Нацыянальны характар у прозе Івана Мележа

0
93
Нацыянальны характар у прозе Івана Мележа

Цікавасць да праблемы нацыянальнага характару ўзнікла ўжо ў пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя. У гэты час, у прыватнасці, было адзначана, што асабліва ярка нацыянальны характар адлюстроўваецца ў народнай творчасці — літаратуры, музыцы, песнях, танцах. Фармаванне яго адбываецца пераважна пад уплывам гістарычных і сацыяльна-эканамічных умоў. Актыўна даследаваўся нацыянальны характар у 70-я гады. Н. Джандзільдзін: “Над нацыянальным характарам мы разумеем сукупнасць спецыфічных псіхалагічных рысаў, якія сталі ў большай ці меншай ступені ўласцівымі той ці іншай сацыяльна-экакнамічнай агульнасці ў канкрэтных гісторыка-эканамічных, культурных і прыродных умовах яе развіцця” [6, 146]. У Э. Баграмава свой пункт погляду: “Нацыянальны характар — гэта адлюстраванне ў псіхіцы прадстаўнікоў нацыі своеасаблівых гістарычных умоў яе існавання, сукупнасць некаторых асаблівасцяў духоўнага вобліку народа, якія праяўляюцца ва ўласцівых яго прадстаўнікам традыцыйных формах паводзінаў, успрымання акаляючага асяроддзя і г.д. і якія адбіваюцца ў нацыянальных асаблівасцях культуры, другіх сферах грамадскага жыцця” [2, 13]. Нацыянальны характар ўяўляе сабой “сукупнасць больш ці менш устойлівых псіхалагічных рысаў і ўласцівасцяў, якія характэрны для большасці прадстаўнікоў нацыі” [10, 8]. Гэта вызначэнне належыць Д.Г. Суворавай. Як бачым, існуе шмат тлумачэнняў нацыянальнага характа­ру. Але такое разумение мае істотны недахоп: не раскрывае дыялектыку нацыянальнага і агульначалавечага ў яго развіцці. Справа ў тым, што нацыі развіваюцца не адасоблена, не ізалязана адна ад другой. У сваім развіцці яны падпарадкоўваюцца агульным заканамернасцям, нягледзячы на спецыфічныя асаблівасці. Таму агульначалавечае іграе важную ролю ў жыццядзейнасці кожнай нацыі, кожнага народа.

Не выклікае сумненняў, аднак, тое, што своеасаблівасць у развіцці нацый існуе, і гэта своеасаблівасць дае магчымасць гаварыць аб рускім нацыянальным характары, беларускім, украінскім і г.д. Названая асаблівасць выяўляецца ў матэрыяльнай і духоўнай культуры: мастацтве, літаратуры, звычаях, традыцыях, абрадах, якія, вядома ж, у кожнага народа свае.

Такім чынам, праблема нацыянальнага характару можа быць разгледжана толькі зыходзячы з дыялектыкі нацыянальнага і агульначалавечага. Раскрыць сутнасць нацыянальнага характару — гэта значыць даследаваць дыялектыку праяўлення агульначалавечага ў нацыянальным. Менавіта гэта спецыфічнае, своеасаблівае — змест нацыянальга характару, “але ўзікае яно ў выніку праяўлення агульнага ў адзінкавым” [4, 95].

Як мы ўжо адзначалі, найбольш поўна і ўсебакова нацыянальны характар праяўляецца ў нацыянальнай культуры, якая вылучаецца непаўторнай самабытнасцю, у якой змяшчаецца этнічная своеасаблівасць народа. Поўна і рознабакова раскрываецца сутнасць нацыянальнага характару ў літаратуры. Нацыянальная своеасаблівасць твора заключаецца ва ўважлівым, скрупулёзным, дасканалым даследаванні пісьменнікам жыцця і нораваў суайчыннікаў. Але пры ўсім гэтым нацыянальная культура напоўнена агульначалавечым зместам.

