Немцы ў валоданнях Радзівілаў на Палессі (другая палова ХІХ — пачатак ХХ ст.)

0
1348
Немцы ў валоданнях Радзівілаў на Беларусі

Радзівілы ў ХІХ ст. былі самым цесным чынам звязаныя з Германіяй. У апошнія гады з’явілася некалькі публікацый беларускай даследчыцы з Брэста В.М. Папко, дзе асвятляецца жыццё Радзівілаў у Берліне. Вядома, што ваявода і кашталян Віленскі, ардынат Клецкі Міхал Іеранім Радзівіл (1744-1831) прыехаў у сталіцу Прускага каралеўства ў красавіку 1795 г. разам з сям’ёй. Адразу ж Радзівілы сталіся набліжаныя пры двары Гогенцолернаў, а ў сакавіку 1796 г. сын князя Міхала Антон Генрых ажаніўся з Фрэдэрыкай Даратэяй Луізай Філіпінай Гогенцолерн – кузінай прускага караля Фрыдрыха Фільгельма ІІ. Менавіта ад гэтага шлюбу (у ліку 8 дзяцей) нарадзіліся Вільгельм і Багуслаў Фрэдэрык – будучыя спадчыннікі асноўных радзівілаўскіх валоданняў у Расійскай імперыі, заснавальнікі Нясвіжскай і Алыцкай ардынацкіх ліній Радзівілаў у другой палове ХІХ-ХХ стст. Нельга адмаўляць таго, што цесная сувязь з прускім каралеўскім домам і палітычны ўплыў Гогенцолернаў істотна прадвызначылі тое, што ўказам расійскага цара Аляксандра І ад 17 сакавіка 1814 г. Нясвіжская і Алыцкая ардынацыі і Мірская ардынацыя (графства) са спадчыны апальнага князя Дамініка Іераніма Радзівіла (выступіў на баку Напалеона, загінуў у бітве на тэрыторыі Францыі 11 лістапада 1813 г.) адыйшлі да Антона Генрыха Радзівіла [8; 12, s. 33­34]. 3 лютага 1875 г. да спадчыны ўнука князя Антона Генрыха – Антона Вільгельма Радзівіла былі далучаны Давыд-Гарадоцкая і Клецкая ардынацыі, што былі ва ўласнасці яго дваюраднага дзядзькі Льва Людвікавіча Радзівіла, што не меў уласных спадчыннікаў [3, л. 31].

Апошнім часам, не толькі ва ўкраінскай гістарыяграфіі [7], але і ў беларускай узрастае інтарэс да палескіх валоданняў Радзівілаў. Разам з тым, такому аспекту, як прысутнасць немцаў у адміністрацыі і сярод рабочага персаналу ў маёнтках Радзівілаў (а таксама Паскевічаў у Гомельскай вотчыне і некаторых іншых) надавалася толькі беглая ўвага ў асобных артыкулах [5; 10]. Варта больш падрабязна спыніцца на акрэсленым аспекце.

