Неалагізацыя як крыніца лексічнай варыянтнасці ў сучаснай беларускай мове

0
300
Неалагізацыя беларуская мова

Развіццё беларускай мовы ў мінулым стагоддзі вызначылася своеасаблівай цыклічнасцю: пачатак і канец XX ст. сталі перыядам уздыму нацыянальнага руху за моўнае адраджэнне, падчас якога лексіка-семантычная сістэма беларускай мовы пашырылася за кошт значнай колькасці неалагізмаў. На пачатку стагоддзя новаўтварэнні знайшлі шырокае адлюстраванне на старонках газеты «Наша Ніва», мова якой з’яўлялася «сінтэзам мовы мастацкай літаратуры, фальклорных і этнаграфічна-бытавых элементаў» [21, с. 11]. Канец XX ст. стаў перыядам новага нацыянальна­га адраджэння: кардынальныя змены ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны выклікалі прыкметнае пашырэнне лексічнага запасу за кошт новых слоў, якія складалі яе «жывы, актуальны, рэальны лексічны інвентар» [20, с. 32], а таксама за кошт «рэабілітацыі» лексікі па­чатку XX ст.

Лексіка пачатку XX ст. сабрана ў «Слоўніку мовы «Нашай Нівы» [28], новыя лексічныя адзінкі 90-х гг. XX ст. часткова кадыфікаваны ў «Слоўніку новых слоў беларускай мовы» [36] і «Слоўніку сучаснай беларускай мовы» [14]. Аднак лексіка названых перыядаў не атрымала фіксацыі ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы»: спіс крыніц, на базе якіх сфарміраваны рэестр слоўніка, абмяжоўваецца публікацыямі 1951-1976 гг. Між тым, у пачатку і ў канцы XX ст. у беларускую мову «хлынуў цэлы паток навізны самага рознага кшталту, якая не атрымала належнай навуковай ацэнкі» [20, с. 32].

Неабходнасць апісання і класіфікацыі інавацый, вызначэння іх ролі ў развіцці варыянтнасці абумоўлівае актуальнасць напрамку даследавання і выбар аб’екта вывучэння. Зварот да т. зв. альтэрнатыўных найменняў, якія існуюць у мове побач з кадыфікаванымі лексемамі, дазволіць высветліць спецыфіку лексічнай варыянтнасці ў сучаснай беларускай мове. Для рэалізацыі гэтай мэты неабходна ажыццявіць шэраг задач:

  • адабраць для разгляду новаўтварэнні, функцыянаванне якіх выяўляе найбольшыя супярэчлівасці;
  • класіфікаваць адабраныя для аналізу моўныя адзінкі;
  • прааналізаваць класіфікаваныя неалагізмы;
  • устанавіць характар утварэнняў;
  • вызначыць іх месца ў лексічнай сістэме сучаснай беларускай мовы.

Прадметам апісання ў артыкуле з’яўляюцца неалагізмы1 беларускай мовы 1990-2010-х гадоў, якія служаць крыніцай лексічнай варыянтнасці. Спецыфічнай рысай такіх неалагізмаў з’яўляецца тое, што іх з’яўленне абумоўліваецца не неабходнасцю назваць новы прадмет, з’яву ці паняцце, што з’явіліся ў рэчаіснасці, а «асаблівасцямі развіцця самой лексікі як сістэмы, калі на змену адным назвам прыходзяць іншыя або калі мова ўзбагачаецца новымі словамі-сінонімамі» [17, с. 40]. На дадзеным этапе гэтыя неалагізмы функцыянуюць у якасці варыянтаў да ўжо вядомых у мове найменняў, з якімі ўтвараюць варыянтныя пары. Па часе ўзнікнення ў мове новае слова з’яўляецца неалагізмам, але паводле сваёй функцыі па сутнасці ператвараецца ў лексічны варыянт.

