Невядомыя землякі: Пётр Карповіч (сцэнар фільму)

0
1509
Карповіч, Гомель

Пётр Карповіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1874 г. на хутары Воранава-Гута. Як запісана ў мэтрычнай кнізе Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Шчарбінічы Навазыбкаўскага павета Чарнігаўскай губерні, “… бацькі яго: Мінскай губерні Пінскага павета дваранін Уладзімір Данілаў Карповіч і законная жонка Агаф’я Філіпаўна, абодва праваслаўнага вызнаньня”. “Карповічы” – старажытнаепрозвішча беларускай шляхты. Так, ураджэнец Пінска Лявонцій Карповіч – заснавальнік Свята-Духаўскага манастыра ў Вільні, настаўнік М.Сматрыцкага. Пасля жорсткіх катаванняў правёў 2 гады ў кайданАх у яме, але не выракся  праваслаўя. Шляхціц з Берасцейшчыны  Міхал Францішак Карповіч – прафесар багаслоўя ў Вільні, удзельнік  паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Адным з першых на Беларусі выступіў з крытыкай прыгоннага права і жорсткага абыходжання паноў з сялянамі.

Маці Карповіча, Агаф’я Філіпаўна – гамяльчанка. У 1863 падтрымлівала беларускіх паўстанцаў, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Лічыцца, што сапраўдным бацькам Пятра Карповіча з’яўляўся дваранін Аляксандр Якаўлевіч Савельеў, землеўладальнік Магілёўскай, Чарнігаўскай і Екацярынаслаўскай губерній. Пад Гомелем, у в. Яроміна, у Савельева быўмаёнтак. Старажытны род Савельева запісаны ў радавод  дваранаў Варонежскай губерні.

Паводле сямейнай легенды, Аляксандр Савельеў быў унукам Кацярыны II і князя А.А.Безбародкі. Такім чынам, Пётр Карповіч даводзіцца рускай імператрыцы праўнукам. Па іншай версіі, Карповіч быў праўнукам Безбародкі і знакамітай балерыны Вольгі Каратыгінай, якая належала да вядомай тэатральнай дынастыі аратыгіных. Адсюль, магчыма, і выдатныя артыстычныя дадзеныя, добры голас, якім валодаў Пётр.

Бацька Карповіча, Аляксандр Савельеў, быў вядомы як чалавек вельмі прагрэсіўных поглядаў. Магчыма, вялікі ўплыў на яго зрабіў дзядзька, князь В.П. Качубей, які належаў даўслаўленага Пушкіным ўкраінска-казачага роду Качубеяў. Пэўны час князь Качубей быў вельмі набліжаны да Аляксандра I, быў  прыхільнікам увядзення ў Расіі канстытуцыі. Такім чынам, ужо з дзіцячых гадоў, пад уплывам і бацькі, і маці, Карповіч выхоўваўся ў  духу гуманізму, непрымання дэспатыі.

Што ж уяўляла з сябе жыццё таго часу? У якіх умовах жыў і вучыўся Карповіч? І якім быў горад, дзе ён рос?

У канцы 19-га стагоддзя Гомель быў павятовым горадам з насельніцтвам у 37 тысяч чалавек. Яшчэ нядаўна ён быў невялікім прыватнаўласніцкім  мястэчкам з пераважна драўлянай забудовай. Тут жыццё амаль кожнага яго жыхара залежыла ад гаспадароў Гомельскага маёнтка – князёў Паскевічаў. Цялесныя пакаранні для сялян, якія  адважваліся скардзіцца на злоўжыванніПаскевічаў хоць бы і самому цару, былі тут звычайнай з’явай. Аднак з адменай прыгоннага права ў краіне пачынаюць развівацца капіталістычныя адносіны. У 1874 г. праз Гомель праходзіць Лібава-Роменская чыгунка, якая звязвае  ўрадлІвую Украіну і балтыйскія парты. У Гомелі пачынаецца гандлёва-будаўнічы бум. У 1883 годзе маленькі Пеця Карповіч паступае ў падрыхтоўчы клас Гомельскай мужчынскай гімназіі.

Ягоныя аднакласнікі ўзгадвалі, што ўжо ў школьныя гады Пётр, быў рослым і фізічна моцным юнаком, не трываў несправядлівасць, заўсёды заступаўся, калі на яго вачах крыўдзілі слабых, зневажалі нацыянальную або чалавечую годнасць.

