Назвы сакавіцкіх прысвяткаў у гаворках Усходняга Палесся і вытворныя ад іх

0
1917
Назвы сакавіцкіх прысвяткаў у гаворках Усходняга Палесся і вытворныя ад іх ды прысвяткі

Да нядаўняга часу народныя прысвяткі даследаваліся як з явы этнаграфічныя і літаратуразнаўчыя, а пытанне аб іх моўным багацці, па сутнасці, не вывучалася. Нягледзячы на тое, што праведзена велізарная работа па зборы дыялектнай лексікі, каляндарна-абрадавы лексічныя адзінкі, складаючы вялікі пласт слоўнікавага складу беларускіх гаворак, не знаходзілі поўнага адлюстравання ў лексікаграфічных працах («Тураўскі слоўнік», «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», «Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны» Т.С. Янковай, «Дыялектны слоўнік» П. Сцяцко і інш.). Толькі «Полесский народный календарь: материалы к этнодиалектному словарю» С.М. Талстой часткова запаўняе гэты прабел.

Народныя прысвяткі, якія бытуюць на тэрыторыі Усходняга Палесся і вызначаюцца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, аказваюць значны ўплыў на развіццё лексічнай сістэмы беларускіх гаворак гэтага рэгіёна. Аднак усходнепалеская каляндарна-абрадавая лексіка поўнасцю не была даследавана. У артыкуле на багатым фактычным матэрыяле, які збіраўся аўтарам на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, даследуюцца назвы сакавіцкіх народных прысвяткаў у мове жыхароў Усходняга Палесся.

У сакавіцкі каляндар уваходзяць народныя прысвяткі, з якімі звязаны прыкметы, павер’і, прыказкі, назвы прамежкаў часу, што традыцыйна склаліся ў побыце беларусаў Усходнягя Палесся.

14 сакавіка (1 сакавіка па ст. ст.) праваслаўная царква адзначае дзень памяці прападобнай пакутніцы Аўдакеі, якая ў час ганення на хрысціян прыняла пакутніцкую смерць [5, 153]. У народным календары — прысвятак Аўдакея. Раней гэты дзень прыпадаў на 1 сакавіка і лічыўся сапраўдным пачаткам вясны, таму з прысвяткам Аўдакеі было звязана мноства народных прыкмет і звычаяў. У народзе казалі: «Якая Аўдакея, такое і лета», «Аўдокі — з гары патокі», «Калі на Аўдакею певень з-пад страхі рады нап’ецца, то на Благавешчанне — вол». «Розным сваім надвор’ем дыктавала Аўдакея і неаднолькавыя прагнозы на будучае: цёплы дзень варажыў цёплую вясну, лета і асабліва ўдалы сенакос, дождж абяцаў ураджай на жыта; туман — на струковыя расліны; мароз гразіўся прымрозіць грэчку ў час яе цвіцення; рэдкія для гэтае пары завірухі, мяцеліцы прадказвалі вялікі холад на ўвесь год» [2, 16-17].

Для абазначзння гэтага прысвятка ў мове жыхароў Усходняга Палесся ўжываецца найменне ў форме множнага ліку Еўдокі: У нас кажуць, што Еўдокі держэ ў руках лето [Мялешкавічы, Мазырскі]; На Еўдокі, говорылі, можно сукаць ніткі [Васькаўка, Мазырскі]; З Еўдокі йдзе ўжэ цепло [М. Аўцюкі, Клінкавіцкі]; На Еўдокі бабы ў нас не прадуць [Залатуха, Калінкавіцкі]; Еўдокі — свято, нічого не роблімо [Сцежарнае, Брагінскі]; у сярэднебеларускіх гаворках [3, 118].

Слова Еўдокі звязана з уласным іменем Еўдакія (параўн. рус.: День Евдокіи красный, на огурцы и грузди урожай [6, 1, 513]), якое паходзіць з грэч. ЕибоХіа [7, 59]. На нашу думку, у форме роднага склону гэтага імя — Еўдакіі (Евдокии) — адбылася рэдукцыя канцавых [ji]. Форма роднага склону адзіночнага ліку стала ўспрымацца формай назоўнага склону множнага ліку: прысвятак Еўдокіі прысвятак Еўдокі Еўдокі.

