Вывучэнне дыялектных слоў з’яўляецца сёння не толькі ўласна філалагічнай, але і культуралагічнай задачай, таму што беларускія дыялекты ўяўляюць сабой значную частку гісторыі беларускага народа.
Лоеўшчына — старажытная частка Палесся, што размешчана па Дняпры і нізоўі Сожа. Геаграфічнае палажэнне гэтага краю (на стыку некалькіх дыялектных груп) абумовіла багацце і разнастайнасць яго гаворкі, якая займае берагавое становішча ў палескай групе беларускіх дыялектаў. Досыць цікавая ў дыялектных адносінах лексіка Лоеўскага раёна — неад’емная частка народна-дыялектнай мовы беларусаў, якая з’яўляецца крыніцай папаўнення і ўзбагачэння літаратурнай мовы.
Характэрныя для мясцовай гаворкі сельскага насельнітва гэтага рэгіёна найменні зафіксаваны ў “Дыялектным слоўніку Лоеўшчыны”, які з’явіўся крыніцай нашага даследавання [3]. У дадзеным слоўніку зафіксаваны лексічныя з’явы народнай мовы, шырока прадстаўлены розныя лексіка-тэматычныя групы лексікі хатняга ўжытку, сярод якіх назвы посуду. (Некалькі дыялектных адзінак адзначаны ў “Матэрыялах для дыялектнага слоўніка Гомелыпчыны” [1]).
Узнікненне назваў посуду абумоўлена цэлым шэрагам такіх экстралінгвістычных фактараў, як узровень развіцця сродкаў вытворчасці, наяўнасць сыравіны, з’яўленне новых прадметаў матэрыяльнай культуры. Згодна з “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” [2] посуд — гэта ‘гаспадарчае начынне для прыгатавання і падачы ежы, пітва’, пасудзіна — ‘асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што-небудзь’ [2, IV, с. 293-294], начынне ‘сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага і пад. ужытку’ [2, III, с. 340]. У лоеўскіх гаворках зафіксавана шматлікая колькасць дыялектных адзінак посуду: кухоннага, сталовага, плеценага, драўлянага, посуду-тары, а таксама пасудзін рознага прызначэння: для захавання харчовых і нехарчовых прадуктаў, перавозкі грузаў і інш.
Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся дыялектныя адзінкі кухоннага, сталовага посуду і начыння, а таксама асобных пасудзін, менавіта тых, што прызначаны для трымання або захавання прадуктаў харчавання і прыдатных у ежу вадкасцей.
Прадметна-тэматычную класіфікацыю найменняў такога віду ў залежнасці ад прызначэння можна прадставіць наступным чынам:
- Кухонны посуд, які ў гаворках Лоеўшчыны адзначаны найменнямі гаршчкоў, чыгуна, сковарады, місак, чайніка, сальніцы, таксама назвамі кухоннага начыння — таўкача, тарак і рэшата.
Літаратурная адзінка гаршчок ужываецца з тым жа значэннем, што і ва ўнармаванай мове — ‘круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы’ [2, II, с. 35]; акрамя таго, адзначаны фанетычны варыянт горшчык: Хто скажа гаршчок, а болей горшчык [ 3, с. 89], а таксама лексічны сінонім варэйка (памянш. варэечка): О тую варэйку солонікаў наварым; Пастаў варэйку на прыпечак; Во на стале чыгункі, варэечка стаіць [3, с. 64-65].
Зафіксаваны шматлікія дыялектныя назвы маленькіх гаршчкоў, а менавіта: кулак: Сабе вот екі маленькі кулак зварыць, дроў трохі падкіне, дак і хата не награваецца [3, с. 171]; лязкоўка (лезкоўка) (памянш. лезковачка, лязковачка, лясковачка): Купі бо там маленькую лезкоўку; Абедалі у сталовай, дак у лезковачках м ’яса жаранае давалі; Прыставіла сёдні баршчу адну лесковачку: ніхто яго цепер і есці не хоча [3, с. 185]; махотка: Вот у мене екая махотка. Децям варыла у ёй [3, с. 191]; стаўбунчык. Баба, а ты толькі стаўбунчык баршчу наварыла? [3, с. 340].