Нядобразычліўцы  Карповіча адзначалі, што ўжо ў гады вучобы ён стаў “… невыносным для тых, хто быў вакол, рэзкі і адкрыты, надзвычай праўдалюбівы”. Так, ва ўмовах  самаўладдзя, дзе ад людзей патрабаваліся перш за ўсё  рабалепства і пакора, праўдалюбства сапраўды магло падасцакамусьці  “невыносным” … Бо яно абуджае і думку, і душу, і таму заўсёды нязручна для некаторых…

Шматлікія і сур’ёзныя праблемы літаральна распіналі царскую імперыю.Вырашыць гэтыя праблемы манархія не магла і не хацела, што і прывяло ў выніку да яе краху … Сацыяльная несправядлівасць, вялізная галеча і прыніжэньне панавалі паўсюль,. Вось паглядзім хоць бы на адукацыю – навучанне ў гімназіі альбо ў  рэальнай вучэльні  каштавала  ад 70 да 120-140 руб у год, пры тым, што сярэдні заробак работніка складаў 10-20 руб у месяц. Даць дзецям сярэднюю адукацыю ў сям’і звычайных гараджан лічылася найвялікшым поспехам! Але не толькі ў грашах была справа. Вам маглі адмовіць у прыёме ў навучальную ўстанову, не кажучы ўжо аб працы, толькі таму, што вы былі “не той” нацыянальнасці або веры. У той час, калі вучыўся Пётр Карповіч, указам цара Аляксандра III (т.зв. “указ аб кухарчыных дзецях”) былі ўведзеныя абмежаванні на паступленне ў навучальныя ўстановы для дзяцей, чые бацькі мелі “няправільныя” прафесіі і былі не тагосацыяльнага паходжання.

Напрыклад працавалі ў сферы паслуг, кажучы сучаснай мовай.  Для дзяўчат шлях да вышэйшай адукацыі быў наогул фактычна закрыты, таму што жанчын у царскай Расіі ва ўніверсітэты проста не пускалі…

Навучанне жа ў жаночых гімназіях адмыслова вялося па “спрошчанай” праграме…

Натуральна, ні аб якім выкладанні на роднай мове (хаця ў гімназіях таго часу старанна вучылі “мёртвыя” грэчаскую і лацінскую мовы!), ні аб якім развіцці нацыянальнай культуры – беларускай, украінскай ці іншай “нятытульных” нацыянальнасцяў не магло ісці і гаворкі.

Той жа, хто трапіў у гімназію ці вучэльню, знаходзіўся пад татальным кантролем інспектараў і настаўнікаў. Прычым не толькі ў школе, але і на вуліцы, і нават дома. Так, гімназістам забаранялася наведваць забаўляльныя мерапрыемствы, у грамадскіх месцах яны павінны былі знаходзіцца толькі ў форме сваёй навучальнай установы. Для іх фактычна існаваў каменданцкі час.  У любы час гімназічны інспектар мог прыйсці з праверкай да хаты навучэнцаў ….Не лепшым было і становішча педагогаў.Так, маладыя настаўнікі, як і ўсе служачыя, маглі ажаніцца толькі з дазволу свайгокіраўніцтва, і г.д.

Таму не выпадкова, што ў хуткім часе Карповіч надзвычай радыкальна выступіў супраць такой сістэмы “народнай” адукацыі … Асабліва жорсткімі сталі ўсе гэтыя ўмовы пры міністры адукацыі Багалепаве, які патрабаваў, напрыклад, педантычна выконваць абмежаванні на адукацыю па нацыянальнай прыкмеце…

Нядзіўна, што юнак Карповіч з яго незалежным характарам  прыйшоўся не даспадобыгімназічнаму кіраўніцтву. Адміністрацыя намагалася пастаянна арганізаваць яму “праблемы”. У той жа час Карповіч мае стасункі з простымі людзьмі, любіць хадзіць у казармы 160-га пяхотнага Абхаскага палка, яік быў расквартыраваны ў Гомелі. Каб  пазбегнуць прычэпак кіраўніцтва Гомельскай мужчынскай гімназіі, маці і сястра пераводзяць яго ў Слуцкую гімназію. Тут погляды Пятра Карповіча, які даўно ўжо хіліўся да “вальнадумства”, атрымліваюць пэўны напрамак. У Слуцку Карповіч далучаецца да гуртка, якім кіруе ўдзельнік паўстання 1863 г. Альгерд Абуховіч. Разам з ім у гурток уваходзілі Язэп Дыла (ён жа Тодар Кулеша, Антон Небарака), у будучыні – чалец Беларускай Сацыялістычнай Грамады і вучоны сакратар Інбелкульта, А. Ярэміч і іншыя прадстаўнікі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Карповіч захапляецца справай беларускага адраджэння, выступае за  развіццё беларускай мовы і культуры. Тут ён і шмат чытае нелегальнай літаратуры і становіцца  перакананым сацыялістам.

У ліпені 1895 Карповіч паступае на аддзяленне прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага універсітэта. Але вучоба мала хвалявала яго. Ён з галавой сыходзіць у справы студэнцкага руху, работу студэнцкай арганізацыі “Саюзны савет аб’яднаных зямляцтваў”,  з захапленнем чытае нелягальную літаратуру. У сваю першую экзаменацыйную сесію ён не з’явіўся ні на адным экзамене, што апазіцыйна настроеныя студэнты разглядалі як акт пратэсту супраць існыхпалітычных парадкаў. За нашэнне нестатутнай формы  вопраткі (чырвонай кашулі) трапляе ў карцэр.

