Па-ранейшаму актуальным з’яўляецца дасканалае вывучэнне народна-гутарковай лексікі. “Пытанне аб важнасці вывучэння дыялектнай лексікі, развіцця дыялектнай лексікаграфіі і складання лексічных, рэгіянальных і нацыянальных атласаў для гістарычнага вывучэння асобных славянскіх моў і славянскага моўнага свету ў цэлым, для вырашэння шэрагу праблем праславянскай мовы, славянскай прарадзімы і найстаражытнейшых стасункаў з неславянскім насельніцтвам ні ў кога не выклікае сумнення і не з’яўляецца дыскусійным” [1, 5].
Аналіз лексікі, звязанай з намінацыямі адзення, мае важнае значэнне для даследавання гісторыі беларускага народа, высвятлення культурных і моўных зносін паміж народамі.
Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся назвы адзення і яго частак, якія выкарыстоўваюцца ў гаворках Гомельшчыны.
Прадметна-тэматычная класіфікацыя адзначаных назваў выяўляе іх шматлікасць і разнастайнасць. Так, паводле прыналежнасці адзення пэўнаму полу або ўзросту выдзяляюцца:
1) агульныя назвы адзення: адзёжа, одзёжа, одзежа, одзенье, а’дзежына, а’дзежда, адзежа, адзёжа, адзёжка, адзя’ванне, ап ’ратка, ап ‘ряна, на’пратка [2];
2) назвы мужчынскага адзення: бе’кеш [бякеш] ‘доўгае мужчынскае адзенне з даматканага або фабрычнага сукна, ca зборкамі ля пояса, ніз сшыты у кліны; мужчынскае паліто’, бра’вэрка ‘старадаўні мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна; верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых даматканым сукном’; казак ‘верхняе мужчынскае адзенне (доўгая світа, кажух);
3) назвы жаночага адзення: ‘бунда [бундачка] ‘старадаўняя жаночая сукенка асаблівага фасону: доўгая, прамога крою’; гарсэт [горсэт] [карсэт] ‘старажытны жаночы ўбор, які ўяўляе сабой безрукаўку з тонкага матэрыялу, якая надзяваецца паверх кашулі; верхняя жаночая адзежа без рукавоў’; ‘доха ‘від верхняга жаночага адзення’; каптан ‘жаночая сукенка’; ка’ротчык ‘кароткая жаночая вопратка’;
4) назвы дзіцячага адзення: панчошкі ‘дзіцячыя калготкі’; ‘м’ятлік ‘сарочка, якую адзявалі дзіцяці першы раз пасля хрышчэння’; комбін’зон ‘суцэльны дзіцячы касцюм з курткі і штаноў’;
5) назвы сумеснага (мужчынскага і жаночага) адзення. Даследчыкі адзначаюць, што “ў беларусаў не было рэзкай розніцы паміж мужчынскім і жаночым адзеннем” [3, 152]. Гэтая група прадстаўлена наступнымі намінацыямі: безру’каўка ‘куртка або кофта без рукавоў’; ва’тоўка ‘мужчынская і жаночая фастрыгаваная ватовая куртка’; душа’грэйка [душогрэйка] [душэгрета] ‘безрукаўка з аўчыны або ўцепленая ватай; камізэлька без рукавоў’; жу’пан ‘старадаўняе верхняе I мужчынскае і жаночае адзенне’; куртка [курта] [курхта] [куркта] ‘кароткая верхняя вопратка, якая зашпільваецца на гузікі ці на замок’.
Адзенне падзяляецца таксама, як вядома, на верхняе, асноўнае і сподняе. Верхняе адзенне ў сваю чаргу мае розныя віды ў залежнасці ад матэрыялу вырабу: з сукна, палатна і інш.: ‘чуйка ‘доўгая верхняя мужчынская вопратка без падкладкі з даматканага сукна’; сак ‘куртка з плюшу’; ‘летнік [літнік] ‘кароткае верхняе адзенне ў выглядзе пінжака з даматканага сукна’; і адзенне з фугра: казачына ‘старажытнае адзенне з аўчыны асаблівага крою: доўгае, прысабранае ў таліі’; ка’жух [коажух] [‘кожух] [ко’жух] ‘доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’; палушубак [поўшубок] ‘кароткае адзенне з аўчыны, кажушок’.
Адносна спосабу нашэння асноўнае адзенне можна падзяліць на плечавое, паясное і суцэльнае. Да назваў плечавога можна аднесці: ру’башка ‘мужчынская і жаночая верхняя рубашка’; са’рочка ‘мужчынская і жаночая верхняя рубашка’; таў’столка ‘верхняя мужчынская кашуля з даматканага палатна’. Групу паяснога адзення можна праілюстраваць наступнымі лексемамі: анда’рак [эндэрак] [андэрак] [андрак] [андарака] ‘шырокая, часта ў складкі спадніца з асаблівага даматканага сукна, паласатая або ў клетку’; ‘запанка за’паска за’пасок ‘фартух’; гама’шы ‘мужчынскія верхнія штаны’.
