Невядомыя землякі: Палута Бадунова (сцэнар фільма)

0
1189

Палута Бадунова. Што кажа нам, сённяшнім, гэтае імя? У сучасных энцыклапедычных даведніках знаходзім, што яна была адным з лідэраў беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сябрам Рады БНР, стаяла на пазіцыях незалежнасці Беларусі, вызнавала сацыялістычную ідэалогію, урэшце, у 1937г. была арыштавана сталінскім НКВД і неўзабаве расстраляна. За гэтымі сціслымі радкамі – жыццё неардынарнай асобы, якая для многіх патрыётаў увасабляе сабой вобраз нязломнай змагаркі за незалежнасць Беларусі, сімвал непераможнасці беларускага духу.

Нарадзілася Паліна Аляксандраўна Бадунова 7 верасня 1885 года ў Навабеліцы – прадмесці павятовага на той час Гомеля, які якраз уступаў у перыяд бурнага ўздыму. Сям’я Бадуновых была вядомай і ўплывовай у прадмесці. Паводле сямейнага падання, яна вяла свой радавод ад данскога казака, які ў 18 стагоддзі пасля паўстання Емельяна Пугачова збег у гэты край і ажаніўся з мясцовай сялянкай, выкупіўшы яе з прыгону Жылі Бадуновы ў самім мястэчку, але бацька Аляксандр Восіпавіч непадалёку арэндаваў невялікі маёнтак, з якога і кармілася ўся сям’я. Звестак пра маці не захавалася, вядома толькі, што пахавана яна ля царквы Аляксандра Неўскага як ганаровая прыхаджанка. У сям’і гадавалася 7 дзяцей: два сыны і пяцёра дачок. Род Бадуновых не цураўся грамадскай чыннасці: брат Палуты Аляксандр нязменна ўваходзіў у склад своеасаблівага элітарнага клуба Вольна-пажарнага таварыства. Лёс сясцёр Бадуновай склаўся па-рознаму: Палута і Марыя захапіліся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, астатнія сёстры абралі традыцыйны шлях прыватна-сямейнага жыцця. Але і іх не абмінулі бурлівыя падзеі часу. Анатолія вядомая як маці палеглага за рэспубліканскую Гішпанію Героя Савецкага Саюза Аляксандра Склязнёва, імя якога сёння носіць адна з вуліц Навабеліцы. Яшчэ адна сястра Настасся ўвесь час жыла ў Навабеліцы, выйшла замуж за мясцовага прадпрымальніка Бяздзецкага –сябра і паплечніка свайго брата.У сям’і прыхільна ставіліся да адукацыі, навучаліся не толькі хлапцы, але і дзяўчаты дома, альбо ў мясцовым прыходскім вучылішчы. Сярод сясцёр прагай да ведаў і літаратурнымі здольнасцямі вылучалася менавіта Палута. Першай з сясцёр яна атрымала спецыяльную адукацыю, пасля сканчэння двухкласнай вучэльні ў Буйнічах каля Магілёва, вытрымала экзамен на годнасць хатняй настаўніцы расійскай мовы і геаграфіі.

Палута Бадунова амаль да 30 гадоў пражыла ў Гомелі. Ад 1905г. пачала працаваць у школах Гомельскага павета. За 8 гадоў яна змяніла 5 месцаў працы, шукаючы школу з больш высокім статусам. Палута Бадунова належыла да першага пакалення беларускіх настаўнікаў, маладой беларускай інтэлігенцыі, якая выйшла на грамадска-палітычную арэну на мяжы 19-20ст. Фармаванне яе светапогляду адбывалася пад уплывам дэмакратычнага духу месцячковага беларускага жыхарства, чуйнага да ідэяў сацыяльнай справядлівасці. Вельмі важнае значэнне таксама мела настаўніцкая чыннасць Палуты. Праца ў вясковых школах адкрыла ёй зусім іншы свет: свет беларускага сялянства – носьбіта беларускай мовы і арыгінальнай традыцыйнай культуры, што аднак, поўнасцю  ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі. Прыніжаны стан беларускага народа прымусіў яе задумацца аб гістарычнай тоеснасці роднага краю, аб уласнай далучанасці да яго. Палута праходзіла шлях першай беларускай педагагічнай інтэлігенцыі, для якой пачуццё адказнасці школьнага настаўніка з часам перарастала ў пачуццё адказнасці за ўвесь свой прыгнечаны народ.