Карповіч, вуліца, Карпович, улица, Гомель У красавіку 1896 Карповіч паспрабаваў перайсці на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта, але атрымаў адмову і быў пакінуты на фізмат на другі год.

У траўні 1896 года ў Маскве здараецца крывавая трагедыя … Падчас каранацыі Мікалая II, на Хадынскім полі пры раздачы падарункаў – кубачкаў, ды спОдачкаў ды драбязЫ з імператарскімі манаграмамі, былі насмерць заціснутыя 1 282 чалавек, а больш за 500 – былі скалечаны.

Такі пачатак цараваньня не абяцаў  нічога добрага, і прымхлІвы народ даў  цару Мікалаю мянушку “Крывавы”. І сапраўды, яго панаванне пастаянна, раз за разам, прыводзіла да раней не бачаныхкровапраліццяў і няшчасцяў.  Прайграныя руска-японская і першая сусветная войны, жорсткі ўціскнародных выступленняў, голад, які  наведвае краіну кожныя некалькі гадоў, эпідэміі …

Адразу пасля Хадынскай трагедыі, яшчэ ў той час калі па вуліцах Масквы цягнуліся бясконцыя вазы з целамі загінулых ды параненых, царская сям’я працягвала даваць бАлі і ўрачыстыя прыёмы з нагоды каранацыі.

Гэта выклікала абурэнне не толькі ў грамадскасці, але нават і некаторых вялікіх князёў, сваякоў цара…

У паўгадавіну трагедыі, 18 лістапада 1896 г, у памяць яе ахвяр маскоўскія студэнты спрабуюць адслужыць імшУ на Ваганькаўскіх могілках. Але апынаецца, у афіцыйна пабожнай манархіі памінальныя службы таксама бываюць “правільныя” і “няправільныя”. Усе ўдзельнікі “імшЫ” арыштаваныя, у тым ліку і “Карпоша”, як звалі Карповіча яго сябры. Карповіча залічылі даініцыятараў выступа і пасадзілі ў адзіночную камеру ў знакамітай “Таганцы”. Рашэннем обер-паліцмайстара Трэпава ён, пасля месяца зняволення, быў высланы з Масквы, а загадам міністра адукацыі, разам з ім яшчэ 400  студэнтаў, выключаны з універсітэта. Карповіч вяртаецца ў Гомель….

З прыездам Карповіча ў Гомель тут рэзка актывізуецца працоўны рух, а Карповіч становіцца яго прызнаным лідэрам. У той час і для  інтэлігенцыі, і для заціснутых  эксплуатацыяй рабочых сацыялізм уяўляўся як  панаванне ўсяленскага дабра і справядлівасці. Вядома, у той час яшчэ мала хто разумеў, з якімі  праблемамі давядзецца сутыкнуцца пры яго практычным увасабленні! Але пры гэтым Карповіч і яго таварышы заўсёды былі прыхільнікамі сацыялізму дэмакратычнага, заснаванага на рэальным народным самакіраванні. Карповіч стварае Гомельскі рабочы саюз барацьбы, а затым – першы камітэт сацыял-дэмакратычнай партыі. Чалавек справы, ён адразу ж пачынае барацьбу за самыя надзённыя, жыццёвыя патрабаванні працоўных. Перш за ўсё – за скарачэнне працоўнага дня і павышэнне заробку. У той час у шматлікіх дробных рамесніцкіх майстэрнях, што размяшчаліся ў бедных кварталах Гомеля, працавалі з 5 гадзін раніцы да 12 гадзін ночы, а тое і да першай! Перад святамі, калі было шмат замоваў, гаспадары часам прымушалі працаваць наогул без адпачынку! І ўсё гэта – фактычна за мізэрныя грошы … Вядома ж, ніякія бальнічныя, адпачынкі, пуцёўкі і г.д., да рэвалюцыі нават у сне нікому не маглі сасніцца … Першыя працоўныя прафсаюзы пад кіраўніцтвам Карповіча і іншых рэвалюцыйных сацыялістаў здолелі зладзіць у Гомелі шэраг страйкаў і ў хуткім часе дамагліся скарачэння працоўнага дня на 3-4 гадзіны, пры павышэнні заробку на 30-50 адсоткаў….

У 1898 г. Пётр Карповіч арганізуе першую ў Гомелі “маёўку” – сход за горадам, прысвечана 1-мутраўня. На яе прыйшло больш за 250 рабочых. Яшчэ нядаўна многія ў нас прызвычаіліся выходзіць на маёўкі, як на нейкае малазразумелае “Свята вясны і працы”, як ахрысцілі яго новыя ўлады. У тыя ж часы 1 Мая было Міжнародным Днём барацьбы людзей працы за свае правы! І перш за ўсё – за 8-гадзінны працоўны дзень! Першыя маёўкі ў Гомелі праходзілі ў прыгарадных лясах, дзе рабочыя збіраліся, захоўваючы правілы канспірацыі, каб не быць затрыманымі паліцыяй і андарамі.

