Помнікі позняга неаліту і ранняга перыяду бронзавага веку ў даліне Дняпра вывучаны нераўнамерна. Асабліва помнікі, якія разглядаліся даследчыкамі як стаянкі верхнедняпроўскай культуры [Артеменко И.И. 1960, 1964, 1966; Тюрина И.М. 1970]. Усе яны прадстаўлены альбо тэраснымі помнікамі, альбо дзюнамі ў пойме (асабліва ў яе левабярэжнай частцы). Падставамі для вызначэння часу іх існавання з’яўляецца, як след, параўнальна-тыпалагічны аналіз археалагічнага матэрыяла. Атрыманыя ў апошні час заключэнні па радыёвугляроднаму датаванню знаходзяцца пакуль на стадыі накаплення і па-пярэдніх вывадаў [Езепенко И.Н. 2000; Jozwiak В. 2003].
Сучасны стан вывучэння матэрыялаў дазваляе лічыць, што ўжо ў другой палове III тыс. да н.э. на тэрыторыі Рагачоўскага Падняпроўя, на самай паўночнай ускраіне Гомельскага Палесся, назіраецца суіснаванне насельніцтва з рознымі культурнымі традыцыямі [Язэпенка І.М. 2003. с. 3-4]. Адкрыццё ў 1993 г. на паўднёвым беразе старычнага возера Дняпра — Прорве неалітычнага паселішча і грунтовага бескурганнага могільніка ранняга перыяду бронзавага веку Прорва-1 абумовіла далейшае паспяховае выяўленне цэлага шэрагу шматслойных помнікаў. Культурны пласт паселішчаў Прорва-2, Прорва-4 меў выразную стратыграфію і змяшчаў крамянёвы інвентар позняга неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы, абломкі посуду ад позняга сярэднявечча да ўсё таго ж позняга неаліту, дробныя фрагменты кальцыянаваных костак і вугельчыкаў, рэшткі гаспадарча-пабытовых аб’ектаў і пахаванняў сярэднедняпроўскай культуры.
Матэрыялы раскопак паселішчаў Дзядкаў Борак і Борак Семінаўскі ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці ў 2000, 2001 і 2004 гг. значна папоўнілі археалагічныя калекцыі і далі важкія для рэканструкцыі структуры паселішчаў дадзеныя. Распачата комплекснае даследаванне помнікаў у наваколіцах вёскі Лучын. Асноўная задача работ на паселішчы Борак Семінаўскі — працяг вывучэння помніка, якое пачыналася ў 1957-1958 гг. І.І. Арцёменкам, з мэтай атрымання надзейнай факталагічнай базы для вырашэння пытанняў аб часе і ўмовах асваення даследуемай тэрыторыі ў суббарэальны перыяд. Першаснае значэнне маюць праблемы культурнай прыналежнасці, генезісу, спосабаў суіснавання і ўзаемаўпыву старажытнага насельніцтва на працягу другой паловы III — першай чвэрці II тыс. да н.э. у мікрарэгіёне — наваколлі г. Рагачова і вёсак Лучын, Ходасавічы.
З гэтай жа мэтай працягнута даследаванне помніка Дзядкоў Борак, пачатак вывучэння якога быў пакладзены экспедыцыйнай групай Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў 1996 г. Атрыманыя пры яго раскопках калекцыі маюць аналогіі ў матэрыялах помнікаў днепра-данецкай і сярэднедняпроўскай культурных традыцый, а культурны пласт залягае ў выразных стратыграфічных умовах. Нягледзячы на высокую насычанасць даследуемага рэгіёну паселішчамі позняга неаліту, магчымасць ужывання для вывучэння стаянак комплекса сучасных прыродазнаўчых дадзеных пакуль што вельмі абмежавана.
Раскопкі паселішча Дзядкоў Борак (каля в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.)