Ва ўсходнепалескіх гаворках, дзе на месцы галоснага [е] вымаўляецца пачатковае [а] як вынік недысімілятыўнага акання, выкарыстоўваецца фанетычны варыянт Аўдокі ‘тс Калі на Аўдокі дошч — будзе добрае жыто [Бокаў, Мазырскі]; У нас гавораць: «Калі на Аўдокі з горы патокі — настае весна» [Загорыны, Мазырскі]; Гавораць, калі на Аўдокі налеціць завіруха, то лето будзе холодным, а год голодным [Балажэвічы, Мазырскі]; Колісь на Аўдокі робілі адны мужыкі, а бабы не [Навасёлкі, Хойніцкі]; а ў окаючай частцы ўсходнепалескіх гаворак бытуе з тым жа значэннем фанетычны варыянт Оўдокі: Му ўсегда на Оўдокі вусаджваем на росаду помідоры [Завайць, Нараўлянскі]; На Оўдокі не рэжуць, а калі ўжэ і надо порэзаць, то толькі тымі ножніцамі, што для овечэк [Вятчын, Жыткавіцкі].

У віцебска-магілёўскіх гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту функцыянуе назва прысвятка ў форме жаночага роду Аўдакея, падтрыманая адпаведным уласным іменем [2, 16].

Форма жаночага роду назвы гэтага прысвятка Яўдокея пад уплывам уласнага імя ўжываецца ў сярэднебеларускіх гаворках з недысімілятыўным яканнем, дзе ў першым складзе перад націскам пачатковае я ўзнікла на месцы е [3, 118]. Лексема носіць вузкарэгіянальны характар.

Палескай групе брэсцка-пінскіх гаворак таксама ўласцівы назвы з пачатковым я: Явдокья, Явдока [3, 118]; Яўдохі [8, 63].

Як назва свята ў гаворках Усходняга Палесся сустракаецца слова Аўдоцця: Аўдоцця — еты прысвятак празнуваўса раней [Каменка, Мазырскі]; Калі Аўдоцця із снегам — будзе харошы ўраджай, калі з цёплым ветрам — будзе мокрае лета [Бібікі, Мазырскі].

У сярэднебеларускіх і полацкіх гаворках ужываецца форма наймення мужчынскага роду Аўдакей, паяўленне якой тлумачыцца, відаць, аналогіяй з назвай другога сакавіцкага прыcвятка — Аляксей: Святы Аўдакей бычкоў пое, святы Аляксей хамуты строе [1, 90, 95].

Такім чынам, для абазначэння прысвятка, які адзначаецца 14 (1) сакавіка, ва ўсходнепалескіх гаворках функцыянуюць найменні Еўдокі, Аўдокі, Оўдокі, Аўдоцця, у іншых гаворках — Аўдакея, Яўдокея, Явдокья, Явдока, Аўдакей.

Прыведзеныя назвы прысвятка бытуюць толькі ў народна-дыялектным асяроддзі, яны не сталі здабыткам сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

22 сакавіка (9 сакавіка ст. ст.), у дзень вясновага раўнадзенства, праваслаўная царква адзначае памяць сарака пакутнікаў [19, 12]. Сорак воінаў-хрысціян родам з Кападокіі загінулі ў 320 годзе пакутніцкай смерцю за тое, што не адмовіліся ад веры Хрыстовай [5, 156].

Лічэбнік, ад якога пайшла назва прысвятка, шырок а выкарыстоўваўся ў павер’ях і абрадавых дзеяннях жыхароў Усходняга Палесся. На Усходнім Палессі ў гэты дзень дзяўчаты хадзілі гукаць вясну [2, 18].

Надвор’е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу чалавека: На Саракі зіма пайшла да ракі [10, 85]; Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не давалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі на Саракі ўволю нап ’ецца вол ад расталых ледзяшоў — будзе добрая вясна [2, 18].

Ва ўсходнепалескіх гаворках распаўсюджана форма множнага ліку Саракі: На Саракі дзеўкі весну клічуць [Лукі, Калінкавіцкі]; На Саракі гушкаліся на арэлях [Махнавічы, Мазырскі]; Рэчка вуходзіць на Саракі [Ясяні, Брагінс. і]; Калі на Саракі прылетаюць птушкі, то ета прылетаюць душы нашых дзедоў [Паселічы, Хойніцкі]; Будзе цёплая весна, калі на Саракі вол вады нап’ецца [Веляцін, Хойніцкі]. Семантычна найменне звязана з лічэбнікам сорак.

У сярэднебеларускіх гаворках, віцебска-магілёўскіх гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту таксама функцыянуе слова Саракі [11, 367].

Назва Сороки ‘тс’ адзначаецца ў слоўніку І. І. Насовіча [12, 600].

