Некаторыя з народных сродкаў барацьбы з малярыяй у Мазырскай акрузе ў 1927 г.

0
330
Некаторыя з народных сродкаў барацьбы з малярыя у Мазырскай акрузе

Надрукаваны ніжэй артыкул ёсьць адзін з рэзультатаў трохмесячнай працы малярыйнага атраду ў складзе студэнтаў-мэдыкаў Беларуск. Дзярж. Унівэрсытэту А. Гарбача і П. Краўца, якія былі ў Мазыршчыне ўлетку 1927 году.

Артыкул т. Гарбача мае мэдыка-краязнаўчую каштоўнасьць папершае таму, што ўсё запісанае ўзята непасрэдна ад сялян, жыхароў Мазыршчыны, і падругое, што запісана об’ектыўна і досыць дакладна. Поўнае апісаньне ўсіх сродкаў беларускае народнае мэдыцыны яшчэ чакае свайго аўтара-дасьледчыка, а пакуль што кожная нават і невялічкая работа ў гэтай галіне краязнаўства ёсьць адна з падвалін будучае сталае навуковае працы. Культура, асьвета, мэдыцына, што пашыраюцца па глухіх куткох нашае краіны. штогод сьціраюць старасьвецкія забабоны, веру ў ведзьмакоў, шаптуноў, а разам з тым зьмяншаюць лік людзей, ад якіх можна запісаць цікавы мэдыка-краязнаўчы матар’ял.

Першая мэдычная праца аб малярыі на Мазыршчыне надрукавана ў часопісу „Белорусская Медицинская Мысль” № 2-3 за 1924 год. Яна была напісана ў выніку працы трох доктарскіх малярыйных атрадаў, пасланых Беларускім Пастэраўскім Інстытутам улетку (май—чэрвень) 1924 г. Досыць вялікі артыкул (20 стар.) д-роў Я. Ракоўскага, I. Сутіна і Г. Сталярова, удзельнікаў гэтай малярыйнай экспэдыцыі ў Мазыршчыну, зьмяшчае шмат цікавага матар’ялу, у тым ліку і этнографічнага. Атрады дасьледвалі раён ракі Птыч і воласьці Тураўскую, Тонескую і Лельчыцкую і раён па берагох Прыпяці, вёскі—Лясковічы, Дарашэвічы, Галубіца, Выгналаў, Макарычы. Турок, Конкавічы. Мордван. Астрожанка, Глімніца, Шастовічы, Махновічы і Злодзін.

Дасьледчыкі адзначаюць нязвычайную цемру насельніцтва: сярод жыхароў Тонежа, якія жывуць на адлегласьці 120 вёрст ад чыгункі, вельмі пашыраны ўсялякага роду павер’і, паганскія звычаі і традыцыі. У якасьці лячэбнага сродку ад малярыі тут ужываюць мачу і конскі памёт” (стар. 29). Насельніцтва з-за някультурнасьці зусім ня лечыцца, або ўжывае свае народныя сродкі. „Ня гледзячы на блізкасьць фэльчарскага пункту і буйнай вучастковай больніцы (сяло Мордвін) ніводзін з тутэйшых хворых не лячыўся ў доктара, баючыся, каб дактары „яго не атруцілі хінай“. У гэтай-жа працы пералічаны найбольш пашыраныя сродкі ад малярыі, якая мае народныя назвы —„трасца”, „хіндзя” (раён ракі Птыч), „хундзя” (Скрыгалаўская, Буйновіцкая і Петрыкаўская воласьці), „хондзя” і „незбудзь” (Тураўская і Тонеская воласьці). „Тут на першым мейсцы горычы: настой на палыне, рыбіная жоўць, грызеньне асінавае кары, курэньне табакі, мяшанай з патоўчанымі касьцямі трупаў; настой на жабах і вожыках; мача — адна і разам з самагонам; выцяжкі з конскага калу; прыкладаньне нейкае жоўтае кветкі і да рук, ад якое зьяўляюцца вялікія верады. Далей ідуць знахарскія парады: трымаць конскую галаву ў зубах і „межы лічыць”, спалохаць хворага, напр., кінуць яго, у часе прыступу ў ваду „шчупака зьесьць”, надзяваць на шыю розныя талісманы: вароныя крутыя яйкі, ядры ката і г. п.“ (стар. 39).

Работа т. Гарбача каштоўна і ў сэнсе грамадзкім, бо яна прыцягвае ўвагу нашае савецкае грамадзкасьці да Мазыршчыны, якая цалком ахоплена балотнай трасцай. Цёмнае, някультурнае насельніцтва гібее ад малярыйных эпідэмій і да гэтага часу баіцца дактароў і хіны. Тут у гэтых „палескіх глушах“ асабліва і неадкладна трэба пашыраць санасьвету і проста асьвету. Вялізная колькасьць паданых ніжэй народных сродкаў ад аднае толькі хваробы сьведчыць аб тым, што закінутыя ў Пінскіх балотах беларускія вёскі жывуць яшчэ бытам каменнага веку.

