Няцецкі Язэп Сцяпанавіч

0
1948

Няцецкі Язэп Сцяпанавіч (1883, Шчучын — ?) — дзеяч беларускага нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху, адзін з заснавальнікаў КП(б)Б. Кіраўнік беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай бежанскай камісіі ў Гомелі, старшыня галоўнага выканкома Палескіх чыгунак (1918). У траўні 1918 кіраўнік дэлегацыі гомельскіх чыгуначнікаў і прамыслоўцаў ва ўрадавыя органы Украінскай Народнай Рэспублікі. У чэрвені 1918 прызначаны намеснікам Народнага   сакратарыята БНР на Гомельшчыне і Палессі. У жніўні 1918 арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі за ўдзел у забастоўцы гомельскіх чыгуначнікаў. З восені 1918 у Маскве, старшыня Беларускай чыгуначнай грамады, дзеяч Беларускіх секцый пры ЦК РКП(б). Удзельнік канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б) (21— 23.12.1918), на якой выступіў з абгрунтаваннем ідэі спалучэння камуністычна-савецкага і беларускага нацыянальна-вызваляльнага рухаў у Беларусі, супраць ідэалогіі і практыкі «заходнерусізму» з боку Аблвыкамзаха. Выказваўся за нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі як савецкай рэспублікі ў федэрацыі з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі на тэрыторыі Расейскай імперыі, за «беларусізацыю савецкай улады на беларусюх землях» і вяртанне ў афіцыйны  ўжытак этнічнай назвы «Беларусь» замест «Заходняя  вобласць»  і «Заходняя камуна», падкрэсліваў, што да камунізму «можна прыйсці толькі праз нацыяналізм». У 1921—22 у Менску, памочнік начальніка аддзела Заходняй чыгункі, чалец Беларускага рабочага клуба. Далейшы лес невядомы.

Творы

– Белорусское движение в Гомельском уезде // Бел. слово 1918. 15 крас.

Літаратура

– Турук Ф. Белорусское движение. Репринт Мн., 1994;

– Лебедзева В., Беларуская Народная Рэспубліка і Гомельшчына // Гомельскія  ведамасці. 1994. 25 сак.;

– Яе ж, Год 1918 барацьба за Гомель // Бел. гіст. часоп. 1995. № 1

 

Аўтары: Юрка Васілеўскі, Аляксей Каўка

Крыніца: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1999. ст. 349.