Невядомы эпізод з жыцця святара і грамадскага дзеяча Фёдара Жудро

0
1314
Фёдар Жудро і яго жыццё у Гомелі

Усім даследчыкам гісторыі Гомельшчыны добра вядома выданне «Город Гомель», якое выйшла ў 1912 г. за аўтарствам вядомых даследчыкаў Зміцера Даўгялы, Ісака Сербава, а таксама Фёдара Жудро. Калі першыя два былі прафесійнымі даследчыкамі, то праваслаўны святар Фёдар Андрэевіч Жудро — прадстаўнік генерацыі інтэлігентаў-універсалаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якія сумяшчалі прафесійную, грамадскую і навукова-даследчыцкую справу, закладваючы навуковыя падмуркі беларусазнаўства і лакальнай гісторыі. Пры гэтым асоба і дзейнасць айца Ф. Жудро сталі часткай не толькі царкоўнай, але і культурнай спадчыны Гомельшчыны.

«Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» [1, с. 372.] прэзентуе Ф. Жудро як царкоўнага дзеяча і гісторыка. Патомны святар (як дзед і бацька), ён быў ўраджэнцам вёскі Кузьмінічы сучаснага Добрушскага раёну (нар. у 1864 г.), скончыў Магілёўскую, а затым (у 1889 г.) — Пецярбургскую духоўную семінарыю, пасля чаго вярнуўся на радзіму, у тагачасную Магілёўскую губернію. Атрыманая у сталіцы адукацыя і грамадзянскае пачуццё дазволілі яму паспяхова спалучаць пастырскую дзейнасць з педагагічнай, грамадскай і навуковай. У 1892-98 гг. Ф. Жудро выкладае ў Магілёўскай духоўнай семінарыі і Магілёўскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства, адначасова рэдагуе «Магілёўскія епархіяльныя ведамасці», дзе друкуе нарысы па гісторыі магілёўскіх храмаў і канфесій, артыкулы пра мясцовых епіскапаў — І. Груцэвіча, П. Морава, Срэценскага, В. Шышацкага, інш. З 1897 г. Ф. Жудро цесна супраноўнічаў з Е. Раманавым, становіцца правадзейным сябрам створанай пад кіраўніцтвам апошняга камісіі па ўладкаванні будучага Магілеўскага царкоўна-археалагічнага музея.

З 1899 г. лёс Ф. Жудро звязаны з Гомелем, дзе ён працуе выкладчыкам закону Божага ў Гомельскай мужчынскай і жаночай гімназіях, з 1905 г. адначасова з выкладаннем становіцца святаром, а 1914 г. — пратаірэям гімназічнай царквы ў памяць імператара Аляксандра ІІ. Заўважым, што аўтары энцыклапедычнага артыкула аб гомельскіх гімназіях, называючы імёны выкладчыкаў, не згадалі асобу Ф. Жудро.

Гомельскі перыяд стаў самым пленным у жыцці Ф. Жудро. Айцец Фёдар прымае чынны ўдзел у грамадскім жыцці горада: з’яўляецца сябрам Вольна-пажарнага таварыства, спрыяе збору сродкаў на адкрыццё царкоўна-прыходскіх школ і гарадской бібіліятэкі. Значную рэлігійную і грамадска-асветніцкую дзейнасць ён здзяйсняў на пасадзе старшыні праўлення Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва, куды ўваходзілі такія ўплывовыя асобы Гомеля, як І. І. Паскевіч, дырэктар мужчынскай гімназіі Раманоўскі. Працягваў таксама даследчыцка-краязнаўчую дзейнасць, вынікам чаго і стала публікацыя больш за 10 работ, у тым ліку вышэйзгаданае выданне «Город Гомель».

За сваю працу Ф. Жудро быў узнагароджаны ордэнамі Св. Стані­слава і Св. Ганны, медалём у гонар 300-годдзя дома Раманавых, а таксама фіялетавай скуф’ёй і залатым наперсным крыжом [2, с. 63].

Уведзеныя ў навуковае карыстанне звесткі пра Ф. Жудро заканчваюцца 1915 г. Далейшы лёс яго губляўся, а дата смерці застаецца невядомай і сёння.