Шматслойнае паселішча Дзядкоў Борак размешчана ў пойме левага берага Дняпра непадалёк ад в. Лучын Рагачоўскага р-на, праз 1 км на ўсход ад населенага пункта. Раскопам 1 2000 г. у паўночнай частцы пойменнай дзюны у скрыта 90 кв.м. Раскопам 2 2004 г. даследавана 150 кв.м, і ён прырэзаны да папярэдняга раскопа 1 з захаду. Раскопы размешчаныя на вышыні 128,7 м ад узроўню Балтыкі.
Істотнае значэнне помнік набывае таму, что тут у час шурфоўкі 1996 года (І.М. Язэпенка разам з М.М. Крывальцэвічам, А.М. Рыкуновым) была выяўлена кераміка фінальнанеалітычнага ўзросту са шнуравой арнаментацыяй, тыпалагічна блізкая комплексу IV этапа ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры нізоўяў Прыпяці. Менавіта на падставе вывучэння дадзенага помніка з’явілася магчымасць прасачыць працэс узаемадзеяння позненеалітычнага насельніцтва і змяніўшых яго носьбітаў сярэднедняпроўскай культуры.
Паселішча займае пясчаную дзюну ў поплаве левага берага Дняпра, якая выцягнулася з поўдня на поўнач, з невялікім адхілам на паўночны захад у паўночнай частцы. Даўжыня ўзвышша 182 м, шырыня ў розных яго частках вагаецца ад 62 да 84 м. Агульная плошча помніка складае каля 13,5 тыс. кв.м., найбольшая вышыня над поплавам у цэнтры дзюны 3,02 м. Помнік адкрыты ў 1996 годзе аўтарам разам з М.М. Крывальцэвічам і на паўночным паніжаным участку была праведзена шурфоўка на плошчы 2 кв.м.
Стратиграфічная сітуацыя неаднародная. Ba ўсходняй частцы паселішча культурны пласт значна меншы па магутнасці. Стратыграфія ў самай насычанай культурным пластом заходняй частцы выглядала наступным чынам: 1) гумусіраваны цёмна-шэры, месцамі шэры, дробназярністы пясок разам з дзірваном магутнасцю ад 0,2 да 0,3 м, у аснаванні яго заўважаюцца тонкія прапласткі дробных вугельчыкаў; 2) ніжэй змешчаны шэра-цёмна-жоўты розназярністы пясок, да яго з папярэдняга гарызонта размыты, магутнасць ад 0,25 да 0,4 м; 3) падсцілаецца дробназярністым жоўта-светлым пяском з глыбіні 0,46 м ва ўсходняй частцы, і з 0,55-0,6 м — у заходняй. Магутнасць культурнага пласта вагаецца ад 0,38 да 0,52 м.
Крамянёвы інвентар
Калекцыя вырабаў з крэменю ў раскопе 1 2000 г. на помніку Дзядкоў Борак налічвае 203 адзінкі, з якіх з другаснай апрацоўкай 29 вырабаў (14 % агульнай колькасці прадметаў у калекцыі). Сыравінай для вырабу прылад працы служылі зрэдку сожскі крапчаста крэмень, альбо мясцовы валунны крэмень самых розных адценняў па колеру і вельмі невысокай якасці. Самай шматлівай катэгорыяй знаходак у крамянёвым інвентары паселішча Дзядкоў Борак з’яўляюцца адшчэпы — 123 (61 % ад агульнай колькасці крамянёвых вырабаў). Пласцін і іх фрагментаў налічваецца — 17 (8 %), краявых сколаў з нуклеусаў — 11 (5 %), аморфных асколкаў, кускоў крэмня таксама — 11 (5 %), дробных лускавінак — 18 (9 %), нуклеусаў усяго 2 экземпляры, а іх абломкаў знойдзена 6.
Асноўнай нарыхтоўкай для вырабу прылад працы служыў адшчэп. Сярод вырабаў з другаснай апрацоўкай выразна прадстаўлены наканечнікі стрэл — 8. Цэлыя прылады прадстаўлены трохвугольнай, рамбічнай і лістападобнай формамі. Прычым ўсе экземпляры гэтага тыпу прылад апрацаваны дробнай плоскай рэтушшу з абодвух бакоў.