Улюбёным месцам такіх таемных сходаў быў “Мельнікаў”  луг … Паліцэйскім шпегам, цэлы атрад якіх спецыяльна прыязджае для барацьбы з гомельскім падполлем з Масквы, ён быў вядомы пад мянушкай “Барадач”. Палітычная паліцыя негалосна назірае за Карповічам, але ён па-майстэрскусыходзіць ад сачэння. Пры затрымАнні і ператрусах у яго нічога  забароненага не знаходзяць, і Карповіч пазбягае турмы і ссылкі…

Цікава, што па некаторых дадзеных, у Гомелі Карповіч выдаваў свае першыя пракламацыі для рабочых на беларускай мове! (некаторыя называюць яе “маларасійскай”) Фактычна, менавіта яму ў нашым рэгіёне належыць першы досвед выдання палітычнай літаратуры, калі не літаратуры наогул, на роднай мове!

У кадры: фота П. Карповіча з барадой ( “Барадач”), частка кліпа “Ляпіса Трубяцкога” ( “Мы-рабочыя новай фармацыі”), фатаграфіі бастуючых працоўных, у тым ліку гомельскіх, заводы, фабрыкі і пр. “индастриал”, працоўныя дэманстрацыі і іх разгоны (кадры з старых фільмаў), хроніка сучасных першамайскіх дэманстрацыяў на Захадзе, Мельнікаў луг, першыя нелегальныя выданні, “Наша Ніва” (?) Карповіч становіцца ўлюбёнцам гомельскіх рабочых. Высокі, моцны, ён быў просты ўстасунках. Гэтая яго непасрэднасць, часам нават лёгкая грубаватасць, у спалучэнні са шчырасцю, дабрынёй  прыцягвалі да яго людзей. Аднак Пётр не жадаў закідываць вучобу. У 1898 годзе Н.П. Багалепаў, тагачасны міністр народнай асветы, задаволіў прашэнне апальнага студэнта аб паступленні на медыцынскі факультэт Юр’еўскага універсітэта, хаця яго ранейшыя хадайніцтвы адхіляліся апекунамі навучальных акругаў.
Але і тут ён застаўся верным сабе, займаючыся больш справамі студэнцкага руху і пацвярджаючы вялікію студэнцкую ісціну, што “ўсё роўна дзе вучыцца, толькі б не вучыцца”. За ўдзел у студэнцкіххваляваннях ён у хуткім часе быў выключаны і з Юр’еўскага універсітэта.

Тады, прадаўшы дом, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькі, Карповіч на атрыманыя сродкі ў канцы 1899 выпраўляецца для працягу адукацыі ў Нямеччыне. Ён слухае лекцыі ў Берлінскім універсітэце, займаецца ў каралеўскай бібліятэцы.

Па дарозе з Гомеля ў Берлін Карповіч заязджае ў Менск. На адной з менскіх вуліц ён заходзіць ва ўстанову з  шыльдай “Хімічная лабараторыя Гершуні”. Паліцэйскія агенты яшчэ не ведалі, што яе сціплы загадчык Рыгор Андрэевіч Гершуні – лідэр “Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі”, у хуткай будучыні – адзін са стваральнікаў Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і першы кіраўнік яе Баявой арганізацыі.  Частку сваіх грошай Карповіч перадаў Гершуні, на мэты партыі.

Знаходзячыся ў Берліне, Карповіч далучаецца да рэвалюцыйнай арганізацыі “Народная Воля”,да якой належыў і  беларус Ігнаці Грынявіцкі, пакараны смерцю па справе аб забойстве цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881га, і нават Юзэф Пілсудскі. У Берліне Карповіч на свае грошы выдае сацыялістычную літаратуру і нелегальна перапраўляе яе ў Гомель і Кіеў.

29 Ліпеня 1899 г. у Расіі былі ўведзеныя “Часовыя правілы” аб здачы студэнтаў у салдаты, “за дзёрзкія паводзіны, за грубае непадпарадкаванне кіраўніцтву, за падрыхтаваныя беспарадкі ў сценах устаноў і па-за оных” словам, за палітычную актыўнасьць.

Гэты ўрадавы указ атрымаў назву «багалепаўскага» – па прозвішчы тагачаснага міністра народнай асветы. Багалепаў, сапраўды, быў рэакцыянер, але галоўным ініцыятарам «забривания» студэнтаў у войска за палітычную дзейнасць быў цар Мікалай II. З гэтай ідэяй доўга насіўся іншы заўзяты рэакцыянер – обер-пракурор Пабеданосцаў, але Аляксандру III, далёка не лібералу, усё ж хапіла практычнага розуму не рабіць гэтага. А вось пераемніку Мікалаю розуму не хапіла. Хаця нават ваенныя былі супраць: ваенны міністр Курапаткін заявіў, што «нельга войска пераўтвараць ў карнуюўстанову». Але ўпарты цар быў непахісны.