Вырастаючы на нацыянальнай глебе, культура акумулюе элементы культуры іншых народаў і як вьшік — узбагачаецца. И калі мы гаворым аб тым. што нацыянальны характар праяўляецца ў асаблівасцях культуры, то ідзем ад дыялектыкі нацыянальнага і агульначалавечага, што выяўляе сутнасць нацыянальга характару.

У гэтых адносінах найлепш перадае сутнасць паняцця “нацыянальны характар” фармулёўка, дадзеная П.І. Гнаценкам: “Нацыянатьны характар — гэта сукупнасць сацыяльна-псіхалагічных рысаў (нацыянальна-псіхалагічных установах, стэрэатыпаў), уласцівых нацыянальнай агульнасці на пэўным этапе развіцця, якія праяўляюцца ў каштоўнасных адносінах да навакольнага свету, а таксама у культуры, традыцыях, абрадах, звычаях” [4, 97].

Адна з галоўнейшых рысаў нацыянальнага характару — здольнасць любіць сваю “малую радзіму”, родную хату, ачаг, як любяць родныя мясціны, лічаць найлепшымі ў свеце. ганарацца тым, хто яны і адкуль лірычныя героі Я. Коласа, Р. Барадуліна, Мележаў Апейка. Патрэбна ўмець захапляцца роднай прыродай, шанаваць сваю мову. Спасціжэнне праблемы нацыянальнага жыцця і нацыянальнай культуры надзвычай хвалюе героя М.Гарэцкага: “.. Мы гадуемся на чужым грунце і забываемся добра разумець свой уласны […] Бо што ж? — Toe лепшае, чалавецка-беларускае, што ўзгадавала ўва мне сям’я (і тое не ўся наша сям’я), доўгі час выкарыстоўвала ўва мне … школа. Ну ці ж навучыла мяне школа любіць свае, беларускае, даражыць хараством роднае прыроды, праняццца гармоніяй розных з’яў? Чаму нас вучылі? Во і вісі паміж небам і зямлёй. Ці рві з душы роднае карэнне і адракайся роднай ха­ты ці ўцякай ад панскай вопраткі і цягайся за прымітыўнаю дзяржаўнаю Сахою” [3, 39-40]. Як заўважае В.Локун, “герой М. Гарэцкага хоча быць беларусам і чалавекам адразу, а не так. што калі ты беларус, дык ужо недачалавек, чалавек ніжэйшы за іншых” [7. 258]. У сваю чаргу, Л.Корань дадае: “М.Гарэцкі б’ецца. спасцігае нацыянальны характар як мысляр-аналітык, крытык, але і як заступнік-будзіцель духу, як творца і прарок”. Як потым сцвярджалі права на належнае месца беларускага народа сярод іншых Кузьма Чорны, Іван Мележ. У прыватнасці, К. Чорны прадставіў свой нацыянальны тып. “Народныя вобразы ў яго — аб’ект увагі і любові, за якой столькі асабістага, шчымліва-інтымнага”, — адзначае М.Тычына. У сваю чаргу, непаўторнай своеасаблівасцю вылучаецца нацыянальны тып, створаны Іванам Мележам, — чалавека-рупліўца, моцна прывязанага да роднай зямлі, які ведае свае карані, ганарыцца імі, звык жыць толькі працай рук сваіх, спадзявацца на сябе і надзелены здольнасцю крытычна мысліць. У першую чаргу, гэта датычыць, вядома ж, Васіля Дзятла, дзеда Дзяніса, Цімоха Чарнушкі, Халімона Глушака і ў пэўным сэнсе Апейкі. На старонках “Палескай хронікі” наогул сапраўдны россып чалавечых індывідуальнасцей, яркіх, каларытных вобразаў-архетыпаў, кожны з якіх адкрывае непаўторны свет Палесся.

