Ва ўмовах маштабнага крызісу 1920-1921 гг., які быў выкліканы наступствамі ваенных дзеянняў і палітыкай «ваеннага камунізму», значна абвастрылася палітычнае і сацыяльнае становішча ў грамадстве. Тыя сацыялістычныя пераўтварэнні, якія праводзіліся ў аграрным сектары эканомікі і прамысловасці, не адпавядалі інтарэсам большасці насельніцтва краіны, у тым ліку і Гомельшчыны. Зацверджаная Х з’ездам РКП(б) ў сакавіку 1921 г. новая эканамічная палітыка давала надзею ўладам, што з яе дапамогай можна будзе развіць прадпрымальнасць і ініцыятыву працоўных, эканамічны інтарэс да гаспадарчай дзейнасці, палепшыць іх адносіны да бальшавіцкай партыі і савецкай улады.
Эканамічнае становішча ў Гомельскай губерні, як і ў пераважнай большасці рэгіёнаў РСФСР, было катастрафічным. Многія прадпрыемствы не працавалі з-за адсутнасці сыравіны і паліва, існавалі таварны голад і беспрацоўе, гарадская камунальная гаспадарка знаходзілася ў запушчаным стане, не хапала прадуктаў харчавання. Усё гэта значна паглыбіла сацыяльныя супярэчнасці ў грамадстве, садзейнічала распаўсюджанню бандытызма і крымінальных злачынстваў. Хваляванні сялянства пасля выканання імі харчразвёрсткі паступова заціхалі, аднак незадаволенасць узрастала з патрабаваннем улад правесці паўторную сыравінную развёрстку.
У інфармацыйнай зводцы Гомельскай губернскай ЧК у студзені 1921 г. адзначалася: «На крестьянство влияет еще небрежное, прямо преступное хранение продуктов и хищение их из государственных складов» [1, с. 132]. У пачатку 1921 г. незадаволеннасць рабочых праяўлялася ў забастоўках па прычыне несвоечасовай выдачы на працягу некалькіх месяцаў харчовых пайкоў. Такое мела месца ў Клімавіцкім павеце сярод рабочых, працаваўшых на будаўніцтве чыгункі Орша-Унеча, і двух прадпрыемствах ў Навазыбкаўскім павеце [1, с. 132].
Сярод часткі вайскоўцаў, якія праходзілі службу на тэрыторыі Гомельскай губерні, настрой быў нездавальняючым з-за недахопу прадуктаў харчавання і абмундзіравання. Адсутнасць палітычнай работы сярод чырвонаармейцаў прыводзіла да праяў антысемітызму, парушэнняў рэвалюцыйнай дысцыпліны і варожых адносін да РКП(б). Асабліва такое наглядалася сярод вайскоўцаў, якія жылі на прыватных кватэрах ў Гомелі [1, с. 133, 138].
Мясцовае кіраўніцтва было вельмі заклапочана станам барацьбы з бандытызмам у губерні. У лютым 1921 г. пытанне было абмеркавана на сумесным пасяджэнні губкама і губвыканкама, на якім з дакладам выступіў старшыня губчэка Валенберг. Сур’ёзную небяспеку для насельніцтва стварала банда Галакі, якая папоўнілася чырвонаармейцамі 17-й дывізіі і налічвала 500 чалавек. У Рэчыцкім павеце банда напала на Хойнікі, Ручаёўку, Маладушу, Амелькаўшчыну, а таксама на Рэчкі і Падабранку. У выніку бандыцкіх пагромаў нападзенню у першую чаргу падвяргаліся сем’і камуністаў і яўрэяў. Над Гомелем навісла пагроза нападзення банды Галакі, таму рашэннем губкама і губвыканкама ў горадзе было ўведзена ваеннае становішча [1, с. 138, 140]. Акрамя банды Галакі ў Гомельскай губерні дзейнічалі невялікія па колькасці ў іх людзей іншыя банды. Такія бандыцкія фарміраванні былі ў Навазыбкаўскім, Старадубскім, Быхаўскім і іншых паветах. У Гомельскім павеце дзейнічала банда крымінальных злачынцаў братоў Башлаковых. Як адзначаў старшыня губчэка Валенберг, у гэтых паветах бандытаў актыўна падтрымлівала сялянства [1, с. 143].
