Назвы абутку ў гаворках Гомельшчыны

0
1455
Назвы абутку ў гаворках Гомельшчыны

Матэрыяльная і духоўная культура беларускага народа, якая стваралася на працягу многіх стагоддзяў, захоўвалася і передавалася з пакалення ў пакаленне, — той каштоўны і неацэнны скарб, які патрабуе асаблівага клопату і ўвагі.

Зварот да традыцый народнай культуры ў наш прагматычны час набывае вельмі важнае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Вывучэнне і захаванне традыцыйнай культуры павінна садзейнічаць гуманізацыі нашага грамадства, адраджэнню яго духоўных ідэалаў, фарміраванню патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

Народнае адзенне, якое з’яўляецца значным элементам традыцыйнай культуры, адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларусаў і служыць, як і мова, важнейшай этнічнай прыметай [3, с.З].

Як адзначае М.Ф. Раманюк, Усходняе Палессе адрозніваецца багаццем сродкаў мастацкага афармлення касцюма, разнастайнасцю старадаўніх і сучасных форм, паэтычнасцю, маляўнічасцю і вытанчанасцю густу [3, с. 7].

Асобным кампанентам адзення з’яўляецца абутак, які у адрозненне ад адзення, не вызначаўся асаблівай разнастайнасцю. Для яго намінацыі на Гомельшчыне ўжывалася параўнальна невялікая колькасць лексем. У іх складзе ёсць як агульныя назвы абутку абувак, вобувь, вобуй, вобуль, обуй, обуш, так і спецыяльныя, якія абазначалі асобныя яш віды.

Старадаўнім відам сялянскага абутку, даволі пашыраным на Палессі, былі лапці, пасталы. Гэта быў зручны для забалочанай мясцовасці від абутку, які насілі і мужчыны, і жанчыны, і дзеці. Лапці найчасцей плялі з лыка — лазовага (лазоўкі, лыко, пуні), ліпавага (лутоўкі, луцце), з дубовай кары (дубоўкі). Плялі лапці таксама з вітьіх пяньковых, канапляных або льняных нітак ці вяровачак. їх называлі аборнікі, верені, кашалькі, марычакі, пасталы, патопкі, стопкі, чуні, чунікі. У Рэчыцкім раёне зафіксавана назва лапцей, якія плялі ў вайну з нямецкага кабеля, — чюні.

Лапці прывязвалі да нагі вераўчанымі або раменнымі шнурамі, якія рабілі з лыка, канаплі або скуры, — аборы, аборыны, боркі, волокі, забарсткі, заборскі, забороні. Абувалі лапці летам на палатняныя анучы (адмоткі, накладанкі, парцянкі), зімою — на суконныя (суконкі).

Была розная тэхніка пляцення лапцей і фасоны. Так, адрознівалі лапці прамога пляцення, якія падзяляліся на глухія з глыбокім закрытым наском і запяткам — кавярзні, неглыбокія, без галовак і запятка (шчарбакі, бяспятнікі), з адкрытым наском (зрачыя). Лапці касога пляцення (поетапні) мелі глыбокія круглыя насы, высокія бакі і запяткі, лічыліся святочным абуткам. Адметнасцю фасону вызначаліся так званыя сороковунікі ‘лапці з вузкіх лык на многа вушак’. Лапці лепшага вырабу называлі строчанікі.

Плеценыя з лыка або вяровак лапці хутка зношваліся, таму іх плялі не адну пару, а некалькі, на запас. У бедных сем’ях гэта быў, бадай што, адзіны абутак, у многіх выпадках адна пара ботаў была на ўсю сям’ю.

Акрамя таго, лапці (пасталы) шылі з кавалка ці двух кавалкаў цялячай або свіной сырамятнай скуры, па баках якой рабілі проразі і ўстаўлялі раменьчыкі, што сцягвалі лапаць і прымацоўвалі да ступні. їх называлі таксама маршчакі, поршні, рэменнікі, скуранкі, шкуранкі. Лексема маршчакі мела ў Лоеўскім раёне значэнне ‘хатні абутак, пашыгы з сукна або палаша”. Пасталамі называлі таксама лапці, падшытыя скурай 11, с. 137].

Самастойныя назвы мелі асобныя часткі, дэталі лапця: вуха, вушка ‘пятля для аборы’, курак ‘бакавое вушка’, страка ‘пярэдняе вушка’, заборскі ’пара вузкіх бакавых петляў’, нос, пасок ’пярэдняя частка лапця’, зап’яток, запеток, пята, пата, nema’заднік у лапця’,пераплёт, тулуб, тулуп ’папярочная аснова лапця’.

