Стыхія балад – гэта калізіі народнага жыцця, і таму яны часта пазбаўлены часавых прымет. Рускі даследчык Б. Пуцілаў адзначыў, што «баладныя сюжэты характарызуюцца сваёй побытавай няпэўнасцю, відавочнай неадпаведнасцю паўсядзённай эмпірычнай плыні жыцця. А між тым у іх аснове заўсёды ляжаць сапраўдныя, а не прыдуманыя, жыццёвыя калізіі» [1, с. 29].
Балада як жанр канцэнтруе і паглыбляе сваю ўвагу ў свет сацыяльных, сямейных, побытавых, псіхалагічных канфліктаў, выкліканых рэальнымі жыццёвымі супярэчнасцямі. Самі ж канфлікты з’яўляюцца крыніцай бед і няшчасцяў, гора, гібелі, няспраўджаных памкненняў. Баладныя тэксты прасякнуты трагічным і драматычным пафасам менавіта таму, што дзеючыя асобы навелістычных балад дзейнічаюць у выключных абставінах, часам незалежных ад іх. Трагічнае ў навелістычных баладах іншы раз мяжуе з жахлівым. Гэта нярэдка злачынства, здзейсненае ў адносінах да блізкага ці роднага чалавека, што красамоўна дэманструецца ў навелістычнай баладзе з сюжэтам «заморскае зелле». У ёй паказваецца трагедыя простага чалавека, абумоўленая сацыяльна-класавымі адносінамі і ў пэўнай ступені тагачаснымі грамадскімі ўмовамі. У баладзе «А ў Марусі, а ў Марусі пасцель пухавая», запісанай ў вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёна, апавядаецца пра тое, як Маруся прыкінулася хворай і выправіла аднаго з казакоў па зелле: А ў Марусі, а ў Марусі хата на памосце.
Прыехалі да Марусі тры казакі ў госці.
Першы кажа, першы кажа:
«Я Марусю люблю».
Другі кажа, другі кажа:
«Я Марусю вазьму».
Трэці кажа, трэці кажа:
«На камені стану,
Я для сваёй Марусенькі зеллейка дастану» [2, с. 167].
У адным з варыянтаў балады, запісаным ў вёсцы Бярэжцы Жыткавіцкага раёна, гучыць матыў дапамогі галоўнай гераіні. Акрыяць ёй ад хваробы «адазваўся маладзенькі Ясю»: Прыехалі тры казакі ў госці.
Адзін кажа: «Я й Марусю люблю».
Другі кажа: «Я й за сябе вазьму».
Трэці кажа: «Марусенька мая».
Тады Маруся бальная ляжала,
Тады яна тройзелля бажала.
Адазваўся маладзенькі Ясю:
– Я Марусі тройзелля дастану,
Я з Марусяю на шлюбоньцы стану [2, с. 167].
Рэалістычную аснову баладнага сюжэта пацвярджаюць учынкі дзеючых асоб, праз вобразы якіх раскрываецца светапогляд людзей мінулага часу.
Звычайна гэта гераіня (маладая дзяўчына), што імкнецца шчасліва выйсці замуж, і героі – тры казакі, яны па-рознаму адносяцца да гераіні, што вынікае з вышэйпрыведзенага тэкста.
Казакі – гэта рускія людзі, у якіх існуюць свае звычаі і традыцыі, гістарычныя карані. Этымалагічна слова «казак» цюркскага паходжання, што азначае «вольны чалавек» [3, с. 305]. На Русі казакамі лічыліся вольныя людзі, якія жылі на ўскраінах дзяржавы, але ў тыя часы мала хто ведаў з простых людзей, што казакі ў мінулым былі збеглымі прыгоннымі сялянамі, халопамі і збяднелымі гараджанамі.
Варыянты баладных песень з сюжэтам «заморскае зелле», якія шырока бытуюць на тэрыторыі Гомельшчыны, характарызуюцца сімвалічнасцю кампазіцыйнай арганізацыі. Важнае значэнне ў сюжэтнай канве мае сімволіка магічнага ліку «тры», што на працягу доўгага часу быў знакам язычніцтва, але ў дадзеным кантэксце суадносіцца з жыццём, нараджэннем і смерцю, а таксама прагназуе далейшае развіццё сюжэта. Сімвалічнае з’яўленне зязюлі ўзмацняе трагічны зыход развіцця падзей аднаго з варыянтаў баладнага тэксту, запісанага ў вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёна: Прыляцела зязюленька ды стала куваці: – Нашто табе, казачанька, нашто табе зелле, Ужо ў тваёй Марусенькі гуляюць вяселле [2, с. 167].
Вядома, што за вобразам зязюлі ва ўяўленнях беларускага народа замацавана сімвалічнае значэнне вяшчункі і варажбіткі. У дадзеным варыянце сюжэта зязюля прадказвае трагічны фінал для гераіні: Перва шабля, перва шабля толькі зазвінела, Друга шабля, друга шабля – галава зляцела [2, с. 167].
Цела, думка, душа – тры складаныя элементы існавання чалавека, што дазваляюць захоўваць гэты статус, і калі адзін з гэтых паказчыкаў парушаецца, то быццё герояў стаіць пад пытаннем.
Варыянты прыведзенай балады, запісаныя на тэрыторыі Гомельшчыны, насычаны разнастайнымі вобразамі, праз якія больш дакладна характарызуецца чалавек, яго паводзіны, унутраны стан.
Знаёмства з навелістычнымі баладамі дае падставы сцвярджаць, што сюжэты гэтых твораў даволі шырока бытуюць на тэрыторыі Гомельшчыны.
Адметнасцю кампазіцыі баладных песень гэтай групы з’яўляецца маральна-этычная скіраванасць сюжэта і наяўнасць спасылак на рэальныя з’явы грамадскага жыцця, узятыя з пэўнага перыяду гістарычнага развіцця.
Літаратура
- Путилов, Б. Н. Русская историческая баллада в её славянских отношениях / Б. Н. Путилов // Русский фольклор: народная поэзия славян. – М. – Л., 1963. – 442 с.
- Балады: у 2 кн. / уклад., сістэм., уст. арт. і камент. Л. М. Салавей; рэд. К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1978. – Кн. 2. – 744 с.
- Семинова, А. В. Этимологический словарь русского языка / А. В. Семинова. – М.: Юнвес, 2003. – 704 с.
Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 15 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2013. – С. 373-375.