Сітуацыя ў губерні ўскладнялася ў сувязі з вострай праблемай дызертырства. Толькі ў Рэчыцкім павеце летам 1921 г. дзейнічала каля дзясятка ўзброеных антысавецкіх фарміраванняў. Для барацьбы з імі Гомельская губернская ЧК сфарміравала новы знішчальны атрад пад камандаваннем губернскага ўпаўнаважаннага па бандытызму Дзявіцкага-Фількова. У ходзе барацьбы загінулі начальнік гомельскай міліцыі І. Вайцэховіч і начальнік рэчыцкага атрада ЧОН П. Гротт. У выніку праведзеных спецыяльных аперацый супраціўленне ўзброенных фарміраванняў было амаль спынена. Толькі за 25 дзён верасня 1921 г. у Гомельскай губерні былі затрыманы і перададзены пад суд 407 чалавек. Па пастанове калегіі Гомельскай ЧК 64 чалавекі былі растраляны. Да прымусовай працы былі прыгавораны 45, да высылкі ў Архангельскую губерню — 31 чалавек [2, с. 108].
Актывізацыя барацьбы з бандытызмам спрыяла паляпшэнню адносін сялян з уладай. Аднак і ў сярэдзіне 1922 г. ў губерні яшчэ дзейнічалі 10 банд, якія займаліся забойствамі партыйных і савецкіх работнікаў, рабавалі маёмасць саўгасаў і валасных выканкамаў. Са змяншэннем пагрозы з боку антысавецкіх і крымінальных фарміраванняў губернскі камітэт па барацьбе з бандытызмам у ліпені 1922 г. быў ліквідаваны і адказнасць за гэты накірунак дзейнасці быў ускладзены на губернскі аддзел ДПУ. У лістападзе 1922 г. тэрыторыя Гомельскай губерні была ачышчана ад бандытаў [1, с. 160-161].
Усё больш напружанымі станавіліся адносіны паміж РКП(б), дзяржавай і канфесіямі. Прынятыя ў першыя гады існавання савецкай улады заканадаўчыя акты давалі ёй магчымасць адхіліць царкву ад грамадскага жыцця, умешвацца ва ўнутраныя справы канфесій. Крымінальны кодэкс РСФСР 1922 г. вызначаў адказнасць за парушэнне палажэнняў дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. Прымаліся таксама меры па адхіленню школы ад царквы. Было забаронена выкладанне рэлігійных веравучэнняў у навучальных установах.
Шырокі рэзананс у грамадстве атрымала праведзеная ў 1922 г. кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, якія, як меркавалася, павінны былі пайсці на закуп прадуктаў харчавання галадаючым Паволжа і іншых рэгіёнаў, якія пацярпелі ад засухі. У пастанове УЦВК РСФСР ад 23 лютага 1922 г. указвалася, каб у месячны тэрмін «изъять из церковных имуществ, переданных в пользование групп верующих всех религий по описям и договорам, все драгоценные предметы из золота, серебра и камней, изъятие коих не может существенно затронуть интересы самого культа, и передать в органы Наркомфина, со специальным назначением в фонд Центральной комиссии помощи голодающим» [3, с. 7].
Нягледзячы на праведзеную ў Гомельскай губерні агітацыйную кампанію, рэакцыя часткі насельніцтва была неадназначнай. У шэрагу паветаў на сходах і мітынгах былі прыняты рэзалюцыі аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, у іншых — Быхаўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім і Навазыбкаўскім, сялянства выступіла супраць [4, с. 58]. У матэрыялах пленума Гомельскага губкама РКП(б) (красавік 1922 г.) указвалася, што дадзеная дырэктыва праводзіць рэзкую і цвердую лінію там, дзе на шляху канфіскацыі будуць сустракацца якія-небудзь «валынкі» [3, с. 8]. Даволі бурна праходзіла абмеркаванне гэтага пытання на агульным сходзе рабочых папяровай фабрыкі ў Добрушы, удзел у якім прынялі старшыня губвыканкама І. Нейбах і сакратар губкама РКП(б) М. Хатаевіч. За канфіскацыю царкоўных каштоўнасцей прагаласавалі толькі 50 чалавек з больш чым 600 прысутных. Астатнія прагаласавалі супраць (150 чалавек), або ўстрымаліся. Найбольш акть^ными былі жанчыны [5, с. 45].