У гаворках Гомельшчыны захавалася пэўная група лексем, якія называюць матэрыял для пляцення лапцей. Гэта лыка з вяза — в’язнік, лазовае лыка: дзего, дзяга, дзяжка, ліпавае лыка: ліпіна, ліпоўе, сяслы. Скрутак, вязку накроеных на лапці лык іменавалі верч, посмук, путня, суверток. Вузкая палоска на лапці з ліпавай, лазовай або іншай кары называлася кравок, окравок, полосье, скравачак.

Для пляцення або падплятання лапцей выкарыстоўвалі спецыяльныя прьшады — спіцы, завостраныя палачкі, кручкі, якія мелі назвы заноза, падплётка, падпляталка, падплятанка, падплятка, подплетанка, подплетка, подплетак, спіца, спіцак.

Летам, акрамя лапцей, насілі драўляны абутак — дзеравянікі, дзеревяшкі, кандалы, хандакі, а таксама абутак на драўлянай падэшве, верх якога быў абцягнуты скурай або тканінай — дзеравяшкі, дзярвянікі, дэраўянікі, чуні, шкурацікі.

Г арадское насельніцтва, у адрозненне ад сельскага, насіла шыты скураны абутак — боты, якія з цягам часу распаўсюдзіліся і на вёсцы. Выкарыстоўваліся агульныя назвы, якія абазначалі гэты від абутку, — боты, сапагі, чабоці. Боты выраблялі ca скуры — бычынай, каровінай, конскай, свіной, авечай, баранавай і казінай. Незаможныя мужчыны насілі боты чорнага колеру з грубай скуры. Магнаты шылі боты ca скуры больш тонкага, лепшага гатунку рознага колеру, аздаблялі іх вышыўкай і цісненнем. Былі розныя віды ботаў — будзённыя, рабочыя, святочныя, выхадныя і спецыяльныя (ваенныя, паляўнічыя).

Існавалі розныя назвы мужчынскіх ботаў у залежнасці ад матэрыялу іх вырабу. Так, боты ca скуры называлі боты, вуцяжкі, зборкі, хромовікі (з хрому), керзовікі, кірзачы (са свіной скуры), чоботы, ялавыя (з цялячай скуры).

Былі розныя спосабы пашыву ботаў — вываратныя боты з унутраным швом, у якіх да халяў падшывалася знутры двухнітачным патайным швом падэшва, рантавьія боты, у якіх падэшва прышывалася да ранта звонку дратвай і прыбівалася драўлянымі цвікамі, богы — прышвы з прышыўнымі нерадамі, выцяжкі — суцэльныя зверху да нізу з шырокімі халявамі святочныя хромавыя боты.

Асаблівым аздабленнем і якасцю вызначаліся боты тураўскіх майстроў, якія шыліся з халявамі вышэй калена і зборкамі. Халявы загіналі і адвароты іх упрыгожвалі вышытым арнаментам або цісненнем.

Некалькі пазней, у XX сг. сталі насіць валеныя боты фабрычнага вырабу з белай воўны з абнасамі, шырокімі ацваротамі на халявах і прышыўнымі перадамі з карычневай скуры [4, с. 85].

Акрамя ботаў, насілі чаравікі, якія мелі назвы бацінкі, башмакі, боты, чаравікі. Чаравікі з кароткімі халяўкамі называлі паўбацінкі.

У складзе назваў цёплага зімовага абутку параўнальна невялікая група лексем абазначае валены абутак — валені, валёнкі, катанні, качанкі, самавалкі. Асобныя лексемы называюць войлачныя боты — войлакі, суконкі, а таксама пашыты цёплы абутак — бурні.

Боты насілі і жанчыны. Жаночыя боты былі з больш вузкімі і кароткімі халявамі, на высокіх тонкіх абцасах. У святочных жаночых ботах заднікі ўпрыгожвалі меднымі або жалезнымі пласцінкамі ці кавалачкамі каляровай скуры. Жанчыны на святы насілі таксама чаравікі з высокімі халявамі на высокіх абцасах, якія спераду зашнуроўваліся або зашпільваліся на гузікі. Абувалі жанчыны і боты, і чаравікі на панчохі, вязаныя з льняных або шарсцяных нітак, даўжыня якіх даходзіла да кален [2, с. 351 ].

У гаворках Гомельшчыны ўжываюцца наступныя назвы жаночага цёплага абутку: зборкі ‘хромавыя жаночыя боты’, снегаўцы ’зімовыя жаночыя боты’, румынкі, рузмынкі ’невысокія жаночыя чаравікі ca шнуркамі, абшытыя футрам’, халяўкі ’высокія святочныя жаночыя чаравікі ca шнуроўкай’.