У адпаведнасці з класіфікацыяй, заснаванай на спосабе ўзнікнення неалагізмаў, сярод новаўтварэнняў сучаснай беларускай мовы, якія выступаюць у якасці лексічных варыянтаў да традыцыйных слоў, выдзяляюцца семантычныя і лексічныя неалагізмы. Утварэнне семантычных неалагізмаў (неасемантызмаў) ажыццяўляецца з дапамогай семантычнай дэрывацыі — узнікнення у агульнавядомага слова новага значэння [29, с. 341]. Лексічныя неалагізмы ўзнікаюць у мове ў сувязі з неабходнасцю абазначыць па-новаму камунікатыўна-значныя з’явы (звычайна гэта сацыяльна значныя, ключавыя словы, што сведчаць пра карэнныя пераўтварэнні ва ўсіх сферах грамадства), для намінацыі якіх у мове ўжываюцца сталыя адпаведнікі. Лексічныя неалагізмы могуць быць запазычаны з іншых моў, узяты з народных гаворак, утвораны ад вядомых у мове структурных элементаў па вядомых словаўтваральных мадэлях.

Неалагізмы, якія ўзнікаюць, каб замяніць назву вядомага прадмета, на дадзены момант не ўваходзяць у слоўнікі літаратурнай мовы. Тым не менш працэс утварэння новых слоў немагчыма стрымаць або эфектыўна рэгуляваць, таму што выбар варыянта канкрэтным носьбітам мовы залежыць ад экстралінгвістычных фактараў (моўны густ, мода на ўжыванне слова і г. д.). Сама неабходнасць прызнання наяўнасці альтэрнатыўных найменняў, іх існавання як спецыфічных лексічных адзінак дае ім права на жыццё.

Матэрыялам даследавання з’яўляюцца семантычныя неалагізмы беларускай мовы наклад, улётка і складанка, якія ўтвараюць варыянтныя пары са словамі тыраж, лістоўка, зборнік, і лексічныя неалагізмы асобнік (паасобнік), слухаўка, што з’яўляюцца суфіксальнымі ўнівербатамі паводле ўтварэння і выступаюць варыянтамі да слоў экзэмпляр і трубка (тэлефонная). Крыніцы даследавання — рэспубліканскія і рэгіянальныя друкаваныя выданні: «ЛіМ», «Наша Ніва», «Звязда», «Дзеяслоў», «Arche», а таксама інтэрнэт-рэсурсы, што адыгрываюць значную ролю ў павелічэнні частотнасці ўжывання новых слоў у беларускай мове.

Гістарычна склалася так, што ўсходнеславянскія мовы ў XX ст., верагодна, пад уплывам рускай мовы і праз яе пасрэдніцтва запазычылі французскае слова тыраж [7, с. 496]. У беларускай мове слова належыць да аманімічнай лексікі, што адлюстравана ў лексікаграфічных крыніцах канца стагоддзя: тыраж 1. ‘розыгрыш выйгрышаў у пазыцы або латарэі’; 2. ‘пагашэнне аблігацый пазыкі або іншых папер установай, якая іх выпусціла’, і тыраж ‘колькасць экзэмпляраў якога-небудзь друкаванага выдання аднаго выпуску’ [34, т. 5, с. 565]. Калі размова ідзе пра коль­касць друкаванай прадукцыі, на сучасным этапе развіцця беларускай мовы ў якасці лексічнага варыянта да слова тыраж ужываецца неалагізм наклад: «Паводле папярэдніх даных, у 2010 годзе колькасныя паказчыкі выпуску літаратуры (колькасць назваў і агулъны тыраж) будуць ніжэй, чым паказчыкі папярэдняга года» [9, с. 9]; «Наклад «Нашай Нівы» за год вырас з 2830 да 3760 асобнікаў газета перайшла на штотыднёвы выхад» [26, с. 32].

Заходне- і паўднёваславянскія мовы для выражэння значэння ‘колькасць экзэмпляраў аднаго выдання’ запазычылі з нямецкай мовы слова наклад: славацкае paklad, славенскае paklada, сер- бахарвацкае накладны завод – ‘выдавецтва’, чэшскае paklad ‘выдаткі’, pakladatel ‘выдавец’ ipakladatelstvi – ‘выдавецтва’, польскае naklad– ‘колькасць экзэмпляраў выдання’, ‘выдаткі’, ‘за­трата’ [2, с. 57]. У сучаснай украінскай мове слова наклад з’яўляецца адроджаным з пасіўнага фонду мовы, а слова тыраж, наадварот, пераходзіць у разрад пасіўнай лексікі і ў слоўніках маркіруецца паметай дарэвалюцыйнае [16, с. 64].

