Неглюбская “Страла”: пахаванне ці захаванне?

0
1111
Ирина Глушец, презентация

Сёлета ГМКГА “Талака” ўсклала на сябе адказную місію: праінфармаваць насельніцтва вёскі Неглюбка, што іх унікальнаму абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” – быць! З гэтай мэтай сябрамі арганізацыі незадоўга да Ушэсця, на якое і праводзіцца абрад, у вёсцы была зладжана этна-вечарына.

Аднак ужо ў першыя хвіліны пустэча ў мясцовым доме культуры даказала: даводзіць, што традыцыі патрэбны ў першую чаргу непасрэдным яе носьбітам – няўдзячная справа. Перад тым, як нешматлікім наведвальенікам вечарыны (мясцовых жыхароў было каля 10 чалавек) прадэманстраваць фільм, зняты пра мінулагодні абрад “Пахаванне стралы”, маршалак ГМКГА “Талака” Марыся Тульжанкова наракае:

– У мінулым годзе, прыехаўшы да вас, мы хацелі пабачыць абрад. А атрымалася так, што мы самі сілком цягнулі мясцовых жыхароў “вадзіць стралу”.

Нічога дзіўнага ў гэтым няма: неглюбчане страцілі пераемнасць пакаленняў. Людзі старыя наракаюць на гаротны стан свайго здароўя, а маладзіцы – на тое, што не ведаюць абрадных песень.

Чым жа ўнікальная неглюбская “страла”? Толькі тут у песнях абраду ёсць адмысловыя загуканні не толькі на канцы радка, але і ў сярэдзіне. Ні ў якой іншай вёсцы вы не сустрэнеце такі элемент абраду, як “Старцы”. Аб усім гэтым распавядае зроблены талакоўцамі фільм. Напрыканцы прагляду сябра арганізацыі Пятро Цалка кажа:

– Я ў Неглюбцы два гады запар быў “старцам”. Гэта вельмі весела і цікава, але ў той жа час прыкра, што я не мясцовы…

А ты не хвалюйся: мы цябе зяцем возьмем, – жартуюць жанчыны.

Пасля гэтага на сцэну дома культуры выходзіць ансамбль этнічнай музыкі “Чачэрская лютня”. Іх сумныя гармоніі з трохгалоснымі вакальнымі партыямі здольныя хутчэй увесці ў транс, чым падбадзёрыць абарыгенаў у пачынаннях аднаўлення абраду. Аднак неглюбчане вітаюць музыкаў вельмі цёпла і па заканчэнні выступу нават не хочуць адпускаць.

Каб выправіць згаданы недахоп – няведанне мясцовымі жыхарамі сваіх жа песень – талакоўцы раздаюць неглюбчанам спеўнікі са стрэльнымі песнямі і сёе-тое спрабуюць спяваць разам з імі. Некаторыя пяюць, а некаторыя сядзяць і слухаюць, і нават апладыруюць.

[quote_box_center]- Не трэба нам пляскаць! Спявайце разам з намі! Вы ж скардзіліся. што песень не ведаеце, – кажа Марыся.[/quote_box_center]

– Дык у вас лепей атрымліваецца, – стаяць на сваім мясцовыя. І нават адзіная прадстаўніца пакалення, што яшчэ памятае песні, толькі падпявае, бо нібыта згубіла голас з-за выпітага халоднага малака.

Самымі апошнімі сышлі з вечарыны гэтая жанчына і маладыя дзеўкі, сімвалізуючы гэтым тую самую страчаную повязь пакаленняў. Хочацца спадзявацца, што гэткае ўражанне небеспадстаўнае.

Сваю функцыю “Талака” выканала, – лічыць Марыся Тульжанкова. – Задачай жа было нагадаць жыхарам вёскі Неглюбка аб важнасці іхняй традыцыі. З тымі, хто прысутнічаў, мы паспелі і паразмаўляць пра гэта, і кіно паглядзець, і паспяваць. А калі ўлічыць спецыфіку вёсак, дзе навіны разлятаюцца як у сарокі на хвасце, то з упэўненасцю магу сцвярджаць, што у той жа вечар уся вёска ведала пра наш візіт і не выключана, што многія пашкадавалі аб тым, што не прыйшлі. Наколькі ж усё гэта мела эфект – паглядзім на самім абрадзе “Пахаванне стралы”.

Але ж чаму такая цікаўнасць менавіта да Неглюбкі? Адкуль у сяброў арганізацыі імкненне апекаваць менавіта тутэйшую абраднасць?

– На маю думку, кожная вёска заслугоўвае увагі. Паўсюль свая спецыфіка ў святкаванні “Пахавання стралы”, але леташняя сітуацыя ў Неглюбцы мяне шакавала. Менавіта тады стала зразумелым, што без падтрымкі “Талакі” свята не адбылося б, і такім чынам тысячагадовая традыцыя абарвалася б у 2011 годзе. Натуральна, сітуацыю трэба ратаваць, і ратаваць мусіць, у першую чаргу, моладзь вёскі Неглюбка. Менавіта на яе я і ўскладаю спадзёвы, – прызнаецца Марыся.

Аўтар: Валянціна Міронава

Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова