«Ніхто нашага меркавання не запытваўся». Як пераймяноўваюць вуліцы ў Гомелі

0
1478
Вуліцы ў Гомелі і зімовая Касцюкоўка

У пасёлку Касцюкоўка маглі з’явіцца вуліцы Быкава і Караткевіча. Але ўлады заявілі, што мясцовыя жыхары выказаліся супраць.

Сярдзітыя смайлікі з’яўляюцца пад навіной ў сацыяльных сетках аб перайменаванні вуліц у Касцюкоўцы — былым рабочым пасёлку ў чыгуначным раёне Гомеля. Пагаворвалі, што назавуць імёнамі беларускіх пісьменнікаў, але па выніку ўвекавечылі памяць ня класікаў, а неадушаўлёных прадметаў. Так у Касцюкоўцы з’явіліся Бурштынавая, Гасцявая, Завазёрная, Яблыневая ды Раўнінная вуліцы.

Касцюкоўка была раней прыгарадам, зараз афіцыйна стала часткай Гомеля. Каб упарадкаваць тапаніміку, улады вырашылі перайменаваць тут вуліцы — для ліквідацыі блытаніны ў навігатарах ды галовах.

Былі прапановы перайменаваць завулак Садовы — у завулак Быкава, вуліцу Прамысловую назваць імем Уладзіміра Караткевіча, Светлагорскую — Кірылы Тураўскага. Але ў выніку Садовая захавала сваю назву, а Прамысловая стала Грушавай. Вуліца Светлагорская стала насіць імя Валерыя Абеля — у гонар стваральніка мясцовага цырка.

Переулок Садовый в КостюковкеУ тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкама пацвердзілі, што вуліц Быкава і Караткевіча ў Касцюкоўцы не будзе. Рашэнне гарсавета аб перайменаванні вуліц пакуль праходзіць юрыдычную экспертызу, а затым будзе апублікавана.

«Былі прапановы пра Быкава і Караткевіча, але людзі не пагадзіліся з такімі назвамі», — адзначыла старшыня тапанімічнай камісіі Ларыса Язерская.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Дробатава паведаміла, што пры перайменаванні вуліц улічвалася меркаванне мясцовых жыхароў: праводзіліся абыходы па дамах і кватэрах, прапановы перадаваліся ў тапанімічную камісію.

«Людзі не захацелі, каб былі такія назвы, як былі прапанаваны, — Быкава і Караткевіча. Так вырашылі людзі», — падкрэсліла Дроботова.

Што ж за людзі там такія, у Касцюкоўцы, што так рэзка паўсталі супраць нашых пісьменнікаў, так лёгка адмовіліся ад класікаў нацыянальнай літаратуры і аддалі перавагу безаблічныя фруктовыя назвы?

На вуліцы Прамысловай (якая хутка будзе Грушавай) — каля дваццаці прыватных дамоў. Першапачаткова ў мароз -17 па Цэльсіі пагутарыць з намі згаджаюцца толькі сабакі. Ды і тыя не гатовыя да адкрытага дыялогу — злосна брахаюць на нас, чужынцаў, з-за платоў, металічных і драўляных.

Улица Промышленная в КостюковкеУ канцы вуліцы ўсё ж сустрэлі жывых людзей. Вольга Карнеева, пенсіянерка, набірала ваду ў калодзежы.

«Навошта нам патрэбна яна, вуліца Грушавая? Хто такое прыдумаў? Ўсё жыццё тут жыву, і свёкар са свякрухай, з самага пачатку, як давалі тут надзелы, і ўсё жыццё была Прамысловая. Прычым тут грушы, у нас іх няма на вуліцы нават. Ніхто нашага меркавання не пытаўся, паперкі нядаўна нейкія кінулі, маўляў, патэлефануйце ў выканкам, па пытанні перайменаванняў», — кажа пенсіянерка.

Супраць Уладзіміра Караткевіча яна нічога не мае. «Гэта ж пісьменнік, як мы можам быць супраць яго?» — дзівіцца Вольга Карнеева.

Першы раз чуе пра тое, што ўлада пыталася меркаванне мясцовых жыхароў, жыхарка Прамысловай Валянціна Пятроўна.

«Ніхто не збіраў нас, ніхто не пытаўся нашага меркавання. Лепш бы Караткевіч быў. Гэта хоць чалавек. Лепш бы ў гонар пісьменніка назвалі, чым груш», — лічыць мясцовая жыхарка.

Васіль жыве ў Касцюкоўцы, хоць і не на Прамысловай, але і ён — «за пісьменніка». «Якія тут грушы? Караткевіч — нам гэта зразумела, гэта нам бы падыходзіла. Гэта больш прымальна для нас», — выказаўся мужчына.