Яскравейшы ўзор праяўлення нацыянальнага характару на старонках твора — вобраз Апейкі. Паказальна, што менавіта яго думкі ў значнай меры сугучныя аўтарскім. Абвостранае пачуццё гонару за нацыянальную прыналежнасць, мо. у большай ступені чым каму ўласцівае Апейку — вернаму сыну Палесся. Цікавымі ў гэтых адносінах уяўляюцца яго развагі аб сутнасці нацыянальнага характару: ”І газеты нават пішуць часам: раней палешукі самі гаварылі: “Палешукі мы — не чалавекі.” Праўда, разумныя людзі ў газетах тлумачаць гэта праклятым мінулым: людзі былі такія цёмныя, дзікія, што не лічылі нават сябе за людзей, чалавекаў. За каго ж яны сябе лічылі? У гэтым — цяпер, у неспакойнай цемры асабліва — Апейка чуў нешта вельмі крыўднае, абразлівае. Ён чуў гэта і як крыўду сабе — усё ж ён ніколі не забываў. што сам палешук, — і як крыўду тым, з кім жыў, каго любіў” [9, 373]. “Апейка пачаў перабіраць у памяці, што гавораць пра Палессе кнігі. Ён чытаў іх усе, якія мог дастаць”, — працягваецца плынь разважанняў. — “Некалькі талковых кніг пра прыроду — пра лясы, балоты, пра птушак, пра звяроў, некалькі зборнікаў песень ды звычаяў. 3 іх маляваўся воблік народа: ціхія. дзікія, у палоне забабонаў. У гэтым таксама было нямала праўды, але як далёка ад вялікай праўды! Як мала пра бязмежна багатае людское мора, імя якому — народ!..” [9, 374-375]. Такімі па сваей сутнасці выведзены ў “хроніцы” Васіль, Ганна, дзед Дзяніс, Цімох Чарнушка. Сарока — працалюбівыя, дасціпныя, цярплівыя (у межах разумнага), упартыя палешукі.

“Нацыянальны характар — гэта адзінства адносін асобы да жыцця і абумоўлены ім спосаб дзеяння асобы ў тыповых абставінах, ідэйнай асновай якога з’яўляюцца перакананні, ідэалы, інтарэсы, густы, сімпатыі і г.д.” [11, 54], — чытаем у Міхася Тычыны. Выяўляецца на­цыянальны характар у мностве непаўторных. індывідуальных чалавечых характараў, кожны з якіх у той ці іншай меры нацыянальны. Адзін з такіх індывідуальных чалавечых характараў мы якраз і бачым у асобе Івана Анісімавіча Апейкі. Яму ў поўнай меры ўласцівы вызначальныя рысы паляшуцкага характару: цярплівасць, разважлівасць, вытрымка, упартасць, настойлівасць у дасягненні мэты, самаахвярнасць. Гэта думка сцвярджаецца Іванам Мележам на працягу ўсяю твора, асабліва раманаў “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. “Апейка стаў калі не галоўным, то адным з галоўных вобразаў рамана, стаў як бы яго сумлением. Ён у многім визначае адну з самых галоўных ліній рамана. У гэтым вобразе сканцэнтраваны, можа, самыя важныя думкі рамана. Самае сур’ёзнае, што заключана ў другім рамане [8, 545], — даводзіў Іван Паўлавіч. Побач ca сваім героем пісьменнік разважае аб праблемах палескага рэгіёну, асаблівасцях нацыянальнага характару беларуса. Становіцца зразумелым, чаму ў некаторых рэцэнзіях Івана Мележа называлі прататыпам гэтага персанажа.

Іншим разам паняцце “нацыянальны характар” трактуецца надта спрошчана, схема­тычна. Адсюль спроби ацэньваць адзін з нацыянальных характараў як эмацыянальна стрымлены, другі — як добразычлівы, трэці — як палкі, гарачы. Сапраўды, у вызначэнні нацыяналь­нага характару назіраецца шмат стэрэатыпаў, перабольшванняў. Так, беларусаў звыклі лічыць залішне цярплівымі, спакойнымі. Але ці заўсёды гэта так? Безумоўна, не. Яркі прык­лад: Васіль Дзяцел, які ўпарта адстойвае сваё права на карыстанне зямлёй і наадрэз адмаўляецца аддаваць яе калгасу або Ганна Чарнушка, якая не жадае мірыцца з роляй наймічкі ў сям’і Глушакоў, з жорсткасцю і дэспатызмам Яўхіма і абірае свой, уласны шлях у жыцці.

