Назвы лекавых раслін у гаворках Усходняга Палесся

0
758
Назвы лекавых раслін у гаворках Усходняга Палесся

Са старажытных часоў людзі ведалі, што расліны маюць у сабе вялікі патэнцыял для
падтрымкі здароўя чалавека. У пісьмовых помніках, у вуснай народнай творчасці можна сустрэць указанні аб выкарыстанні лекавых раслін для аздараўлення арганізма хворага. У лексічнай сістэме гаворак Усходняга Палесся значнае месца займае лексіка народнай медыцыны, у межах якой вылучаюцца назвы лекавых раслін, якія з’яўляюцца прадметам нашага даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца “Тураўскі слоўнік”.

Мэта даследавання

Прааналізаваць лексіка-семантычныя групы назваў лекавых раслін, якія зафіксаваны у
гаворках Усходняга Палесся.

Метады даследавання

Апісальны, параўнальны.

Вынiкi даследвання i iх абмеркаванне

Прааналізаваўшы дыялектны матэрыял, прадстаўлены ў “Тураўскім слоўніку”, можна
вызначыць наступныя лексіка-семантычныя групы назваў лекавых раслін:

а) назвы раслін, якія адлюстроўваюць іх лекавае прызначэнне: горля́нка, гліснік ́ , жывоко́ст, жывосі́л, подры́ ўнік, сердзе́чнік, серпорэ́з (серпорэ́знік), чыстоце́л (чыстоце́льнік).

Горля́нка (нарматыўнае найменне гарлянка “травяністая расліна сямейства губакветных з прамым сцяблом і блакітнымі кветкамі” [2, II, с. 31]): Горлянку от простуды п’юць [3, I, с. 220]; зафіксаваны адпаведнікі бруне́лька, брунэ́лька, бурне́лька: Брунэльку oт горла п’юць [3, I, с. 84].

Глі́снік (нарматыўная назва піжма звычайная — Tanacetum vulgare L. [1, с. 124] — “расліна сямейства складанакветных з моцным пахам, горкая на смак, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне” [2, IV, с. 253]): Гліснік з жоўтымі балабушкамі [3, I ,с.203]); зафіксаваны таксама фанетычны варыянт нарматыўнай назвы по́жма: Пожма од глістоў хорошо [3, IV, с. 118].

Жывоко́ст (нарматыўная назва жывакост лекавы “шматгадовая лекавая травяністая
расліна сямейства бурачнікавых з буйным лісцем і трубчастымі кветкамі” [2, II, с. 261]): Як мне перэбілі руку, то я піла жывокост і мочыла руку, і зросласа [3, II , с. 68]; сустракаецца адпаведнік гордо́ўнік: Як екая вава, то гордоўнік прыкладвалі [3, I , с. 219].

Жывосі́л (нарматыўная назва дзівасіл высокі – Inula helenium L. [1, с. 60] — “высокая
шматгадовая травяністая расліна складанакветных з вялікімі прадаўгаватымі лістамі і дробнымі жоўтымі кветкамі; карэнне скарыстоўваецца ў медыцыне” [2, II, с. 173]): Ж жывосіла корня лекарство е [3, II, с. 68]; у гаворках дадзеную расліну называюць яшчэ ромацізнік ́ [3, IV, с. 309].

Подры́ўнік (лекавая лясная расліна, падобная на бруснічнік): Подрыўнік ек мучэнік,
толькі зубочкі на лісці, а ягодкі зелёненькіе ек рвом до Купалного Івана. Ек зорвесса, важко подымаць, жывот боліць, то п’юць подрыўнік [3, IV, с. 108]; У подрыўніка лісце таке, як на бруснічніку, ек на бервінку, толькі з шышэчкамі [3, IV, с.108]; Подрыўнік і настаноўнік — однэ і тэ самэ [3, IV, с. 108].

Сердзе́чнік (нарматыўная назва сардэчнік звычайны — Leonurus cardiacа L. [1, с. 137] — “шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных, якая ўжываецца ў медыцыне пры сардэчна-сасудзістых і нервовых захворваннях” [2, V, с. 63]): Возле дорогі я одзін раз бачыла і на могліцах сердзечнік. Одна ў нас серцэм болела, то она парыла. У сердзечніку вуросце таке бу сердцэ з цветочка [3, V, с. 30].

Серпорэ́з (нарматыўная назва крываўнік звычайны, балотны — Achillea millefolium L. [1, с. 161] — “шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства складанакветных з
перыстрымі рассечанымі лістамі і моцным пахам” [2, II, с. 737]): Серпорэз тожэ зелье, добрэ од жывота, од поносу. Ек порэжэш, то серпорэз кроў утайвае [3, V, с. 30]; серпорэ́знік: Еслі больны чоловек серэдзіною — серпорэзнік п’юць. Помогае од жолудка серпорэзнік. Ек порэжом палца, то прыкладаем серпорэзнік к рані. [3, V, с. 30].

