Неглюбка. Назва паводле легендаў і паданняў

0
63
Неглюбка

Назва наша паходзіць ад Неглюба — аднаго з трох казакоў, пра якіх мы згадвалі, высвятляючы паходжанне назвы Веткі і Казацкіх Балсуноў. Пакінуўшы Балсуна з маладой жонкай, астатнія пакіравалі далей, спытаўшыся, як выбіцца на бліжэйшае паселішча. Boi параілі:

Едзьце прама. Не палохайцеся нікога. Калі дапытвацца будуць, адкуль вы, то адказвайце, як і нам, ды яшчэ згадайце, што накіравалі вас з заставы. У першых вёсках не спыняйцеся, там для вас занятак не знойдзецца.
— Чаму?
— Не вы адны сюды прабіваецеся, такіх многа. Спыніцеся ажно ў пятай вёсцы, знайдзіце атамана Архіпа. Застацца ў яго дазволу спытайцеся. Ён усіх прымае.
— А не стане нас няволіць?
— За што?
— Ну, мы ж не адсюль.
— Гэтага не бойцеся. Ён распытае і дапаможа.
— То дзякуй вам, родненькія, што так добра з намі абышліся, што не пакрыўдзілі.
— Служба ў нас такая: прасачыць, паглядзець, а потым і на дапамогу прыйсці.
— Бывайце. Можа, болей не ўбачымся.
— Убачымся, — супакоілі разведчыкі, — мы ў гэтых вёсках часта бываем. Тут жа нашы ўсе. Праз пару дзён і спаткаемся, і сябра свайго будзеце потым наведваць.
— Ці ён нас, — не утрываўся Неглюб.

Усе засмяяліся. Раз’ехаліся ў розныя бакі, і казакі з жонкамі пачалі абмяркоўваць тое, як іх сустрэлі тутэйшыя жыхары:

— Якія тут спагадлівыя ды спакойныя людзі.
— Здаравенныя, што асілкі, а смяюцца і жартуюць, што дзеці. Так і свецяцца дабрынёй, — умяшалася Неглюбава жонка.
Жывуць добра, таму і самі добрыя, — па-філасофску зазначыў Стаўбун.
Ведама ж, усяго хапае. Колькі часу прайшло, а мы ніводнага жабрака не напаткалі.
— Усё цвіце і радуецца жыццю, нібы ў раі якім.
— Вось я і кажу: людзі спакойныя, — паўтарыла Неглюбава гаспадыня.

Ёй запярэчыў Неглюб:

— Пабачыла б ты іх у бітве.
— А ты што, бачыў?
— Таму і кажу. Самааддана, мужна б’юцца. Адзін спрактыкаваны вой у іхтраіх каштуе.

Так, размаўляючы, не заўважылі, як пад’ехалі да першай вёскі.

Спыніліся і нерашуча пазіралі на Неглюба, ён па-ранейшаму заставаўся за старэйшага. А той, здавалася, пра нешта думаў, але,хутчэй за ўсё, і сам вагаўся. Нарэшце скамандаваў ехаць. Падаліся па вясковай вуліцы, але недзе ля трэцяга двара спыніліся, бо да іх выйшла маладзіца і, аглядваючы незнаемых, запыталася:

— Можа, вадзічкі сцюдзёнай прынесці?
— Няблага было б.
— То зайдзіце ў двор. У нас свая студня, вады на ўсіх хопіць.

Напіліся вады і як паздаравелі. Падзякавалі гаспадыню і ўжо хацелі з двара ісці, а тая і кажа:

— Куды ж вы, на ноч гледзячы? Відаць жа, здалёк?
— Ой, жанчынка, не нам табе расказваць, што перажылі мы за гэтыя паўгода. У вас так ціха ды мірна, ніхто не страляе, нікога не забіваюць, а ў нас жа што творыцца…
— Я ж таксама не тутэйшая. Тут сваіх мала. У асноўным селяцца ўцекачы з розных мясцін.
— А як мясцовыя жыхары да чужых адносяцца?
— Прымаюць нібы родных.
— Даўно ўжо жывеш тут?
— Пяты год пайшоў, ужо і прызвычаілася, замуж выйшла за мясцовага. Двое дзетак маем, хаціну, падворак. Жывём, дзякуй Богу. Заставайцеся начаваць, а раніцай далей рушыце. Зараз агонь распалю, есці звару. А вы пакуль што пасядзіце, адпачніце, бо бачу, што стаміліся вельмі.

Вечарам прыйшоў муж. Аказалася, што тут усе, акрамя таго, што займаюцца па гаспадарцы, не забываюць і пра вайсковую службу. У гэты дзень гаспадар якраз і нёс яе. Распыталі ў яго мужчыны, як далей быць, чым заняцца можна. Той таксама параіў лепей да атамана ехаць. Ен, маўляў, і накіруе ў патрэбнае месца.

Раніцай развітваліся, нібы добрыя знаёмыя. Жанчыны нават пацалаваліся перад тым, як рушыць з двара. Мужчыны паводзілі сябе больш стрымана.

Па дарозе, калі дабіраліся да другога паселішча, ужо не так палахліва сябе паводзілі. Сустракалі, і даволі часта, мясцовых жыхароў, адказвалі на іхнія прывітанні ды пытанні і працягвалі свой шлях.

На чацвёрты дзень трапілі да атамана. Аказалася, што там сапраўды назбіралася вельмі многа ўцекачоў з самых розных мясцін. Кожны хацеў даведацца, дзе можна спыніцца, чым заняцца. Па чарзе заходзілі ў хаціну, радасныя адтуль выскоквалі і, развітаўшыся, кіравалі ў азначанае паселішча.

Першым з казакоў у хаціне апынуўся Неглюб. Атаман, зусім яшчэ малады чалавек, ветліва запрасіў прысесці і, задаўшы колькі пытанняў, высветліў усё, што яго цікавіла. Даведаўшыся, што Неглюб спрактыкаваны ў бітвах вой, сказаў:

— Хочаш нашых людзей вучыць ваяваць?
— Так.
— Тады паедзеш на новы хутар. Там будуць збірацца ўцекачы, яны і стануць тваімі падначаленымі.

Развітаўся Неглюб ca Стаўбуном i пакіраваў да хутара. Там і асеў з сям’ёй. З цягам часу тое паселішча разраслося, стала вялікай і прыгожай вёскай, а назвалі яе ад першага жыхара — Неглюбка.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 85-87.