Для наймення гаршчкоў, аплеценых дротам, выкарыстоўваецца лексема аплецень: Як у сетку усадіш горшчок, дак ета аплёцень [3, с. 35]. Верхняя частка гаршчка называецца вёнцы: Вёнцы -рубчык самы на гаршчку [3, с. 66].
Для вясковага побыту неабходнай кухоннай пасудзінай з’яўляецца чыгун (‘гаршчок са сплаву жалеза з вугляродам’ [2, V/2, с. 325]). Маленькі чыгунчык на Лоеўшчыне мае назву чыгунёц: У чыгун пастаўляю вады — у большы, а не у чыгунёц-маленькі называецца, менчы [3, с. 413].
Для наймення металічнай пасудзіны круглай формы для смажання — патэльні, або сковарады [2, V, с. 146] — ужываецца назва бляха: Высып зерне на бляху; Уставіла бляху ігруш у печ, каб сохлі [3, с. 53].
Дзёжку (згодна з тлумачальным слоўнікам — ‘драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак (для заквашвання цеста, салення і пад.)’ [2, II, с. 166]) для рошчыны называюць пёкальніцай: А хлеб рашчыняюць у пёкальніцы; Мая пёкальніца чуць-чуць ліпіць, скора рассыпіцца [3, с. 260], а дзежку для бліноў — блінцоўкай (памянш. блінцовачка): Блінцоўка — дзежка, дзе блінцы рашчыняюць; Блінцовачку пастаў на печ [3, с. 53].
Шырокую і глыбокую, круглай формы, пасудзіну для яды [2, III, с. 163] — міску — можна аднесці як да сталовага, так і кухоннага посуду. Для кухоннага прызначэння, а менавіта для выпечкі, выкарыстоўваецца вялікая міска, якая мае назву лаханя: Паскі пеклі у лахані. Дай бо мне лахані паску пасадіць [3, с. 177]; вялікая і глыбокая міска для кухні — гэта макотра: Макотра — глыбокая міска з гліны [3, с. 187].
Трэба адзначыць, што ў сучаснай унармаванай мове назвы макацёр і макатра маюць значэнне ‘гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зверху, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя і інш.’[2, III, с. 87], між тым, у гаворках Лоеўшчыны гэтыя лексемы, прадстаўленыя дыялектнымі фанетычнымі варыянтамі макотра (памянш. макотрык), макоцер, выкарыстоўваюцца для наймення любых місак: У макотры сметану держаць; Назбірала у макоцер сыру; Купіла тры гладышкі, адну міску і макоцер [3, с. 187], а прызначэнне макацёра выконвае махотка: На свята пеком, дак мак тром у махотцы [3, с. 191].
Накрыўка (‘тое, чым накрыта што-небудзь’ [2, III, с. 261]) для каструль і гаршчкоў прадстаўлена намінацыямі покрыўка (Накрый покрыўкай кайструлю) і покрышка (Накрываюць покрыўкай горшчок [3, с. 271].
Назва чайніка (‘пасудзіны з носікам і ручкай, у якой заварываюць чай або гатуюць ваду’ [2, У/2, с. 287]) ужываецца ў памяншальным акцэнтна-словаўтваральным варыянце чайнічок: Чайнічок купіла беленькі з сінімі цветочкамі; Завары чайу чайнічку; Заварыць траву у чом-нібудь, а тады у чайнічок вулле і п ’е гарачы, як чай [3, с. 406).
Невялікая пасудіна для трымання солі ў літаратурнай мове мае назвы сальніца і салянка [2, V, с. ЗО], а ў дыялектным слоўніку Лоеўшчыны зафіксаваны словаўтваральны варыянт салонка (солонка): Солднка разбілася, трэба новую купіць; Насып соліу солонку [3, с. 317].
