Назвы агульнай роднасці ў вясельнай абраднасці Гомельшчыны

0
409
Назвы агульнай роднасці ў вясельнай абраднасці Гомельшчыны

Беларускі вясельны абрад як “складаны комплекс традыцыйнай нацыянальнай культуры, які ўяўляе сабой семантычнае адзінства шматлікіх песень, рытуалаў і абрадавых дзеянняў” [1, с. 376], выклікае вялікую цікавасць, бясспрэчна, у плане моўнага выражэння, у прыватнасці, вывучэння сістэмы лексічных сродкаў.

Рэгіянальныя апісанні вяселля вызначаюцца багатай і складанай сістэмай лексічных адзінак з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі. Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца структурна-семантычная характарыстыка назваў агульнай роднасці у мове вясельных песень Гомельшчыны. Матэрыялам для аналізу паслужылі тэксты песень фальклорна-этнаграфічнага зборніка “Вяселле на Гомелынчыне” [2, с. 472].

У мове вясельных песень Гомельшчыны засведчаны назвы агульнай роднасці радзіна, родзіна, родзінонька, радзіначка, родзіночка, род, радия, радзімка.

Самай частотнай сярод прыведзеных лексічных адзінак з’яўляецца намінацыя радзіна, якая ў мове фальклору мае значэнні ‘сям’я’, ‘родныя’, ‘сваякі’: Пачынаецца, пачынаецца ў Ганначкі вяселле. Двор вузюсенькі, стол нізюсенькі, радзіна невяліка (2, с. 432); Станавіся, радзіна, уся ў рад, Бо ідзе Болячка на пасад (2, с. 326). Сувязь дадзенай лексемы з прыналежнымі прыметнікамі, матываванымі назоўнікамі – назвамі асоб мужчынскага полу, яскрава рэалізуе значэнне ‘сям’я жаніха’: Да расплакалася Танечка Да перад мамкаю стоячы, Унімала яе мамка, не ўніла, Цябе, дзіця маё, эх чужына ўніме, Чужына. Да ўсё Васілёва радзіна (2, с. 408). Ужыванне ў адным асацыятыўным радзе лексем чужына і радзіна ўказвае, што сям’я жаніха для маладой дзяўчыны з’яўляецца чужой.

Суб’ектныя сувязі лексемы з дзеясловамі часта рэалізуюць значэнні пажадання сямейнага дабрабыту, надзеі на шчаслівы шлюб: Ліхія ўрагі, Не пераходзьце дарогі. Няхай пяройдзе радзіна, Штоб жыла вясёла дружына (2, с. 108); Ой, вы, ворагі. Не пераходзьце дарогі, Няхай пярэйдзе Гасподзь Бог, Няхай пярэйдзе татко мой, Няхай пярэйдзе родзіна, Штоб нам дарожка шчасліва (2, с. 316).У мове песень намінацыя радзіна нярэдка суседнічае ў вертыкальных асацыятыўных радах з назвамі членаў сям’і жаніха:

Як мне, дзевачкі, вясёлай быцъ?
Абсела мяне чужына,
Уся Ванечкіна радзіна.
Абселі мяне дзевярочкі,
Усе Ванечкавы браточкі.
Абселі мяне завіцы,
Ванечкавы сястрыцы (2, с. 78).

Зафіксаваны выпадкі уживання старажытных форм інфінітыва з лексемай радзіна у творным склоне: Цячэ рэчанька, цячз быстраяскочу-пераскочу, Аддай, мамачка, аддай, родная,за кого я хочу. Аддавала маці, прыказвала радзінай не быці. А еслі табе плоха будзе, дамой не хадзіці (2, с. 172). Можна выказаць меркаванне, што радзінай не быці азначае выйсці з радзіны, пайсці замуж, быць у сям’і мужа. Словаформа радзінай у моўным кантэксце Ой, да і ўзайшла Танечка на парог, Да і махнула хусцінкай, ох, на народ, На народ, да адступіцеся, Чужынай, да прыступіцеся, Ох, радзінай (2, с. 406) супастаўляецца з лексемай чужынай. Абедзве словаформы ўступаюць у аб’ектныя сувязі з дзеясловамі загаднага ладу, дзе рзалізуецца значэнне звароту да сям’і мужа стаць роднымі. У дадзеных выразах назіраецца неўласцівая літаратурнай мове валентнасць засведчаных лексічных адзінак, калі назоўніку “прыпісваюцца” функцыі прыметы: не будзьце чужымі, станьце роднымі.

