Назвы драўлянага посуду-тары для харчовых прадуктаў у гаворках Гомельшчыны

0
477
Назвы драўлянага посуду-тары для харчовых прадуктаў у гаворках Гомельшчыны

Вырабы з дрэва спрадвеку займалі ў гаспадарчым побыце беларусаў значную частку. У наш час лес такіх рэчаў неадназначны: адны з іх наогул не ўжываюцца, другія вырабляюццаз іншых, альтэрнатыўных, матэрыялаў (пластмасы, шкла, алюмінія і інш ), трэцімі карыстаюцца ў асноўным вясковыя жыхары нашай рэспублікі, чацвёртыя знаходзяцца ў актыўным карыстанні. Гэта тычыцца і драўляных адзінак посуду-тары (посуд — ‘гаспадарчае начынне для прыгатавання і падачы ежы, пітва’ [2, IV, с. 294], пасудзіна ‘асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што-небудзь’ [2, IV, с. 93], тара — ‘тое, у чым захоўваецца ці перавозіцца тавар’ [2, V/1, с. 476]).

Аб’ектам нашага даследавання сталі назвы драўлянага посуду-тары, што прызначаны для захоўвання або трымання харчовых прадуктаў, зафіксаваныя ў гаворках Гомельшчыны.

Сярод дыялектных найменняў гэтай групы вылучаюцца:

  1. Посуд-тара для захоўвання сыпучых рэчываў або сала.

Для захоўвання прадуктаў харчавання (зерня, мукі, сала, мёду і г.д.) выкарыстоўваецца роз­ныя пасудзіны, якія ў літаратурнай мове адзначаны лексемамі бочка, дзёжка, кубел, скрыня і інш.

Са значэннем бочка (‘вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зроб­леная з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі’ [2,1, с. 397]), ужываюцца дыялектныя адзінкі асінаўка (‘вялікая бочка з асінавай клёпкі’): Намалацілі цэлую асінаўку жыта [4, с. 37], лубка: Там вон крупы ў лубцы, дык ты вазьмі сабе [1, V, с. 115], Лубянка (луб’янка) (‘вялікая бочка, у якую ссыпалі зерне’): Зразу прывезлі зерно і высыпалі у чатыры луб’янкі. Калісь зерно ссыпалі у луб’янкі [4, с. 181], шчань: На зіму ставаім две шчані капусты і гуркоў. Муку калісь у шчані хавалі, а цепер колькі трэба, купляем у магазіне [4, с. 424].

Са значэннем дзёжка (‘драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клё­пак’) [2, II, с. 166]) у лоеўскіх гаворках ужываюцца найменні лубачка: Ета така кругленька дзежачка без абручоў, так і гавораць “лубачка” [1, V, с. 115] і усыпішча: Усыпішча — тое, што усыпная дежка. У усыпішча жменяю ячменю нанасіў [4, с. 382].

У беларускай унармаванай мове намінацыя кубел (памянш. кубёлец, кубёлак) ужываецца са значэннем ‘дзежка з вушкамі і векам, звычайна для захоўвання прадуктаў і рэчаў’ [2, П, с. 748]. У гаворцы жыхароў Лоеўшчыны ўжываюцца як літаратурная лексема кубел (Кубел — дежка з вушкамі і засаўка, накрываецца кружок такі — века. У кубел сала складаем), так і дыялектны словаўтваральны памяншальны варыянт кублік у значэнні ‘бочка з векам для сховы са­ла’(Вялікі — кубел, мылы — кублік. Кублік сала наклалі, а засталася паўкубліка) [4, с. 169].

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае літаратурную лексему скрыня з двума значэннямі: 1) ‘вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго-небудзь’ і 2) ‘прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад.’ [2, V/1, с. 185]). У дыялектнай мове Лоеўшчыны з першым значэннем ужываюцца сінанімічныя лексемы пак (‘скрыня для мукі, збожжа’): У нас заўсёды мука у паках стаіць [4, с. 240] і судня (‘скрыня для збожжа’): У судню ссыпалі проса [4, с. 345].