У беларускай мове слова наклад вядома са старабеларускага перыяду, але са значэннем ‘выдатак’: накладъ — выдатак, страта [25, сЛ 15]. 3 такім значэннем яно фіксуецца і слоўнікамі 20-х гг. XX ст. [3, с. 182; 10, с. 153]. Ужываецца гэта слова і ў народных гаворках з наступнымі значэннямі: 1) ‘груз, які кладуць на барану, каб лепш баранавала’, 2) ‘накладная дошка, якая насцілаецца паверх дзвюх іншых у столі’: «Наклад трэ полоджыцъ на борону, шоб не подскаквала, Застолічыў дошкамі, а накладамі закончыў» [35, с. 134]; «Яяк зраблю наклат, прывяжу жэрткамі, та ніяка бура ні ззарве» [37, с. 92]. 3 народных гаворак слова, не змяняючы свайго значэння, прыйшло ў літаратурную мову, пра што сведчаць матэрыялы газеты «Наша Ніва». Так, «Слоўнік мовы «На­шай Нівы» фіксуе слова наклад са значэннямі ‘тое, што накладаецца зверху на што-н.’ і ‘пра тое, што звыш чаго-н.; лішак; круг (пра аб’язную дарогу)’: «…раскажэ [Бэрнусь] калі і як трэба рабіць шчуп, і сколькі і які.х на наклад нада іголак, каб гэты шчуп вярней паказываў, дзе капацъ грошы» [28, с. 602]; «Darohakazuc jamy [dziaiicaty] – tut najblizejsaja adna: piersajapawarotka na lewa, tamprasciusienka! ale tudoj trudna prabraccamost niahodny; leps esci и kruh, choc nakladu i zrobicia wiarsty 3-4, ale smialej» [28, c. 602]. Такім чынам, слова наклад сустракалася ў белару­скай мове яшчэ ў старабеларускі перыяд, але толькі ў апошняе дзесяцігоддзе XX ст., магчыма, пад уплывам польскай або ўкраінскай мовы набыло новае значэнне ‘колькасць экзэмпляраў якога-небудзь друкаванага выдання аднаго выпуску’ [34, т. 5, с. 565]. З гэтым значэннем яно адлюстравана ў «Слоўніку новых слоў беларускай мовы» [36, с. 234] і «Слоўніку сучаснай белару­скай мовы» [14, с. 311].

У сучаснай моўнай практыцы назоўнікулётка выступае ў якасці лексічнага варыянта да сло­ва лістоўка ‘друкаваны або рукапісны лісток, звычайна злабадзённага палітычнага зместу’ [34, т. 3, с. 51]. З гэтым значэннем слова улётка ўжываецца ў матэрыялах сучасных беларускіх перыядычных выданняў: «Што мы яшчэ рабілі? Часам ад рукі перапісвалі і расклейваліўлёткі «Паведамленне Савінформбюро» [4, с. 8]; «… у савецкія часы было толькі адно нейкае слова, а тут з ’явілася іншае – калі ласка, ёсць з чаго выбіраць, хочашбяры «лістоўку», хочаш – «улёт­ку» [1, с. 7].

Даследчык мовы А. А. Каўрус зазначае, што носьбіты беларускай мовы могуць памылкова – на падставе блізкасці гучання – матываваць неалагізм улётка дзеясловам улятаць ‘шпарка, з лёту, на ляту пранікаць, трапляць куды-небудзь. залятаць усярэдзіну чаго-небудзь’ [15, с. 19]. Са значэннем ‘ляток’ слова адзначаецца ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі: «Улётка: толы ўлятаюць у ўлётку» [27, с. 204]. Можна меркаваць, што новае значэнне ‘лістоўка, пракламацыя’ назоўнік набыў на сучасным этапе развіцця беларускай мовы пад уплывам польскай лексемы ulotka [36, с. 380].