Аналіз фактычнага матэрыялу дазвапяе сцвярджаць, што намінацыя родзіна мае такое значэнне, як і радзіна і з’яўляецца яе акцэнтным варыянтам.

Семантычныя і граматычныя асаблівасці лексем радзіначка. родзіначка, родзінонька сведчаць, што гэта не асобныя намінатыўныя адзінкі, а вытворныя ад намінацыі радзіна. яе словаўтваральныя варыянты. Адметнасцю іх уживання з’яўляецца тое, што, па-першае, яны часта выступаюць у гарызантальных і вертыкальных асацыятыўных радах з лексічнымі адзінкамі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі ca значэннем ласкальнасці:
Нашлю сокола на Украіначку, па сваю радзіначку;
Молодая дзевонько, молодая дзевонько
Родзіноньку да й нерозжаліш (2, с. 229).

Станавіся, радзіначка, уся ў рад
Будзе ісці да Танечка на посад (2, с. 218);

па-другое, ужываюцца ў спалучэнні з займеннікамі мая, свая: Бедная мая головачка, Не нашла мяне мая радзіначка, Чужому достануся (2, с. 177). У такіх словазлучэннях выражаюцца суб’ектыўныя адносіны асобы (мае, сваё – значыць, роднае).

У тэкстах вясельных песень Гомельшчыны лексема род з’яўляецца другой па частаце ўжывання і выяўляе значэнні ‘сваякі’, ‘сям’я’, ‘рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка’: Ды ступіла Валячка на парог Ды махнула хусцінай на свой род (2, с. 326); Молодая Ганначка, Да чаго ж ты да маленькая, Ты ж і роду да вялікага, Да бацюхны да багатага (2, с. 213). У мове фальклору зафіксаваны выпадкі бытавання лексемы род у форме былога клічнага склону: – Ой, родзе, родзе, богаты, Даруй товарэцрогаты’. (2, с. 299)

Радзей у вясельнай абраднасці ўжываецца лексема радзімка і словаўтваральны варыянт яе радзімачка. Неабходна адзначыць, што ўсе тры выяўленыя выпадкі словаўжывання лексічнай адзінкі рэалізуюць сему ‘родныя маладой’, характарызуюцца сувяззю з асабовым займеннікам у форме жаночага роду, у некаторых выпадках аб’ектны дзеяслоў мае форму жаночага роду: Ёсць яе радзімка на свеце, Уся яе галоўка ў цвеце, Уся яе галоўкаў вяночку, Усяяе радзімка ў радочку (2, с. 196); А послала б я салавейку Па сваю радзімачку (2, с. 215).

Ужыванне дадзеных лексічных адзінак у вясельнай абраднасці Гомельшчыны можна паказаць у табліцы:

Лексема Колькасць слонаужыванняў Варыянты лексемы
радзіна 31 родзіна, радзіначка, родзіночка, родзінонька
род 12  
радзімка 3 радзімачка
радня 2  
родныя 1  

 

У выніку у праведзеным даследаванні вызначаны семантычны змест назваў агульнай роднасці ў мове вясельных песень Гомельшчыны, адлюстравана частотнасць іх ужывання, адзначана бытаванне некаторых гістарычных форм. Засведчаны фактычны матэрыял дазваляе глыбей спасцігнуць духоўны свет нашых продкаў, дапамагае у вывучэнні станаўлення і развіцця лексічнай сістэмы нашай мовы.

  1. Новак В.С. Мясцовая спецыфіка вяселля Гомельшчыны // VI Нав. чытанні, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння акадэміка НАН Беларусі С.М. Некрашэвіча: 36. нав. арт. (г.Гомель, 23 мая 2003г.) / Гал. рэдактар А.А. Станкевіч- Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2003. – 380 с.
  2. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Гомель: ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.

Аўтар: В.А. Шэцка
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч. Ч 2./ Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — С. 65-68.