  1. Посуд-тара для мёду.

Гэты від посуду можна вылучыць у асобную групу менавіта па прычыне таго, што мёд як прадукт харчавання заўсёды меў для беларусаў асаблівае значэнне. Існуе цэлая група дыялектнай лексікі, звязаная з медазборам, медагонам, мёдаварэннем, сярод якой і назвы по­суду-тары, у якой трымалі і захоўвалі гэты карысны прадукт.

3 агульным значэннем ‘посуд для мёду’ ў Ельскім і Лельчыцкім раёнах ужываецца лексема караббк: Бацька прынёс поўны карабок мёду. Мёд з вулья зразу ложаць у карабок [1, І IV, с. 211]; у Веткаўскім раёне выкарыстоўваецца намінацыя лазобка: Лазобка длінненькая, да нешырокая, ну, а ў каго багата мёду, дык багонкі ё, у Добрушскім яе фанетычны варыянт – лазоўка: Падай мне тую лазоўку, я мёду наллю [1, V, с. 101]; посуд для мёду з дубу ў Доб­рушскім раёне мае найменне дубянка: Іванаву дубянку прынёс [1, III, с. 257]. Падаецца з паметай устар. назва ‘посуду для мёду’, якая зафіксавана на Брагіншчыне, — мядоўніца: Старыя казалі колісь мядоўніца для мёду спецыяльна была [1, V, с. 145].

У розных рэгіёнах Гомелыпчыны ўжываюцца найменні ліпавай бочкі для мёду — ліпаўка: Лшаўкі выдзелвалі з ліпы, у якой серцавіна выгнівала (Б-Каш.) і яго акцэнтны вары­янт ліпоўка: Поўная ліпоўка мёду (Ветк.), Каля вулля стаяла ліпоўка, у яе злілі мёд (Браг., I Раг., Добр.) [1, V, с. 112].

Шырока выкарыстоўваецца ў гомельскіх гаворках найменне бочачкі на мёд — лубка: I мед буў, лубка патакі стаіць. Поўну лубку меду накаталі (Лоеўск.) [4, с. 181], Лубкі ў нас дзелаюць з альхі (Б-Каш.), прычым у некаторых вёсках яно з’яўляецца сінанімічным да наймен­ня ліпаўка: Вялікая была лубка, з ліпы прама выдоўбвалі, дзенцо заставалася, і мёд налівалі | (Рэч.), Я сабірала мёд у лубку (Светл.) [1, V, с. 115].

Зафіксавана адзінкавае дыялектнае найменне пасудзіны з клёпак для мёду на Тураўшчыне — укрой: Укрой, бу дзежа на мед [З, V, с. 192].

  1. Посуд-тара для харчовых вадкасцей (вады, гарэлкі, алею, розных напіткаў).

Слова барыла ў сучаснай беларускай літаратурнай мове мае значэнне ‘заднёная з двух бакоў невялікая бочачка для напіткаў’ [2, I, с. 346]. У гомельскіх гаворках ужываецца як вышэйпададзенае літаратурнае найменне (адзначана, напрыклад, у народнай песне, запісанай на Лоеўшчыне: Прывезуць бочку піва, шчэ гарэлкі барыла, а барыла гаварыла: калі мене не вуп’еце, то па постаці пакачусь да да каплі разаллюсь [4, с. 47]), так і яго фанетычныя варыянты (выкарыстоўваюцца на Тураўшчыне): барыло і борыло (ужываецца таксама i са значэннем ‘упрыгожванне з цеста на вясельным перніку (памянш. барылцэ)’ [З, I, с. 43]).