Грамадская свядомасць, як сёння, так і ў мінулым паогул часта фармавалася пад уплывам распаўсюджаных прадузятых думак. Пэўным чынам вышэйсказанае можна аднесці і да прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці, вобразы якіх сустракаюцца ў “Палескай хроніцы” І.Мележа: швачка Годля, гандляр Нохім, местачковы кравец Савул, яго дачка Цыля і ўнук Лёва. Адзін з такіх памылковых поглядаў — абвінавачванне ў тым, што многія беды рускага і беларускага народаў з-за дзейнасці яўрэяў. Распаўсюджанне атрымала думка:”Няма на свеце чалавека хітрэй за яўрэя”. Наглядная ілюстрацыя — характарыстыка, дадзеная куранёўцамі гандляру Нохіму: “Багацее, хітры сабака…” (Цімох Чарнушка), “хітры гандляр” (стары Г.тушак). У свой час гэту думку рашуча абвяргаў рускі пісьменнік М.Ляскоў. “Яўрэі працалюбівыя, ашчадныя, далёкія ад матаўства, ляноты і п’янства. Між тым усімі прызнана, што гэтыя заганы надта моцна распаўсюджаныя сярод многіх народаў іншага племені”, — гаварыў ён. Заўважым, такія прадузятыя погляды. суб’ектывізм, шырокае распаўсюджанне пэўных стэрэатыпаў аб нацыянальным характары яўрэяў існуе і ў наш час. Сярод рысаў, што прыпісзаюцца яўрэйскаму характару, — цяга, схільнасць да камерцыйнай і інтэлектуальнай дзейнас­ці. Дадзеная прафесійная перавага абумовіла спосаб жыццядзейнасці яўрэйскага народа. А. Васільеў у артикуле “Яўрэйскі характар” наконт гэтага зазначае:”На працягу стагоддзяў яўрэі жылі так, каб у любую хвіліну быць гатовымі да ўцёкаў. Пагэтаму яны. як правіла, не працавалі на зямлі, а аддавалі перавагу прафесіям, звязаным з грашыма: гандляры, мянялы.” Наглядны приклад таму знаходзім у “Палескай хроніцы”. Вобразы Швачкі Годлі, “хуткай, мітуслівай” жанчыны, якая “ніколі не пройдзе ціха, а ўсё бегам, бегам” і якую “на паважанае месца між людзей паставіла дзіва — швейная машинка”, гандляра Нохіма. краўца Савула — з шэрагу тих, што при ўсёй сваёй эпізадычнасці тым не менш з’яўляюцца даволі яркімі і дапамагаюць глыбей спасцігнуць ідэйны сэнс твора. У рамане “Завеі, снежань” перад намі типо­вая яўрэйская сям’я: хатняя гаспадыня Цыля Савулаўна, яе бацька стары Савул і сын Лёва, камсамолец, член бюро камсамольскай ячэйкі школы, адзін з лепшых вучняў школы. Гарадскія. местачковыя яўрэі заўсёды імкнуліся даць дзецям добрую адукацыю. Часам можна сустрэць сцвярджэнне аб інтэлектуальнай перавазе яўрэяў над іншымі народамі. Між тым, нічога дзіўнага тут няма, тлумачыцца гэта проста. “Паколькі яўрэяў адусюль гналі, яны прызвичаі­шся прыстасоўвацца да абставінаў, да новай сітуацыі. Гэта асаблівым чынам фарміруе мозг, прымушае вучыцца. Пагэтаму сярод нас так шмат навукоўцаў. Акрамя таго, мазгі — гэта са­мы зручны капітал ва ўмовах заўсёдных ганенняў”, — слушна заўважае дырэктар інстытута яўрэйскіх даследаванняў Еўрапейскага універсітэта ў Іерусаліме А.Равіцкі. Як бачим, у адрозненні ад беларусаў, якія маюць моцную цягу да зямлі, трымаюцца за яе, яўрэі гатовы ў неспрыяльнай сітуацыі адразу рушыць у шлях. Таму апошнія і абіраюць прафесіі, якія пракормяць іх скрозь і ўсюды. Гэта складае адметнасць нацыянальнага характару.