Прадмет кухоннага ўжытку ў выглядзе ‘металічнай пласцінкі з дзіркамі, якая служыць для раздрабнення, расцірання чаго-небудзь’, у беларускай літаратурнай мове мае найменне тарка [2, V, с. 479], аднак на Лоеўшчыне ўжываюцца найменні-сінонімы драчка: Падай драчку, таранікаў натарым [3, с. 107], цяртўшка (цертўшка) (памянш. цяртўшачка): Трэба драчы садраць на цертушку; Сашка прыбегла, узела шчотку і цяртушку; /1 /но на цертушачку можна падраць [3, с. 406].
Назва прылады ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што-небудзь, — таўкача [2, V, с. 483] — у лоеўскіх гаворках мае словаўтваральны варыянт таўкачка: Беры таўкачку да патаўчы кортошку [3, с. 356]. Вялікая драўляная лыжка, якой мяшаюць у гаршку, — гэта мяшанка: Мешанку памый, а то засохне [3, с. 198].
Адзін з прадметаў кухоннага начыння — рэшата (‘рэч хатняга ўжытку для прасейвання мукі і пад. у выглядзе шырокага абруча з сеткай’ [2, IV, с. 766]) — на Лоеўшчыне называецца поцітак: Еечкі берыцеу поцітку. Пдцітак ета рэшата [3, с. 274].
- Сталовы посуд, які прадстаўлены дыялектнымі назвамі місак, талеркі, а таксама найменнямі сталовага начыння — лыжак, відэльцаў і ножыка.
У лоеўскіх гаворках для наймення міскі ўжываюцца як літаратурныя назвы міска і міса (‘вялікая міска’ [2, III, с. 162]): Што вы краснае есце у місцы?; Бабі сто годоў, дак ена возьме бутылачку віна, наллеу міску, накрышыць хлеба і есць; У сенцах міса стаіць, берыце [3, с. 194], так і дыялектная назва палўмісак (‘невялікая міска’): Купіла сабе ў Лоеві две міскі і палўмісак [3, с. 245]; для драўляных місак існуе намінацыя каганка: А што было дзелаць, калі пасуды ні было, то с каганкі так елі, што за вушамі трашчала, а ціпір усе на тарэлачцы паднясі [1, с. 189-190];
Неабходным сталовым посудам з’яўляецца талёрка. Яе назва прадстаўлена рускім варыянтам, што ўзнік у выніку метатэзы, — тарэлка: Деўкі, берыце на тарэлцы наліснікі; Тарэлкі даставай, будам абедаць [3, с. 356].
Для назвы ‘прадмета сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ [2, III, с. 64] — ль’іжкі — выкарыстоўваецца варыянт ложка (памянш. ложачка): Ложкі новые купілі; Ложку з дерава робяць, з ліны; Усе маленькіе ложачкі пагнулі [3, с. 181]; акрамя таго, зафіксавана лексема ядалка (едалка): Вазьмі чыстую ядалку; Саберы са стала едалкі [3, с. 429].
Сталовы прыбор у выглядзе ручкі з доўгімі зубамі [2,1, с. 489] прадстаўлены словаўтваральнымі варыянтамі літаратурнай назвы відэлец — відёлак, відёлка (відзёлка): У нас кажуць відёлка, а у Баршчоўцы відёлак, а то ешчэ вілка [3, с. 67].
У лоеўскіх гаворках існуе намінацыя для зламанага ножыка — карначык: У мяне такі лоўкі карначык, што я за пяць мінут чугунок бульбы ім аблуплю [1, с. 213].
- Посуд для вадкасцей. У беларускай літаратурнай мове ўжываецца вялікая колькасць назваў посуду для вадкасцей (банка, біклага, бітон, бутля, гарлач, гладыш, гляк, збан, карэц, коўш, кілішак, конаўка, кўбак, слоік, чарка, шклянка і інш.). Між тым, у лоеўскіх гаворках зафіксавана шмат лексем, якія не маюць адпаведнікаў ва ўнармаванай мове. Адны з іх выкарыстоўваюцца для наймення пасудзін, прызначаных для вады, другія — для захавання вадкіх харчовых прадуктаў: малака, квасу, алею, гарэлкі і г.д.