Тагачасны Гомель з’яўляўся на той час значным цэнтрам эсэраўска-бундаўскай актыўнасці. Магчыма, ужо тады вызначыліся эсэраўска-народніцкія ідэйныя арыентацыі Бадуновай. Але актыўнай рэвалюцыйна-палітычнай дзейнасці ў той час яна, відаць, пазбягала. Ужо ў даволі сталым узросце здзейснілася мара Палуты аб вышэйшай адукацыі. У 1914г. яна паступае на вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе. Тут да надыходу рэвалюцыйнай віхуры яна паспела скончыць тры курсы, тут пачаўся яе шлях у палітыку. З разгортваннем лютаўскай рэвалюцыі слухачы курсаў накіроўваюць Бадунову сваім дэлегатам у Петрасавет. У перадрэвалюцыйнай расійскай сталіцы адбылося знаёмства Палуты з асяродкам маладой беларускай інтэлігенцыі, якіх закінала сюды жаданне атрымаць адукацыю і вайна. Канкрэтныя крокі Бадуновай да беларускай справы невядомыя, яе з’яўленне ў эпіцэнтры нацыянальнага руху выглядае як выбух. Энергія, перакананасць у поглядах, красамоўства хутка здабылі маладой жанчыне аўтарытэт сярод сяброў і аднадумцаў. Бадунова стала адным з лідэраў лева-народніцкага крыла Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Улетку 1917г. Бадунова разам з іншымі актывістамі БСГ прыязджала на Гомельшчыну, вяла прапаганду беларускай ідэі сярод сялян, жаўнераў і настаўнікаў у Навабеліцы, Гомелі Буда-Кашалёве, збірала дапамогу пацярпелым ад вайны. Надалей яна стала актыўным арганізатарам і ўдзельніцай кожнай акцыі беларускага руху Вітала ад імя БСГ з’езд беларусаў- вайскоўцаў Заходняга фронту, разам з Язэпам Лёсікам, Вандай Лявіцкай, Міхасём Марозавым аднавіла беларускі вучыцелскі хаўрус. Гучны рэзананс набыў яе выступ на Ўсебеларускім з’ездзе ўцекачоў у Маскве. Непадрыхтаваная частка аўдыторыі ўспрыняла яе даклад аб нацыянальным самавызначэнні Беларусі як правакацыю: “Пасля маіх прамоў на з’ездзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся ў мяне пашпарта, каб пераканацца, ці сапраўды я праваслаўная, а не каталічка, падасланая іезуітамі. Для іх вуха здавалася дзіўным, што Беларусь – гэта не Расея,” – пісала пазней Палута Бадунова. Але на той час у палітычным светапоглядзе Бадуновай сацыялістычныя ідэалы ўсё ж  пераважалі над нацыянальнымі. На прапанову Ванды Лявіцкай акцэнтавацца на нацыянальнай дзейнасці Палута запярэчыла: “Уперад сацыялізм, а потым нацыя”.

У снежні 1917г. у Менску  адкрываецца Усебеларускі з’езд, які меўся выпрацаваць прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Бадунова брала вельмі чынны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні з’езда. Ёй даручылі займацца найбольш складанай і балючай на той час праблемай дапамогі ўцекачам і інвалідам вайны. Палута ўсебакова вывучае гэту праблему і рыхтуе даклад на пленарным паседжэнні. Выступіць з дакладам ёй не давялося з прычыны разгону з’езда.У праекце рэзалюцыі Палута сцвярджала, што дадзеная праблема можа быць паспяхова вырашана пры ўмове пераўтварэння беларускай дзяржавы ў паўнапраўнага суб’екта міжнародных дачыненняў. Толькі тады можна будзе спагнаць з краін – ініцыятараў вайны кампенсацыю за эканамічныя страты, нанесеныя вайной Беларусі. Пасля разгона Усебеларускага з’езда Рада з’езда пастанавіла: перадаць паўнамоцтвы з’езда Выканаўчаму камітэту. У склад выканкаму ўвайшлі 24 чалавекі, у тым ліку і Палута Бадунова, ёй былі даручаны справы апекі.

Тым часам палітычная сітуацыя ў Беларусі развівалася вельмі імкліва. Былі сарваны савецка-германскія перамовы ў Берасці. Нямецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю Беларусі. Бадунова знаходзілася ў самым цэнтры падзеяў. Яе подпіс стаіць пад гістарычнымі ўстаўнымі граматамі аб утварэнні БНР і абвяшчэння яе незалежнасці. Яна ўвайшла ў склад Рады БНР і Народнага Сакратарыята Бадунова працягвае займацца дапамогай уцекачам і пацярпелым ад вайны. “Я –з’яўляюся першай настаўніцай Менску па арганізацыі і актыўнай працы ў першых беларускіх школах. На школах заўсёды ляжала вялікая задача: абарона і падтрыманне дзяцей у часы голаду і акупацый. З дапамогай Грыба я арганізавала грамаду “Цётка”, якая рабіла зборы для ўтрымання першага сталага дзіцячага дому, мною былі арганізаваны дзіцячыя яслі для беларускіх работніц”. Вакол Будуновай і яе паплечнікаў па школьніцтву гуртавалася маладая настаўніцкая грамадскасць. Апантанасць і энергія Бадуновай уражвалі і прываблівалі. На здымку Палуты адна  з яе маладых паплечніц Вера Маслоўская напісала: “Беларускія кабеты, ізгляньце вобраз гэты мілы, колькі міласці духоўнай і энергіі і сілы…так і кліча вас, кабеты, упярод да адной мэты”. Даводзілася напружана працаваць і над сабой, удасканальваць палітычныя і праўныя веды, а таксама засвойваць беларускую мову. Зразумела, што глыбокага ведання беларускай  мовы не маглі даць ні царскія навучальні, ні Гомельскі гарадскі асяродак. Хаця выкладанне ў вясковых школах наблізіла Палуту да моўнай народнай стыхіі, але Бадунова не валодала мовай свабодна. Аднак, пачынаючы з 1919г. большасць аўтографаў Палуты ўжо напісаны па-беларуску, а ў яе анкеце аб роднай мове пазначана –  беларуская.