Увогуле беларускі нацыянальны характар, як любы другі, дыялектычна супярэчлівы. Побач з агульначалавечымі рысамі, якія трансфармуюцца ў нацыянальным быцці беларускага народа, у ім ёсць элементы кансерватыўныя, так звання адмоўныя рысы нацыянальнай псіхалогіі. На жаль, у мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, сродках масавай інфармацыі за­літне завастраецца ўвага на адмоўных рысах нацыянальнага характару. У выніку псіхалагічны партрэт народа прадстае ў скажоным выглядзе: украінцы паказваюцца лянівымі і хцівымі, беларусы — залітне цярплівымі, памяркоўнымі і г.д. Звичайна так адбываецца пры павярхоўным пранікненні ў нацыянальны характар. Сапраўдны твор мастацтва, цікавы ўсім і заўсёды, можна атрымаць толькі ў выпадку праўдзівага глыбокага пранікнення ў нацыянальны характар. Івану Мележу гэта ўдалося ў поўнай меры. Агульнавядома, што беларускія народныя песні характарызуюцца лірызмам, задушэўнасцю, цеплынёй, іншы раз у іх гучыць сум. Узо­ры такіх песень — на старонках твораў празаіка, асабліва палескіх раманаў. Сплавам высокага пачуцця вернасці родным караням і непадробнага гумару вызначаюцца народныя святы. Беларускі фальклор, у якім знайшлі адлюстраванне лепшыя рысы нацыянальнага характару, арганічна ўпісаўся ў кантэкст “Палескай хронікі”, спрыяў стварэнню высокамастацкага эпічнага палатна. Наогул “Палеская хроніка” — твор, дзе лірызм спалучаецца з узнаўленнем карцін побыту, мінулага беларускага народа (эпічнасцю). Дабрыня, шчодрасць, шчырасць, гумар, працалюбства — агульначалавечыя каштоўнасці. Праломленыя ў нацыянальным быцці, яны знайшлі адлюстраванне ў беларускай літаратуры, у прыватнасці, у творах Івана Мележа.

Гісторыя беларускага народа, радасныя і сумныя старонкі яго мінулага, матэрыяльная і духоўная культура, побыт, традыцыі, звычаі, абрадавасць, “паданні старасвецкай даўніны” (А.С. Пушкін), сістэма каштоўнасцей, што была выпрацавана на працягу стагоддзяў, фарміра валі змест беларускага нацыянальнага характару.

Размова аб нацыянальным характары будзе, аднак, не поўнай, калі мы паралельна не ўзгадаем прыклады з сусветнай літаратуры, у прыватнасці, тэтралогію Ф.Абрамава “Прасліны”. На фоне такога супастаўлення ярчэй відаць асаблівасці, адметнасці беларускага нацыянальнага характару.