Назвы суцэльнага адзення пераважна жаночыя: плаце [плащ] [плацця] [плацье] [плацце] [плацція] ‘жаночае суцэльнае адзенне, якое апранаецца паверх бялізны, сукенка’; са’ян ‘летняе жаночае суцэльнае адзенне без рукавоў, сарафан’; сара’хван [сарапан] [сарафан] ‘жаночая сукенка з вялікім выразам, без рукавоў; плацце без рукавоў’.
Сподняе адзенне, як мужчынскае, так і жаночае, прадстаўлена шматлікімі лексемамі, напрыклад: на’цельніца ‘сподняя жаночая сарочка’; пад’штанікі ‘сподняе мужчынскае адзенне’; панта’лашкі ‘сподняе жаночае і мужчынскае адзенне’; ‘поддзіўка ‘ніжняя спадніца’; спод’няк [споднік] ‘сподняя палатняная спадніца’.
У асобную групу выдзяляюцца найменні адзення, якія адрозніваюцца часам нашэння:
а) назвы зімовага адзення: бра’вэрка ‘верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых даматканым сукном’; ту’луп [ту’луб] [то’луб] ‘доўгае верхняе адзенне з аўчыны’; кун’туш ‘верхняе мужчынскае адзенне, якое апраналі на жупан’; ку’журка ‘кажух, пацягнуты сукном’; ку’журтка ‘камізэлька з аўчыны’; кажушка ‘кажух, сцягнуты ў поясе’; жы ’кетка ‘зімовае адзенне з мяккага матэрыялу’;
б) назвы веснавога – асенняга адзення: целагрэйка [целагрейка] [целогрэйка] [цеплогрэйка] ‘мужчынская фастрыгаваная ватовая куртка; фастрыгаваная ватовая безрукаўка’; кух’вайка [ку’файка] [ку’хайка] [куфай] ‘куртка, падшытая ватай; ватоўка; целагрэйка’; спан ’цырка ‘ верхняя жаночая кароткая вопратка ’;
в) назвы летнга адзення: азі’ятка ‘тып сарафана’; кара’тайка ‘лёгкая летняя вопратка’;
г) назвы дэмісезоннага адзення, якое выкарыстоўваюць у розныя пары года або ў пераходны сезон: бранка ‘світэр’;
‘бурка ‘доўгае адзенне з даматканага сукна, з башлыком, якое мужчыны надзявалі ў дарогу ў халоднае ці дажджлівае надвор’е’;
камі’зэлька [камзэлька] [камзелька] ‘мужчынская кароткая адзежына без рукавоў і каўняра, якую надзяваюць на сарочку’; ‘сачык ‘кароткая вопратка на падкладцы, пінжак’.
У гаворках Гомельшчыны ўжываецца значная група лексем, якія абазначаюць старое зношанае адзенне: барахло, караўкі, ‘лантух, лат ’кі, ла ’тун, ‘ланці, ла ’тыззе, ‘лахі, ‘лахман, лах ’манік, лахма’нішчэ, лахма’нъе, лахма’цье, лах’мотка, лах’но, лах ’тан, ла ’худро, ма ’нацце.
Разнастайнасць і багацце назваў адзення пацвярджае і вывучэнне тыпаў іх матывацыі. Апісанне матывацыі прадугледжвае аналіз унутранай формы найменняў, пад якой у мовазнаўстве разумеюць “усякає папярэдняе слова ў шэрагу слоў таго ж кораня, што паслядоўна вынікаюць адно з другога” [4].
Разумеючы пад унутранай формай уяўленне, якое захавалася ў слове, аб пярвічнай прымеце, пакладзенай у аснову паняцця, з аднаго боку, і моўную матываванасць, пры дапамозе якой ажыццяўляецца стварэнне новых слоў, з другога боку, заканамерна размяжоўваюць структурную і семантичную матывацыю.
Аналізуючы матываванасць канкрэтна-прадметных намінацый, правамерна адрозніваць структурную і семантычную матывацыю. Пад структурнай матывацыяй звычайна маюцца на ўвазе дэрывацыйныя адносіны паміж утваральнай і вытворнай асновамі.
У працэсе аналізу былі выдзелены два асноўныя тыпы структурнай матывацыі намінацый адзення і яго частак: аддзеяслоўныя дэрываты і адыменныя ўтварэнні.
У ліку аддзеяслоўных дэрыватаў выключную перавагу маюць суфіксальныя ўтварэнні тыпу: адзяванне ‘агульная назва адзення’; вязёнкі ‘вязаныя з нітак рукавіцы з адным пальцам’; грэйка ‘цёплае зімовае адзенне’; забіранка ‘мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’; обшыванка ‘пацягнуты кажух’ і інш., матываваныя назвай адзення, названага ўтваральнай асновай дзеяслова.
