Назвы аб’ектаў руднага промыслу на Палессі

0
509
Назвы аб’ектаў руднага промыслу на Палессі

Зарыян Даленга-Хадакоўскі быў адным з першых, хто звярнуў увагу на тапанімічныя і мікратапанімічныя назвы беларускага краю. Даследаванне тапанімічнай спадчыны беларускага краю з лёгкай рукі даследчыка стала адной з важнейшых за­дач наступных пакаленняў лінгвістаў і працягваецца па сённяшні час.

Як любая грамадская з’ява, кожнае ўласнае імя прадыктавана спецыфікай і ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства пэўнага гістарычнага адрэзку часу. Паводле В. Лемцюговай, працэс тапонімаўтварэння — гэта вынік узаемадзеяння двух фактараў: унутранага (лінгвістычнага) і знешняга (экстралінгвістычнага) [1, с. 149]. «У сувязі з гэтым многія факты тапанімікі атрымліваюць належнае тлумачэнне толькі пры прыцягненні вельмі значнага і разнастайнага па характару матэрыялу — лінгвістычнага, гістарычнага і геаграфічнага» [2, с. 9]. У аснову най­мення трапляе тая рэалія, якая з’яўляецца характэрнай, важнай для пэўнага часу.

Шматлікія тапонімы з асновай руд падказваюць нам пра тое, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі была пашырана рудная справа, вытворчасць жалеза з балотнай руды, хімічная і механічная яе апрацоўка. Балотная руда з’яўлялася і стратэгічнай сыравінай. Не дзіўна, што працэсы вытворчасці металу знайшлі шырокае адлюстраванне ў тапаніміі. Аснова руд, якая раней мела значэнне «кроў», даволі старажытная. У беларускай народна-дыялектнай мове ад яе вядомы шматлікія вытворныя: рудзець — рабіцца рудым; рудзянец — лекавая расліна; рудавусы — з рудымі вусамі; рудаўка — балотная рыжая вада і інш. Тапанімічныя назвы: Руда, Рудка, Рудня, Рудабелка, Рудавец, Рудавіцы, Рудніца, Рудзенск, Рудзіха, Рудзіца, Рудзішча, Рудкаўшчына, Руднаўка і інш сустракаюцца ў многіх раёнах нашай краіны.

Асабліва многа вёсак з асновай руд і вытворнымі ад яе знаходзіцца на Палессі. «Здабыванне тут жалезнай руды не має вялікіх цяжкасцей, бо руда залягає зусім блізка, а часам і зусім выходзіць на паверхню» [3, с. 5]. Вядомы краязнаўца А. Крукоўскі ў 1920-я гады адзначаў, што на Мазыршчыне шмат назваў паходзіць ад асновы руд, амаль у кожным раёне ёсць па дзве, тры ці нават чатыры вёскі з назвай Рудня, а ўсяго такіх вёсак па акрузе — 31 [4, с. 43-44]. Неаднароднасць лексічных асноў вылучаных вытворча-прамысловых тапонімаў дає магчымасць выдзяліць ся­род іх тры падгрупы: — тапонімы, утвораныя ад апелятыва руда; — тапонімы, утвораныя ад апелятыва рудня; — тапонімы, лексічнай асновай якіх з’яўляюцца назвы майстроў па здабычы і выплаўцы руды.

Лексема руда — прыродна-мінеральная сыравіна, якая змяшчае ў сабе металы або іх злучэнні — паслужыла асновай для наймення на Палессі мноства населеных пунктаў Руда і вытворных ад яе.

На карце Беларусі больш за 100 тапонімаў суадносяцца з апелятывам рудня — месца здабычы жалезнай руды, памяшканне для яе выплаўкі. Як сведчаць даследчыкі, прыкладна ў XVIII-XIX стст. рудні мелі механічнае абсталяванне, размяшчаліся каля рэк і выкарыстоўвалі вадзяную энергію, а руду маглі завозіць з розных месц. Такіх рудняў было шмат. Так, на Палессі гэта: х. Рудня Старая, Убарацкая Рудня, Рудня, Новая Рудня, Есіпава Рудня, Яўтушкавіцкая Рудня, Дзямідаўская Рудня, Рудня Аляксандраўская, Сярэдняя Рудня, Глебава Рудня, Аголіцкая Рудня, Лельчыцкая Рудня, Глебава Рудня і г. д. [4, с. 8].

Часам назву Рудня атрымлівала не ўся вёска ў цэлым, а толькі яе частка. Так, на падставе вывучэння розных крыніц можна сцвярджаць, што адзін канец вёскі Рамязы Ельскага раёна, які звалі Рудняй, таксама атрымаў сваю назву ад месца здабычы руды. Назва вёскі Рудня Тартак, што ў Лельчыцкім раёне, сведчыць пра тое, што разам з рудняй тут існавала і лесапільня [4, с. 23].