10 студзеня 1901 года міністр Багалепаў прымяніў “Часовыя правілы” на практыцы. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях былі аддадзены ў салдаты тэрмінам ад 1 да 3 год 183 студэнты Кіеўскага універсітэта, а потым яшчэ 28 студэнтаў Пецярбургскага.

Максім Горкі так пракаментаваў гэтую падзею: «Аддаваць студэнтаў у салдаты – мярзотнасць, нахабнае злачынства супраць свабоды асобы, ідыёцкія захады запанелых ад улады прахвостаў».

Навіна пра студэнтаў хутка разнеслася сярод расейскага студэнцтва. Даведаўшыся з нямецкіх газет аб тым, што адбываецца ў Расеі, Карповіч вырашыў дзейнічаць.

Не распавядаючы нікому пра сва планы, ён набывае рэвальвер і прыязджае ў Пецярбург.Спыняецца ў сціплых нумарах па Казанскай вуліцы. Складае прашэнне на імя міністра Багалепава аб залічэнні яго, Пятра Карповіча, у студэнты Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. 14 лютага 1901 г, у прыёмны дзень міністра, Карповіч накіроўваецца ў міністэрства асветы, якое знаходзілася на Фантанцы.

У той дзень Багалепаў з уласцівай яму пунктуальнасцю прыехаў у міністэрства каля 13 гадзін.  Міністр стаў абыходзіць наведвальнікаў  .Карповіч ужо знаходзіўся ў прыёмнай. Супрацоўнік міністэрства, выслухаўшы сутнасць яго хадайніцтва, адвёў яму месца побач з чарнігаўскім гарадскім галавой.

Паводле паказанняў сведкі на судзе, убачыўшы Карповіча, ён падумаў: “Які няшчасны малады чалавек, які нервовы і хворы! Бледны, рукі трымцяць, і на твары было прыкметнае перасмЫкванне”. Яшчэ б не нервавацца!..

У руцэ ён сціскае прашэнне, а ў кішэні – рэвальвер … Да апошняй хвіліны ён не можа прымусіць сябе стрэліць у чалавека, нават такога, якога лічыць вінаватым у пануючай несправядлівасці

Тым часам Багалепаў, падышоўшы да суседа Карповіча, выслухаў яго просьбу аб адкрыцці ў Чарнігаве рэальнайвучэльні. У адказ міністр заявіў: “Дайце нам сведчанні ад найбольш заможных памешчыкаў і дваран, што яны будуць аддаваць у вучэльні сваіх дзяцей … Мы не жадаем адкрываць вучэльні для разначынцаў “. На судзе Карповіч заявіў, што менавіта гэтыя словы міністра канчаткова знялі ўсе яго ваганні.

Завяршыўшы размову з чарнігаўскім галавой, Багалепаў перайшоў да Карповіча і ўзяў у яго прашэнне. Зноў павярнуўся да яго суседа, і ў гэты момант грымнуў стрэл. Паранены ў шыю, міністр упаў на паркет прыёмнай. Карповіча схапілі і звязалі. “Не бойцеся, я не пайду, я зрабіў сваю справу”. Ён ведае, што здзейсніў замах, і гатовы паўстаць перад судом.

Багалепаў памёр ад атрыманага ранення 2 Сакавіка 1901. Праз два тыдні пасля яго смерці, 17 сакавіка, у Пецярбургскім акруговым судзе слухалася справа аб забойстве. Працэс быў закрытым і доўжыўся каля шасці гадзін.

Падчас следства і на  судзе Карповіч трымаецца мужна, тлумачыць, чаму ён страляў у Багалепава. Ён таксама кажа, што ў яго не было намера забіць міністра, дастаткова было параніць. Але выступіць супраць яго ён лічыў сваім маральным абавязкам. Карповіч настолькі цвёрда быў гатовы прыняць смерць, што на сустрэчы з маці патрабуе ад яе не падаваць прашэннеаб памілаванні. Карповіча судзіць Асаблівая Прысутнасць, прычым закрытым паседжаннем, але беларускі рэвалюцыянер ўсё роўна прамаўляе.. Адзін з матываў яго акта супраць Багалепава гэта тое, што міністр не хацеў, каб  бедныя вучыліся ва універсітэтах. Карповіч з уласцівай ямуадкрытасцю заявіў суду, што не асабліва баіцца і смяротнага пакарання, якога, зрэшты няма ў арсенале гэтага суду, а катарга і напагатове яго не спалохае і не выправіць…

Падсудны Пётр Карповіч быў прысуджаны да “пазбаўлення ўсіх правоў  і ссылцы на катаржныя работы на 20 гадоў”.

Праз два з паловай месяцы, 5 чэрвеня 1901 г, выйшаў царскі ўказ, які загадваў вярнуць адпраўленых у салдаты кіеўскіх і пецярбургскіх студэнтаў ва універсітэцкія аўдыторыі…

Першыя 5 гадоў катаргі Карповіч адбываў у знакамітай Шлісельбургскай крэпасці.