За укрыванне каштоўнасцей члены праўлення Малай каменнай сінагогі ў г. Гомелі З. Фрадзін і М. Шагас у чэрвені 1922 г. Гомельскім губернскім рэвалюцыйным трыбуналам былі асуджаны на адзін год пазбаўлення волі. Акрамя таго яны пазбаўляліся актыўнага и пасіўнага выбарчага права на працягу двух гадоў пасля адбыцця тэрміну пакарання. Аднак улады праявілі да іх гуманасць. У сувязі з 5-й гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі у лістападзе 1922 г. яны былі амнісціраваны [5, с. 161-162].
У кампанію па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей былі прыцягнуты ўсе адказныя работнікі губерні для агітацыі і прадухілення супраціву з боку вернікаў. Усяго ў Гомельскай губерні канфіскацыі падвергліся 986 культавых устаноў, у тым ліку 834 праваслаўных цэркваў, 135 сінагог і 17 касцёлаў. Былі канфіскаваны больш за 200 пудоў 36 фунтаў сярэбраных і звыш 4 фунтаў залатых рэчаў, 50 рублей залатых манет, 1267 рублёў серабром і іншыя каштоўнасці. Усё тое, што было канфіскавана, згодна з сакрэтным цыркулярам УЦВК РСФСР ад 28 красавіка 1922 г. накіроўвалася ў дзяржаўны фонд, а не у ЦК дапамогі галадаючым [3, с. 113-114].
У ходзе кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей была праведзена рэвізія культавых збудаванняў усіх канфесій. Ва ўмовах разгортвання НЭПа, калі ў грамадстве былі праявы некаторых дэмакратычных свабод, улады зрабілі стаўку на ўзмацненне антырэлігійнай прапаганды сярод насельніцтва. Партыйныя органы прымалі жорсткія меры ў адносінах да партыйцаў, якія ўдзельнічалі ў правядзенні рэлігійных абрадаў. У красавіку 1923 г. сакратар губкама РКП(б) М. Хатаевіч накіраваў у павятовыя камітэты пісьмо аб парадку закрыцця цэркваў і малітоўных дамоў. Ён запатрабаваў ад партячэек і мясцовых работнікаў «усилить и развернуть агитацию за передачу церковных помещений под школы и иные культ. учреждения, за снятие части колоколов для тех или иных общественных нужд» [1, с. 127].
Улады, сутыкнуўшыся з незадаволеннасцю вернікаў, вымушаны былі перасцерагчы партыйна-савецкіх кіраўнікоў ад празмернага адміністравання. У рэзалюцыі ХІІ з’езда РКП(б) (красавік 1923 г.) «Аб пастаноўцы антырэлігійнай агітацыі і прапаганды» указвалася: «Нарочито грубые приемы, часто практикующиеся в центре и на местах, издевательство над предметами веры и культа взамен серьезного анализа и объяснения не ускоряют, а затрудняют освобождение трудящихся масс от религиозных предрассудков» [6, с. 115].
Былі выпадкі, калі святароў і актыўных вернікаў прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Так, за супраціўленне ўладам, якія прынялі рашэнне аб закрыцці ў губерні іешываў і хедэраў, 11 іўдзеяў на чале з рабінам Барышанскім былі асуджаны Гомельскім рэўтрыбуналам за антысавецкую агітацыю і арганізацыю контррэвалюцыйных выступленняў [5, с. 163-164]. Была заведзена крымінальная справа ваенным следчым спецаддзелам 16-й арміі ў адносінах трох вернікаў пратэстанцкай царквы, якіх абвінавачвалі ў адказе служыць у Чырвонай Арміі. Аднак асобая сесія народнага суда па рэлігійных справах пры Гомельскім губернскім Савеце народных суддзяў вызваліла Вайценкова А., Здораўцава П. і Конанава Ф. ад ваеннай службы па рэлігійных перакананнях [5, с. 226]. Такім чынам, улада ўжо з першай паловы 1920-х гадоў пачала кардынальна мяняць адносіны да нацыянальна-рэлігійнага пытання, навязваючы насельніцтву сваю ідэалогію і спрабуючы выкараніць веру, якой яно традыцыйна прытрымлівалася.