Для вады або іншых напіткаў прызначана невялікая драўляная ці металічная пасудзіна біклага [2, I, с. 374], для наймення якой у гаворках Лоеўшчыны выкарыстоўваецца фанетычны варыянт баклага: Баклагу для піцця на поле бралі; Баклага дераўяная для вады; У баклагу налі гарэлкі [3, с. 44].
Назва гляка (памянш. глячок) — ‘нізкай глінянай пасудзіны з выпуклымі бакамі і вузкім горлам’ [2, II, с. 61] — прадстаўлена фанетычным варыянтам глёк: Глёк для вады, для поснога масла; Пагледела, як савау глёк; Гладышка — без вушак, глёк з вушкамі [3, с. 85].
Для назвы слоіка (‘невялікая шкляная або гліняная пасудзіна’ [2, V, с. 206] выкарыстоўваецца лексема банка: Поўную банку накідайце малака; Як молоко у банцы лежыць, а ты не хочыш его есці, дак ета ты не голодная [3, с. 46], для наймення менавіта шклянога слоіка — сцяклянка (сцеклянка): Улі сабе малака з сцеклянкі [3, с. 46).
Бляшаная з накрыўкай пасудзіна для пераносу і захавання малака і іншых вадкасцей — бітднчык [2, I, с. 377] — у пэўных вёсках Лоеўшчыны можа называцца барылачка: На табе барылачку малака, занесі цёццы Мар’і: да ееунукі прыехалі [3, с. 47]. (У сучаснай беларускай літаратурнай мове барь’іла мае значэнне ‘заднёная з двух бакоў невялікая бочачка для напіткаў’ [2,1, с. 346]).
У літаратурнай мове казан — гэта ‘кацёл з круглым дном і шырокім верхам’, казанок — ‘невялікі казан; кацялок’ [2, II, с. 574], кацёл (памянш. кацялок) — ‘металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад.’ [2, II, с. 668]. “Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны” падае лексемы казан са значэннем ‘кацёл’: Казан — здаровы кацёл; Казан меду набралі; Раней такіе булі вісокіе, нача чыгуны з дужкамі — казаны [3, с. 146], а для назвы кацялка выкарыстоўваецца дыялектны словаўтваральны варыянт казанёц: Наліла малака казанёц да дала кіслага [3, с. 146].
Літаратурная лексема карэц мае значэнне ‘драўляная або металічная пасудзіна з ручкай для зачэрпвання вады, квасу’ [2, II, с. 654], аднак назва карэц у лоеўскіх гаворках ужываецца толькі для медных кружак: Калісь булі кружкі медяные, дык ета карэц. (У ваенныя і пасляваенныя гады — кружкі з гільзы: Карэц — медны з гільзы у войну делалі [3, с. 154].
Назва невялікай, звычайна з ручкай, фарфоравай, глінянай ці іншай пасудзіны для піцця, якая ў літаратурнай мове мае найменне — кубак [2, II, с. 718], адзначана дыялектнай лексемай кўхлік: У кўхлік молоко наліваюць, чай п’юць; О-о у мене вада еу кўхліку [3, с. 173]; Выпі з кўхліка малака [ 1, с. 173 ].
На Лоеўшчыне выкарыстоўваецца як літаратурнае найменне гладыш (гладышка) (памянш. гладышачка) (згодна з Тлумачальным слоўнікам — гэта ‘збан без ручкі’ [2, II, с. 55], а збан у сваю чаргу — гэта ‘высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку і носік’ [2, II, с. 426]: Да палавіны гладышкі наліла; Деўкі, берыце молоко у гладышцы дай піце; Як пойде у заём, дак і масла е, а хочьпы, дак пастаў гладышачку на творог [3, с. 85]), так і дыялектныя лексемы крынка: Я натапіла две крынкі малака; Я надаіла крынку малака [3, с. 168], гірка ‘збан з адбітым горлам’: Гірка — абабітая гладышка; А ета што там у гірцы? [3, с. 84].