Палута Бадунова стала сведкай і ўдзельніцай усёй драматычнай гісторыі БНР. Прыхільнікі левага крыла БСГ аб’ядналіся ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў ( БПСР) і абвясцілі аб стварэнні новай партыйнай фракцыі ў Радзе. У ЦК увайшлі Тамаш Грыб, Язэп Мамонька і Палута Бадунова. Эсэры разгарнулі актыўную дзейнасць і , дзякуючы гэтаму, умацавалі сваю пазіцыю на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Увосень 1918г., калі нямецкія войскі пачалі пакідаць тэрыторыю Беларусі, а на іх месца імкліва прасоўвалася Чырвоная армія, БПСР паспрабавала перахапіць ініцыятыву ў дзяржаўна-нацыянальным вызначэнні, заклікаючы працоўных края правесці выбары ў мясцовыя Рады. Дзеянні Чырвонай арміі эсэры разглядалі як агрэсію супраць БНР, таму была абвешчана тактыка барацьбы супраць двух акупантаў: імперыялістычнай Нямеччыны і Савецкай Расіі. Апошняя не прыніжала ролю БПСР як палітычнай сілы, але і супернікам яе не лічыла. Пра гэта сведчыць вызваленне кіраўнікоў партыі Мамонькі і Бадуновай ужо праз суткі пасля арышту. Эсэры адмовіліся прызнаць абвешчаную 1 студзеня 1919г. БССР, уважаючы яе за марыянеткавае стварэнне, і заклікалі да яе байкоту. З пачаткам таго ж 1919г. польскія войскі Язэпа Пілсудскага акупавалі тэрыторыю Беларусі. Эсэры з насцярожанай зацікаўленасцю паставіліся да лозунгаў Пілсудскага, які абяцаў пад эгідай Польшчы стварэнне канфедэрацыі былых народаў Рэчы Паспалітай, і менавіта таму эсэры катэгарычна не падтрымалі ўтварэнне ў лютым 1919г. т.зв. Беларуска-Літоўскай рэспублікі і пайшлі на далейшыя кантакты з польскімі ўладамі. Гэты крок адразу абвастрыў канфлікт з бальшавікамі. Магчымасць альянсу з Польшчай эсэры абумоўлівалі захаваннем поўнага суверэнітэту беларускага руху. Яны бадай першымі заўважылі ў фактах арышту беларускай інтэлігенцыі і закрыцця беларускіх школаў рэпрэсіўныя памкненні польскіх уладаў. У хуткім часе палякі арыштавалі лідэра партыі Тамаша Грыба, абвінаваціўшы яго ў закліку да антыпольскага паўстання. Пасля 7 месяцаў канцлагера Грыбу прызначылі месца жыхарства Лодзь і забаранілі выезд у Беларусь. На Радзіму ён ужо не вярнуўся.

У гэтых умовах асноўны цяжар па кіраўніцтву партыяй лёг на Бадунову. Рабіла яна гэта з усёй сваёй настойлівасцю і тэмпераментам, пра што сведчыць кароткая справаздача паплечніку Клаўдусю Душ-Душэўскаму: “Сябра Душэўскі, я ў Варшаве, бачылася ўжо і гаварыла з Луцкевічам. Тарашкевічам, Алексюком. Яны зусім не ведаюць, што робіцца ў нас у Менску, так веліка іх адорванасць. За Грыба сёння гаварыла з польскім сацыялістам Марачэўскім ды іншымі. У Гародне я аставіла просьбу і  партыйны загад, каб усе партыйныя сілы ехалі працаваць на Радзіму у Менск, я іх тутака ўсіх і усё разнесла, бо яны едуць у Коўна і куды заўгодна і саўсім забываюць аб Менску”.