Працуючы над матэрыяламі, звязанымі з палітычнай гісторыяй Гомельшчыны пачатку 20 ст., аўтару гэтых радкоў пашанцавала натрапіць у фондзе Гомельскага рэвалюцыйнага трыбунала на асабістую справу па абвінавачванні святара Фёдара Жудро ў прычыннасці да стракапытаўскага мяцяжу ў Гомелі ў сакавіку 1919 г. [3]. Як і ўсе справы, заведзеныя Рэўтрыбам з гэтай нагоды, справа Ф. Жудро вельмі невялікага аб’ёму, утрымлівае ўсяго 6 дакументаў на 8 аркушах. Сярод іх, аднак, знаходзіцца дакумент значнай каштоўнасці і інфарматыўнасці — аўтограф святара з яго асабістым подпісам — заява на імя губернскага камісара юстыцыі, у якой выкладзены факты аўтабіяграфічнага і гістарычнага характару. Пры невялікім аб’еме следчая справа Дазваляе не толькі рэканструяваць важны эпізод з біяграфіі Ф. Жудро, але і высветліць некаторыя яго светапоглядныя і ідэйна-палітычныя арыентацыі. Важнасць матэрыялаў таксама ў тым, што яны дазваляюць прасачыць лёс і палітычную самаідэнтыфікацыю рэлігійнай інтэлігенцыі ў паслякастрычніцкі перыяд.

Як вядома, стракапытаўскі мяцеж ўзнялі палкі 2-й брыгады 8-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі, якія пакінулі савецка-ўкраінскі фронт пад Калінкавічамі і на пяць дзён захапілі Гомель, ліквідаваўшы ў ім савецкую ўладу. На чале мяцежнікаў стаў Палескі паўстанцкі камітэт, які паспрабаваў надаць гомельскаму паўстанню агульна- расійскі характар.

Маладаследаванай на сёння з’яўляецца праблема стаўлення да паўстання мясцовага насельніцтва і грамадскасці, хаця можна канстатаваць, што частка з іх паставілася да антыбальшавіцкіх сіл ca спачуваннем і надзеямі на змену ўлады не толькі ў Гомелі, але і ў краіне. Найбольш актыўна падтрымалі паўстанцаў службоўцы гомельскага чыгуначнага вузла, якія дазволілі размясціць штаб паўстання на станцыі Гомель-Палескі. З паказаннў сведак падзей вынікае, што 26 сакавіка, г. зн. на трэці дзень заняцця Гомеля паўстанцамі, службоўцамі кіраўніцтва гомельскага вузла быў замоўлены малебен «о низвержении большевиков», пасля якога быў скліканы шматлюдны мітынг у падтрымку паўстанцаў і лозунга Устаноўчага сходу [4, л. 139].

Як высвятляецца з дакументаў Дзяржархіва Гомельскай вобласці, малебен адбыўся ў былой Аляксандраўскай царкве пры Гомельскай мужчынскай гімназії і адслужаны ён быў якраз айцом Фёдорам Жудро.

Падзеі развіваліся імкліва і не на карысць паўстанпаў: 29 сакавіка Гомель быў заняты Чырвонай Арміяй, а з пачатку красавіка ў ім пачала дзейнічаць спецыяльная следчая камісія і выязны рэвалюцыйны трыбунал Заходняга фронту па раследванні падзей «контррэвалюцыйнага мяцяжу». Тады ж былі праведзены шматлікія арышты прычынных да падзей.

З дакументаў вьгаікае, што святар Фёдар Жудро выязной сесіяй рэвалюцыйнага трыбунала 12 мая 1919 г. быў асуджаны да зняволення ў Гомельскім выпраўленчым доме на папулярны на той час тэрмін «да сканчэння грамадзянскай вайны». Прысуд уступіў у сілу неадкладна, але ўмовы зняволення не бьші празмерна жорсткімі — па прычыне «адсутнасці належнага штату супрацоўнікаў» святару было даручана вядзенне канцылярскіх спраў, а стаўленне да яго з боку карнай адміністрацыі было даволі прыхільным.

Праз пяць месяцаў у Выпраўдоме пачала працаваць спецыяльная камісія па “разгрузцы месц зняволення», задачай якой быў перагляд прысудаў, найперш з мэтай замены зняволення для асуджаных чырвонаармейцаў апраўкай на недалекі польскі фронт. Пад час работы камісіі было ўзнята пытанне аб амністыі для Ф. Жудро, прычым зацікаўленасць, як вынікае з дакументаў, выказаў не толькі сам зняволены, але і мясцовыя карныя структуры. У выніку ўзнікла вышэйзгаданая заява святара на імя камісара юстыцыі [3, л. 7-8].

Дакумент рукапісны, датаваны 1 верасня 1919 г., напісаны чарнілам, каліграфічным роўным почыркам на рускай мове, займае чатыры поўнафарматныя аркушы.

Зместам заявы стала абгрунтаванне Ф. Жудро выпадковасці і памылковасці свайго «антысавецкага» ўчынку, што пацвярджалася як ўласным светапоглядам, так і біяграфіяй, якія не маглі супярэчыць бальшавіцкай ідэалогіі і палітьщьі.