Для вады або гарэлкі выкарыстоўваецца невялікая пасудзіна — біклага [2, І, с. 374], якая можа быць металічнай ці драўлянай. Для яе наймення ў гаворках Лоеўшчыны выкарыстоўваецца фанетычны варыянт баклага: Баклага дераўяная для вады. Баклагу для піцця на поле бралі. У баклагу налі гарэлкі [4, с. 44].

Драўляны посуд для алею мае найменне паставёц: У пост налівалі алею поўны паставёц [4, с. 254]. Для алею, а таксама гарэлкі і іншых вадкасцей выкарыстоўваецца посуд, які мае найменне насок (носок): Калісь самі білі алей да у наскі налівалі. Носок — дераўяная бо­чачка, у екую наліваюць гарэлку [4, с. 209].

На Лоеўшчыне паланізм гарнец у выніку метанімічнага пераносу сгаў мнагазначным словам і ужываецца ў значэнні ‘вядро’, якое можа быць у тым ліку і драўляным (Тады ж делалі дераўяные гарнецы майстры, а цепер зелезные), і ўзначэнні ‘мера сыпучыхрэчаў (1Л вядра)’[4, с. 82].

Для наймення дзежкі для вады выкарыстоўваецца дыялектная адзінка вадзянка (вадянка): Вадянка па-калісьнему, цепер — дежачка для вады. Дежачка з водой — ета вадянка (намінацыя з’яўляецца мнагазначным словам і ўжываецца таксама і як назва для драўлянай дзежкі наогул (Дераўяная дежачка — вадянка) або цэбара (Вадянка — цэбар) [4, с. 62].

Як бачна з ілюстрацыйнага матэрыялу, сярод разглядаемых дыялектызмаў сустракаецца шмат мнагазначных слоў: некалькі значэнняў маюць лексемы борыло, гарнец, вадзянка (вадянка), лубка і інш.

Акрамя полісеміі, у аналізуемай групе дыялектнай лексікі назіраецца з’ява аманіміі. Аманімічнымі з’яўляюцца наступныя пары слоў, сярод якіх адна з адзінак — найменне драўлянага посуду-тары: вадзянка (вадянка)1 ‘драўляная дзежка для вады’ ці ‘дзежка наогул або цэбар’ і вадзянка (вадянка)2 ‘пухір’ (Вадянка ускочыла на пальчыку) [4, с. 62]; лазоўка1 ‘кадзь (для мёду)’ і лазоўка2 ‘памяшканне (глінабітнае)’ (У нашай вёсцы ўжо німа лазовак) і лазоўкаЗ ‘гатунак бульбы’ (У нашых мястох высяваюць лазоўку) [1, V, с. 101].

Такім чынам, зыходзячы з прааналізаванага матэрыялу можна зрабіць вывад, што ў гаворках Гомельшчыны для намінацыі літаратурных адзінак драўлянага посуду-тары шырока ужываюцца дыялектныя найменні, якія прадстаўлены фанетычнымі, акцэнтнымі і словаўтваральнымі варыянтамі, а таксама лексічнымі сінонімамі; сярод дадзеных дыялектызмаў на­зіраецца полісемія і аманімія.

Літаратура

  1. Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны — У кн.: Беларуская мова і мовазнаўства. Міжвуз. зборнік. Беларуская мова. — Мінск: Выд-ва БДУ імя У.І. Ле­ніна, 1975-1983. Вып. 3: А-Д. — 1975. — 264 с.; вып. 5: Л-Н. — 1977. — 184 с.
  2. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН БССР К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). — Мінск. выдавецтва “Бел. Сав.Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1977-1984.
  3. Тураўскі слоўнік: у 5 т./ склад. А.А. Крывіцкі, Г.А. Цыхун, І.Я. Яшкін [і інш.] — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. Т.1: А-Г/ [склад. А.А. Крывіцкі, Г.А. Цыхун,І.Я. Яшкін]. — 1982. — 255 с.
  4. Янкова, Т.С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны / Т.С. Янкова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.


Аўтар:
С.В. Чайкова
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 81-83.