У дадзеным артыкуле разглядаюцца навелістычныя балады Гомельшчыны. На прыкладзе запісаў народнай балады з сюжэтам «дзяўчына топіць няшлюбнае дзіця» была зроблена спроба прааналізаваць сюжэтную арганізацыю варыянтаў гэтых песень, зафіксаваных у населеных пунктах Жыткавіцкага і Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці.
Навелістычныя балады — адна з найбольш папулярных жанравых разнавіднасцей балад у песенным рэпертуары жыхароў Гомельшчыны. Як правіла, змест балад-навел складаюць рэалістычныя апавяданні пра незвычайныя здарэнні ў сферы сямейнага і асабістага жыцця людзей. «Баладам гэтага віду не ўласцівы элементы цудоўнага, надпрыроднага, яны меней, чым іншыя віды, звязаны з абрадамі, гэта якраз песні, спяваюць у любы час» [1, с. 155].
Варта адзначыць, што мастацкі свет навелістычных балад — свет небяспечны, яго падмурак — псіхапаталогія грамадскага і штодзённага жыцця, поўнага злачынстваў, дэфармаваных зносін, пакалечаных характараў і лёсаў.
Заўважым, што трагічны зыход кахання (асабліва для гераіні) з’яўляяецца тыповым для навелістычных балад сямейна-бытавой тэматыкі. Дзяўчыну могуць падманам вывесці з хаты і затым кінуць. Часам адна трагедыя прыводзіць да другой, прыкладам таму служыць балада «Дзяўчына загубіла зводніка-казака». У навелістычных баладах дзяўчына (гераіня) — не толькі ахвяра жорсткага, бязлітаснага лёсу, але і барацьбітка за права на лепшую долю. Калізія, калі дзяўчына застаецца з няшлюбным дзіцём на руках, дала пачатак шэрагу баладных сюжэтаў пра маці, што кінула або згубіла сваіх дзяцей. У летапісных дакументах X-XI стагоддзяў засведчана вельмі паблажлівае стаўленне да няшлюбных дзяцей. Толькі развіццё і ўмацаванне царкоўнай маралі надало гэтай жыццёвай праблеме трагічны характар. Часам суд над жанчынай маглі ўчыніць члены яе сям’і.
Трагічныя абставіны жыцця маладой дзяўчыны шырока прадстаўлены ў навелістычных баладах з сюжэтам «дзяўчына топіць няшлюбнае дзіця», які характарызуецца шырокім варыянтным бытаваннем у вёсках Жыткавіцкага і Рэчыцкага раёнаў Гомельшчыны.
Расповед у баладах «Ой, у Кіеве жа да на рынку», «Ой, у нашай дзеравушцы» вядзецца, як правіла, у выглядзе паслядоўных дэталізаваных ці лаканічна выкладзеных эпізодаў (матываў), што спрыяе шырэйшаму ахопу з’яў рэчаіснасці. Падача часавай і прасторавай дынамікі падзеі страты дзіцяці пададзена лагічным (прамым) стылем. Абмежаваная колькасць стылістычных прыёмаў надае сюжэту рэалістычную дакладнасць і праўдзівасць. Драматычныя і трагічныя калізіі сюжэта праяўляюцца праз кампаненты кампазіцыйнай арганізацыі твора: завязку, развіццё дзеяння, кульмінацыю, развязку.
Закладзены ў фабулах балад «Ой, у Кіеве жа да на рынку», «Ой, у нашай дзеравушцы» іх маральна-дыдактычны сэнс знаходзіць свой пачатак у завязцы:
Ой, у нашай дзеравушцы
Случылася бяда,
Трай-рай-рай,
Случылася бяда.
Маладая Настасея
Сына радзіла [2, с. 180].
Варыянт балады, запісанай у в. Бярэжцы Жыткавіцкага раёна, пацвярджае шырокае бытаванне дадзена сюжэта за межамі тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым сведчыць тэкст балада «Ой, у Кіеве жа да на рынку». Завязка вышэйназванай балады дэманструе агульнаславянскія вытокі сюжэта:
Ой, у Кіеве жа да на рыначку
Случылась бяда.