Карповіч, вуліца, Карпович, улица, ГомельЁн вывучыў у турме пераплётную справу, сталярнае, сапожнае, кавальскае майстэрства, агародніцтва і т.п.

Стасункі Карповіча з вязнямі ўнеслі ў іх жыццё ажыўленне. Ён распавядаў ім падрабязнасці рэвалюцыйнай барацьбы ў Расіі, пра працоўны рух, пра стачкі  тысяч рабочых, пра вулічныя дэманстрацыі, пра студэнцкія хваляванні. Валодаючы выдатнай памяццю, ён азнаёміў іх з праграмамі рэвалюцыйных партый, зместам нелегальных выданняў, рэзалюцыямі партыйных з’ездаў і пр. Ад яго шлісельбуржцы даведаліся аб развіцці рэвалюцыйнага руху ў роднай краіне. Карповіч прадказваў хуткі наступ рэвалюцыі.

Турма не зламіла Карповіча. Тут ён двойчы трымае галадоўку, дамагаючыся захавання сваіх правоў. Абаяльны жыццялюб, ён і ў вязніцы становіцца душой арыштанцкай кампаніі. Зняволеныя ўзмрочных скляпеннях нібы апынаюцца на волі, слухаючы украінскія і беларускія песні ў выкананні “Петруся”, як звалі яны Карповіча на беларускі лад. А ў Шлісельбургу  адбывалі  зняволеннелегенды рэвалюцыйнага руху – апошні кіраўнік Выканаўчага камітэта “Народнай Волі” Вера Фігнер, выдатны навуковец Мікалай Марозаў. Падчас шпацыру па турэмным двары Карповіч, не звяртаючы ўвагі на ахову, пераскоквае праз агароджу, каб гуляць пад руку з Фігнер …

Карповіч здзейсніў забойства Багалепава па сваёй уласнай ініцыятыве, а не як прадстаўнік нейкай партыі. Але партыя неўзабаве з’явілася. У 1902г. утвараецца партыя сацыялістаў рэвалюцыянераў эсэраў, асноўным метадам барацьбы якой становіцца індывідуальны тэрор

У красавіку 1902 года быў забіты міністр унутраных спраў Дзмітрый  Сіпягін. Яго забойца не тольківытрымана разрадзіў свой рэвальвер, але і здолеў асабіста ўручыць прысуд. Пасля чаго абыякава чакаў арышту. У ліпені таго ж года было здзейснена забойства кіраўніка Харкаўскай паліцыі. У траўні 1903 г. – уфімскага губернатара. У ліпені 1904 г. быў падарваны  новы міністр унутраных спраў Плеве. Забойца – Сцяпан Балмашаў. У лютым 1905 самаробная бомба, кінутая рукой Івана Каляева, разарвала на часткі чальца імператарскай фаміліі – Вялікага князя Сяргея Аляксандравіча. У красавіку 1906 года быў паранены Дубасаў – маскоўскі губернатар, вінаваты ў крывавым уціску маскоўскага паўстання часоў першай рускай рэвалюцыі.

Далей болей. На працягу аднаго года, пачынаючы з кастрычніка 1905, 3611 афіцыйных асоб імперыі былі забітыя або параненыя. Да канца 1907 года агульная колькасць афіцыйных асоб – забітых ці параненых – дасягнула 4500. Пік прыйшоўся на 1905-1906 год і не быў больш пераадолены, але нават і ў больш спакойныя гады размах тэрору быў значным. Пачынаючы са студзеня 1908 і да сярэдзіны мая 1910 года, было афіцыйна зарэгістравана 19,957 тэрарыстычных актаў і рэвалюцыйных рабаванняў, у выніку якіх было забіта 732 афіцыйных і 3051 прыватных асоб, а 1022 афіцыйных і 2829 прыватных асоб былі параненыя. Усяго ў перыяд паміж 1894 і 1916 годамі каля 17,000 чалавек сталі ахвярамі рэвалюцыйных тэрарыстаў.

Потым Карповіча адправілі па этапу ў Акатуй. У Акатуйскім катаржным  цэнтрале знаходзіліся ўсе вяршкі тагачаснага рэвалюцыйнага руху – будучы лідэр партыі левых эсэраў Марыя Спірыдонава, чальцы Баявой Арганізацыі партыі эсэраў Ягор Сазонаў, і мн. інш Пад націскам рэвалюцыі 1905 года адміністрацыя пайшла на саступкі, і рэжым у Акатуе быў даволі вольны. Гэта фатаздымкі з унікальнага катаржнага альбома.

Карповіч, вуліца, Карпович, улица, ГомельГэта Пётр Карповіч,  Ягор Сазонаў, скончыў жыццё самагубствам на  знак пратэсту супраць беззаконня турэмнага кіраўніцтва. Вось вуліца Сазонава ў Гомелі, што цудам захавала сваю першапачатковую назву з 1919 г., як зрэшты, і вуліца Карповіча.