ІІры ўдумлівым, уважлівым чытанні можна заўважыць: “Палеская хроніка” І. Мележа і “Прасліны” Ф. Абрамава — творы, якія маюць нямала кропак судакранання. Сапраўдны гаспадар, народ і ўлада, палітыка, чалавек, метады кіраўніцтва і гаспадарання, норавы, побыт вяскоўцаў, сумленне, абавязак, адказнасць, самасвядомасць і фанатызм, дэмагогія, трагедыя народа, краіны, асобы — кола праблем, востра пастаўленых у абодвух раманах. Кожным з пісьменнікаў яны вырашаюцца па-свойму, ва ўласцівай яму творчай манеры. Абодва творы — яскравыя прыклады так званай “вясковай прозы”. Агульная жанравая своеасаблівасць назва­ных твораў — летапісна-хранікальная форма. У цэнтры “Палескай хронікі” — летапіс сем’яў Дзятлаў, Чарнушкаў, Дамецікаў, Глушакоў, у цэнтры “Праслінаў” — сем’яў Праслінаў, Стаўровых. Міхалу Прасліну, як і Васілю Дзятлу, рана давялося пасталець, усвядоміць неабходнасць стаць на чале гаспадаркі, апорай, надзеяй маці, галоўным у сям’і: на вайне загінуў ба­нька. “Начэй спаць не будзе, а лес на хату нарихтуе. Інакш які ён гаспадар! (…) Ужо ён папастараецца!” [1, 164], — планаваў хлопец. I мары яго спраўдзіліся. А як жа інакш? Ён з ліку тых, каго па праву можна назваць Гаспадаром (і дома, і ў калгасе). Лес рускай вёскі, працоўны гераізм, імкненне ўсімі сіламі наблізіць перамогу, выстаяць у цяжкі час ваеннага ліхалецця — вось што знаходзіць жывы водклік у Фёдара Абрамава. Працуючы над раманным цык­лам, письменнік ставіў і спрабаваў разгадаць тыя питанні жыцця вёскі, народа і краіны, якія не вырашаны па сённяшні дзень. Усе яны закраналіся ў свой час у той ці іншай ступені і І. Мележам. Складаная, супярэчлівая атмасфера жыцця палескай вёскі 20-х гадоў, побыт, но­равы вясковых жыхароў, іх няпростыя, падчас трагічныя лёсы — усё гэта хвалявала, непакоіла беларускага празаіка ў працэсе работы над творам і накідамі працягу. Прыкметна, што абодвума пісьменнікамі ў той ці іншай ступені закранаецца такая далікатная тэма, як народ і рэлігія. У 60-70-я гады паказаць падобнае ў творы было даволі смелым учынкам. Раскрываецца тэма на вобразах шчыра веруючых людзей (маці Міканора Дамеціка і Яўсея Мошкіна), і тых. хто за іх сябе выдае, накшталт Халімона Глушака. Для Дамеціхі і Яўсея хрысціянскія запаветы і агульнапрынятыя нормы маралі тоесныя. “Мацернае-та слова самае цяжкае. Грашыць супроць сваёй маці, супроць маці-багародзіцы і супроць маці сырой зямлі…” [1,303], — перакананы Яўсей Мошкін. Гэта, бясспрэчна, з’яўляецца сведчаннем высокай духоўнасці персанажаў. I, наадварот, уяўная набожнасць (неадпаведнасць слоў учынкам) Глушака, які нярэдка ўпадае ў гнеў, брыдкасловіць, выдае ў ім двудушнасць, няшчырасць, з’яўляецца паказчыкам бездухоўнасці.