Случылась бяда.
Да маладая ды Марусечка
Радзіла сына [2, с. 184-185].
Глыбокі маральна-этычны сэнс, закладзены ў сюжэтнай аснове песеннага тэксту, узмацняецца з кожным эпізодам, і аб гэтым сведчыць развіццё падзей:
Маладая Настасея
Сына радзіла.
Не паіла, не карміла —
У рэчку бросіла (в. Гарошкаў) [2, с. 180].
***
Случылася бяда.
Да маладая ды Марусечка
Радзіла сына.
Радзіла сына
Да не свет божы ды не пусціла,
А ў рэчку бросіла (в. Бярэжцы) [2, с. 185].
Факт смерці, якой абумоўлена дынаміка баладнага сюжэта і якая выступае ў непарыўным адзінстве з каханнем і нянавісцю, раскрываецца ў кантэксце прычынна-выніковых сувязей. Дзяўчына, парушыўшы маральныя нормы, асуджае няшлюбнае дзіця на смерць, кідаючы яго ў рэчку, але «вада ў свядомасці беларусаў ачышчальны сродак» [3 , с. 57].
У сюжэтных варыянтах балад, запісаных на тэрыторыі Гомельшчыны, сімволіка вады набывае «ачышчальна-пераходнае» значэнне. Дзіця, якое нарадзілі ў граху, неабходна ачысціць ад яго ў час хрышчэння ў храме, але дзяўчына абрала іншы лёс для немаўляці. Адзінае выйсце з гэтага становішча дзяўчына бачыць у знішчэнні дзіцяці. Такім чынам, дзяўчына абракае сябе на фізічнае і духоўнае пакаранне. Здзейсненае ёй злачынства не стасуецца з выпрацаваным на працягу некалькіх стагоддзяў маральна-этычным кодэксам грамадства. Згодна з існуючымі прававымі нормамі за злачынства ў адносінах да немаўляці дзяўчына павінна панесці фізічнае пакаранне:
Паймалі ліна
Ды як узялі на белы рукі
— Аж гэта дзіця,
Аж гэта дзіця.
Ды й панеслі ту дзяціначку
У казённы дом,
У казённы дом.
Ды палажылі ту малютачку
На цясовы стол,
На цясовы стол.
Ды й ударылі, ды й урэзалі
У галосны звон,
У галосны звон:
— Да й усе дзеўкі сабірайцеся
Да й на перазоў [2, с. 185].
Варыянты балад «Ой, у Кіеве жа да на рынку», «Ой, у нашай дзеравушцы», якія характарызуюцца трагічнымі развязкамі ў развіцці падзей, падводзяць да высновы, што за кожнае злачынства і кожны амаральны з пункту гледжання народнай этыкі ўчынак трэба несці адказнасць:
Ды маладая ды Марусечка
Ды й сазналася,
Ды й сазналася.
Да й ужо тую ды Марусечку
Пад наказ вядуць,
Пад наказ вядуць.
Да яе маці ды старэнькая
Горкі слёзы льець,
Горкі слёзы льець [2, с. 186].
Драматычныя калізіі ў народнай баладзе сустракаюцца даволі часта. Адзначым, што баладныя творы не застаюцца нязменнымі на працягу стагоддзяў, з цягам часу яны змяняюцца, іх сюжэты трансфармуюцца ў адпаведнасці з тымі ці іншымі абставінамі.
Прааналізаваныя тэксты балад дэманструюць варыянтнае багацце сюжэта «дзяўчына топіць няшлюбнае дзіця», а таксама пацвярджаюць характэрную для гэтай тэматычнай групы важную маральна-этычную скіраванасць.
Спіс літаратуры
- Салавей, Л. М. Беларуская народная балада / Л. М. Салавей. — Мінск: Навука і тэхніка, 1987. — 284 с.
- Балады ў дзвюх кнігах. Кн. 2. / рэд К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — 744 с.
- Беларуская міфалогія: энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования “Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины”. — 2013. ― Вып. 6. Ст. 135-139.