Яшчэ адна прадстаўнічая катэгорыя прылад працы на паселішчы Дзядкоў Борак гэта скрабкі — іх 9. Вылучаюцца канцавыя тыпы на адшчэпах і бакавы на абломке нуклеуса.
Мікралітаў у калекцыі — 2 экз. Гэта сячэнне пласцінкі з рэтушшу са спінкі і высокая асіметрычная трапецыя, таксама з дробнай рэтушшу са спінкі. Абломак вастрыя выкананых на пласцінцы, знойдзены ў адным экземпляры.
Рэжучыя прылады прадстаўлены ножападобнымі пласцінамі з нерэгулярнай рэтушшу па краю са спінкі, альбо выразнымі адшчэпамі з паўкрутой рэтушшу са спінкі i падцёскай з брушка. Рубячых прылад у калекцыі налічваецца ўсяго 2 экземпляры. Адна з гэтых катэгорый прылад выканана на адшчэпе невялікіх памераў — з лінзавідным папярочным сячэннем, са звужаным абушком. Паверхня сякеры з абедзвюх бакоў апрацавана падпраўляючымі невялікімі сколамі. Другі экземпляр больш выцягнутых прапорцый і крыху большы па памерах, паверхня яго таксама пакрыта прадольнымі і папярочнымі падпраўляючымі сколамі. Нуклеус у калекцыі ўсяго адзін падпрызматычны аднапляцовачны з аднабаковым зняццём загатовак, са сколатай ударнай пляцоўкай.
Кераміка
Зыходзячы з характарыстыкі керамічнага комплексу на паселішчы, у ім вылучаюцца наступныя храналагічныя перыяды: позняе сярэднявечча 14-17 ст., сярэдні перыяд бронзавага веку, ранні перыяд бронзавага веку і позненеалітычны перыяд.
Ганчарная кераміка сярэднявечча прадстаўлена 197 абломкамі. У асноўным у межах пл. 0-0,2 і 0,2-0,3 м. Венчыкаў налічваецца 23, некаторыя з іх маюць выразнае рабро пры пераходзе да плечыка і рад наколаў пад краем. Магчыма былі і пасудзіны, арнаментаваныя хвалістымі лініямі. Абломкаў плоскіх донцаў ганчарнага посуду знойдзена ў раскопе 1 2000 г. на паселішчы Дзядкоў Борак — 10. Значна больш абломкаў сценак — 167. Колер абпалу фрагмента шэры, цёмна-шэры і цёмна-карычневы.
Кераміка жалезнага веку ў культурным пласце раскопа прадстаўлена вельмі малой колькасцю абломкаў ляпнога посуду са штрыхоўкай. Усяго іх на паселішчы знойдзена 8 фр. Керамікі сярэдняга бронзавага веку налічваецца толькі 6 абломкаў. Керамікі ранняга перыяду бронзавага веку знойдзена 456 абломкаў, без арнаменту 351 (77 % ад ўсёй керамікі ранняга перыяду бронзавага веку раскопа). Большая частка абломкаў вельмі малых памераў, таму можна характарызаваць толькі венчыкі, альбо донцы. Венчыкі акруглыя, ці скошаныя па срэзу ўнутр, альбо зплошчаныя, патоўшчаныя альбо прамыя. Некаторыя з пасудзін арнаментаваліся па срэзу венчыка шнуравым арнаментам. Донцы плоскія, без закраінаў, арнаментаваныя па самаму краю лінейным штампам, дыяметр каля 9 см. Посуд рабіўся з выкарыстаннем жарсцвяных, пясчаных і шамотных аташчальнікаў. Знешняя паверхня загладжвалася, па ўнутранай бачны сляды альбо падгарызантальных расчосаў, альбо падштрыхоўкі. Посуд арнаментаваіся лінейным штампам розных памераў, які нярэдка наносіўся ў спалучэнні з пракрэсленымі лініямі ці шнурам. На некаторых венчыках заўважаецца адразу выкарыстанне трох пералічаных арнаментальных элементаў.