Багата было на катарзе і жанчын рэвалюцыянерак… Марыя Аляксандраўна Спірыдонава … “Сялянская Багародзіца”, як называлі яе ў народзе. Яе партрэты віселі у многіх сялян Тамбоўскай губерні, за якіх яна заступіліся пасля жорсткай карнай экспедыцыі … Марыя Аляксандраўна сустрэне сваю смерць у Арлоўскай турме, якая і за царом была “цэнтралам”. Але толькі ўжо ад руккамуністаў, у 1941 г. ..

Сяброўка Спірыдонавай, якая заставалася з ёй да апошняга, дачка генерал-лейтэнанта і ўнучка дзекабрыста Аляксандра Ізмайловіч.

Лідзія Язерская, якая выступіла супраць магілёўскага губернатара Клінгенберга за арганізацыю ім пагромаў, у тым ліку і ў Гомелі…

Анастасія Біценко … Школьнік … Дзяўчына з пяшчотным імем Фіялка З успамінаў Марыі Спірыдонавай пра Карповіча: “… Яго ў нас усе страшэнна любілі….. Рэдка калі з яго вуснаў сыходзіла ледзве прыкметная ўсмешка, з якой ён сваімі разумнымі і добрымі вачыма “сузіраў” усё тое, што адбываецца. Кожнаму з ім было проста і лёгка, як з даўно знаёмым. Ён так схіляў да сябе і да таго яму адкрываліся сэрцы, што ён быў адным з самых улюбёных і паважаных усімі.

Пятрусь (так звалі ў нас Карповіча) заўсёды быў просты і зразумелы, заўсёды спакойны і роўны, нават лянівы. Гадзінамі ляжаў ён на нарах, слухаючы балбатню і сам кідаў рэдкае, але вострае слоўца, і ў рэшце рэшт яго доўгую шырокую постаць з усіх бакоў нар абсаджвалі  суразмоўцы.

У Акатуе Пятрусь узяў удзел у падрыхтоўцы ўцёкаў Рыгора Гершуні, аднаго з сваіх настаўнікаў яшчэ з Менску. Гершуні вывезлі ў бочцы з капустай, прычым дыхаць яму давялося, з вялікайцяжкасцю, праз адмысловыя трубкі. За падрыхтоўку гэтых уцёкаў Карповіч быў зняволены – з пасялення яго перавялі ў турму.

Але ў 1907 годзе ён збёг з этапу на БаргузІн…

З успамінаў Марыі Спірыдонавай: “Аднойчы вечарам у Акатуе ён, заўсёды цвёрды і ясны, неяк сумаваў і распавядаў, што яму не шанцуе ў жыцці. Прыводзіў прыклады, адмяжоўваўся ад тых з таварышаў, хто яго называў ініцыятарам і натхняльнікам  рускай тэрарыстычнай барацьбы з самаўладдзем, распавядаў аб сваім расчараванні ад думкі, што зараз рэвалюцыя несумненна ідзе на спад, і ён не ўбачыць яе новагаўздыму.

– Я сеў у Шлісельбург якраз тады, калі пачалося самае цікавае, усю рэвалюцыю прасядзеў у турме, зараз выйду ўжо да яе канца. І вось упэўнены, што новая хваля рэвалюцыі пройдзе паўз мяне. Ён дакладна прадказаў. Выйшаў ён у самы складаны час поўнага развалу рэвалюцыі.  Як жа было яму, літаральна насычанаму нявыдаткаванай рэвалюцыйнай энергіяй, назапашанай за 6 гадоў, выкідваць яе запал або ў пустэчу, або ў брыдкае балота!

Апынуўшыся на волі, Карповіч далучыўся да партыі эсэраў, ўступіў у яе Баявую Арганізацыю і нават стаў намеснікам яе кіраўніка.

З успамінаў паплечніка Карповіча Барыса Савінкава ”…. . асноўнай рысай яго характару была яго адвага. Ён нагадваў тых сярэднявечных рыцараў, аб якіх гаворыцца ў казках: чым небяспечней была справа, тым ахвотней ён браўся за яе. Паводле сваіх поглядаў, ён быў у партыйнай апазіцыі. Ён прызнаваў толькі тэрор і з адценнем пагарды ставіўся да ўсялякай іншай партыйнай работы.

З успамінаў Спірыдонавай: “..Ён аб’ехаў усю Расею, ён трапляў рашуча ва ўсе куткі, дзе была якая-небудзь хоць найменшая сувязь, і спрабаваў сабраць па чалавеку, па драбіначцы і па кроплі тое, што было нядаўна вялікім калектывам. Ён цярпліва і прагна шукаў спачатку рэвалюцыйнага агню, потым ужо хаця б знічкі, шукаў людзей і чалавека. Усё было зацягнута, як попелам, нівелюючай сілай жаху знешняй і ўнутранай рэакцыі.

