Назва вёскі Казацкія Балсуны: Балсуны ці Баўсуны?

0
421
Казацкія Балсуны. Карта 1886 г.
Казацкія Баўсуны. Карта 1886 г.

Спачатку, першае, што трэба зрабіць – гэта вызначыцца, як у дадзенай кнізе называць вёску, якая цяпер афіцыйна называецца Казацкія Балсуны. Здавалася б, што за абсурдная прапанова, але з назвай вёскі не ўсё так проста.

Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя населены пункт у пераважнай большасці дакументаў на старабеларускай і рускай мовах пісаўся як «Бовсуны», «Бавсуны» ці «Бовсуни» – праз літару «в». Так у дакументах 1835-1837 гадоў, напісаных тагачасным баўсунскім памешчыкам Паўлам Герасімавым Азерскім, сустракаем варыянты «Бавсуны» і «Бовсуны».

Праз «в» пісаліся і прозвішчы «Бавсунъ», «Бовсунъ», «Бовсуненокъ», «Бавсунова» і «Бовсуновъ», назоўнік «бовсуновци», прыметнік «бовсуновские» і г.д.

Прычым і ў польскамоўных крыніцах XVIIІ стагоддзя мы таксама сустракаем напісанне назвы вёскі і прозвішча «Баўсун» праз «u» або «w»: «z Bowsunow», «Bousun», «Bowsun», «Bowsan».

Форма праз «л» – «Болсуны», «Болсуни», «Болъсуни» сустракаецца ў дакументах XVIIІ стагоддзя толькі спарадычна, пачынаючы з 1720-х гадоў. Так у «Переписной книге Черниговскихъ селъ и деревень для занятия въ оныхъ квартиръ Мекленбургскому корпусу», якая датуецца 1721 годам, ці не ўпершыню з’яўляецца форма «Болсуны» і «в Болсунах». Можна меркаваць, што Перапісную кнігу 1721 года складаў не мясцовы старадубскі пісар ці ўраджэнец Маларосіі, а пісар з Расіі.

У «Генеральным следстве пра маетнасці Старадубскага палку»1 1729-1730 гадоў разам з традыцыйнай формай «Бовсуни» сустракаецца і назва «Болъсуни».

У лісце баўсунскага памешчыка Герасіма Азерскага, датаванага 1812-м годам, таксама сустракаюцца два варыянты – «Болсуновъ» і «Бовсуны».

У статыстычным даведніку «Списки населенных мѣст Российской Империи: Черниговская губерния» згодна са звесткамі за 1859 год таксама падаюцца дзве назвы: «Болсуны (Бовсуны)».

З часам, верагодна пад уплывам рускай мовы, а магчыма пісараў, якія імкнуліся пісаць больш «правільна», Бовсуны ў афіцыйных дакументах і на картах трансфармуюцца выключна ў «Болсуны».

У перапісе 1917 года мы ўпершыню сустракаем двухчленную назву населенага пункта: «Болсуны (Казачьи)». Хаця ў дакументах 1920-х гадоў –  пратаколах паседжанняў сельскага савета, спісах падаткаплацельшчыкаў, спісах жыхароў, назва населенага пункта ўсё яшчэ пішацца як «село Болсуны», а вытворны ад назвы прыметнік – «болсуновский». 

У 1926 годзе, у акце прыёма-здачы тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў Гомельскай губерні, далучаных да БССР, мы ўпершыню бачым двухчленную назву  ўжо без дужак: «село Болсуны Казачьи».

Пасля 1926 года, калі вёска ўвайшла ў склад БССР, з’явілася сучасная назва «Казацкія Балсуны», якая цяпер замацована ў якасці афіцыйнай у нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць»2

Жыхары ж спрадвеку вымаўляюць назву сваёй вёскі праз «ў» – «Баўсуны́», з націскам на гук «ы», а самі сябе называюць «баўсунцы». Таму, напэўна, у дадзенай кнізе, якая не з’яўляецца афіцыйным дакументам, дапушчальна называць вёску так, як яна называлася першапачаткова і як яе называюць самі жыхары – Баўсуны.

Як вынікае з назвы вёскі (аб гэтым гаворыць множны лік назвы і канчатак -ы), Баўсуны́ – патранімічны тапонім, іншымі словамі, назва, якая ўтворана ад імя, мянушкі або прозвішча продка па бацькоўскай лініі.  У дадзеным выпадку гэты продак – Мехед Баўсу́н (імя гучала напэўна, як Міхед – праз «і»), аб асобе якога будзе сказана ніжэй.

  1. Лазаревська К. Генеральне слідство про маєтності Стародубського полку. Том 1. Київ. 1929 р.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с.


Аўтар:
Уладзімір Васькоў
Крыніца: Казацкія Баўсуны і баўсунскія казакі. Гісторыя адной беларускай вёскі