Ніжэйшая міфалогія Жлобіншчыны

0
673
Ніжэйшая міфалогія Жлобіншчыны

Дзякуючы фантазіі, уяўленням і асаблівасцям светапогляду нашых продкаў, беларуская міфалогія, а ў прыватнасці дэманалогія, займае вельмі важнае месца ў вывучэнні беларускага фальклору. Русалка, Ведзьма, Балотнік, Кікімара, Лазнік, многія іншыя нячысцікі і нават Чорт уяўляліся старажытнымі людзьмі ў выглядзе чалавека або жывёлы, якія мелі часцей за ўсё незвычайны знешні выгляд, валодалі магічнымі сіламі, жылі ў належным ім месцы і маглі як дапамагаць, так і шкодзіць звычайнаму чалавеку.

Цікавым вобразам можна назваць Кікімару, якая, па ўяўленнях жыхароў Жлобіншчыны, мела 2 антанімічныя вобразы. У першым выпадку – гэта дзяўчына, якая жыве ў хаце (напрыклад, на печы (в. Пірэвічы) [1]) і дапамагае гаспадыні даглядаць за малымі дзеткамі: «Казалі, што гэта маленькая дзяўчынка, якая ўсігда шуміць, а калі чуе бяду, плача» (в. Мормаль) [1]. Акрамя інфармацыі пра Кікімару – «памагатую» існуюць звесткі і пра Кікімару-шкодніцу (амбівалентная функцыя персанажа): «Тут яны і мешаюць хазяевам, порцяць іх работу» (в. Пірэвічы) [1].

Даволі цесна кантактавала з дзецьмі і Мара – істота, якая, у адрозненне ад Кікімары, перашкаджала людзям, не давала малым заснуць: «Калі яны плачуць ноччу, гэта, значыць, прыходзіла Мара» (г. Жлобін) [1]. Знешні выгляд персанаж меў адпаведны часу свайго з’яўлення – выгляд «ночы». Як правіла, гэта была жанчына ў чорным: «Кажуць, што гэта жанчына невялікага росту з доўгімі чорнымі валасамі, вялікімі вачыма, з доўгімі вейкамі. Апранутая ва ўсё цёмнае» (г. Жлобін) [1].

Зааморфную іпастась мела такая істота, як Ласка. Звычайна яе ўяўлялі як невялічкага звярка: «Як вавёрка: сівенькая, беленькая, як рыбка тая, і з жоўтымі пятнамі ёсць» (в. Кірава) [1]. Месца жыхарства Ласкі – хлеў, а харчуецца яна мышамі ці птушкамі: «Ласка гэта звярок маленькі, но апасны. Ён ахоціцца на дамашнюю пціцу ілі на мышэй, но можа дажа напасць на чалавека. Яна, як і хлеўнік, мучае жывёлу, якая атлічаецца ад яе. Я чула, што ласка больш усяго не любя коней і кароў» (в. Салтанаўка) [1].

Адным з самых вядомых міфалагічных персанажаў на тэрыторыі Жлобінскага раёна з’яўляецца Русалка – маладая прыгожая дзяўчына, якая, паводле адных крыніц, замест ног мае рыбін хвост: «Русалкиэто наполовину рыба, наполовину человек» (г. Жлобін) [1]. Месца жыхарства гэтага персанажа, як сведчаць аўтэнтычныя тэксты, адрозніваецца. Існуюць звесткі пра Русалку, якая жыве ў вадаёмах і можа выходзіць на бераг, каб праспяваць свае песні: «Русалки живут в воде» (г. Жлобін) [1]. Акрамя таго, вядомы факт пражывання Русалак на жытніх палях: «А есць русалкі, каторыя в жыце водзяцца. Ані тожа очень красівыя, но в жыце жывут» (в. Чырвоны Бераг) [1].

Прыведзеныя матэрыялы пацвярджаюць цікавасць у народным уяўленні да вобразаў народнай дэманалогіі і сведчаць пра адметны характар мясцовых народных вераванняў, звязаных з Ласкай, Кікімарай, Марай і Русалкай.

Літаратура

  1. У артыкуле выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны».

Аўтар: В.І. Глузд
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLIХ студенческой научно-практической конференции (Гомель, 14–15 мая 2020 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины. 2020. С. 36.