Чыстоце́л (нарматыўная назва чыстацел — Chelidonium majus L. [1, c. 178] — “травяністая расліна сямейства макавых з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобныя суквецці, і аранжавым млечным сокам (выкарыстоўваецца для лячэння некаторых захворванняў скуры)” [2, V, с.332]): Чыстоцела корэнь розламуецца і націраеш мозоль і бородаўкі [3, V, с. 307]; чыстоце́льнік [3, V, с. 307];

б) назвы раслін, якія ўказваюць на будову расліны, падкрэсліваюць сапраўднае або
мяркуемае падабенства з рознымі прадметамі або рэчывамі: бабо́к, бобо́ўнік (бобо́ўня),
ве́тка, гу́зічкі, му́чэнік. Бабо́к [3, I, с. 33] (нарматыўная назва адуванчык лекавы, звычайны — Taraxacum officinale Webb. ex Wigg. [1, c. 115] — “расліна сямейства складанакветкавых са сцяблом з малочным сокам, жоўтымі кветкамі і пушыстым семем, якое разносіцца ветрам” [2, I, с. 185]); зафіксаваны таксама фанетычны варыянт нарматыўнай назвы надува́нчык [3, III, с. 125].

Бобо́ўнік (нарматыўная назва балотны капытнік ): Той бобоўнік, шо свінья кормяць, з
одным лістом, а той, шо лечаць, — у тры лісты. Е два сорты бобоўніку — горкі і солодкі.
Зажурыўся, нужда екая, то п’юць горкі бобоўнік [3, I, с. 66]; бобо́ўня [3, I, с. 66].
Ве́тка (нарматыўная назва гравілат рачны): Ветку кладуць у горэлку, ек понос, то
коўтнуў і готово. Бабы гомоняць, шчо по жэнской болезні п’юць гэту ветку [3, I, с. 120–121].

Гу́зiчкi (нарматыўная назва мальва лясная — Malva sylvestris L. [1, c. 135] — “расліна
сямейства мальвавых з вялікімі яркімі кветкамі” [2, III, с. 98]): Гузiчкi такіе, воно жонкам хорошо парыць [3, I, с. 235]. Му́чэнік (нарматыўная назва талакнянка — Arctostaphylos uva-ursi L. [1, c. 160] — “вечназялёная паўзучая расліна сямейства верасавых з бела-ружовымі кветкамі і чырвонымі ягадамі” [2, V, с. 465]): Як подорвецца чоловек, то мучэнік п’юць [3, III, с. 102]; мучэнічнік (зарасці талакнянкі): Як бувае ў карову запор, то даюць му́чэнічнік [3, III, с. 102];

в) назвы раслін, якія ў сваёй аснове маюць суаднесенасць з назвамі жывёльнага свету:
зверобо́й (веробо́й), гусе́льнік (гусе́рнік, гусі́ннік).

Зверобо́й (нарматыўная назва зверабой Hypericum perforatum L. [1, c. 78] — “травяністая лекавая расліна; святаяннік” [2, II, с. 439]). У гаворках гэтую расліну называюць таксама свентоя́н: Свентоян, казалі на его, а цяпер называюць зверобой. По пучку неслі гэтого зверобоя, од семдзесят ліх казалі вон. Колісь була хондзя. То ім курыліса, свентояном. Положаць на жар, вон дыміць, да гэтым падкурваліса. [3, V, с. 17]; свентоя́ннік [3, V, с. 17]; веробо́й, воёбо́й [3, I, с. 133]; хрыстопокро́ўнік: Хрыстопокроўнік Настаха показала на Купалного Йвана [3, V, с. 257].

Гусе́льнік (нарматыўная назва гусялапка звычайная), гусе́рнік, гусі́ннік: Гусернік росце ў лесе, дзе болото. Болячка, нарыў зробіцца, то гусіннік розмочваем [3, I, с. 238];
г) назвы раслін, у якіх адлюстравана месца, дзе яны звычайна растуць: баго́н, подоро́жнік (подоро́жына).

Баго́н (нарматыўная назва багун балотны — Ledum palustre L. [1, c. 24] — “балотная вечназялёная расліна сямейства верасавых з рэзкім адурманьваючым пахам” [3, I, с. 324]): Як простуда, то багон піць добрэ [3, I, с. 35]; Кажуць, багон помогае, ек етые сухоты нападаюць [3, V, с. 120].