Назва бутэлькі (‘шкляная пасудзіна для вадкасцей, звычайна цыліндрычнай формы з вузкім горлам’ [2,1, с. 425]) прадстаўлена дыялектнай намінацыяй пляшка (памянш. пляшачка): Пустые яшчыкі з пустымі пляшкамі; Узела шэсць пляшак, да каўбас, да сцягно; Пляшачку віна возьме; Дам табе пляшачку гарэлкі і іді [3, с. 270], а таксама рознымі найменнямі ў залежнасці ад памеру. Так, для назвы вялікай бутэлькі, якая ў літаратурнай мове адзначана лексемай бўтля [2,1, с. 425], выкарыстоўваецца словаўтваральны варыянт бўталь: У нас бўталь девяць паўлітраў; Сеголета паставіла ноўны бўталь вішань, а да весны не буде: деці поцегаюць [3, с. 60], сінанімічныя адзінкі: жураў (трохлітровы буталь): Цэлы жураў гарэлкі наліў [3, с. 116] і манах (бутля ад 3 да 6 літраў): Деўкі дасталі маю настойку у манасі іусю вупілі — цэлых п ’яць літраў; Цэлы манах масла ружэйнага наліў [3, с. 189). Маленькая бутэлька мае найменне байстручок: Е усякіе пляшкі: велікая пляшка — трохчэцвертная, сотка — байстручок; Налі боу байстручок малака дзіцяці [3, с. 44].
Чарка (памянш. чарачка) — ‘невялікая шкляная пасудзіна на ножцы для піцця спіртных напіткаў’ [2, У/2, с. 298] — на Лоеўшчыне носіць назву конік: Конік — ета калісь чарка [3, с. 162].
Раней алей выраблялі самі сяляне, і таму зразумелым з’яўляецца вялікая колькасць назваў ёмістасцей для яго захавання. Пасудзіны для гэтага важнага прадуктаў харчавання былі драўляныя — паставёц: У пост налівалі алею поўны паставёц [3, с. 254], насок (носок): Калісь самі білі алей да у наскі налівалі (ужываецца таксама і для трымання гарэлкі: Носок — дераўяная бочачка, у екую наліваюць гарэлку [3, с. 209]; гліняныя — тыква: Тыква — пасуда для алею; Алей б’юць і наліваюць у тыкву [3, с. 364]; алёйнік: Трэ було новы алёйнік купіць [3, с. ЗЗ]. (Дарэчы, у літаратурнай мове бутэлька, бляшанка, каністра для алею мае назву алёйніца, а алёйнік (разам са словам алёйшчык) з’яўляюцца назвамі асобы — ‘спецыяліста па вытворчасці алею’ [2,1, с. 223].
Сярод народна-бытавых назваў посуду адзначана мнагазначнасць. Так, лексема бляха мае некалькі значэнняў: 1) ‘патэльня’; 2) ‘тонкае ліставое жалеза’: От зайграў: бляхі — шчэ ж хата не цячэ; 3) ‘верхняя частка пліты’: Ідзі пачысці бляху, а то смурод ідзе; Бляха раскололась, трэба масцера зваць, заменіць [3, с. 53]. Махотка — гэта: 1) ‘маленькі гаршчок’ і 2) ‘макацёр’: На свята неком, дакмак трому махотцы [3, с. 191]. Лексема міска ўжываецца са значэннямі ‘міска’ і ‘таз’: Пойдіш у баню, дак вазьмі большую міску; То у місці лісты да хра пы ляжаць, начысці храны детям, заберы корові лісце і храпы [3, с. 194]. Дыялектная намінацыя драчка мае тры значэнні: 1) ‘тарка’; 2) ‘ручныя жорны’: Колас я додому прынесла, дак поўпуда було, а тады на драчку да помолола да хлеба напекла; 3) ‘спецыяльная прылада ў цесляроў’: Драчка трошкі загнутая, ведеш па ніжнему дераву, захватуеш верхнее, калі прыдерэш, дак ены шчыльна прылегаюць [3, с. 107]. Слова пляшка (памянш. пляшачка) выкарыстоўваецца як для наймення бутэлькі, так і для назвы шкла для лямпы: Пачысці пляшку да надень на лампу; Запалі лампу. — Де тая пляшка, шчо учора купіла? [3, с. 270]. На Лоеўшчыне паланізм гарнец у выніку метанімічнага пераносу стаў мнагазначным словам і ўжываецца ў значэнні ‘вядро’: Тады ж делалі дераўяные гарнецы майстры, а цепер зелезные і ў значэнні ‘мера сыпучых рэчаў (1/4 вядра)’ [3, с. 82].