Першапачаткова значэнне ‘друкаваны або рукапісны лісток, звычайна злабадзённага палітычнага зместу’ на пачатку XX ст. было замацавана толькі за словам лістоўка. Гэта зафіксавана ў другім выпуску «Беларускай навуковай тэрміналогіі» [6, с. 62], а затым у слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча [3, с. 121]. На дадзеным этапе не назіраецца семантычнага або стылістычнага размежавання слоў лістоўка і улётка, для называния адпаведнай рэаліі ў газетных матэрыялах раўнапраўна ўжываюцца абодва лексічныя варыянты.

Неалагізм складанка – элемент маладзёжнага музычнага жаргону, служыць для абазначэння дыска з разнастайнымі па стылі песнямі: «…у прадмове да першай айчыннай рэп-складанкі «Пасадзіў DEAD RAPky / Rap Not Dead» аўтар… выказаў спадзяванне, што дыск… аб’яднае і прыхільнікаў аўтэнтычнагарэпу» [22, с. 15]. У працэсе функцыянавання слова складанка пачало ўжывацца, як і слова зборнік, са значэннем ‘кніга, у якой сабраны якія-небудзь літаратурныя творы, матэрыялы, дакументы і пад.’ [34, т. 2, с. 431]. Супадаючы ў значэнні, словы зборнік і скла­данка выступаюць як лексічныя дублеты: «Слова складанка і мае значэнне ‘складзены збор (кніжка)’, ‘хрэстаматыя’ (дзіцячых песняў)» [31, с. 2]; «Гэта зборнік артыкулаў і нарысаў, надрукаваных у газетах «Наша слова», «Народная воля» пад назваіі «Старонкі нашай мінуўшчыны» [12, с. 15].

Слова складанка існавала ў мове ўжо ў старабеларускі перыяд са значэннем ‘збор, даход’ [26, с. 148]. У сучаснай дыялектнай мове яно функцыянуе ў значэнні ‘частаванне ў складчыну’: «Мама с’он’н’а пойдз’а на склиданку, жн’иво закончано» [33, с. 436]. Прыведзеныя факты сведчаць пра тое, што назоўнік складанка ў беларускай мове да канца XX ст. не быў шырокаўжывальным для абазначэння сукупнасці тэкстаў. Пачынаючы з 20-х гг. XX ст., у беларускай мове паслядоўна і рэгулярна выкарыстоўвалася слова зборнік, якое зафіксавана ў лексікаграфічных крыніцах 20-30-х гг.: зборнік – сборник [10, с. 153 ], сборник сабранне вершаў, апавяданьняў ці іншых пісьменных твораў; зборнік [19, с. 633]. У другім выпуску «Беларускай навуковай тэрміналогіі» слова зборнік засведчана ў якасці літаратуразнаўчага тэрміна [6, с. 39]. Сёння слова не страціла свайго тэрміналагічнага значэння: «Не так даўно тут адбылася прэзентацыя зборніка вершаў і прозы «Любові даруючай крыло» [24, с. 16].

Лексічныя неалагізмы асобнік (паасобнік) і слухаўка пашыраны на старонках друкаваных СМ1 і розных інфармацыйных сайтах віртуальнай прасторы.

У сучаснай беларускай мове ў сувязі з тэндэнцыяй да нацыяналізацыі побач з назоўнікам экзэмпляр (агульным для беларускай і рускай моў) сталі актыўна ўжывацца ў якасці лексічных варыянтаў словы паасобнік і асобнік: «Васілеўскі… прывёз з Вільні, па яго словах, каля дзясятка паасобнікаў кнігі Ластоўскага,адзін з іх дастаўся мне» [11, с. 225]; «Менавіта ў часы БССР стрэлілі такія глыбы нашай прозы, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Іх творы выдаваліся фантастычнымі па сённяшніх часах тыражамі – гэта сотні тысяч асобнікаў» [8, с. 7]; «… там будуцъ чытаць маю кніжку «Азбука жыцця». Янаўжо ёсць у раёне ў колькасці 300 асобнікаў» [18, с. 4].