Аўтар паведамляе, што з юнацкіх год быў знаёмы з сацыялістычнай літаратурай і «ясно видел, что непреложные законы человеческого развития ведут к крушению капиталистического строя и утверждению социализма». Такія погляды грунтаваліся не толькі на ведах, але і на сацыяльным пачуцці: ўласнае становішча Ф. Жудро ідэнтыфікуе як «прамежкавае ў класавай барацьбе», адзначаючы адсутнасць у яго калі-небудзь нерухомай маёмасці, звяртае ўвагу, што ў педагагічным асяродку ён заўсёды адстойваў неабходнасць для прадстаўнікоў інтэлігенцыі стаць на бок рэвалюдыі, а не «бегчы за калясніцай капіталізму».

Пацверджаннем шчырасці дэмакратычных поглядаў айцец Фёдар лічыць сваю прафесійную і грамадзянскую біяграфію. Ён адзначае, што за 20 год на пасадзе выкладчыка гімназіі ён процістаяў найбольш рэакцыйным захадам царскай улады, як «цыркуляр пра кухаркіных дзяцей» ці працэнтная норма прыёму ў гімназію каталікоў і яўрэяў. У рознаканфесійным і рознанацыя-нальным асяродку вучняў ён паслядоўна імкнуўся пазбягаць «рэлігійнага і нацыянальнага шавінізму» і антаганізму, за што часам меў не толькі нараканні, але і пагрозы.

Далей айцец Фёдар прыводзіць факты, цікавыя не толькі ў біяграфічным, але і ў гісторыка-краязнаўчым аспектах.

Гэта, напрыклад, датычыць падзей 1905 г. ў Г омелі, калі, аказваецца, ў горадзе адбываліся школьныя забастоўкі і мітынгі, шматлюдныя сходы педагогаў і бацькоў з вострымі дыскусіямі аб змесце і рэжыме навучання. Пасля спаду рэвалюцыйнага ўздыму 1905 г. у горадзе пачаліся пагромы, а ў чарнасоценнай прэсе друкаваліся спісы актывістаў, чыя маёмасць павінна бьщь разгромлена і разрабавана. У гэтых умовах святар Жудро патрабаваў у паліцмайстара забяспечыць абарону гэтых асоб.

Актыўна выступіў Ф. Жудро таксама ў абарону «найбольш свядомых» сялян-выбаршчыкаў, арыштаваных паліцыяй пад час кампаніі выбараў у Другую Дзяржаўную думу. Пасля настойлівага хадайніцтва і «многіх непрыемнасцей» былі вызвалены яго землякі выбаршчыкі ад Кузмініч. Па словах аўтара заявы, кузмініцкія сяляне наогул добра ведалі ягоны дом, куды часта звярталіся за йарадамі ў адстойванні сваіх правоў і патрэб.

Ф. Жудро адзначае, што падзеі 1905 г. сталі паваротнымі ў яго грамадзянскай біяграфіі і замацавалі за ім рэпутацыю ліберала і дэмакрата. Гэтыя якасці сталі запатрабаванымі пасля лютаўскай рэвалюцыі: у сакавіку 1917 г. Ф. Жудро прадстаўляў настаўніцтва на ўездным рэвалюцыйным сходзе, быў абраны па настаўніцкім спісе ў першую дэмакратычную гарадскую думу, дзе, застаючыся беспартыйным, найчасцей падтрымліваў левых сацыялістаў.

Пасля кастрычніцкага перавароту, калі рэлігійнае навучанне было забаронена, Ф. Жудро застаўся працаваць у гімназіі як выкладчык рускай мовы і член гімназічнай калегіі. Па дэкрэту савецкага ўраду ад 16.10 1918 г. гімназіі былі зачынены. У будынку Гомельскай мужчынскай размясцілася кіраўніцтва Гомельскага чыгуначнага вузла. Ліквідацыя навучальных устаноў стала цяжкім ударам для педагагічнай інтэлігенцыі. Аб гэтым сведчыць той факт, што пасля закрыцця гімназіі Ф. Жудро здолеў уладкавацца толькі на пасаду намесніка загадчыка ўезднага пахавальнага аддзела.

Такая ацэнка балынавіцкай уладай заслуг святара і аўтарытэтнага грамадскага дзеяча падказвае матыў адносін Ф. Жудро да стракапытаўскіх падзей. Хаця ў сваёй заяве ён указваў, што яго удзел у малебне ёсць збег абставін — вьшік выпадковага з’яўлення ў будынку былой гімназіі, што ініцыятыва належала службоўцам упраўлення чыгункі, а ён толькі «паддаўся масаваму настрою», можна меркаваць, што «масавы настрой» супаў з асабістымі палітычнымі пачуццямі Фёдара Андрэевіча. Варта, на наш погляд, звярнуць увагу на тое, што пад час мітынгу-малебну Ф. Жудро ўжо не быў дзейным святаром, але менавіта да яго, пэўна ж улічваючы аўтарытэт і грамадскую рэпутацыю, звярнулася вялікая дэлегацыя арганізатараў сходу.