Спадзяванні эсэраў на саюз з Польшчай хутка развеяліся. Яны ўтварылі Беларускі Паўстанцкі камітэт для разгортвання антыпольскай барацьбы, адным з кіраўнікоў якога стала Палута Бадунова. Частка эсэраў была вымушана перайсці на нелегальнае становішча. Бальшавікі ўважліва сачылі за растаноўкай сілы ў беларускім нацыянальным руху, менавіта эсэры, на іх погляд, мелі рэальную палітычную моц. ЧК даносіла, што гэтая партыя мае значныя сувязі сярод сялянства і аказвае на яго арганізаваны рэвалюцыйны ўплыў. У асобе Бадуновай чэкісты бачылі лідэра партыі і энергічнага работніка. Бальшавікі шукаюць кантактаў з левым крылом палітычных партый, сярод якіх найбольшую цікавасць выклікалі эсэры і іх лідэр Палута Бадунова. У снежні 1919г. пачаліся перамовы паміж бальшавікамі і беларускімі эсэрамі, у выніку якіх падпісана пагадненне аб сумесным змаганні за аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Было дамоўлена аб сумеснай узбройнай барацьбе супраць польскай акупацыі. Змена саюзніцкіх арыентацый і актыўнасць эсэраў вельмі занепакоілі польскія улады, неадкладна пачаліся вышукі іх лідэраў. На кватэры сястры Марыі палякі шукалі Пелагею Бадунову. Пераканаўшыся што яе няма, яны арыштавалі Марыю і на працягу некалькіх дзён дапытвалі пра сястру. Неўзабаве палякі арыштавалі і саму Палуту. Яе змясцілі ў адзіночную камеру спачатку жаночай турмы, а потым перавезлі ў Менскую адміністрацыйную. Што датычыць рэжыму зняволення, Палута ўзгадвала потым, што ледзь выжыла пасля страшэнных умоў холаду, у якіх яна смяртэльна замярзала, і пагрозу тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных. Праз месяц яе выпусцілі пад нагляд жандармерыі. Але ён быў недастаткова пільны, і з дапамогай сябраў па партыі Палуту пераправілі ў Смаленск. Пераход быў цяжкі і вельмі небяспечны, давялося пераадольваць разліў Бярэзіны часам па пояс  у сцюдзёнай сакавіцкай вадзе. Па словах Палуты, у той час аніводная жывая душа не згаджалася на такі пераход, бо палякі здзекваліся за гэта і забівалі. Візіт у Смаленск меў выключна важнае палітычнае значэнне. У эсэраўска-бальшавіцкім хаўрусе наспяваў сур’ёзны канфлікт, у аснове якога ляжала галоўнае для эсэраў пытанне пра дзяржаўнае вызначэнне Беларусі. Сустрэча ў Смаленску не прывяла да паразумення і раскрыла Бадуновай усю несамастойнасць пазіцыі ЦК бальшавікоў Літвы і Беларусі. Яна вырашыла звярнуцца да вышэйшага бальшавіцкага кіраўніцтва і паехала ў Маскву. Але тут давялося літаральна ламаць недавер і адкрытае ігнараванне беларускіх нацыянальных сілаў. Цягам месяца Палута дамагалася разгляду беларускага пытання на ўзроўні ЦК РКПб. Дзякуючы асабістай настойлівасці, яна дамаглася сустрэчы з наркамам замежных спраў Чычэрыным, ягоным намеснікам Караханам, членамі ЦК Прэабражэнскім і Крысцінскім, наркамам нацыянальнасцяў Сталіным. Скарыстаўшыся падтрымкай і парадай Язэпа Дылы, а таксама старэйшага аўтарытэтнага дзеяча беларускага руху Алеся Бурбіса, Палута Бадунова падрыхтавала грунтоўны даклад пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. У ім былі выкладзены падыходы БПСР да дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Даклад быў разгледжаны, як запэўнілі Палуту, з удзелам Леніна. Аднак і вышэйшае бальшавіцкае кіраўніцтва не збіралася рабіць сур’ёзных саступак у беларускім пытанні. Перамовы ў Маскве скончыліся пацверджаннем вайсковага альянсу паміж эсэрамі і бальшавікамі, разгляд палітычных пытанняў адкладваўся да поўнага вызвалення Беларусі. Гэта было ў значнай ступені дасягнута, дзякуючы настойлівасці і прынцыповасці Палуты. Такім чынам, маскоўскую місію Бадуновай партыя ацаніла як плённую. Напэўна, гэта падмацавала і надзею самой Палуты на магчымасць кааліцыі з бальшавікамі. У беларускім руху роля і аўтарытэт Бадуновай дасягнулі самай высокай адзнакі.

Напружаная праца і сакавіцкі пераход Бярэзіны адбіліся на стане здароўя. Дзеля аднаўлення сіл яна пасялілася ў курортным мястэчку Кемерон, што на Рыжскім узмор’і. Лячэнне і адпачынак адсунулі палітычныя справы на другі план і пераключылі на асабістыя перажыванні, драму кахання, што пераследвала яе як цяжкая шалёная  туга з моманту першай сустрэчы з Тамашом Грыбам.