Сувязь названых тапанімічных найменняў з рэальнымі залежамі ў радовішчах пацвярджаецца многімі фактамі. Згодна з гістарычнымі і этнаграфічнымі крыніцамі, рэшткі руды, кучы жалезных шлакаў, попел, сляды печаў, якія выяўляюцца ў ваколіцах мноства Рудняў, даказваюць, што паселішчы з такімі назвамі ўзнікалі ў тых мясцінах, дзе раней здабывалі з балотнай руды метал. Паводле А. Ляўданскага, толькі на Палессі, каля паселішчаў: Вітчынская Рудня, Жмурнянская Рудня, Лельчыцкая Рудня, Локніцкая Рудня, Рудня (Тартак), Сіманавіцкая Рудня, Убарская Рудня, Аголіцкая Рудня, Рудня Камароўская, Рудня Хохля, Рудня Скалодзінская, Сярэдняя Рудня, Валаўская Рудня, Верхняя Рудня, Ніжняя Рудня, Новая Руд­ня, Рудня Рамязы, Рудня Санюкоўская, Есіпава Рудня, Рудня Гарбавіцкая, Рудня Антонаўская (або Дудзіцкая Рудня), Рудня Каменская, Рудня Якімаўская, Яўтушкавіцкая Рудня, Белабярэжская Рудня, Дзямідаўская Рудня, Рудня Аляксандраўская, Рудня Цешкаўская, Смалегаўская Рудня, Рудня Жураўлёва, Рудакова, Рудзенка, Рудка, Жыгальская Рудня, Марымонава Рудня, Рудня Бурыцкая, Рудня Удалёўская, Рудня Цешкаўская, Рудня Старая, Рудачка ці Руданька (Белка), Руднянскія і многіх іншых ёсць залежы балотнай руды, а ў былыя часы каля названых паселішчаў знаходзіліся рудні або рудаплавільні [3,6].

Згодна з пісьмовымі дакументамі, каля в. Есіпава Рудня ў 1925 г. знойдзены жалезны молат, вага якога 52 кг. Відавочна, што молат, які прыводзіўся ў рух сілай вады, прызначаўся для коўкі крычнага (сырога) жалеза. Са слоў старажылаў, ба­лотная руда вывозілася на прыстань у Мазыр і Рэчыцу. З в. Рудня Якімаўская руда была дастаўлена ў 1857 г. нават у Парыж і залічана ў групу дабраякасных. У часы грамадзянскай вайны з в. Сярэдняя Рудня было вывезена шмат вагонаў руды. Па ўспамінах старажылаў вёскі Яўтушкавіцкая Рудня Калінкавіцкага раёна, у старыя часы тут знаходзіўся драўляны будынак жалезаплавільнага завода [4, с. 143].

Вялікая колькасць рудняў, якія існавалі на Палессі, патрабавала, зразумела, і шмат рабочай сілы. Для арганізацыі работы на рудаплавільнях неабходны былі майстры. У тапонімах Руднікі, Рудалі, Рудакі лексічнай асновай з’яўляецца назва па прафесійнай прыкмеце — руднік. Руднікі, рудакі — майстры па выплаўцы жалеза з руды — жылі асобнымі службамі пры руднях [5, с. 432].

Згодна з гістарычнымі звесткамі, некаторыя памешчыкі выпісвалі кваліфікаваных рабочых, як, напрыклад, у вёску Рудня Аляксандраўская. У патомкаў гэтых рабочых у пачатку мінулага стагоддзя захаваліся нават дамовы аб тым, што яны павінны былі плавіць руду. Калі рудні будаваліся ў існуючых ужо вёсках, частка мясцовых прыгонных сялян была рудакопамі і працавала на рудаплавільнях. Не дзіўна, што прозвішчы многіх жыхароў такіх вёсак таксама мелі аснову руд. Так, у в. Дзямідаўская Рудня ў 30-я гады мінулага стагоддзя жыло каля 15 семьяў патомкаў былых рабочых мясцовай рудні, якія і прозвішчы насілі Рудніцкія. Частка сялян в. Жмурніцкая Рудня /Жмурнянская Рудня / у мінулым была рудакопамі [4, с. 16].

Літаратура

  1. Лемцюгова В. П. Беларуская айканімія: Лінгвістычны аналіз назва населенных пунктаў Мінскай вобласці. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970.
  2. Бірыла М. В., Ванагас А. П. Беларускія элементы ў беларуская анамастыцы. — Мн.: Навука і тэхніка, 1968.
  3. Ляўданскі А. Н. Да гісторыі жалезнага промыслу на Палессі // Працы Палесскай экспедыцыі, вып. 2. — Менск, 1933. — С. 15
  4. Крукоўскі А. Я. Жалезная руда на Мазыршчыне // Наш Край. Штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры інстытуце Беларускай Культуры. 1926. № 8 — С. 77.
  5. Шур В. В. Беларускія ўласныя імёны: Бел. антрапаніміка і тапаніміка: Дапам. для настаўнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1998.

Аўтар: Алена Валасенка
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — С. 279-281.