Суръёзнасць палітычнай сітуацыі ў губерні была звязана з дзейнасцю палітычных партый, якія знаходзіліся ў апазіцыі да бальшавікоў. Партыйнае кіраўніцтва ў цэнтры і на месцах добра разумела пагрозу ўплыву гэтых партый на насельніцтва, асабліва на сялянскія масы. Яны баяліся таго, што з вяртаннем у гады НЭПа да шматукладнасці ў эканоміцы можа адбыцца аднаўленне шматпартыйнасці ў грамадска-палітычным жыцці. Імкнучыся да манапалізацыі палітычнага кіраўніцтва органы кампартыі ажыццяўлялі пастаянны кантроль за дзейнасцю аппазіцыйных груповак. Да пачатку 1921 г. была ліквідавана меншавіцкая арганізацыя ў Магілёўскім павеце. За асобамі, якія належалі да розных палітычных партый, быў устаноўлены сакрэтны нагляд супрацоўнікаў савецкіх спецорганаў [1, с. 132-133]. На ўлік у 9 паветах Гомельскай губерні былі ўзяты 327 чалавек, якія былі членамі груп правых эсэраў, меншавікоў і анархістаў. У зводцы Гомельскай губчэка адзначалася, што прадстаўнікі гэтых партый асаблівай аткыўнасці ў грамадскім жыцці не праяўлялі і ніякага ўплыву на масы яны не мелі [1, с. 136].
Сярод часткі яўрэйскіх рабочых некаторы ўплыў меў Бунд. Так, у Рэчыцкім павеце існавала бундаўская арганізацыя з 45 чалавек, якія адмоўна ставіліся да дзейнасці РКП(б). У Рагачоўскім і Быхаўскім паветах, па прычыне бандыцкіх пагромаў і распаўсюджвання нацыяналістычных настрояў у асяроддзі яўрэйскага насельніцтва, актывізаваўся сіянісцкі рух [1, с.141].
Улады вялі актыўную барацьбу са сваімі апанентамі, не прыняўшых курса бальшавікоў. У жніўні 1922 г. ХІІ Усерасійская канференцыя РКП(б) прыняла рэзалюцыю, у якой адзначалася: «Антисоветские партии и течения частично меняют тактику: они пытаются использовать советскую легальность в своих контрреволюционных интересах и держат курс на «врастание» в советский режим, который они надеются постепенно изменить в духе буржуазной демократии и который, по их расчетам, сам идет к неизбежному буржуазному перерождению» [7, с. 588].
Акрамя задач прапагандысцкага характару партканферэнцыя вызначыла меры сілавых метадаў барацьбы з антысавецкімі элементамі. Канферэнцыя ўказала: «Вместе с тем нельзя отказаться и от применения репрессий не только по отношению к эсерам и меньшевикам, но и по отношению к политиканствующим верхушкам мнимо-беспартийной, буржуазно-демократической интеллигенции, которая в своих контрреволюционных целях злоупотребляет коренными интересами целых корпораций» [7, с. 593]. За перыяд з 1 мая 1922 па 15 мая 1923 г. было заведзена 58 следчых спраў па абвінавачванню ў кантррэвалюцыі, згодна з якімі было арыштавана 184 чалавекі. З губерні былі высланы 11 меншавікоў і 4 эсэры [1, с. 162].
Бальшавікі устанавілі жорсткі кантроль за дзейнасцю сваіх палітычных апанентаў, прымушаючы іх сысці з палітычнай арэны. У снежні 1923 г. у Гомелі быў праведзены губернскі з’езд былых членаў партыі эсэраў. Сцэнарый з’езда быў зацверджаны губернскім камітэтам РКП(б), а кантроль за яго работай ажыццяўляў сакратар губкама Вірганскі. Дэлегаты заклікалі былых членаў эсэраўскай партыі ўліцца ў рады РКП(б). Такое ж рашэнне ў ліпені 1924 г. прынялі на сваім з’езде (канферэнцыі) былыя члены Бунда і меншавікі [8, с. 5]. Паражэнне ў супрацьстаянні з бальшавікамі падарвала пазіцыі апанентаў, значна аслабіла іх уплыў на грамадства. Гэтаму садзейнічала і дзейнасць спецорганаў, на якія абапіралася партыйна-савецкае кіраўніцтва.