У лінгвістыцы існуюць два погляды на паходжанне слова паасобнік. 3 аднаго боку, даследчыкі ўказваюць, што слова сустракалася ў пачатку 20-х гг. XX ст. [3, с. 201; 6, с. 64] і ў публіцыстычнай літаратуры 60-70-х гг. Аднак тыя ж лексікаграфічныя крыніцы 20-х гг. фіксуюць таксама слова прымернік са значэннем паасобнік (не выключана, пад уплывам украінскага примірник), што сведчыць пра пошук аптымальнай лексічнай адзінкі ў той перыяд. На думку іншых даследчыкаў (П. У. Сцяцко, В. I. Уласевіч), слова паасобнік у цяперашні час у беларускай мове з’яўляецца суфіксальным універбатам — назоўнікам, створаным на базе атрыбутыўных кампанентаў састаўных назваў (паасобны прадмет) шляхам суфіксацыі (суфікс -ік- з прадметным зна­чэннем). Своеасаблівасць універбатаў у тым, што «ўтваральнай базай для назоўнікаў гэтага тыпу выступае сінанімічнае ці несінанімічнае словазлучэнне назоўніка з адпаведным прыметнікам» [5, с. 222]. Атрыбутыўнае словазлучэнне як бы сцягваецца ў адно слова, у якім захоўваецца толькі корань прыметніка. Спосаб утварэння назоўнікаў на базе словазлучэнняў у лінгвістычнай літаратуры атрымаў назву «звядзення», або «сцяжэння», «уключэння», «семантычнай кандэнсацыі», а таксама «ўнівербізацыі», або «ўнівербацыі» («суфіксальнай універбацыі») [32, с. 155]. Актыўнаму ўзнікненню і распаўсюджанню падобных слоў у мове садзейнічаюць тэндэнцыі да эканоміі і дэмакратызацыі моўных сродкаў.

Неалагізм паасобнік (асобпік) шырока выкарыстоўваецца ў публіцыстычным стылі, мове СМІ і гутарковым маўленні і з’яўляецца лексічным варыянтам слова экзэмпляр, аднак толькі ў тых выпадках, калі апошняе ўжываецца ў значэнні ‘асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў’ [34, т. 5, с. 446].

Слова экзэмпляр з’яўляецца даўнім запазычаннем з лацінскай мовы ў многіх славянскіх мовах [7, с. 688]. Як і слова паасобнік, мае значэнне адзінкавасці (экзэмпляр газеты, паштовых марак), аднак захавала і сваё тэрміналагічнае значэнне ў спалучэнні сігнальны экзэмпляр — ‘першы друкаваны экзэмпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экзэмпляраў пэўнага выдання’ [34, т. 5, с. 446]. У сучаснай беларускай мове слова экзэмпляр акрамя асноўнага значэння ‘асоб­ная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў’ мае наступныя адценні: ‘асобны прадстаўнік якой-небудзь пароды, віду, разнавіднасці’ (пра жывёл, расліны), з якім ужываецца ў тэкстах навуковай літаратуры; ‘пра чалавека як прадстаўніка якой-небудзь групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы’ [34, т. 5, с. 446]. Значэнне адзінкавасці слова можа служыць сродкам стварэння выразнасці (метафары) у мове мастацкай літаратуры: «Як полюс той паляриы, / Сцюдзёны пуп зімы-/Ўадзіным экземпляры /Народжаны ўсе мы» [23, с. 241].

З 90-х гг. XX ст. пачаў выкарыстоўвацца неалагізм слухаўка, які з’яўляецца лексічным вары­янтам слова трубка (тэлефонная трубка): «Часам званіў тэлефон, і дачка сама брала слухаўку» [13, с. 24]; «Тая наўмысна не здымала трубку: вызначальнік паказваў нумар бацькі, лёсам якога яна так і не пацікавілася…» [40, с. 9]. Матывацыяй для ўзнікнення гэтага неалагізма паслужыла функцыянальнае прызначэнне прылады (трубка для слухання). П. Сцяцко выказвае думку, што такім спосабам мова імкнецца да дыферэнцыяцыі найменняў пры абазначэнні розных рэалій [30, с. 106]. Паколькі слова трубка мнагазначнае, неалагізм слухаўка можа служыць для адрознення значэнняў: трубка палатна — сувой, скрутак або рулон, трубка для слухання – слухаўка.

