фільмаў, перадач, сюжэтаў і г. д. Кожны зможа задаць свае пытанні госцю сустрэчы, падзяліцца сваімі творчымі планамі і атрымаць параду для іх рэалізацыі (для тых, хто здымае свае фільмы ці хацеў бы пачаць здымаць).

Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя!

Фільмы Алеся (Аляксандра) Матафонава паказваюць, як шмат таямнічага і неразгаданага ў беларускай гісторыі. Кожны фільм – гэта маленькае адкрыццё, дэманстрацыя таго, на колькі багата наша гісторыя, і як мала мы часамі ведаем пра яе. Апошні праект, які паказваўся па тэлеканалу “Лад”, называецца “Лабірынты”. Самы першы фільм па-сапраўднаму здзівіў шматлікіх гледачоў. У ім распавядалася пра містыку полацкіх лабірынтаў, пра якія калісьці напісаў славуты беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі. Пасля з’явілася шмат іншых цікавых серый, прысвечаных загадкавым месцам, выбітным людзям, з’явам і інш. “Лабірынты” падштурхоўваюць гледача на разважанні аб Беларусі і беларусах, дазваляюць прайсціся па шляху заблытанага, як лабірынт, лёсу нашай краіны, убачыць міфічную і невядомую для большасці беларусаў Бацькаўшчыну.

Калі: 11 снежня а 15.30

Дзе: Гомельская біблятэка імя Коласа (Галавацкага 21 – за гатэлем “Турыст”)

Падзея Вконтакте: http://vk.com/event32693196