Заўважаецца блізкасць і ў абмалёўцы іншых вобразаў. Так, Лукашын з “Праслінаў” нечым нагадвае Мележавага Апейку, Сцяпап Андраянавіч Стаўроў з яго працоўнай зацятасцю — Васіля Дзятла. Першых яднае стыль кіраўніцтва, у якім прынцыповасць спалучаецца з імкненнем разабрацца ў псіхалогіі сялян, зразумець іх. Лукашын, як і Апейка, здольны нават у надзвычайных сітуацыях дзейнічаць цвяроза і разважліва, у адрозненні ад Падрэзава і Баш­лыкова, якія схільныя адразу навешваць ярлыкі (“антыдзяржаўная практыка, сабатаж, блізарукасць”), гатовыя любымі сродкамі выканаць план. Дарэчы, Сцяпан Андраянавіч блізкі не голькі да Васіля, але і да Халімона Глушака, Кандрата Майданікава з “Узнятай цаліны” М.Шолахава (асабліва падчас уступлення ў калгас). Ва ўсіх гэтых вобразах, несумненна, ёсць роднаснае: па-сапраўднаму гаспадарскае, ашчаднае стаўленне да маёмасці, жывёлы, моцная, непераадольная прывязанасць да зямлі. Нешта ад старога Глушака прысутнічае і ў вобразе Фёдара Капітонавіча: няшчырасць, скрытнасць, хцівасць, прагнасць, імкненне з усяго атрымаць карысць. Магчыма, такім, як Фёдар Кроцік, стаў бы ў будучым Халімон, калі б яго прынялі ў калгас. У сваю чаргу, малодшы сын Глушака Сцяпан, як і сын Стаўрова Васіль, насуперак волі бацькі пайшоў па жыцці сваім шляхам. Побач з завастрэннем сацыяльных праблем Ф. Абрамаў і І. Мележ шмат думалі аб асабістых узаемаадносінах, сям’і, каханні. З галерэі жаночых вобразаў тэтралогіі “Прасліны” моцнае ўражанне пакідае вобраз Анфісы Мінінай. Сваёй рашучасцю і гатоўнасцю да самаахвяравання яна нагадвае любімую гераіню Івана Паўлавіча Ганну Чарнушку. Ды і доля абедзьвім у маладосці выпала аднолькава несалодкая. лёс Анфісы ў многім блізкі да пакручастага лесу Ганны: выйшла замуж без кахання, не мела шчасця ў сямейным жыцці, перажыла смерць дзіцяці. Прыкметна, што пры стварэнні жано­чых вобразаў празаікамі ўжываецца вядомае яшчэ па вуснапаэтычнай творчасці параўнанне дзяўчыны з дрэвам: у Абрамава — з бярозай, у Мележа — з рабінай. Да слова, гэта адно з праяўленняў традыцый у творы. Легкі характар, аптымізм, наяўнасць непадробнага пачуцця гумару, здольнасць захоўваць яго ў складаных сітуацыях родніць вобразы Хоні і Ягоршы Стаўрова. Таксама нельга не заўважыць, што ў Раечцы Клевакінай ёсць нешта ад Мележавай Хадоські, а менавіта: непасрэднасць, шчырасць, уражлівасць, жыццялюбства, уменне бачыць прыгожае ў звычайным. ІІават у майстэрстве перадачы інтымных пачуццяў герояў, несум­ненна, ёсць падабенства. Так, тое, што адчуваў Лукашын да Анфісы, надта блізкае да пачуццяў, якія зведаў Башлыкоў пры знаёмстве з Ганнай. А сустрэчы замужняй Ганны і жанатага Васіля, Варвары і значна малодшага за яе Міхала Прасліна? Палкасць, неадольная, нястрымная цяга аднаго да другога — вось што характарызуе іх узаемаадносіны. І, галоўнае, — усе яны кахаюць, нягледзячы на перашкоды, меркаванні іншых, насуперак ходкай вясковай маралі. Усё вышэйсказанае — пераканаўчае сведчанне наяўнасці ў нацыянальным характары агульначалавечых рысаў.