Адыменныя дэрываты структурна матываваныя найчасцей назвай якасці – асновай прыметніка: летнік ‘летні легкі піджак’; споднік ‘сподняя спадніца’; верхнікі ‘верхнія штаны’; суконнікі ‘штаны з саматканага сукна’; рабтуха ‘стракатая спадніца’.
У складзе адыменных дэрыватаў сустракаюцца назвы, І структурна матываваныя найменнем прадмета, асновай назоўніка: безрукаўка ‘куртка або кофта без рукавоў’; наплечнік ‘вышываная наплечная ўстаўка ў жаночым адзенні’; начоўка ‘начная жаночая сарочка’ і інш.
Аналіз семантычнай матывацыі назваў адзення і яго частак у гаворках Гомельшчыны паказаў вялікую колькасць тыпаў намінацыі. Так, у складзе лексем з празрыстай “унутранай формай” можна выдзеліць наступныя прадуктыўныя тыпы матывацыі:
а) многія назвы адзення матываваныя спосабам вырабу відаў адзення або спосабам аздаблення, апрацоўкі: вязёнкі [візёнкі] ‘цёплыя вязаныя рукавіцы’; вышыванка ‘мужчынская верхняя сарочка з вышыўкай’; домоткан ‘суконная спадніца, андарак’; пацеганка ‘кажух, пакрыты зверху тканінай’; самавязка ‘адзенне, звязанае ўручную’; самапрадка ‘самаробная тканіна’;
б) даволі значная група назваў адзення матывавана матэрыялам вырабу: ватнік ‘ватовая куртка’; палатнянікі ‘палатняныя штаны’; перкалёўка ‘жаночая сарочка з тонкага палатна’; парцянік ‘несуконная спадніца’; сітцавік ‘верхняе жаночае адзенне з сітцу’;
в) прадуктыўным тыпам з’яўляецца матывацыя назваў адзення яго прызначэннем, функцыянальнай характарыстыкай: грэйка ‘цёплае зімовае адзенне’; душагрэйка ‘безрукаўка з аўчыны’; касаплётка ‘стужка’; паддзяванец ‘цёплая безрукаўка’; падпяразанка ‘пояс’; уплётнік ‘стужка’; цяялушка ‘верхняя цёплая вопратка без рукавоў’;
г) актыўным тыпам матывацыі назваў адзення з’яўляецца намінацыя паводле месца яго нашэння: верхнікі ‘верхнія штаны’; зашыйнік ‘шалік’; нагруднік жаночая безрукаўка на ваце’; наголенак ‘частка шарсцяной шкарпэткі’; наплечнік ‘вышываная наплечная ўстаўка ў жаночым адзенні’; наручнікі ‘манжэты’; нацельніца ‘сподняя жаночая сарочка’; пабручнік ‘рамень, папруга’; подручнік ‘устаўка ў рукаве кашулі пад пахай’; падштанікі ‘сподняе мужчынскае адзенне’.
Меншай прадуктыўнасцю вызначаюцца наступныя тыпы семантычнай матывацыі назваў адзення:
а) намінацыя паводле памеру адзення: каротчык ‘кароткая жаночая вопратка’;
б) паводле часу нашэння адзення: летнік ‘сарочка, якую насілі летам’; ясёнка ‘асенняе паліто’;
в) спосабу нашэння: запонка ‘фартух’;
г) знешняга выгляду: галаплёчка ‘майка’;
д) колеру: сінёўка ‘спадніца з палатна сіняга колеру’;
е) узору тканіны: рабушка ‘клятчастая спадніца’;
ё) формы: кружкі ‘карункі’;
ж) краіны, адкуль была засвоєна рэалія: маларосея ‘вышываная сарочка’.
Магчымы і іншыя тыпы матывацыі.
Такім чынам, нават сціслы структурна-семантычны аналіз назваў адзення, яго частак, якія функцыянуюць у гаворках Гомельшчыны, паказвае выключнае багацце і разнастайнасць гэтай лексікі, яе каларытны характар, адметнасць і непаўторнасць.
Літаратура
- Толстой Н.И. О важности изучения полесской лексики // Лексика Полесья. – М., 1968. С.5
- Фактычны матэрыял узяты з наступных крыніц: Лексика Полесья. Под ред. Н.И.Толстого. М., 1968; Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны. // Беларуская мова. Мн., 1975-1982, вып. 3-10; Тураўскі слоўнік. Мн., 1982-1984. Т. 1-5; Янкова Т.С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны. Мн., 1982, а таксама выкарыстана картатэка дыялектнай лексікі кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф.Скарыны.
- Молчанова Л.А. Материальная культура белорусов. – Мн., 1968. С.152.
- Потебня А.А. Из записок по русской грамматике. – М., 1958, п. 1-2. С.18.
Аўтары: А.М. Воінава, А.А. Станкевіч
Крыніца: Скарына і наш час: Матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі 16 – 17 мая. У дзвюх частках. Частка II. – Гомель, 2002. С. 110-114.