Найменне Сар акі ‘дзень сарака пакутнікаў’ вядома рускай народна-дыялектнай мове [13, 246].

З гэтым значэннем слова Сороки занатавана ў «Толковом словаре» У. Даля [6, 275].

Лексема Саракі не набыла статусу нарматыўнай адзінкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Ва ўсходнепалескім дыялектным рэгіёне выкарыстоўваецца таксама найменне Сарака: На Сарака дзеўкі песні пяюць [Асавец, Мазырскі]; На Сарака сорак выраеў прылетаець [Сырод, Калінкавіцкі]; Гавораць, што на Сарака душы сарака мучанікаў прылетаюць ек жаўрукі да нас на зем.ю [М.Аўцюкі, Калінкавіцкі]; Сарака весну адкрываюць [Прудок, Мазырскі]; а таксама фун.цыян юць фанетычныя варыянты Сорока (Соракі) ‘тс’: У нас на Сорока дзеўке ворожаць про чоловека [Азяраны, Жыткавічы]; На Сорока колісь песні пелі і зазывалі весну [Сяменча, жыткавіцкі].

Лексічныя адзінкі Сарака, Сорока, Соракі не кадыфікаваны сучаснай беларускай літаратурнай мовай.

Фанетычны варыянт Сорыкі бытуе ва ўсходняй групе паўночна-ўсходніх гаворак, дзе ў паслянаціскным неканцавым адкрытым складзе галосны няверхняга пад’ёму [а] пасля зацвярдзелага зычнага супаў у гуку [и], артыкуляцыйна блізкім да [ы] [4, 414; 2, 47].

Варыянт Сараке сустракаецца ў сярэднебеларускіх гаворках, дзе захаваліся рэшткі былых склонавых форм лічэбнікаў, што субстантываліся ў назоўнікі [14, 253].

На захадзе паўночна-заходніх гаворак распаўсюджаны марфалагічны варыянт Саракавік [15, 424]. Там жа бытуе варыянт Саракавіке ‘тс’ [11, 366-367]. Слова ўтворана ад асновы парадкавага лічэбніка саракав(ы) шляхам далучэння да яе суфікса -ік.

У палескай групе паўднёва-заходніх гаворак сустракаецца складанае найменне Сорокос’ятые ‘тс’, дзе зацвярдзенне губнога [в’] і паяўленне [j] выклікала збег зычных з выпадзеннем [в’] [16, 75]. Утварэнне наймення матывавана лексічным спалучэннем сорак святых.

У гаворках Усходняга Палесся бытуе састаўное найменне Сорак светых (Сорок светых) ‘тс’: На Сорак светых дзеўкі на дошках скачуць [Вялікі Бор, Хойніцкі], На Сорак светых велікіе дзеўкі ў дошку гуляюць [Зарэчча, Брагінскі], На Сорак светых надо зламаць сорак дошчачэк [Аляксандраўка, Калінкавіцкі], На Сорак светых пяком булкі, каб сорак було [Прудок, Мазырскі]; На Сорок светых кідалі цераз дом сорок палок, штоб знайці за лето сорок качак [Буда-Сафіеўка, Лельчыцкі]; На Сорок светых ходзілі рэзаць палкі, каб перэкідаці іх церэз крышу [Сямурадцы, Жыткавіцкі].

Гэтым гаворкам уласцівы марфалагічны варыянт Сорок светые ‘тс’: На Сорок светые

хрэсты пеклі і етым хрэстом вугонялі худобу ў поле [Буйнавічы, Лельчыцкі]. Лексема носіць лакальны характар.

Украінскай народнай мове ўласціва назва Сорок Святих з той жа семантыкай [17, 73].

Найменні Сорак светых, Сорок светых, Сорок светые не зафіксаваны ў нарматыўных слоўніках беларускай мовы, бытуюць толькі ў народных гаворках.

Фактычны матэрыял сведчыць, што для абазначэння прысвятка, які адзначаецца 22 сакавіка, ва ўсходнепалескіх гаворках выкарыстоўваюцца найменні Саракі (Сарака, Сорока, Соракі), Сорак светых (Сорок светых, Сорок светые). Найбольш пашырана слова Саракі. Словазлучэнне Сорак светых (Сорок светых, Сорок светые) абмежавана даследуемым моўным арэалам. На тэрыторыі іншых беларускіх дыялектаў ужываюцца назвы Саракі, Сарака, Сорыкі, Сараке, Саракавік, Саракавіке, Саракас ’ятыя. У народнай свядомасці назва прысвятка звязваецца з лічбай сорак, якая надзялялася магічнай сілай: На Саракі пеклі сорак птушак, коржыкі такіе із цеста, штоб залецела сорак птушак до нас [Казловічы, Калінкавіцкі]; У нас старые говорылі, што на Соракі пеклі хрэсцікі, клалі іх на прыпечак да Юр‘я, а калі вугонялі короўку ў поле, то давалі ёй з’есці ад сурокоў [Вялікія Сялюцічы, Петрыкаўскі].