Подоро́жнік (нарматыўная назва падарожнік, трыпутнік вялікі, звычайны — Plantago major L. [1, c. 128] — “травяністая расліна сямейства трыпутнікавых з шырокім лісцем і дробнымі кветкамі ў каласападобным суквецці, якое расце абапал дарогі, на лугах” [2, V, с. 573]: Естека леченье од того подорожніка, до ваўкі кладуть [3, IV, с. 102]); подоро́жына [3, IV, с. 102];

д) назвы раслін, якія адлюстроўваюць уласцівасці расліны: ду́рман (дурне́ц, дурноп’я́н), жаго́ўка (жы́ жка).

Дурма́н (нарматыўная назва блёкат — Hyoscyamus niger L. [1, c. 30] — “ядавітая расліна сямейства паслёнавых з шырокімі лістамі і жоўтымі кветкамі; выкарыстоўваецца ў медыцыне” [2, I, с. 384]): Дурман — ето зелье росце дзе поўз шлях [3, II, с. 46]; дурне́ц.: Од нервоў чай заварваюць з дурнецу да п’юць [3, II, с. 46]; дурноп’я́н [3, II, с. 46]; зафіксаваны таксама фанетычны варыянт нарматыўнай назвы блёкот: Малы блёкот то кураць, як зубы боляць [3, I, с. 62].

Жаго́ўка (нарматыўная назва крапіва — Urtica urens L. [1, с. 92] — “травяністая расліна
сямейства крапіўных з тонкімі пякучымі валаскамі на сцябле і лісці” [2, II, с. 723]: Попекла рукі ж жагоўкою [3, II, с. 56]; жы́ жка: Нема нічого, крапіва одна, посеена жыжка [3, II, с. 70]; зафіксаваны таксама фанетычныя варыянты нарматыўнай назвы брокі́ва: У нас у городзі і под плотом броківу наросло [3, I, с. 83] і прокі́ва: Проківою рукі попечэш [3, IV, с. 221];

е) назвы раслін, якія адлюстроўваюць колер расліны: сі́нька. Сі́нька (нарматыўная назва васілёк сіні — Centaurea cyanus L. [1, с. 43] — “травяністая расліна сямейства складанакветкавых, якая расце ў жыце і іншых злаках і цвіце сінімі кветкамі” [2, I, с. 458]): З сінькі веночок [3, V, с. 36].

Вывад

Значная частка слоў разгледжаных лексіка-семантычных груп з’яўляюцца сінанімічнымі
адпаведнікамі, фанетычнымі і словаўтваральнымі варыянтамі нарматыўных назваў, што сведчыць
аб багацці сродкаў выражэння, характэрных для народных гаворак Усходняга Палесся.

Літаратура

  1. Решетникова, А. В. Лечение растениями / А. В. Решетникова, Е. И. Семчинская. — Киев: Феникс, 1993. — 350 с.
    2. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства; пад аг. рэд. К.К. Атраховіча
    (К. Крапівы). — Мінск: БелСЭ, 1977–1984. — Т. 1: А–В / [Рэд. тома М. П. Лобан]. — 1977. — 608 с.; Т. 2: Г–К / [Рэд. тома
    А. Я. Баханькоў]. — 1978. — 768 с.; Т. 3: Л–П / [Рэд. тома П. М. Гапановіч]. — 1979. — 672 с.; Т. 4: П–Р / [Рэд. тома Г. Ф. Вештарт,
    Г. М. Прышчэпчык]. — 1980. — 768 с.; Т. 5: Кн. 1. С–У / [Рэд. тома М. Р. Суднік]. — 1982. — 663 с.; Т. 5: Кн. 2. У–Я / [Рэд.
    тома М. Р. Суднік]. — 1984. — 608 с.
    3. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / Склад. А. А. Крывіцкі [і інш.]. — Мiнск: Навука і тэхніка, 1982–1987. — Т. 1: А–Г. — 1982. — 255 с.; Т. 2: Д–К. — 1982. — 271 с.; Т. 3: Л–О. — 1984. — 311 с.; Т. 4: П–Р. — 1985. — 360 с.; Т. 5: С–Я. — 1987. — 423 с.

Аўтар: С.Ю. Касьяненка
Крыніца: Мультидисциплинарный подход к диагностике и лечению коморбидной патологии: сб. науч. ст. Респ. науч.-практ. конф. с междунар. участием, Гомель, 29-30 нояб. 2018 г. / Гомел. гос. мед. ун-т; А. Н. Лызиков [и др.]. – Гомель: ГомГМУ, 2018. – С. 248-250.