Таццяна Рыгораўна Гусарава жыве на Прамысловай з 1965 года. Падобна на тое, толькі яна ведае «сакрэт ідэолагаў» з перайменаваннем вуліцы ў Грушавы.

«Так, ёсць у нас адна груша, на ўсю вуліцу яна адзіная, у маім двары расце. Я хацела яе ссекчы, старая яна, ды, мабыць, ужо не буду. Яна новыя лісце пусціла, нават вунь шэсць груш яшчэ боўтаецца. Ганарова, што ў гонар маёй старой грушы — адной на ўсю вуліцу — назвалі цэлую вуліцу!», — смяецца пенсіянерка.

Яна кажа, што, калі без жартаў, што Караткевіч — лепш, чым Грушавая.

«Так ніхто ў нас нічога не пытаўся, каму мы патрэбныя? Хто да нас прыходзіць? Калі каза мая была і ў суседа лісцік адшчыкнла, так пяць чалавек прыйшло — хадзілі, пыталіся, як жывецца. Каза мая іх патрывожыла. А пра назвы вуліцы нас не збіралі, нічога не казалі», — махае рукой Таццяна Рыгораўна.

Сямікласніца Насця, якую мы таксама сустрэлі на яе роднай Прамысловай вуліцы, з двух варыянтаў новай назвы — Караткевіча або Грушавая — без ваганняў выбірае беларускага пісьменніка.

Девушка улыбается зимой в деревне«Мне больш Караткевіч падабаецца. Гэта цікавей, прыгажэй, і патрыятычней», — ставіць кропку ў спрэчках школьніца.

А вось жыхары завулка Садовы, па іх словах, удзельнічалі ў абмеркаванні па перайменаванні іх завулка і засталіся пры сваіх інтарэсах.

«Мы ўсе прывыклі, даўно тут жывем, да завулку Садовага, нам не трэба іншую назву. Мы не супраць Быкава, гэта добры пісьменнік, але лепш яго імем назваць якую-небудзь вуліцу, а не завулак. Хай будзе Садовы, як і быў», – кажа жыхар завулка Эдуард Валіеў.

Яго суседзі выказалі недавер словах прадстаўнікоў улады, што мясцовым жыхарам не давядзецца нічога плаціць у сувязі з перайменаваннем вуліцы.

Зимняя Костюковка«Гэта яны сёння так кажуць. А потым пачнуць… Ці дом прадаць, або дароўную аформіць, дамову заключыць з рознымі інстанцыямі … Ведаем мы, як гэта бывае, плаці потым за кожную паперку. Хай будзе Садовы, як і быў», — разважаюць мясцовыя.

«А каго цікавіць, супраць мы, альбо за? Вось вуліцу адну назвалі ў гонар Валерыя Абеля. Ды два разы людзі галасавалі супраць гэтага, але вуліцу всё равно так назвалі — Абелем. Мы нічога супраць Абеля не маем, ён цырк стварыў, але што ён зрабіў для Касцюкоўкі? Вось Дзмітрый Залізняк — ён усю Касцюкоўка падняў, асфальт праклаў, школу пабудаваў і спарткомплекс, колькі ўсяго зрабіў для завода, для Касцюкоўкі — не пералічыць. Назвалі б вуліцу ў яго гонар. А наш завулак пакінулі Садовым, гэта добра. А то ў майго брата была вуліца Шляхавыя, стала Гасцявая », — адзначыла пенсіянерка Наталля Рыгораўна.

Ці атрымае мясцовая ўлада па шапцы на гэты раз?

Запэўніванні начальства, што вуліцы перайменавалі, улічваючы інтарэсы грамадзян, мабыць, не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. Зрэшты, гэта не першы ідэалагічны «пракол» у Касцюкоўцы.

Так, у траўні 2016 года гарадское начальства страціла свае партфелі з-за скандалу з «ветэранам, які плакаў ». Традыцыйнае святкаванне Дня Перамогі ў Касцюкоўцы 9 траўня не адбылося. Раней арганізацыяй урачыстасцяў займаліся раённыя ўлады, але пасля таго як тэрыторыя Касцюкоўкі была ўключана ў рысу Гомеля, было прынята рашэнне асобных акцый не праводзіць, а запрасіць усіх ветэранаў у цэнтр.

Карыстальнікі сацыяльных сетак распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў гэты дзень на вуліцы Касцюкоўкі выйшаў самотны ветэран вайны і плакаў ля помніка.

Гэты выпадак выклікаў грамадскі рэзананс. Нягледзячы на тое, што ў адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля адмаўлялі прысутнасць «плача ветэрана», начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гэтай раённай адміністрацыі Алена Шванская і намеснік старшыні гарвыканкама Аксана Рудзянок пазбавіліся сваёй працы. Старшыні Гомельскага гарвыканкама Пятру Кірычэнка і кіраўніку адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віталю Уткіну былі абвешчаныя вымовы.