Іх знаёмства адбылося ўвосень 1917 г. падчас падрыхтоўкі Усебеларускага з’езда: “З’езд ужо скончыўся, засядаў камітэт. Вось да стала, узяўшы слова ў старшыні, падышоў малады ваенны, ён рабіў нейкую малую заяву, нейкі даклад, які заняў дужа мала часу. Калі пачаў гаварыць Тамаш, тады я яшчэ не ведала, што яго так завуць, і не ведала, што гэтае імя стане для мяне такім дарагім у будучыні. Я неспадзеўку падняла вочы, глянула на яго. Самае моцнаеўражанне зрабілі яго вочы, амаль неземная дабрата, ціхая сумная насмешка над суетой земной, так і глядзелі з глыбіні яго вачэй. Адразу нешта стукнула мяне ў сэрца: о, якія вочы ў гэтага чалавека, вось каго можна палюбіць да канца”. Перыяд узаемнага шчасця стаўся нядоўгім, але назаўсёды паяднаў іх як аднадумцаў-паплечнікаў. Да Тамаша неўзабаве прыйшло больш моцнае пачуццё, ён злучыў свой лёс з маладой удзельніцай беларускага руху, вядомай прыгажуняй Паўлінай Мядзёлкай. Для Палуты каханне да Грыба засталося незабыўным, пераўтварыўшы яе жыццё ў пакутлівую барацьбу з уласнай жаночай сутнасцю, выйсце шукалася ў грамадскай чыннасці, служэнні народнаму дабру.

Пасля вызвалення Менску ў ліпені 1920г. эсэры пацвердзілі сваю гатоўнасць да супрацоўніцтва, узяўшы ўдзел у выпрацоўцы дэкларацыі аб незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі Беларусь. У кастрычніку 1921г. быў падпісаны прэлімінарны мір з Польшчай на ўмове перадачы ёй Заходяй Беларусі. Беларускія эсэры вырашылі максімальна сканцэнтраваць нацыянальныя сілы ў Беларусі, каб уплываць па магчымасці на палітычнае і культурнае развіццё рэспублікі. Яшчэ было спадзяванне ў адкрытай палітычнай барацьбе захаваць і пашырыць свой уплыў, разлічваючы на падтрымку сялянства і на развіццё нацыянальнай свядомасці насельніцтва. Такім чынам, партыйныя сілы павінны былі падзяліцца для ад’езду на Радзіму. Для Палуты рашэнне было перадвызначана. У лістападзе 1921г. эсэраўская газета “Змаганне” надрукавала першы артыкул Палуты, што было сведчаннем прысутнасці дзеячкі на Радзіме. Палута падала заяву прызначыць яе на месца губернскага інструктара па пазашкольнай альбо школьнай асвеце. Кіраўніцтва наркамасветы не наважылася даць кіруючую пасаду вядомай эсэраўскай дзеячцы. Палута была прызначана лектарам на настаўніцкія курсы. Яна актыўна друкуецца на старонках “Змагання”. Яе ўдзел сведчыў аб выпрацоўцы стратэгіі і тактыкі ў гэты адказны момант. Асноўнай тэмай публіцыстыкі дзеячкі стала абгрунтаванне савецкай формы будаўніцтва Беларусі з адначасовай крытыкай яе бальшавіцкага варыянту. Напрыканцы снежня 1921г. у Менску праходзіць 3-я канферэнцыя БПСР, дзе быў прыняты курс на прызнанне БССР як формы беларускай дзяржаўнасці з перспектывай яе трансфармацыі ў суверэнную нацыянальную дзяржаву. Аўтарытэт і перакананасць Палуты дазвалялі ёй дасягаць перамогі не толькі над апанентамі ўнутры БПСР, але і над палітычнымі праціўнікамі. У канцы 20-га года праходзіла кампанія выбараў у мясцовыя саветы. Палута актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, нават бальшавіцкія газеты адзначалі, што на тых сялянскіх сходах, дзе яна выступала поруч з прадстаўнікамі бальшавікоў, пасля яе прамоў дэлегатамі заўсёды выбіралі эсэраў. Рост папулярнасці БПСР прывёў да таго, што партыя была пастаўлена пад пільны чэкісцкі кантроль. У лютым 1922г. ЧК правёў акцыю ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў рэвалюцыянераў. Былі арыштаваны 860 сябраў партыі, поўны склад ЦК і Менскага камітэта. Адначасова зачынены газета “Змаганне” і “Рабочы клуб”. ЧК дакладваў, што канфіскаваныя пры арыштах дакументы сведчылі і асабіста супраць Палуты Бадуновай. Лідэраў партыі Палуту Бадунову і Язэпа Мамоньку Усерасійскі ЧК запатрабаваў у Маскву. Гэта абумовіла разгляд