Назвы сакавіцкіх прысвяткаў з’яўляюцца адным са старажытнейшых пластоў лексікі, які ў канцэнтраваным выглядзе перадае ўяўленні аб з’явах знешняга свету, патрэбах людзей, іх поглядах, маральна-псіхалагічным стане, ’рамадскіх адносінах і з’яўляецца важнай састаўной часткай слоўнікавага складу гаворак палескага рэгіёна. У залежнасці ад асаблівасцей гаворак на пэўных тэрыторыях у народным маўленні шырока ўжываюцца аднаслоўныя і састаўныя назвы і разнастайныя іх варыянты. Варыянтнасць лексем звязана з уплывамі народнай этымалогіі, норм беларускай літаратурнай мовы. Паводле паходжання, разгледжаныя назвы звязаны з агульнай лексікай — Саракі (Сарака, Сорока, Соракі, Сорак светых, Сорок светых, Сорок светые) — і з уласнымі імёнамі — Еўдокі (Аўдокі, Оўдокі, Аўдоцця).

Літаратура

  1. Песні народных свят і абрадаў / уклад. і рэд. Н. С. Гілевіча. — Мінск: Выд-ва БДУ, 1974. — 464 с.
  2. Васілевіч, У. Беларускі народны каляндар / У. Васілевіч. — Мінск: Ураджай, 1993. — 80 с.
  3. Толстая, С. М. Полесский народный календарь : материалы к этнодиалектному словарю / С. М. Толстая // Славянское и балканское языкознание. — М.: Наука, 1986. — 248 с.
  4. Бялькевіч, І. К. Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны / І. К. Бялькевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1970. — 508 с.
  5. Энциклопедия российских праздников / сост. В. Воскобойников, Н. Голь. — СПб.: РЕСПЕКС, 1997. — 4,8 с.
  6. Даль, В. Толковый словарь живого великорусского языка: в 4 т. / В. Даль. — М. : Гос. изд-во иностр. и национ. словарей, 1953. — Т. 1. — 699 с.; Т. 4. — 684 с.
  7. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер ; пер. с нем. и доп. чл.-кор. АН ССР О. Н. Трубачёва. — 2-е изд., стереотип. — М. : Прогресс, 1986. — Т. 1. — 576 с.
  8. Беларускі народны каляндар / аўт.-уклад. А. Ю. Лозка. — Мінск: Полымя, 1992. — 205 с.
  9. Православный календарь / по благословению архиепископа Брестского и Кобринского Константина. — Тула: ИПО «Л. Т.», 1999. — 63 с.
  10. Анічэнка, У. В. Народныя прыкметы / У. В. Анічэнка, А. К. Малюк. — Мінск: БелЭн, 1992. — 90 с.
  11. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979-1986. — Т. 4. — 616 с.
  12. Насовіч, І. І. Слоўнік беларускай мовы / І. І. Насовіч. — Мінск: БелСЭ, 1983. — 792 с.
  13. Расторгуев, П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины: материалы для истории словарного состава говоров / П. А. Расторгуев; ред. Е. М. Романович. — Минск: Наука и техника, 1973. — 296 с.
  14. Шатэрнік, М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / М. В. Шатэрнік ; пад рэд. Б. І. Эпімаха-Шыпілы, М. Я. Банкова. — Менск: Выд-не БАН, 1929. — 317 с.
  15. Сцяшковіч, Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т. Ф. Сцяшковіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 671 с.
  16. Тураўскі слоўнік : у 5 т. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. — Т. 5. — 424 с.
  17. Скуративський, В. Т. Дідух: Свята україньского народу / В. Т. Скуративський. — Київ: Освіта, 1995. — 272 с.

Summary

The article analyses the lexical and semantic peculiarities of the names of some March calendar holidays and rites of Eastern Pollessye reveals the functioning of names of March holidays and rite.’ in folk proverbs and in the literary language.

Аўтар: Л.І. Лапіцкая
Крыніца: Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. — 2006. — № 2 (15). — С. 104—107.