Ва ўмовах аднапартыйнасці ўзмацнілася ўнутрыпартыйная барацьба ў сувязі з выступленнямі апазіцыі. У справаздачы Гомельскага губкама ВКП(б) указвалася на значнае павышэнне інтарэса партыйцаў да пытанняў унутрыпартыйнага жыцця, якія абмеркаваў ліпеньскі (1926 г.) Пленум ЦК і ЦКК. Губкам ВКП(б) адзначаў: «Оппозиционно настроенных товарищей в организации нет, но есть отдельные товарищи, которые недостаточно усвоили сущность внутрипартийных разногласий, в силу чего воздерживались от голосования резолюций, осуждающих выступление оппозиции» [1, с. 203]. Разам з тым губернскай кантрольнай камісіяй да адказнасці былі прыцягнуты два чалавекі, якія захоўвалі і распаўсюджвалі сакрэтныя дакументы апазіцыі. Толькі за красавік-верасень 1926 г. з губернскай партарганізацыі былі выключаны і выбылі па розных прычынах 119 членаў і кандыдатаў у члены ВКП(б). З іх за парушэнне партыйнай дысцыпліны было выключана 16, за крымінальныя злачынствы — 18, за п’янства — 26 партыйцаў. Дабраахвотна пакінулі рады ВКП(б) 10 чалавек [1, с. 204]. З усёй колькасці выключаных і выбыўшых 67 былі рабочымі. У сувязі з гэтым партыйным камітэтам была дадзена дырэктыва аб павялічэнні працэнта рабочых у губернскай партарганізацыі [1, с. 206].
Палітычная напружанасць у грамадстве адчувалася і па прычыне пастаянных на працягу першай паловы 1920-х гадоў тэрытарыяльна-адміністрацыйных пераўтварэнняў. Калі ў 1919 г. у складзе Гомельскай губерні было 14 паветаў, то к 1925 г. колькасць іх у выніку скарацілася да 5 паветаў. У сувязі з узбуйненнем БССР у 1924 і 1926 гадах за кошт тэрыторыі губерні абвастрылася палітычная сітуацыя ў рэгіёне. Губернскае партыйна-савецкае кіраўніцтва актыўна процідзейнічала гэтаму працэсу, імкнулася пераканаць маскоўскіх кіраўнікоў у адсутнасці беларусаў сярод насельніцтва губерні і захаваць яе ў складзе РСФСР. Вяртанне беларускіх тэрыторый у БССР мела не толькі важнае значэнне ў сацыяльна-эканамічным і культурным плане, але станоўча ўплывала на грамадска-палітычнае жыццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна, на працэс аб’яднання беларускага этнасу.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Гомельская губерния. 1919-1926 гг.: документы и материалы. — Минск: НАРБ, 2009. — 270 с.
- Речица. Дорогой столетий в будущее. — Речица: Редакция газеты «Дняпровец», 2013. — 407 с.
- Мурашка, М. Н. Да пытання аб дапамозе насельніцтва Ўсходняга Палесся галадаючым Паволжа ў 1921-1922 гг. / М. Н. Мурашка // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: матэрыялы міжнар. навук. канф., Гомель, 20-21 мая 2004 г.: у 2 ч. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2004. — Ч. 1. — 272 с.
- Отчет Г омельского губернского исполнительного комитета VI губернскому съезду Советов рабочих, крестьянских и красноармейских депутатов (декабрь 1921 — ноябрь 1922 гг.). — Гомель, 1922.
- Конфессии на Гомельщине (1920-1930-е годы ХХ в.): документы и материалы. — Минск: НАРБ, 2013. — 388 с.
- КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК: в 15 т. — М.: Политиздат, 1984. — Т. 3: 1922-1925. — 494 с.
- КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК: в 15 т. — М.: Политиздат, 1983. — Т. 2. — 606 с.
- Беларускі гістарычны часопіс. — 2010. — № 10.
Аўтар: М.Н. Мурашка
Крыніца: Юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 85-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 17 июня 2015 г.): материалы: в 4 ч. Ч. 3 / редкол.: О. М. Демиденко (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — 266 с.