Згадкі аб немцах сярод служачых вотчынных адміністрацый Радзівілаў і на асобных прадпрыемствах, што належалі князям у Нясвіжскай, Алыцкай, Клецкай і Давыд-Г арадоцкай ардынацыях, – рассеяны ў дакументах фамільных архіўных фондаў Радзівілаў. Так, вядома, што ўпраўляючымі ў Алыцкай ардынацыі Радзівілаў на Валыні (поўнач Дубенскага і поўдзень Луцкага паветаў Валынскай губерні) у сярэдзіне ХІХ ст. былі менавіта немцы: Керр, а затым Керн (магчыма, той жа самы Керр) і Энглер [4, л. 29-37 адв; 9, л. 8-47]. Характэрна, што нават справаздачы і бухгалтарскі ўлік у ардынацыі вёўся ў канцы 1850-х – пачатку 1870-х гг. пераважна на нямецкай мове. Удакладняе склад вотчыннай адміністрацыі ў 1860-я гг. выяўлены штатны расклад служачых ардынацыі за 1868-1869 гг. Высвятляецца, што ўсімі справамі ардынацыі пачала ведаць з таго моманту лясная адміністрацыя валодання, у той час як існуючыя раней асобныя адміністрацыі па арэндным трыманням і фальваркам (Цумань, Алыка) падпарадкоўваліся лясніцтву і скарачаліся. Характэрна, што галоўным ляснічым («Der Grofte Forster») быў Рычард Кан, што пражываў у с. Цумань (Луцкі павет). Яму былі падначалены лясніцтвы ў Цумані (ляснічы Юзаф Дабраньскі), в. Сільна (ляснічы Ігнат Скінда), у в. Берасцяны (ляснічы Адам Буяноўскі) і рэвізія Алыка (ляснічы – таксама немец – Станіслаў Вёрнэр). Разам з тым, сярод 24 ляснікоў ніводнага немца больш не знаходзім, затое – гэта амаль выключна ўсе мясцовыя дробныя шляхцічы ці аднадворцы [11, л. 2­3]. На жаль, з-за нядобрай захаванасці крыніц і скупых звестак у іх аб асобе тых альбо іншых служачых у маёнтках Радзівілаў нельга высветліць, ці не з’яўляюцца эканом Керр, упраўляючы Керн і галоўны ляснічы Р. Кан адной асобай, бо і напісанне і вымаўленне ў гэтым шэрагу вельмі блізкае, «шчыльны» і час, у які яны згадваюцца. Пытанне застаецца адкрытым. Цікава, што і ў 1896-1897 гг. намеснікам эканома ў фальварку Манькавічы ў Давыд-Гарадоцкай ардынацыі (Мазырскі павет Мінскай губерні) быў нейкі Якуб Кера або Кер – дакладна вызначыць досыць цяжка з-за стану захаванасці крыніцы [1, л. 11]. Вядома, што вотчынныя служачыя буйнейшых знатных землеўласнікаў стваралі спецыфічную, адасобленую і дастаткова ўстойлівую праслойку грамадства ў XVIII – пачатку ХХ ст. Многія заняткі мелі спадкаемны характар. З улікам усяго гэтага, можна дапусціць, што між алыцкім і манькавіцкім Керамі (Кернамі, Керрамі?) магла існаваць пэўная сувязь.

Высвятляецца, што сярод «грацыянтаў» (вотчынных служачых) Радзівілаў пераважалі прыезджыя з Германіі. Так, з перапіскі князя А. В. Радзівіла (1833-1904) з адміністратарамі яго валоданняў высвятляецца, што многія служачыя вотчыннага ўпраўлення (Zaradu Glownego Dobr Ks. Ordynata Antoniego Radziwilla) у канцы ХІХ ст. былі немцамі, германскімі падцанымі [6, л. 201-201 адв.]. Вядома, што ў 1860-я г. на паўднёвую ўскраіну Валынскага Палесся хлынула хваля нямецкіх перасяленцаў. Невядома, ці заахвочваў перасяленцаў князь А.В. Радзівіл, што ў той час стала жыў у Берліне і быў уласным ад’ютантам пры прускім каралі, аднак менавіта за 1867 г. знаходзіцца сярод дакументаў фонду Радзівілаў у Мінску «Ведамасць аб іншаземцах, што пражываюць у Давыд-Гарадоцкай ардынацыі на 16 студзеня 1871 г.». Справа ў тым, што – паводле сведчання крыніцы – у маі 1867 г. 13 сем’яў немцаў – прускіх падданых – прыбылі з маёнтка Радзівілмонты (былі цэнтрам Клецкай ардынацыі) у Давыд-Гарадок. Усяго прыехала 75 чалавек. Працягвалі прыбываць перасяленцы з Прусіі і ў наступны час: у красавіку і ў снежні 1870 г. прыехалі 3 сям’і з 17 чалавек. Прыязжалі таксама і аўстрыйскія падданыя. Так, у кастрычніку 1870 г. прыбыла з Парэчча 3 сям’і – 21 чалавек (Марцін Сехава, Андрэй Віртэль, Фрыдрых Гогнэ, Франц Фагула, Фларыян Шумберт і інш.) [2, л. 158- 164 адв.]. Іншых падобных спісаў за 1860-1870-я гг. і больш позні час, на жаль, пакуль не выяўлена.