Даволі распаўсюджанай у разглядаемай групе дыялектнай лексікі з’яўляецца з’ява аманіміі. Аманімічнымі з’яўляюцца наступныя пары слоў, сярод якіх адна з лексем — найменне посуду:
байстручок1 ‘маленькая бутэлька’ і байстручок2 ‘пазашлюбнае дзіця’: Бач екі байстручок ужэ вурас, да гледзіць маткі [3, с. 44];
жураў1 ‘трохлітровы буталь’ і жураў2 ‘журавель’: Ходзіць жураў па поплаву; Журавы лецяць пад сонцам і курлычуць [3, с. 116];
конік1 ‘чарка’ і конік2 ‘цвыркун’: На траву вунь сколькі конікаў прыгае; конік3 ‘варэнік’: Заўтра будам з вішань конікі делаць; Конікі маленькіе, лепяцца кулачкамі; Два конікі прынёс, што пекуць із сырам [3, с. 162];
лясковачка1 ‘маленькі гаршчок’ і лясковачка2 ‘дзіцячая гульня’: Хаді гуляць у лесковачку [3, с. 186];
мяшанка1 ‘вялікая драўляная лыжка, якой мяшаюць у гаршку’ і мяшанка2 ‘тоўчаная бульба, пюрэ’: У нас мешанку делаюць; Наварыла мешанкі да затаўкла салам — ежце; Вам солонікаў наварыць ці мешанкі зделаць? [3, с. 198].
Дыялектная назва маленькага гаршчка кулак1 узнікла як метафарычны перанос па памеры ад
наймення кулак2 са значэннем ‘кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамГ [2, II, с. 751], назва посуду з гліны для алею тыква — як перанос па форме ад наймення тыква (руск.) — гарбуз (бел.) — са значэннем ‘буйны круглы або авальны плод агароднай расліны сямейства гарбузовых з паўзучым сцяблом’ [2, II, с. 30].
Некаторыя аналізуемыя адзінкі ўваходзяць у склад народных фразеалагізмаў, а іменна лексемы гаршчок: гаршчкі павыядаць — ‘прагна паесці’: Казала: зяць пабагату есць, навару, дак гаршчкі павуедае [3, с. 83] і тарэлка: тарэлкі павыядаць — ‘з’есці ўсё’: Шчоб я с сего места неустала: усе тарэлкі павуедаў [3, с. 356].
Акрамя вышэйпададзеных груп посуду, у асобную групу мэтазгодна вылучыць драўляны посуд. У дадзеным артыкуле мы разгледзім асобныя найменні пасудзін з дрэву: што не былі прааналізаваны вышэй і што ўжываюцца менавіта для захавання прадуктаў харчавання.
Як вядома, вырабы з дрэва як асноўнага віду матэрыялу спрадвеку займалі ў гаспадарчым побыце беларусаў значную частку. Нягледзячы на тое, што з’явілася шмат начынняў з іншых, альтэрнатыўных, матэрыялаў, тым не менш, многімі драўлянымі рэчамі беларусы карыстаюцца і сёння.
Самая вялікая колькасць дыялектных адзінак зафіксавана для наймення бочкі (згодна з Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы гэта ‘вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі’ [2,1, С. 397]), а менавіта: шчань: На зіму ставаім две шчані капусты і гуркоў; Муку калісь у шчані хавалі, а цепер колькі трэба, купляем у магазіне [3, с. 424], асінаўка (‘вялікая бочка з асінавай клёпкі’): Намалацілі цэлую асінаўку жыта [3, с. 37], лубянка (луб’янка) (‘вялікая бочка, у якую ссыпалі зерне’): Зразу прывезлі зерно і высыпалі у чатыры луб’янкі; Калісь зерно ссыпалі у луб’янкі [3, с. 181], барыла (‘невялікая бочачка’): Прывезуць бочку піва, шчэ гарэлкі барыла, а барыла гаварыла: калі мене не вуп ’еце, то па постаці пакачусь да да каплі разваллюсь (3 нар. песні) [3, с. 47].