Сустракаюцца сярод керамікі ранняга перыяду бронзавага веку і абломкі, якія дзекарыраваліся вусеневым арнаментам. Адбіткі вусеня мелі таксама разнастайную форму. Гэта былі альбо выцягнутыя, сярэдніх памераў штампы ў гарызантальную ялінку альбо кароткія падвоеныя на акруглым донцы. Выяўляюцца і больш буйных памераў адбіткі гэтага арнаментальнага элемента.
Сярод знойдзеных у раскопе 1 2000 г. на паселішчы Дзядкоў Борак 920 абломкаў керамікі позняга неаліту — 434 (47% без арнаменту), арнаментаваных жа абломкаў 486 (53%). Посуд арнаментаваўся грабеньчатым штампам, разрэджанымі наколамі, адступаючымі, лапчастым штампам, шнурам.
У арнаментацыі пераважаюць грабеньчатыя адбіткі, якія наносіліся дыяганальнымі радамі, гарызантальнымі нахіленымі радамі штампа. Гэты арнаментальны элемент утвараі гарызантальны ялінкавы матыў, спалучаўся з вуглавымі разрэджанымі наколамі, арганізовываўся ў вертыкальныя ленты рамбічных фігур і выступаў, як дапаўненне да сюжэтных малюнкаў, зроблених падакруглымі наколамі.
Значна радзей сустракаюцца ў позненеалітычным комплексе паселішча Дзядкоў Борак накольчатыя арнаментальныя элементы. Разрэджаныя наколы рознай формы запаўняюць гарызантальныя рады, наносіліся занальна. Адступаючыя наколы прадстаўлены на венчыках звісаючымі дыяганальнымі радамі.
Лапчастым выцягнутым штампам арнаментаваны неалітычны гаршчок, развал якога выяўлены на кв. Б-9, Б-10. Пласта 0,2-0,3 м. Колер абломкаў самы разнастайны: чырванаваты, цёмна-карычневы, жаўтаваты. Таўшчыня сценак вагаецца ад 0,6 да 1,2 см. Паверхня пасудзін, асабліва са знешняга боку, добра загладжана, з унутранага заўважаецца загладжванне зубчастым штампам. Неалітычная частка керамічнага комплексу дазваляе разважаць аб тым, што час існавання помніка Дзядкоў Борак ахоплівае другую палову III тыс да н.э. Магчыма, што гэта паселішча сінхронна самым познім помнікам Усходняга Палесся.
Раскопкі паселішча Борак Семінаўскі
У палявым сезоне 2000 года даследаваўся і помнік Борак Семінаўскі, размешчаны праз 500-600 м на ўсход ад стаянкі Дзядкоў Борак, прыблізна на той жа вышыні ад ўзроўня Балтыйскага мора 128,5 м. Помнік адкрыты І.І. Арцёменкам у 1957 годзе, пласты якія змяшчаюць культурныя адкладанні ўпершыню былі даследаваны ў тым жа 1957 годзе, калі на паселішчы былі разбіты два смежных раскопы. Яны былі закладзены ў паўночна-заходнім канцы ўзвышша, паралельна Дняпру. У скрытая плошча 80 кв. м. (4×20 м). У 1958 годзе ва ўрочышчы Борак Семінаўскі былі працягнуты невялікія кантрольныя раскопкі з мэтай удакладнення стратыграфіі і ўзяцця ўзораў глебы для спора-пылковага аналізу.
У той год на паселішчы закладзены 2 траншэі. Адна з іх з’яўлялася працягам раскопа 1 1957 года — 16 кв. м. (8×2). Другая траншэя была размешчана паралельна траншэі 1, у 30 м на ўсход ад яе. Такім чынам на паселішчы Борак Семінаўскі агульная даследаваная плошча налічвала 103 кв.м.