Даволі значная група лексем называе часткі, дэталі абутку: перад, насок бота, абутку — голоўкі, насок, насцяк, перэд, пэрэды, шійка; частка абутку над абцасам, якая ахоплівае пяту — заднік, пятка; частка бота, якая закрывала нагу ад ступні да калена — галянішча, халявы, холявы; падкладка да галоўкі бота (ад пад’ему да наска) — падклейка, паднарад, падкладка, пудкладка, пудклейка; новыя перады ботаў, нрышытыя да старых халяў — перэцяжка, прышвы, прышывы; складкі на халявах у ботах — вуглікі, губалі, губаніцы, зборкі; посцілка ва ўнутранай частцы падэшвы — вусцілка, усцелька, усцілка, стілька; падэшва ў палову ступні ў абутку — подмётка, падашва, пудмёток; частка другой падэшвы ад наска да палавіны ступні — набой, подносок; цвёрдая набойка на падэшве пад пятой, абцас — закаблук, каблук, корак, корачкі, обчас, опчас, подбор, пудбор; вузкая палоска скуры па краях абутку — рант; бяроставая пракладка ў абцасе — закаблук, закаблык, закаблік; сукупнасць дэталей нізу ў ботах, чаравіках — нарад.

Былі асобныя назвы для абазначэння матэрыялу, з якога выраблялі боты або чаравікі: віцяжкі, вуцяжкі, тавар, укроі ‘суцэльныя загатоўкі для ботаў’, пяняга, пеняга ‘кавалак скуры, якія закладваецца ў боты пад заднік’; хром ‘сорт мяккай тонкай скуры’; сапян ‘мяккая, спецыяльна вырабленая казіная або авечая скура яркага колеру на абутак’; юхта, юхт ‘моцная, тоўстая, спецыяльна апрацаваная скура, з якой шыюць абутак’; дратва, драцьвіна ’тоўстая суконная льняная нітка для шыцця абутку’.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца назвы летняга абутку. Гэта туфлі — кантоплі, пантоплі, лодачкі, тухлі; басаножкі — аткрыткі, басаножкі, калодкі, рэбры (экспр.), самоходы, тсінкеткі; сандалі — сандалеты, сандалі, цандалі; хапкі — тапачкі, тапкі, топалкі, топкі, топці, чувякі (самаробныя); шлёпанцы — пантыклі, уступцы, шлёпанцы, шлёпкі.

Асобным відам абутку былі вырабы з гумы. Агульнымі назвамі гумовага абутку ў гаворках Гомельшчыны з’яўляюцца лексемы рэзіна, рэзіны, рэзінавікі, самаклейкі. Гумовы боты называліся балотнікі, барлячы, бахілы (высокія рыбалоўныя боты), гумовікі, макасіны, рэзіна, шлёры. Галёшы ў гаворках Гомельшчыны іменаваліся апоркі, брэты, галошы, галёшы, калошы, макраступы, разіна, рызіны, тюні, чуні.

Сустракаюцца адзінкавыя назвы спартыўнага абутку — кеты, красоўкі.

Нешматлікія назвы дзіцячага абутку — балеткі, баціначкі, сандалікі, сэндалікі, сапожыкі.

Нашы продкі даволі беражліва ставіліся да абутку. У вёсцы боты былі не ў кожнай сялянскай сям’і, нярэдка пераходзілі з пакалення ў пакаленне. Нават старыя боты не выкідвалі, у іх адр&залі халявы і насілі як паўсядзённы абутак. Боты з адрэзанымі халявамі называлі апоркі, абрэзкі, абрэзы, баймакі, окраўкі, пантыкі, ступакі, шкроганы, шкрогна.

Такім чынам, у гаворках Гомельшчыны І выкарыстоўваецца даволі кампактная лексіка-семантычная група назваў абутку, якая адлюстроўвае асаблівасці народнага побыту, развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры гэтага рэгіёна.

  1. Малчанава Л.А., Бялявіна В.М. Адзенне // Помнікі этнаграфіі. Методыка выяўлення, апісання і збірання. — Мінск: “Навука і тэхніка”, 1981.
  2. Молчанова Л.А. Одежда // Полесье: Материальная культура. — Киев: «Навукова думка», 1988.
  3. Раманюк М.Ф.Беларускае народнае адзенне. — Мінск: “Беларусь”, 1981.
  4. Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. — Мінск: БелСЭ, 1989.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Скарына і наш час: Матэрыялы III Міжнароднай навуковай канферэнцьй, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння прафесара У.В.Анічэнкі (7 кастрычніка 2004 г.) / УА ‘ТДУ імя Ф.Скарыны”; Рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) і інш. — Гомель, 2004. С. 280-284.