Доктар Ів. Цьвікевіч.

Шмат хто з насельніцтва як вёсак, так і мястэчак і нават гораду, глядзяць на захварэньне малярыяй (памясцоваму „хіндзяй“ альбо „хондзяй”), як на ўсяленьне ў чалавека з балотнае вады нейкага злога духу, нейкае ведзьмы, якая і пачынае мучыць захварэўшага. Малярыйных ведзьмаў ёсьць усяго семдесят сем розных асоб, ад чаго і „хондзі” бывае семдесят сем гатункаў. Ад хворага малярыяй вы часта пачуеце такую гутарку: „як я толькі налавіў рыбы (альбо пакупаўся), дык хондзя зразу ўсьсела на мяне і давай душыць і вось душыць аж да гэтага часу“, альбо „як я толькі напіўся вады ў балоце, дык хондзя і пачала мяне церці з сярэдзіны”.

Каб пазбавіцца ад гэтае няпрошанае госьці, у народзе існуе вельмі многа розных спосабаў і сродкаў, якія ўсе можна падзяліць на два віды: адны — гэта такія, якімі стараюцца выжыць малярыю па дабросьці — выпрасіць яе ці выманіць з цела чалавека, а другія — гэта тыя, якімі выганяюць малярыю сілком з чалавека, труцяць малярыю. Так у вёсцы Малішава Тураўскага раёну кажуць, што хондзю ня можна клесьці, бо яна зазлуе і будзе горш мучыць чалавека. Так да нас у атрад зьявілася для лячэньня некалькі сялянак, і адна з іх, якая хварэла больш двух месяцаў, успомніла хондзю нядобрым словам, дык другія накінуліся на яе з словамі: „што ты сабе, маладзіца, думаеш, хочаш, каб зусім цябе замучыла, дык замучыць, калі будзеш гэткаю храбраю”, і бедная жанчына ўжо ўпаўшым і вінаватым голасам адказала: „Я-ж нічога кепскага ёй ня думаю, хай сабе ўсё ёй будзе добра, але-ж мяне яна вельмі моцна мучыць, дык ня ўцярпець, каб не паклесьці“.

Там-жа нам сказалі, што „хондзі“ трэба даваць усё, чаго яна захоча; аб тым-жа чаго „хондзя“ хоча, яна сама „гаворыць хвораму ўва сьне“. Калі хвораму вельмі захочацца чаго-небудзь зьесьці, дык значыць, што гэтага хоча „хондзя“; і калі такога хворага накарміць да адвалу тым, чаго яму вельмі хочацца, дык ён паправіцца — ,,хондзя“ яго пакіне.

У вёсцы Буда Бячанская, Тураўск. р., ад „хондзі“ адкупаюцца такім чынам: калі хворага пачынае трэсьці, дык ён адлічвае тады семдзесят сем зернят проса, нясе іх сам у балота і, кідаючы іх у ваду, прыгаварвае: „даю вам зярнят проса семдзесят сем на кашу ўсім“.

Выманьваюць „хондзю” з чалавека такім спосабам: даюць ёй магчымасьць перайсьці ў такую жывёліну, якую яна, паводле думцы ўжываючых гэты спосаб, любіць. Так у пасёлку ім. Славінскага, Петрыкаўскага раёну, калі хворага пачынае трэсьці, яму даюць у рукі сабаку, якую ён, прыціснуўшы да голых грудзей, павінен трымаць да таго часу, пакуль яго перастане калаціць; там-жа і з тэю-ж, відавочна, мэтаю хворы ў часе прыступу бярэ ў зубы чэрап здохлага каня і нясе яго ў зубах двое гонаў, прыблізна сажняў сто.

У вёсках Тураўск. р. і ў самым м. Тураве такою славаю карыстаюцца балотная жаба і вужака: хвораму ў час прыступу пускаюць за пазуху жывую жабу і трымаюць яе там, пакуль яна здохне; гэта лічыцца, што „хондзя“ перайшла ў жабу і задушыла яе. Носяць няжывых жаб на шнурочку, пачапіўшы сабе на шыю. У м. Тураве бяз ведама хворага вараць жаб у малаку і гэта малако даюць піць малярыку. Замест жабы носяць на шнурочку на шыі галаву вужакі.