Са значэннем дзёжка (‘драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак’ [2, II, с. 166]) ужываецца найменне ўсыпішча (‘дзежка, у якую ссыпаюць зерне’): Усыпішча — тое, што усыпная дежка; У усыпішча жменяю ячменю нанасіў [3, с. 382].
У беларускай унармаванай мове намінацыя кўбел (памянш. кубёлец, кубёлак) ужываецца са значэннем ‘дзежка з вушкамі і векам, звычайна для захоўвання прадуктаў і рэчаў’ [2, II, с. 748]. У гаворцы жыхароў Лоеўшчыны ўжываецца літаратурная лексема кўбел з памяншальным варыянтам кўблік у значэнні ‘бочка з векам для сховы сала’: Кўбел — дежка з вушкамі і засаўка, накрываецца кружок такі — века; У кўбел сала складаем; Кўблы бьілі круглые із верхам; Кўбел мёду Дятлы накачалі; Кублік сала наклалі, а засталася паўкўбліка [3, с. 169].
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае літаратурную лексему скрыня з двума значэннямі: ‘вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго-небудзь’ і ‘прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад.’ [2, У/1, с. 185]. У дыялектнай мове Лоеўшчыны з першым значэннем ужываюцца сінанімічныя лексемы пак (‘скрыня для мукі, збожжа’): У нас заўсёды мука у паках стаіць [3, с. 240] і сўдня (‘скрыня для збожжа’): У сўдню ссыпалі проса [3, с. 345].
Такім чынам, зыходзячы з прааналізаванага матэрыялу, можна зрабіць вывад, што ў гаворках Лоеўшчыны побач з нарматыўнымі найменнямі посуду і начыння функцыянуюць вузкарэгіянальныя, мясцовыя, дыялектныя назвы, што адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў гукавымі, словаўтваральнымі і граматычнымі паказчыкамі; шырока ўжываюцца лексічныя сінонімы; сярод пададзеных дыялектызмаў шмат мнагазначных слоў і амонімаў; некаторыя лексемы ўваходзяць у склад народных фразеалагізмаў.
Вывучэнне дыялектных назваў посуду дазваляе ўдакладніць моўную карціну свету, лепш зразумець сваю родную мову, бо кожнае мясцовае найменне ўяўляе сабой гістарычную з’яву народнага жыцця.
Літаратура
- Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомелыпчыны [Тэкст ] — У кн.: Беларуская мова і мовазнаўства. Міжвуз. зборнік. — Вып. 4: Беларуская мова: Е — К, — Мінск: Выдавецтва БДУ імя У.І. Леніна, 1976. — 276 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы [Тэкст ]: у 5 т. / Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН БССР К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). — Мінск: выдавецтва “Бел. Сав.Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1977-1984.
Т.1: А — В / [Рэд. тома М.П. Лобан] — 1977. — 608 с.
Т.2: Г — К / [Рэд. тома А.Я. Баханькоў] — 1978. — 768 с.
Т.З: Л — П / [Рэд. тома П.М. Гапановіч] — 1979. — 672 с.
Т.4: П — Р / [Рэд. тома Г.Ф. Вештарт, Г.М. Прышчэпчык] — 1980. — 768 с.
Т.5: Кн. 1. С — У / [Рэд. тома М.Р. Суднік] — 1982. — 663 с.
Т.5: Кн. 2. У — Я / [Рэд. тома М.Р. Суднік] — 1984. — 608 с.
- Янкова, Т.С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны [Тэкст ] / Т.С. Янкова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.
Аўтар: С. В. Чайкова
Крыніца: Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Гуманитарные науки. – 2011. – Вып. 2 (65). – С. 97-102.