Аднак кіраўнік Баявой Арганізацыі эсэраў – правакатар, агент ахранкі Евно Азеф! Ён адной рукой выдае падполле і бярэ грошы ў спецслужбаў, другой – палюе за яе ж кіраўнікамі! Гісторыя яшчэ не ведала прыкладаў такога вераломства і цынізму! Паліцэйскія шпегі двойчы арыштоўваюць Карповіча, і кожны раз Азеф ладзіць свайму жандарскаму кіраўніцтву гістэрыку – бо арышт намесніка мог выдаць і самога Азефа. Даходзіла да камічнага – супрацоўнік палітычнай паліцыі атрымаў заданне справакаваць уцёкі Карповіча. Ён зайшоў з арыштаваным у карчму і пакінуў яго аднаго. Зноў зазірнуўшы ў карчму праз паўгадзіны, ён застаў Петруся за абедам. Толькі скончыўшыабед, Карповіч не спяшаючыся сышоў…

Аднак выкрыцьцё здрады Азефа ў 1908 г. нанесла партыі эсэраў найцяжэйшы ўдар. Карповіч доўга не верыць у двайную гульню чалавека, які працяглы час лічыўся самай аўтарытэтнай постаццю ў партыі. Ён пісаў “Калі кранеце Азефа, прыеду перастраляю ўвесь цэнтральны камітэт”. Калі віна Азефа была даказана, Карповіч  атрымаў наймацнейшы душэўны надлом. Карповіч мужнатрымаўся пад пагрозай смяротнага прысуду, не губляў бадзёрасці духу і на катарзе, але перажыць здраду апынулася значна цяжэй…

Пасля здрады Азэфа Карповіч адыходзіць ад актыўнай дзейнасці, жыве ў Англіі, зарабляе на хлеб працай масажыста – бо ён усё ж студэнт-медык.  Ён робіць для бедных сеансы масажу, праводзіць іх бясплатна … Нягледзячы на тое, што сам часам вядзе паўгалоднае існаванне … З успамінаў Савінкава, які сустракаўся з Карповічам у Англіі ”…. я заўважыў, што цэльнасць яго перакананняў была толькі знешняй. За рэзкімі водгукамі і рашучымі меркаваннямі хаваліся ваганні, – прыкмета сталага розуму і сумленнай душы. Яго хвалявалі пытанні маральнага апраўдання гвалту, і ў ягокатэгарычных, часам жорсткіх развагах мне бачылася агіда да крыві і адчай, што рэвалюцыя непазбежна павінна быць крывавай. Ён казаў:

– Нас вешаюць, – мы павінны вешаць. З чыстымі рукамі, у пальчатках, нельга рабіць тэрору. Хай загінуць тысячы і дзесяткі тысяч – неабходна дасягнуць перамогі. Сяляне паляць сядзібы – хай паляць. Людзям есці няма чаго, яны робяць экспрапрыяцыі – няхай робяць. Зараз не час для сентыментаў – на вайне, як на вайне.

Такія былі ягоныя словы. Але ён сам не экспрапрыяваў і не паліў сядзібаў. І я не ведаю, ці шмат сустракаў у маім жыцці людзей, якія за знешняй рэзкасцю захоўвалі б такое пяшчотнае сэрца, як Карповіч. І гэта было тым больш добра, што пра любоў да людзей ён адгукаўся з пагардай, а пранянавісць казаў, як пра законнае пачуццё. Супярэчнасць паміж словам і справай у яго было заўсёды, і рашуча – на карысць справы.

І вось у лютым 1917 г. у Расіі адбываецца дэмакратычная рэвалюцыя. Петр Уладзіміравічімкнецца на радзіму. Тым больш, што ў далёкім Гомелі цяжка хворая маці. Спяшаючыся вярнуцца, ён як заўсёды, выбірае найкарацейшы і самы небяспечны шлях – па моры, дзе ідзе сусветная вайна і рышчуць нямецкія падводныя лодкі. І адна з іх тарпедуе транспарт пад англійскім сцягам, на якім вяртаецца Карповіч. Пятрусь апынуўся ў сцюдзёнай  вадзе, але на ім – выратавальны пояс, а побач тоне яго таварыш. І Карповіч аддае слабейшаму свой выратавальны жылет. Разам з ім Пятрусь аддае яму сваё жыццё … Перад тым, як схавацца ў халоднай бездані, Карповіч яшчэ паспеўузмахнуць рукой сябрам на развітанне …

Ён памірае такім жа чынам, як і жыў – “аддаўшы душу за дрУгі свая”.

Эпітафіяй на яго невядомай магіле на дне Паўночнага мора маглі б стаць словы, напісаныя ім таварышам у чаканні смяротнага прысуду яшчэ ў пачатку стагоддзя: “скончу паўторам, што вас усіх вельмі, вельмі люблю. Люблю так, як ніколі нікога не любіў у жыцці. Бывайце, не ўспамінайце ліхам. Запавет усім вам: змагайцеся за свабоду! “На мяне забудзьцеся. Я не хачу стаяць у вас на  шляху, не хачу, каб  мая смерць паслабіла вас у цяжкай маючай адбыцца барацьбе. Цалую вас усіх моцна, моцна. Ваш Уладзіміравіч”.