іх справы на пасяджэнні бюро Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Большасць удзельнікаў абмеркавання выказаліся за тое, каб пакінуць лідэраў партыі ў Менску. Прапанову падтрымаў старшыня ўраду БССР Аляксандр Чарвякоў, які паабяцаў вызваліць эсэраўскіх дзеячоў пад сваё паручніцтва. Але вырашыць такое пытанне самастойна кіраўніцтва фармальна незалежнай БССР не магло У сакавіку 1921г. лідэры беларускіх эсэраў ужо знаходзіліся ў Маскве. Мамоньку змяшчаюць у Лефортава, а Бадунову – у Навінскую турму. Супольнае змаганне дзяржаўных і грамадскіх структураў, супраціў самой зняволенай, а Палута здзейсніла ў турме дзве галадоўкі, здолелі перамагчы, тагачасная рэпрэсіўная машына вымушана была вызваліць Палуту, але стан яе здароўя быў настолькі кепскім, што самі ўлады тэрмінова ўладкоўваюць яе ў падмаскоўны санаторый. У 1921-22гг. Палута займаецца ў асноўным культурніцкай працай, прыпыніўшы палітычную актыўнасць. Аднак яна вельмі балюча перажывае ізаляванасць ад палітычнай дзейнасці, тым больш што за межамі Беларусі эсэры вялі актыўную барацьбу за нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Палута прымае рашэнне з’ехаць за мяжу. Спачатку Палута спрабавала выехаць за мяжу легальна, але не атрымала на гэта дазвол, таму ўначы пад новы 1923 г. яна без дакументаў перайшла польскую мяжу і накіравалася ў Вільню. Аднак там яе арыштоўвае польская паліцыя некалькі месяцаў яна чакае вырашэння свайго лёсу. Цягам гэтага часу Бадунова, паводле яе ўспамінаў, пабывала ў турмах ад Нясвіжа да Закапанаў, а таксама месяц пражыла на хутары ля Нясвіжу пад наглядам паліцыі. У гэты час Палута звяртаецца да сваёй спрадвечнай мары: літаратурнай дзейнасці. Гераіней яе творчых пошукаў становіцца сімвал беларускага вызвольнага руху паэтка Алаіза Пашкевіч. Мажліва, зварот да гэтага вобразу быў нагодай для асэнсавання ўласнага лёсу. Пасля вызвалення польскія ўлады запатрабавалі, каб Бадунова пакінула тэрыторыю Польшчы. Восенню 1923г. Палута выехала праз Берлін у Прагу, дзе планавалася нарада эсэраўскага кіраўніцтва за мяжой. У Берліне Палута сустрэлася з Вацлавам Ластоўскім, які прапанаваў ёй разам прадстаўляць Беларусь на канферэнцыі былых паняволеных народаў, арганізаванай Лігай Нацый. Каб надаць гэтаму прадстаўніцтву афіцыйны характар, Палута вырашае заручыцца падтрымкай Грыба і Мамонькі. Аднак іх згоды яна не атрымала. І Тамаш Грыб, і Язэп Мамонька лічылі, што сацыялістка Бадунова не павінна ісці на кантакты з буржуазнай арганізацыяй. Палуце давялося падначаліцца, хаця яна была моцна расчаравана. На пачатку 20-х гадоў маладая Чэская рэспубліка забяспечвала прытулак эмігрантам, якія ратаваліся ад бальшавіцкай дыктатуры, дала ім магчымасць стварыць свае культурныя і грамадскія арганізацыі, наладзіць выдавецкую дзейнасць, атрымаць вышэйшую адукацыю. Дзякуючы падтрымцы Чэскага ўрада і асабіста прэзідэнта Чэхіі Тамаша Масарыка, тут склаліся значныя асяродкі расійскай, украінскай і беларускай эміграцыі. На жаль, як і паўсюль, пражская беларуская эміграцыя была арганізацыйна і ідэйна падзелена. Апынуўшыся ў Празе, Бадунова хутка азнаёмілася з сітуацыяй і ўцягнулася ў справы. Ліставалася з Ластоўскім, спрабавала наладзіць міжнародныя сувязі. Увесь гэты час Бадунова жыла ў доме Язэпа Мамонькі. Адчувала яна сябе тут не вельмі ёмка. “Жыву ў Язэпа на хлябах, б’ецца ён тут як рыба аб лёд, жонка слабая і хваравітая,”- пісала яна Ластоўскаму. Адным з першых крокаў Палуты ў Празе становіцца паступленне на гістарычнае аддзяленне інстытута імя Драгаманава. Яна марыла завершыць адукацыю, якую пачала ў Петраградзе. Аднак да заняткаў прыступіць не здолела, бо хварэла. Але сітуацыя ў беларускім палітычным асяродку заставалася яе галоўным клопатам.

