Саматычная лексіка — адзін з самых старажытных лексічных пластоў. Яна вызначаецца ўстойлівасцю, шырокай метафарызацыяй і фразеалагізацыяй, у сваёй аснове супадае з тэрміналагічнымі найменнямі.
Аб’ектам нашай увагі з’яўляюцца назвы ніжняй канечнасці і яе частак, зафіксаваныя ў «Тураўскім слоўніку».
Нага складаецца з трох асноўных частак: ніжняй (ступня), сярэдняй (галёнка) і верхняй (бядро). Адрозніваюць таксама і яшчэ некаторыя часткі нагі: месцы злучэння названых частак (калена, шчыкалатка), мышцы галёнкі (лытка), рухомыя часткі ступні (пальцы), заднюю частку ступні (пятка), частку ступні паміж пяткай і пальцамі (плюсна).
Для назвы ніжняй канечнасці ў гаворках Тураўшчыны выкарыстоўваюць наступныя найменні: нога ж. ’нага, апора’. Гавез гоіць ногі, стружэш того кореня да прікладваеш. Спужаласа, шо аж зара ногі дрыжаць. Памянш. ножка: Пуля попала ему ў ножку і не пройшла, і седзіць у ножцы. Павел, ножышчэ У мене ножышча боляцъ. У его, як у буська, доўгіе ножышча. (ТС,3, с.210-211); г алы — мн., экспрэс. ’ногі’: Гапы свое вуставіла, да неможно прощі. (TC, 1, с. 193); гачы — мн., пагардд. ’ногі’: Ох, гачы свое попекла картоплямі! (ТС, 1, с. 197); лыгі — мн., экспрэс. ’ногі’: Тые доўгіе лыгі наставіць і йдзе! (ТС, 3, 52); ножны, ножні мн., метаф. ’ногі’. От, кажэ, ножны, ек ногі складзеные ў месце. (ТС,3,с211).
Ніжняя частка нагі абазначаецца назвамі: подошва ж. ’ступняНе йдзі на качвішчэ, ато будуць подошвы свербець (павер ’е) (ТС, 4, с. 103-104); ступа ж. ’ступня ў назе’; ступак м. ’тс’: Ступакі набіў, покуль по этой каменной дорозі йшоў, боляць. Ногу поломаў — ступак целепаўся. (ТС, 5, с. 112).
Задняя частка ступні має найменні, зап ’яток, запеток м. ’пята’: Ек побегла, толькі зап ‘яткі мелюць! (ТС, 2, 118); п ’ета ж. ’пятка нагі’: Дзерэвіна под п ‘ету дала. Боты новые, а п ‘яты голыя (гра басанажкі) (ТС, 4, с.46).
Пад’ём у назе абазначаецца фанетычнымі варыянтамі плюсна, плісна ж. Плюсна до косточкі опухла. Плісна у чоловека зверху на нозе. (ТС, 4, с.63).
Частка нагі ад калена да ступні называецца голёнка ж. Голёнка до колена, а это ужэ сцегно. (ТС, 1, с.211). Найменні бірулька, бірулка, бірылка ж. выкарыстоўваюцца для абазначэння галёнкавай косці: Бірулька е такая косточка ў корову ці кобана. Еслі сухіе ногі, то торчаць бірулькі. (ТС, 1, с.59).
Для назвы мышцаў на задняй частцы галёнкі існуюць найменні поцеголье н. і лытка ж. Поцеголье боліць. (ТС, 4, С. 206); Рана веліка, на ўсю лытку. Лыткі мерзнуць у старое жонкі. (ТС, 3, с. 53).
Месца злучэння сярэдняй і верхняй частак нагі называецца колено н. Осенею ложка воды, а по колено гразь. Памянш. коленце, коленцо: Дожджыку, сыпені, шчоб колюжкі булі, по коленцо брулі. (ТС, 2, с.205).
Верхняя частка нагі абазначаецца словамі клуб м. (у жывёлы, чалавека): У клубе боліць. Корова така худая, от эту шапку на клубе повесіш. (ТС, 2, с. 198) і сцегно, сцёгно н. Ногу міною оторвало коніку по сцегно. (ТС, 5, С. 123). Апошняе найменне мае яшчэ і пераноснае значэнне ’вельмі тонкі, худы чалавек’. Чого твой Коля таке сцегно? (ТС, 5, с. 123).
Назвы ніжняй канечнасці і яе частак ужываюцца як кампаненты фразеалагічных спалучэнняў:
І нога не була Пра адмаўленне знаходжання: Семена і нога не була тут. І ногой не быць Не наведваць зусім, ніколі: Там ніхто не буў і ногой! На ўсю ногу На шырокую нагу, неэканомна: Ты ж эконом, ато ек будзеш на ўсю ногу, то нічого й не купіш. На ўсіх ногах. У добрым стане ва ўсіх адносінах: Коб я була на усіх ногах, то б я дала ему рады. На усе ногі. Бягом, з усіх ног: А корова на усе ногі ў лубін. Зоп ’яцца на ногі. Падняцца на ногі. Ажыць: Не ведаю, як вон і зап ‘яўся на ногі. Узяць под ногі. Падпарадкаваць сабе, падмяць: Ужэ кажа мацер: я цебе, ек вуросту, под ногі озьму. (ТС, 3, 211);
Сесці на коленцах Прысесці, сагнуўшы ногі ў каленях: Села на коленцах да беру тые яблука. Даць коленца. Ударыць каленам ззаду: А тому коленца, у кого дроў ні поленца (прыказка). (TC, 2, с.205).
Такім чынам, сярод назваў ніжняй канечнасці і яе частак назіраюцца дублетнасць (подошва, ступак; поцеголье, лытка) і варыянтнасць (плюсна, плісна; зап ’яток, п ’ета). Пэўная частка найменняў мае рысы экспрэсіўнасці, пагардлівасці (гачы, лыгі ’ногі’). Асобныя лексемы ўзніклі на аснове метафарычнага пераносу па знешнім падабенстве (ножны ’ногі’, бірулька ’галёнкавая косць’).
ТС — Тураўскі слоўнік. У 5-ці т. Т. 1-5. — Мн., Навука і техніка, 1982-1987.
Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч. Ч 2. / Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. С. 48-52.