У лінгвістычнай літаратуры ўказваюцца найбольш верагодныя шляхі з’яўлення неалагізма слухаўка ў беларускай мове:

  • утвораны ад асновы дзеяслова слухаць пры дапамозе суфікса -аўк-(-оўк-). Вытворныя з гэтым суфіксам ва ўсходнеславянскіх мовах абазначаюць пераважна прадметы: параўн. бел. пырскаўка, укр. слухавка (тэлефонная трубка) і руханка (замест гімнастыка, фіззарадка). Як засведчана ў «Беларускай граматыцы», словаўтваральны тып з гэтым суфіксам набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове [5, с. 242];
  • утвораны шляхам кандэнсацыі («сціскання») ад словазлучэння слухавая трубка: слухав(ая) + (труб)ка —> слухаўка [30, с. 107];
  • запазычаны з польскай мовы [35, с. 332]. Намінацыі з коранем слух- для абазначэння прылады для слухання (тэлефоннай трубкі) уласцівыя і іншым славянскім мовам (славацкае sluchadlo тэлефонная трубка, чэшскае sluchatko тэлефонная трубка, польскае sluchawka тэлефонная трубка і shichawki – навушнікі, украінскае слухавка – тэлефонная трубка). У некаторых гаворках Заходняй Беларусі сустракаецца слова слухаўкі са значэннем ‘навушнікі’: «Некалі радзіва такого ні было, як ціпер, тулькі слухаўкі слухалі» [37, с. 132]; «Надзеў слухаўкі, сеў, як стары, і слухая радзіво – а там песьні» [38, с. 187].

Згодна з вынікамі праведзенага аналізу, разгледжаныя неасемантызмы і лексічныя неалагізмы не служаць для называния новых прадметаў, рэалій і паняццяў. Першыя толькі пашырылі сваё значэнне (наклад, улётка, складанка) і прыйшлі з дыялектнай мовы або са сферы абмежаванага ўжытку, мадэль утварэння другіх (паасобнік, слухаўка) не прадстаўлена шырокім колам агуль наўжывальных слоў. Звычайна суфіксальныя ўнівербаты адносяцца да размоўнай лексікі і ўяўляюць сабой кароткія, неафіцыйныя назвы паняццяў, але з цягам часу некаторыя з іх замацоўваюцца ў літаратурнай мове, як адбылося са словамі бярозавік, насоўка, электрычка. Таму неалагізмы паасобнік, слухаўка таксама валодаюць патэнцыяльнай магчымасцю афіцыйна ўвайсці ў лексічны склад літаратурнай мовы і кадыфікавацца. Л. М. Шакун апісваў якасць такіх слоў наступным чынам: «Словы такога роду могуць і не стаць рэальнымі (сацыяльнымі), а жыць у мове нібы пад спудам, у патэнцыі. Патэнцыяльныя словы па якіх-небудзь прычынах могуць і не пачаць ужывацца, аднак у выпадку неабходнасці могуць стаць шырокаўжывальнымі, бо ўтвараюцца па існуючых правілах, з’яўляюцца, па сутнасці, «правільнымі» [39, с. 106].

У функцыянаванні неалагізмаў наклад, улётка, складанка, паасобнік, слухаўка назіраецца спецыфічная адметнасць: на сённяшні дзень гэтыя адзінкі выступаюць толькі варыянтамі да нарматыўных слоў. Новаўтварэнні не замацаваны ў якасці нормы, але выкарыстоўваюцца як альтэрнатыўныя адзінкі ў розных функцыянальных стылях. Мяркуецца, што дынаміка лексічных працэсаў, якая прывяла да ўзнікнення варыянтных адзінак, можа садзейнічаць замацаванню за імі статусу нарматыўных.