Напрыканцы 1923 г. Палута ізноў цяжка хварэе: двухбаковае запаленне лёгкіх. Яна вымушана пакінуць не толькі палітычныя справы але і навучанне. Фізічныя пакуты дадаваліся душэўнымі: сябры не наведвалі, адзінота нараджала самыя песімістычныя думкі. Аб драматызме сітуацыі дае ўяўленне ліст, напісаны ў гэтыя дні да Вацлава Ластоўскага і Душ-Душэўскага: “Родныя мае таварышчы Вацлаў і Клаўдзій. Я хварэю ўсё цяжэй і цяжэй, у мяне прастудная жаночая хвароба, высокая тэмпература, я аслабла і саўсім адна. Беларусы мяне не наведваюцца, да і гэта ўжо не ўпершыню. У турмах і на шляхах я заўсёды адна, няма са мной маёй сястры, майго ангела храніцеля, і я чуюся як былінка ў полі, ноччу жар, цягну руку, і няма каму вады падаць. Мо заўтра перавязуць мяне ў бальніцу, хто ведае, што будзе са мной, а памру, памятайце, некалі перавязіце мяне ў Менск”. Тым не менш, новы 1924 г. пачаўся шчасліва, хапіла сілаў рыхтаваць яго сустрэчу разам з вялікай грамадою беларускіх студэнтаў. Палута расчулілася цеплынёй сустрэчы з моладдзю: “Яны мяне сустрэлі як тыя дзеці матку,”- пісала пазней Палута. Яна прыкладала намаганні, каб матэрыяльна дапамагчы беларускім студэнтам, адначасова рабіла крокі да адкрыцця бібліятэкі-чытальні з продажам беларускіх выданняў. У гэты час яна сфармулявала сваё ўласнае жыццёвае крэда, якое было выкладзена ў лісце да Ластоўскага. “На мяне грамаднае ўражанне зрабіў верш “Адзінокі”. Родны мой, ці не сябе вы лічыце адзінокім? Кіньце вашы сумныя думкі! За вамі сочаць мільёны вачэй беларускага прыгнечанага народа, і праўду трэба шукаць толькі там, у самой гушчы народнай, да яшчэ ў сваім уласным сэрцы”. Хвароба чарговым разам адарвала яе ад вучобы, а ў хуткім часе вучоба наогул была перапынена.Унутраны стан Бадуновай знаходзіўся на скрайняй мяжы. Да таго ж, напрыканцы 1924г. з Беларусі прыйшла навіна, якая перакрэсліла поспехі эсэраў за мяжой. У кастрычніку ў Менску адбыўся з’езд БПСР, які прыняў рашэнне аб ліквідацыі партыі. Крок гэты зразумела, не быў самастойны, яго ініцыятарам і рэжысерам з’яўляліся бальшавісцка- чэкісцкія структуры. Рэзалюцыя з’езда фактычна вынесла прысуд той частцы партыі, да якой належыла Бадунова і яе пражскія паплечнікі. Гэтая навіна з’явілася моцным ударам для Палуты, свядомасць яе не вытрымала палітычных і асабістых узрушанняў, і хвароба перарасла ў псіхічны разлад. Новы 1925г. Палута сустрэла ў Пражскай лякарні нярвовых захворванняў. Тут яна з перапынкамі прабавіла амаль увесь год.  На стане Палуты адбіваліся не толькі хваробы, але і назапашанае гадамі пачуццё адзіноты, адсутнасць блізкіх і родных, сямейнага клопату. Жаночая незапатрабаванасць змешвалася з нерэалізаванымі амбіцыямі, адчуваннем непрызнанасці заслугаў, несправядлівасці паплечнікаў.