У 2000 годзе даследавалася ўсходняя частка ўзвышша. Раскопам З, з’арыентаваным па лініі захад-усход была ўскрыта наступная паслядоўнасць адкладанняў: 1) цёмна-шэрая глеба, дробназярністы гумусіраваны пясок, магутнасць разам з дзірваном — 0,16-0,2 м, у заходняй сценцы да 0,4 — 0,45 м; 2) ніжэй прасочваецца гарызонт змешанага колеру — цёмна-жоўты, бура-жоўты, з прапласткамі і размытымі западзінамі цёмна-шэрага, месцамі чорна-шэрага дробназярністага пяску, магутнасць яго ад 0,1 м ва ўсходняй сценцы, да 0,4 -0,45 м у заходняй; 3) з глыбіні 0, 38 м, а ў заходняй частцы раскопа з 0,65 м ад дзённай паверхні залягае мацярык — дробназярністы пясок бялёсага колеру.
Крамянёвы інвентар
Калекцыя вырабаў з крэмня ў раскопе 3 2000 года на помніку Борак Семінаўскі налічвае 300 адзінак, з якіх толькі 26 мелі другасную апрацоўку. Крамянёвыя прылады працы прад стаўлены наканечнікамі стрэл трохвугольнай і лістападобнай формы. У адзінкавым экзэмпляры знойдзены скобель, выразны наканечнік &зіды на масіўнай падоўжанай пласціне. Сячэнняў пласцін з рэтушшу — усяго 2. Рэжучыя прылады выкананы як на адшчэпах, так і на пласцінах. Скрабкі знойдзены самай разнастайнай формы і зроблены на розных тыпах загатовак. Гэта канцавыя тыпы, выкананыя на адшчэпах альбо пласцінах. Сустракаюцца падакруглыя экзэмпляры, прылады са змешчаным рабочым краем. Знойдзены і экзэмпляр бакавога скрабка на нуклепадобным абломку. Адзінкавая знаходка скрэблападобнай прылады, загатоўкай для якой служыў масіўны адшчэп.
Кераміка
Кераміка ў раскопе 3 паселішча Борак Семінаўскі прадстаўлена ганчарнай, выяўленай ў асноўным у межах пластоў 0-0,2 і 0,2-0,3 м — 179 абломкаў.
Вельмі фрагментаванымі абломкамі прадстаўлены кераміка жалезнага веку — 28, і сярэдняга перыяду бронзавага веку 36. Керамікі ранняга перыяду бронзавага веку ў культурным пласце паселішча Борак Семінаўскі налічваецца 293 абломкі, 145 з іх не маюць арнаментацыі. Сярод арнаментаваных абломкаў пераважаюць тыя, што ўпрыгожваліся вусеневым арнаментальным элементам — 65 і лінейным штампам — 48.
Неалітычнай керамікі ў раскопе 3 2000 года знойдзены 1081 абломак (з іх 517 без арнаменту). Пераважная большасць арнаментаваных абломкаў дэкарыравалася грабеньчатым штампам — 191. Астатнія арнаментальныя элементы сустракаюцца значна радзей. Разрэджанымі наколамі арнаментавана 96 абломкаў, лапчастым штампам — 83. Марфалагічныя рысы і тэхналагічныя асаблівасці позненеалітычнага посуду вельмі блізкія посуду са стаянак у наваколлі Рагачова і Лучына.
У апошні час адметныя рысы ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры асабліва выразна выступаюць у керамічных комлексах помнікаў ніжняй Бярэзіны і даліны Дняпра на адрэзку Лучын — Рагачоў — Шапчыцы. Зыходзячы з найноўшых дадзеных III этап, які вылучаны на абмежаванай тэрыторыі паўднёвага ўсходу Беларусі і поўначы Ўкраіны доўжыцца ад 3800 ВС да каля 3000 ВС. Развіццё IV этапу, зафіксаванага толькі для Ўсходняга Палесся Беларусі, а дзякуючы апошнім палявым даследаванням і для паўночнай частцы Гомельскага Палесяя, завяршаецца каля 2320/2280 ВС [Jуzwiak В. 2003].
Аўтар: І.М. Язэпенка
Крыніца: Славянский мир Полесья в древности и средневековье. Материалы международной научной конференции 19 – 20 октября 2004 г. Гомель. 2004. С. 198-203.