Куды больш спосабаў і сродкаў, узброіўшыся якімі, чалавек уступае ў вайну з „хондзяй”, стараючыся яе выгнаць альбо і зусім зьнішчыць. Каб выгнаць „хондзю“, стараюцца яе спужаць, напрыклад, нечакана сьпіхаюць хворага ў ваду ці абліваюць яго халоднаю вадою; альбо пужаюць хворага стукам тады, калі ён сьпіць. З тэю-ж мэтаю хворы ў час прыступу ідзе на могільнікі і лажыцца на магілу.

У Тураўшчыне праклінаюць малярыю. У в. Азяраны ёсьць і такі шаптун, які заклінае „хондзю“ на скарынцы хлеба і дае гэтую скарынку есьці хвораму: кавалачак нашча раніцою і кавалачак на ноч. У в. Пагост шаптун выгаварвае „хондзю“ на паперы, і хворы гэтую паперку, загорнутую ў ладанку носіць на шнурочку на шыі, пакуль гэтая ладанка сама ня згубіцца, альбо яе праз нейкі час зьнімае сам знахар.

У вёсках Хвоенск, Буда і інш., Тур. р., выкурваюць „хондзю“: на гарачыя вугольлі кідаюць кавалачкі „сьвянцонага” хлеба, альбо яйца ці „грамнічнае“ сьвечкі, і гэтым дымам дыша хворы. Выкурваюць яшчэ, кідаючы на вугольлі гусіны памёт.

Выганяюць „хондзю“ яшчэ і такім чынам: стараюцца згадзіць хворага, каб яго званітавала; тады разам з ванітамі, паводле думкі ўжываючых гэта, уцячэ з цела і „хондзя“. Дзеля гэтага п’юць усялякую гадасьць, напрыклад, у пасёлку ім. Славінскага п’юць мачу розных хатніх жывёлін; калі ад гэтага ня знудзіць, дадаюць да мачы кал; у в. Буда п‘юць мачу абавязкова з халявы. Тыя, што глядзяць на мачу, галоўным чынам, як на атруту для „хондзі“, дзеля большае вартасьці яе (мачы), як атруты, прымешваюць да мачы табак і п’юць гэтую зьмесь.

Сродкаў, якімі труцяць „хондзю“ вельмі многа: можна сказаць, што ўсё тое, што мае горкі смак, ужываецца, як лякарства проці „хондзі“. Некаторыя з гэтых сродкаў наступныя: у гор. Мозыр на зав. „Пролетары” і ў ваколічных вёсках добраю славаю карыстаецца каштан, зерне якога перапальваюць на агні, труць яго ў мукў, зьмешваюць з гарэлкаю і п’юць. Калі гэта не памагае, п‘юць зьмесь каштану, перцу, хіны і гарэлкі. У м. Скрыгалава і ў ваколічных вёсках такою славаю карыстаюцца лісьці івы, якія ці проста рвуць і ядзяць ці п‘юць іх адвар. У в. Хвоенск п‘юць тую ваду, у якой у гарбарнях мокне дубовая кара; там-жа п‘юць паранае малако з гарэлкаю. У розных мясцох п‘юць таксама адвар палыну, гарычкі (драсну), цырбуноў сланэчніку і многіх іншых расьлін, якія маюць горкі смак. У в. Верасьніцы, Тур. р., п‘юць жоўць рыбы ліня, а ў м. Турава п‘юць кароўю жоўць.

Аб лячэньні хінаю існуе такая думка: хіны „хондзя“ баіцца, але ў таго, хто лечыцца хінаю, потым будуць балець і слабець ногі, і калі лячыцца хінаю, дык у час лячэньня ня трэба нідзе падмочвацца, бо „хондзя“ зразу адкіне. Ад апошняга недахопу лячэньня хінаю ў в. Буда Бячанская стараюцца пазбавіцца такім чынам, што хворы, калі ў яго пачынаецца прыступ, бяжыць у балота ці ў ракў і там, стоячы па пояс у вадзе, прымае хіну; гэтым ён як-бы загартоўвае, замацоўвае вынікі лячэньня хінаю і перастае баяцца рэцыдываў ад падмочваньня. З яды горш за ўсё, паводле народнае думкі, „хондзя“ ня любіць рыбы і яек, загэтым хворым забараняюць іх есьці.

У заключэньне трэба сказаць, што амаль усякі захварэўшы малярыяй прабуе ўжываць адно ці некалькі сродкаў народнае мэдыцыны, а значная, калі ня большая частка хворых і зусім не зварочваецца за дапамогаю ў лячэбныя ўстановы, а ўвесь час лечыцца, як кажуць, сваімі хатнімі сродкамі.


Аўтар:
А. Гарбач
Крыніца: часопіс “Наш край”, № 1(28), 1928. С. 21-24.