Ад лета 1925 г. сястра Палуты Марыя пачала дамагацца вяртанне сястры ў БССР. Звароты ў Народны Сакратарыят БССР не адразу далі вынік, толькі напрыканцы 1925г. Палуце было дазволена вярнуцца на Радзіму.

У лістападзе 1927г. Палута падрыхтавала для Інбелкульта з уласнай ініцыятывы дзве запіскі, змест якіх быў звязаны з адметнай падзеяй як для самой Бадуновай, так і для Беларусі ў цэлым. У 1926г. Гомель, дзе нарадзілася Палута, быў вернуты БССР. Улетку 1927г., якраз праз 10 гадоў пасля таго як яна прапагандавала тут беларускую справу, Палута наведала родныя мясціны. Яе цікавіла разгортванне беларускага школьніцтва, яна агледзела палац Паскевічаў і знакаміты парк. Свае думкі пра выкарыстанне палаца і парка яна выклала для Інбелкульта, але рэпутацыя хворага і непрыдатнага для сур’ёзнай працы чалавека цвёрда замацавалася за ёй у Менску, у тым ліку сярод сяброў і паплечнікаў. Шлях да ўдзелу ў грамадскіх альбо палітычных справах, якога яна так прагнула, быў перакрыты.

У 1930г. быў дадзены першы залп рэпрэсій па беларускай інтэлігенцыі, звязанай з нацыянальным рухам і БНР, прайшлі арышты па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Саму Палуту гэта хваля абмінула, але сёстры з перасцярогі пакінулі Менск. Марыя выправілася ў Маскву да старэйшай сястры Анатоліі,  а Палуту перавезлі ў Гомель да брата Аляксандра, які працаваў на мясцовым тлушчакамбінаце і не меў уласнай сям’і. Родныя палічылі, што такі варыянт больш спакойны і прыдатны для Палуты. Новадалучаны да БССР Гомель не лічыўся асяродкам нацдэмаўшчыны і не прыцягваў да сябе гэтулькі пільнай ўвагі НКВД, як Менск.  Бадунова адважылася на амаль адчайную спробу вырвацца з бальшавіцкага раю. У 1932г. яна звярнулася ў міжнародную арганізацыю дапамогі рэвалюцыянерам з просьбай паспрыяць у выездзе з СССР. Аднак яна атрымала адмову, бо гэтая структура ўжо знаходзілася пад пільным кантролем сталінскага Камінтэрна. Паводле ўспамінаў сваякоў, у наступныя гады Палута вяла непрыкметнае жыццё прыватнай асобы. Хвароба не давала вострых праяў, сродкаў для жыцця яна па-ранейшаму не мела, жыла на ўтрыманні брата. Спрабавала зарабляць на жыццё прыватнымі ўрокамі, спрабавала займацца літаратурнай дзейнасцю, але мясцовыя выдавецтвы адмаўляліся друкаваць яе вершы, апавяданні. Аднойчы на вуліцы яна сустрэла былога сябра ЦК БПСР, актывіста антыпольскага супраціву удзельніка слуцкага паўстання Марка Асвяцімскага, які перабраўся ў Гомель, каб таксама знікнуць з поля зроку сталічнага НКВД. Ён працаваў на заводзе Гомсельмаш. Палута пачала наведвацца ў дом Асвяцімскіх. У размовах абмяркоўвалі сацыяльна-эканамічную сітуацыю, асуджалі чэргі па хлеб як вынік няправільнай палітыкі на вёсцы.  Часам Асвяцімскія дапамагалі Палуце і матэрыяльна.

Тым часам па ўсёй краіне ўздымалася новая хваля тэрору.Улетку 1937г. НКВД БССР распачаў буйнамаштабную аперацыю па выкрыццю польскай, латвійскай, нямецкай агентуры. Толькі пад катэгорыю польскай агентуры за 4 месяцы было арыштавана больш за 20тыс.чалавек. У біяграфіі Палуты знаходзілася дастаткова падставаў для далучэння яе да катэгорыі “польскай” агентуры, і ў верасні 1937 г. яе арыштавалі. Падчас арышту сканфіскавалі савецкі і замежны пашпарт, 6 агульных сшыткаў і чатыры кнігі вершаў. Мерай папярэджання было абрана ўтрыманне пад вартай у гомельскай турме. Цягам двух з паловай месяцаў зняволеную трымаюць у поўным маўчанні. Першы і апошні допыт адбыўся толькі 22 лістапада, а яго пратакол заняў тры старонкі. Следчых цікавіла палітычная дзейнасць Бадуновай перыяду 1919-24гг, удзел у антыпольскай барацьбе, абставіны нелегальнага пераходу мяжы ў 1923г., жыццё і кантакты ў Празе, пра час знаходжанне ў БССР не задалі аніводнага пытання. Тым нe менш абвінаваўчае заключэнне фармулюе наступную выснову: “проживая в СССР после возвращения из Чехословакии, проводила антисоветскую агитацию, проявляла тенденцию снова вернуться в Чехословакию, злобно высказывалась в адрес ВКПБ и советского правительства”. Палуту Бадунову перавезлі ў Менск, і тройка НКВД БССР вынесла прысуд – дзесяць год папраўча-працоўных лагераў, але ён не быў выканананы. Яе пакінулі ва ўнутранай турме НКВД, вядомай “амерынканцы”. Гэта было звязана з пераходам органаў НКВД да другога этапу: выкрыцця шырокага аб’яднанага антысавецкага падполля ў Беларусі, якое нібыта склалася яшчэ напачатку 30-х. Што да Бадуновай, дык без усялякай сувязі з папярэднім прысудам было выкрыта, што па вяртанні з эміграцыі яна разам з былымі аднапартыйцамі ўзначаліла падпольны ЦК БПСР. Ніякіх дакументальных альбо фактычных доказаў прадстаўлена не было. Царыцай доказаў у тагачаснай юрыспрудэнцыі ўжо даўно лічылася ўласнае прызнанне. Аб сродках здабывання такіх прызнанняў цяпер вядома дастаткова. Дакументы сведчаць, што ўжо маючы смяротны прысуд, Бадунова прыцягвалася да абвінавачвання сваіх былых паплечнікаў, у тым ліку і сваёй роднай сястры Марыі, якую арыштавалі ў Маскве ў сувязі са справай сястры. Гэты эпізод следства бадай што самая драматычная старонка ў біяграфіі сясцёр.

25 траўня 1938 г. яшчэ адна асабовая нарада НКВД БССР прысудзіла Палуту Бадунову да вышэйшай меры пакарання. Прысуд быў выкананы толькі праз паўгады.

Палуту Бадунову рэабілітавалі толькі праз 50 гадоў у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Імя Палуты застаецца невядомым не толькі шырокай грамадскасці, але і гісторыкам. Ні ў Менску ні ў яе родным горадзе няма помніка альбо памятнага знака, няма названай у яе гонар вуліцы, адсутнічаюць музейныя экспазіцыі. І толькі нешматлікія грамадскія і палітычныя актывісты прыходзяць у Дзень Волі 25 сакавіка на месца, дзе стаяла хата Бадуновай, каб ускласці кветкі і ўшанаваць яе памяць.

 

Аўтар: Ларыса Шчыракова

(Напісаны паводле кнігі В.Лебедзевай “Палута Бадунова: пуцявінамі змагання і пакутаў”)