Беларуская мова на працягу свайго развіцця ўжо назапасіла вялікую колькасць лексічных сродкаў (у тым ліку сінанімічных і варыянтных) для абазначэння прадметаў, рэчаў, працэсаў і станаў навакольнага асяроддзя. Нягледзячы на гэта, працэс неалагізацыі лексікі застаецца актыўным і вызначае спецыфіку лексічнай варыянтнасці ў сучаснай беларускай мове.

[1] Тэрмін неалагізм ужываецца для абазначэння слоў, значэнняў слоў ці спалучэнняў слоў, якія ўзніклі ў пэўны перыяд развіцця ўякой-небудзь мове, паколькі практична кожная эпоха ўзбагачае слоўнік новымі словамі [29, с. 341].

Літаратура

  1. Абрагімовіч, М. Мова мяняецца. бо жывая! / М. Абрагімовіч // Звязда. – 2009. — № 169. – С. 7.
  2. Абрагімовіч, М. Наклад – тыраж / М. Абрагімовіч // Роднае слова. – 1994. – № 7. – С. 57-58.
  3. Байкоў, М., Некрашэвіч, С. Беларуска-расейскі слоўнік / М. Байкоў, С. Некрашэвіч. – Менск: Дзяржаўнае вы- давецтва Беларусі, 1926. — 360 с.
  4. Балябін, А. Нямецка-фашысцкая акупацыя Барысава ва ўспамінах зямлячкі / А. Балябін // Гоман Барысаў- шчыны. – 2009. – № 6. — С. 8.
  5. Беларуская граматыка: у 2 ч. Ч. 1: Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. – Мінск: На­вука і тэхніка, 1985. —431 с.
  6. Беларуская Навуковая Тэрмінолёгія. Выд. Інстытуту Беларускае Культуры. – Менск, 1922-1924 гг. – Вып. I-IV. – Вып. другі. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва. – 1923. – 73 с.
  7. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. / А. М. Булыка. – Т. 2: М – Я. – Мінск: БелЭн, 1999. – 736 с.
  8. Валошын, Я. «Бітва за роднае слова» / Я. Валошын // Звязда. – 2011. — № 10. – С. 7.
  9. Весялуха, М. Новыя праекты і сюрпрызы для чытачоў / М. Весялуха // Літаратура і мастацтва. – 2011. – № 1. — С. 9.
  10. Гарэцкі, М Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік / М. Гарэцкі; рэд. Я. Станкеўчыка. – Выд. 2-е стэр. — Вільня, 1921. —264 с.
  11. Гілевіч, И. «ГІры крыніцах гаючае вады» / Н. Гілевіч // Дзеяслоў. – 2007. – № 3. – С. 223-226.
  12. Дзвінская, Э. Гісторык ад Бога / Э. Дзвінская // Новы час. – 2009. – № 3. – С. 15.
  13. Ждан, А. Час ідзе / А. Ждан // Полымя. – 1998. – № 7. – С. 14-29.
  14. Завальнюк, У. М. Слоўнік сучаснай беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. ГІрыгодзіч, В. К. Раманцэвіч; пад агул. рэд. М. Р. Прыгодзіча, У. М. Завальнюка. – Мінск: Нар. асвета, 2009. — 399 с.
  15. Каўрус, А. А. Да свайго слова. Пытанні культуры мовы / А. А. Каўрус; пад агул. рэд. У. I. Куліковіча. – Мінск: PIBIU, 2011. – 344 с.
  16. Коць, Т. А. Функционування лексичних варіантів у засобах масовоі’ інформаціі’ (на матеріалі газет 90-х років) / Т. А. Коць // Мовознавство. – 1998. — № 6. – С. 62-66.
  17. Красней, В. П. Актыўная і пасіўная лексіка: матэрыял да курса на выбар «Лексіка і фразеалогія беларускай мовы» / В. П. Красней // Беларуская мова і літаратура. – 2007. -№ 10. – С. 38-41.
  18. Лапіцкая, А. «Чытаем разам – далучайся» / А. Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. – 2011. – № 4. – С. 4.
  19. Ластоўскі, В. Падручны Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Выданне факсімільнага тыпу / В. Ластоўскі. – Коўна: Выданьне Міністэрства Беларускіх спраў у Літве, 1924. – 832 с.
