Назвы жаночага строю ў гаворках Гомельшчыны (на матэрыяле вёскі Маркавічы Гомельскага раёна)

0
1082
Назвы жаночага строю ў гаворках Гомельшчыны (на матэрыяле вёскі Маркавічы Гомельскага раёна)

Беларускае народнае адзенне вызначаецца адметным нацыянальным каларытам. Як слушна адзначыў Міхась Раманюк, «асабліва высокага ўзлёту фантазіі і майстэрства мастацтва беларускае народнае адзенне дасягнула ў жаночым касцюме» [1, с. 5].

Назвы жаночага адзення ў гаворках Гомельшчыны даволі разнастайныя па спосабе ўтварэння і семантыцы. У тыповы комплекс жаночага адзення ўваходзілі сарочка, спадніца (або спадніца з нагруднікам, або андарак), гарсэтушварка, фартух, хустка.

Найважнейшай часткай адзення з’яўлялася сарочка, якую насілі ў будзённыя і святочныя дні ў любым узросце. Для сарочак нашай мясцовасці характэрны полікавы крой з плечавымі ўстаўкамі. Полікавая кашуля мела прамавугольныя або квадратныя ўстаўкі (полікі, палікі).

Святочныя і паўсядзённыя сарочкі некалькі адрозніваліся кроем і аздабленнем. Сарочка, якую насілі ў будні, упрыгожвалася менш і шылася з больш грубага палатна. І святочная, і паўсядзённая сарочкі складаліся з дзвюх частак: верхняя шылася з больш якаснага палатна і багата ўпрыгожвалася, а ніжняя (подтычка) – з грубага абдзеркавага палатна – рэдка аздаблялася вышыўкай. Па меры зносу ніжняя частка замянялася на новую. Радзей шыліся суцэльныя сарочкі – вясельныя або святочныя сарочкі, якія адзяваліся пад плахту (панёву).

З палікамі шылі сарочкі доўгія, з цэльнымі палотнішчамі тканіны, ці з падточкай. Каўнер-стойку ўпрыгожвалі сціплай вышыўкай. Дастаткова шырокі рукаў злучаўся з паліком мярэжкай з чырвоных, чорных, белых нітак. Рукаў унізе быў сабраны пад шырокі манжэт.

Асноўныя месцы ўпрыгожвання сарочкі – рукавы з манжэтам і каўнер. Упрыгожванне – вышыўка і мярэжка. Раней быў пашыраны затыканы бранай тэхнікай рукаў. Мярэжка размяшчалася ў верхняй частцы рукава, па ёй рабілася вышыўка. Таксама аздабляліся стыкі плечавых уставак. Вялікае майстэрства ў выкананні ўзору жанчыны праяўлялі ў аздабленні вонкавай часткі рукава. Узор размяшчаўся ўверсе, таксама расшываўся ўвесь рукаў. Вышыўка ажыццяўлялася ў чырвона-чорнай гаме.

Манжэты аздабляліся вышыўкай, зборкай, карункамі, дэкаратыўнымі краявымі швамі (абкіданне, зубленне), вышыўкай на зборках. Каўнер-стойка небагата ўпрыгожваўся вышыўкай крыжыкам, вытыкаўся бранай тэхнікай. У некаторых сарочках сустракаецца вышыты папярочны або прадольны ўзор на ніжняй частцы. Калі падтыкаўся андарак або спадніца, быў бачны ўзор.

Пазней, у пачатку ХХ ст., сталі распаўсюджвацца сарочкі поліковага крою з шырокімі рукавамі, высокім каўняром-стойкай. У такіх сарочках адсутнічалі мярэжкі, месца злучэння паліка і рукава адзначалася вышытым узорам у выглядзе гірлянды з кветак, сцяблін і лісця. На асноўнай частцы рукава былі размешчаны вышытыя крыжыкам чырвонымі і чорнымі ніткамі букеты кветак, што і дало назву – сарочкі кветкамі або кветкі. Такія ўзоры аздаблялі і ўпрыгожвалі сарочку, надавалі ёй святочны і ўрачысты выгляд.

Літаратура

  1. Раманюк, М. Ф. Беларускае народнае адзенне / М. Ф. Раманюк. – Мінск: Выд.-ва “Беларусь”, 1981. – 317 с.

Аўтар: К В. Уніятава
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLIХ студенческой научно-практической конференции (Гомель, 14–15 мая 2020 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины. 2020. С. 49-50.