Можна сказаць, што сярод служачых вотчыннай адміністрацыі Радзівілаў і ў XIX ст. і на пачатку XX ст. існавала трывалая праслойка служачых – немцаў. Відаць, большасць з іх складалі прыезджыя – падданыя Прусіі (Германіі) найперш. Гэта была спецыфічная група насельніцтва ў мінулым, што выклікае інтарэс.

Літаратура

  1. Ведомости князей Радзивиллов. 1896-1897 гг. // НГАБ. – Фонд 694. – Воп. 2. – Спр. 9711.
  2. Давид-Городокская ординация. Балансы расхода-прихода, рапорты, др. 1870-1871 гг. // НГАБ (Мінск). – Фонд 694. – Воп. 3. – Спр. 2251.
  3. Докладные записки и прошения князей Радзивиллов на имя царя, в Правительствующий Сенат, др. правительственные учреждения. XVIII в. – 1914 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Мінск (далей – НГАБ). – Фонд 694. – Воп. 1. – Спр. 621.
  4. Имение Олыка, Окинчицы: отчеты. 1714-1867 гг. // НГАБ. – Фонд 694. – Воп. 3. – Спр. 3834.
  5. Киштымов, А. Л. Германские капиталы и немецкие предприниматели в экономике Беларуси XIX – начала XX в. / А. Л. Киштымов // Albarythenica: Беларусіка – 7. Белар.-ням. грам.-культ. ўзаемадз.: гісторыя, сучаснасць, перспектывы: матэрыялы Міжнар. «круглага стала», Мінск, 29-30 красавіка 1996 г. / А. Мальдзіс (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1996. – С. 13-21.
  6. Корреспонденция главных управлений князей Вильгельма, Богуслава, Альбрехта, Антона и Георгия Радзивиллов. 1863-1915 гг. // НГАБ. – Фонд 694. – Воп. 3. – Спр. 804.
  7. Минуле і сучасне Волиш та Полісся: Олика і Радзившли в історіі Волиш та Украши: наук. зб.: мат-ли XVIII Всеукр. наук.-практ. історжо-краезнавч. конф., м. Луцьк – с. м. т. Олика, 25 квітня 2006 р. / Упр-ня культури і туризму Волинсько1 обл. держ. адм-ціі [і інш.]; за заг. ред. Г. Бондаренко. – Луцьк: Настир’я, 2006. – 205 с.
  8. Папко, Вольга. Гісторыя кахання Элізы Радзівіл і Вільгельма Гогенцолерна / Вольга Папко // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. – № 4. – С. 52-59.
  9. Переписка князя А. Радзивилла с управляющими Керном и Энглером. 1870-1880-е гг. // НГАБ. – Фонд 694. – Воп. 3. – Спр. 939.
  10. Цітоў, В. С. Нямецкая дыяспара на Беларусі ХІХ – пачатку XX ст. / В. С. Цітоў // Albarythenica: Беларусіка – 7… – Мінск, 1996. – С. 105-107.
  11. Штатное расписание служащих администрацыи лесов Олыкской ординации. 1868-1869 гг. // НГАБ. – Фонд 694. – Воп. 2. – Спр. 6025.
  12. Radziwillowie herbu Trqby / Naczelna Derekcja Archiwow Panstwowych, AGAD; Slawomir Gorzynski [і ine]. – Warszawa: DIG, 1996. – 72 s.

 

Аўтар: В.А. Кахновіч
Крыніца: Этнокультурное развитие Беларуси в XIX – начале XXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2011. — С. 180–182.