  20. Лемцюгова, В. Слова пра слоўнік / В. Лемцюгова // Роднае слова. – 2010. – № 12. – С. 31-34.
  21. Мова «Нашай Нівы» (1906-1915). Варыянтнасць. Сінанімія / В. П. Лемцюгова [і інш.]. – Мінск: Беларус. на- вука, 2005. – 303 с.
  22. Мяльгуй. А. Сярогу тут не чакалі… / А. Мяльгуй // Новы час. – 2010. – № 18. – С. 15.
  23. Панчанка. П. Жытнёвы звон: выбранае / ГТ. Панчанка; уклад. 3. К. ГІанчанка. – Мінск: Мает, літ., 2002. — 335 с.
  24. Пракаповіч, Н. Крылы любові над Пружанскім палацыкам / Н. Пракаповіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. — №2.-С. 16.
  25. Прыгодзіч, М. Р., Ціванова, Г. К. Старабеларускі лексікон. Падручны перакладны слоўнік / М. Р. Прыгодзіч, Г. К. Ціванова. – Мінск: Бел. выд. Т-ва «Хата», 1997. – 175 с.
  26. Рублеўская, Л. Дапісацца да міленіюму / Л. Рублеўская // Arche. – 2000. – № 7. – С. 30-34.
  27. Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т. / уклад. Ю. Ф. Мацкевіч, А. I. Грынавецкене, Я. М. Рамановіч і інш.; рэд. Ю. Ф. Мацкевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986. — Г. 5. – 563 с.
  28. Слоўнік мовы «Нашай Нівы» (1906-1915): У 5 т. -Т. 2: Д – Н / Уклад. I. А. Гапоненка, I. Л. Капылоў, В. П. Лем­цюгова, Т. П. Скрыпка, Г. К. Усціновіч; пад рэд. В. ГТ. Лемцюговай. – Мінск: Тэхналогія, 2007. – 624 с.
  29. Старичёнок, В. Д. Большой лингвистический словарь / В. Д. Старичёнок. – Ростов н/Д: Феникс, 2008. – 811 с.
  30. Сцяцко, П. Культура мовы / П. Сцяцко. – Мінск: Тэхналогія. 2002. – 290 с.
  31. Сцяцко, П. Мовазнаўчы досвед / П. Сцяцко // Наша слова. — 2011. — № 5. – С. 2.
  32. Сцяцко, П. У Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкі, Л. А. Антанюк. -Мінск: Выш. шк., 1990. – 222 с.
  33. Сцяшковіч, Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т. Ф. Сцяшковіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. -671 с.
  34. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / АН БССР. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; пад агул. рэд. К. К. Атраховіча (Кандрага Крапівы). – Мінск: БелСЭ, 1977-1983.
  35. Тураўскі слоўнік: у 5 т. Т. 3 / склад. А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, I. Я. Яшкін. – Мінск: Навука і тэхніка,-311 с.
  36. Уласевіч, В. I. Слоўнік новых слоў беларускай мовы / В. I. Уласевіч, Н. М. Даўгулевіч. – Мінск: ТетраСистемс, 2009. – 444 с.
  37. Цыхун, А. ГІ. Скарбы народнай мовы (з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна) / А. П. Цыхун. – Гродна, 1993.— 243 с.
  38. Чыгрын, I. П. Яшчэ адзін вырай з нашых слоў вёскі Чамяры Слонімскага раёна /1. П. Чыгрын // Жывое наша слова: Дыялектал. зб.: (Да 90-годдзя чл.-кар. НАН Беларусі Ю. Ф. Мацкевіч); НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. Л. П. Кунцэвіч, I. Я. Яшкін. – Мінск: Беларус. навука, 2001. – С. 174-190.
  39. Шакун, Л. М. Словаўтварэнне / Л. М. Шакун. – Мінск: Выш. школа, 1978. – 128 с.
  40. Явіч, Я. Адзіная дачка / Я. Явіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. – № 4. – С. 9.


Аўтар:
А.А. Марозава
Крыніца: Весці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі № 2 2012 серыя гуманітарных навук. Ст. 119-124.