Заява Ф. Жудро заканчваецца просьбай аб датэрміновым вызваленні. Аргументуе яе аўтар выказваннем лаяльнасці да савейкай улады, сваім дэмакратычным мінулым і гатоўнасцю адбыць віну працай у ваенным шпіталі, спасылаючыся на практычны вопыт догляду хворых і параненых. Акрамя гэтага аўтар указвае, што ў цяжкім стане апынулася без кармільца яго сям’я. Сапраўды, на гэты час на ўтрыманні святара знаходзіліся яго жонка і малодшая дачка [2, с. 65].

Ф. Жудро ўказвае, што яго лаяльнасць пацверджана пісьмовымі паручыцельствамі некалькіх камуністаў, сярод якіх, прыкладам, названы М. Нікіцін (Нехамкін) — уплывовы гомельскі чэкіст.

Наогул змест дакументаў дае падставы меркаваць пра пэўнае паразуменне, якое існавала паміж зняволеным святаром і прадстаўнікамі гомельскай ўлады. На наш погляд, гэта магло грунтавацца на прызнанні апошнікмі аўтарьггэту і грамадскіх заслуг Ф. Жудро. Так, да заявы прыкладзены дакумент аб незвычайным для савецкай практыкі факце — тэкст казання, прамоўленага айцом Фёдарам на свята Пакрова Багародзіцы ў Выпраўленчым доме. Указана, што трэба была адпраўлена з дазволу губернскага карнага аддзела. Пафас казання павінен быў задаволіць ободва бакі: тэмай быў абраны новазапаветны сюжэт аб служэнні Хрысту сясцёр Марфы і Марыі, а выснова заключалаяся ў несупярэчнасці хрысціянскіх і камуністычных ідэй [3, л. 6].

25 кастрычніка камісія «по разгрузке мест заключения Гомельского уезда», якую ўзначальваў вядомы гомельскі дзеяч А. Валадзько прыняла пастанову аб датэрміновым вызваленні Ф. Жудро. Галоўным матывам рашэння стала тое, што «крымінальны» малебен быў праведзены святаром пад прымусам. Таксама ўлічваліся яго «преклон­ный возраст 55 лет», і «чисто пассивная роль в преступлении, в коем он обвиняется, а также и то, что в молебне он также, как и в слове своем политического момента совершенно не касался» [3, л. 2].

Верагодна, дня падмацавання ўжо прынятага рашэння 28 кастрычніка намеснік загадчыка Выпраўленчым домам Ягораў падпісвае даведку аб тым, што пад час утримання зняволены Ф. Жудро «поведения хорошего, ни в чем предосудительном не замечался и возлагаемые на него канцелярские работы, выполняет добросовестно». Са свайго боку карны адзел Гомельскага губернскага камісарыяту юстыцыі прызнае неадэкватную жорсткасць прысуду Рэўтрыбунала, тлумачачы яе эмацыянальным падыходам правасуддзя неўзабаве пасля падзей мяцяжу [3, л. 1,4]. Праз два дні, 30 кастрычніка 1919 г., карны адцзел паставіў перад Рэўтрыбуналам пытанне аб датэрміновым вызваленні 4 асуджаных, сярод якіх названа імя Фёдара Андрэевіча Жудро [3, л. 5]. Паколькі гэты дакумент завяршае справу, трэба думаць, пытанне было вырашана станоўча і айцец Фёдар Жудро набыў свабоду.

Далейшы лес яго патрабуе вьшучэння, а кантэкст пэўнага супадзення матываў паводзін святара і прадстаўнікоў савецкай улады можа быць самастойнай тэмай даследавання.

  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі [Тэкст]. — Т. 3. — Мн. : Беларуская энцыклапедыя, 1996. — 527 с.
  2. Яцкевіч, Зм. Л. Хведар Жудра і Гомель [Тэкст] // Гомельшчына: старонкі мінулага: нарысы. II выпуск. — Гомель, ГДУ ім. Ф. Скарыны, 1996. С. 61-65.
  3. Дело Гомельского губернского революционного трибунала по °бвинению Жудро Федора в служении молебна во время стрекопытовского мятежа // Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Фонд. 100 (Гомельскі Рэвалюцыйны трыбунал). Вопіс. 1. Справа. 598
  4. Письмо, доклады и пояснительная запіска представителя ЦК РКП(б) о причинах мятежа в Гомеле с материалами. — Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі. Фонд. 17 (Цэнтральны камітэт РКП(б), Бюро сакратарыята). Вопіс 84. Справа. 17.

Аўтар: В.М. Лебедзева
Крыніца: Православие на Гомельщине: историко-культурное наследие и современность: сборник научных статей. / Г. А. Алексейченко (отв. ред.). — Гомель: ГГУ, 2010. Ст. 40-46.