У працягу гаворкі зазначым: у абодвух вышэйназваных творах выразна прасочваюцца асаблівасці нацыянальнага характару: у “Палескай хроніцы” — беларускага, у “Праслінах’’ — рускага (спагада, міласэрнасць, лагоднасць, пошук маральных ідэалаў, пакорлівасць, дысцыпліна, незалежнасць нацыянальнага духу). Тут “руская прырода, руская мова, рускі харак­тар адлюстраваліся ў той жа чысціні, у той жа ачышчальнай прыгажосці, у якой адлюстроўваецца краявід на выпуклай паверхні аптычнага шкла” [5, 50]. Абрамаў, як і Мележ, здолеў “зазірнуць у душу простата чалавека”. Першыя рэцэнзенты “Праслінаў” адразу адзначылі мужнасць Абрамава, які змог належна расказаць аб трагедыі народнай, аб кошце самаахвяразання звычайных працаўнікоў. Празаікі ўвялі ў літаратуру цэлы свет, прадстаўлены разнастайнымі характарамі: пекашынскі і куранёўскі. Наваг калі б не было ў творчай біяграфіі Ф. Абрамава наступных кніг тэтралогіі, усё роўна засталіся б у памяці сям’я Прасліных, Анфіса, Варвара, Марфа Рапішная, Сцяпан Андраянавіч, як і сям’я Дзятлаў, Ганна, Хадоська. Міканор, Сарока, Апейка. Да гаго ж агульнае ў тым, што на старонках вышэйназваных твораў прасочваецца магутная стыхія народнай мовы. Абодва пісьменнікі захавалі ў раманах моўныя асаблівасці свайго рэгіёну: І. Мележ — паўднёва-ўсходні дыялект, Ф.Абрамаў — паморскі дыялект, веркольскую гаворку. І той і другі вытрымалі ў свой час з-за гэтага нападкі крытыкі і горача адстойвалі мастацкую мэтазгоднасць выкарыстання жывой народнай гаворкі. Нярэдка ў героях досыць празрыста ўгадваюцца рысы рэальных асоб, землякоў пісьменнікаў. Часам прататыпы пазнавалі сябе самі. Абодва творы пазначаны аўтабіяграфізмам. “Не  напісаць “Братоў і сясцёр” я проста не мог… Перад вачыма стаялі карціны жывой, рэальнай рэчаіснасці, яны давілі на памяць, патрабавалі слова аб сабе. Вялікі подзвіг рускай бабы, якая адкрыла ў 1941 годзе другі фронт, можа, не менш цяжкі, чым фронт рускага мужыка, як я мог забыць аб гэтым”, — шчыра прызнаваўся Ф.Абрамаў. Падобныя матывы, як вядома, схілілі І.Мележа да напісання “Палескай хронікі”. Цікава, што згаданыя творы пачынаюцца падрабязным апісаннем мясцовасці, дзе размясцілася вёска (Курані і Пекашына). На гэтым фоне, ва ўмовах суровага паўночнага клімату, балоцістай мясцовасці, не надта шчодрай палескай зямлі, калі прырода не-не ды і падкіне непрыемны сюрпрsз, разгортваецца працоўная дзейнасць людзей, змагаюцца за ўраджай пекашынцы і куранёўцы. Асабліва ўражваюць карціны калектыўнай працы. Дружна, зладжана, з энтузіязмам, з запалам робяць куранёўцы і пека­шынцы. Першыя — на пабудоўлі грэблі, другія — на сяўбе, сенажаці. Між тым, калі выдаецца вольная часіна, вяскоўцы ўмеюць і любяць весеяліцца. У лепшых традыцыях выпісаны сцэны народных святаў з жартамі, песнямі, танцамі: у “Палескай хроніцы” — Каляды, вячоркі, у “Праслінах” — свята Перамогі. Шырока, з размахам гуляюць куранёўцы, пекашынцы. Таксама, як і героі І.Мележа, абрамаўскія персанажы жывуць не надта далёка ад горада, але мала хто з іх здолеў там пабываць. У прыватнасці, Анфіса Паўлаўна ў свае сорак гадоў ў горадзе ні разу не была. Архангельск ўяўляецца пекашынцам асяродкам культуры, цывілізацыі, нечым недасягальным і ў той жа час такім прыцягальным. Таму паездка ў горад — сапраўднае свята ў жыцці вяскоўцаў, землякоў пісьменніка, яркая падзея.

У цэлым, робячы рэзюмэ, нельга не заўважыць: патрыятычныя матывы — адчуванне Радзімы як месца адзінага і непаўторнага, якое не заменіць ніякае іншаземнае хараство, а таксама моцнай знітаванасці з роднымі мясцінамі — адны з важнейших у згаданых шэдэўрах мастацкай літаратуры, галоўнае, што іх яднае.

Літаратура

  1. Φ. Абрамаў, Браты і сёстры, Ленінград, Савецкі пісьменнік, 1982.
  2. Э. А. Баграмаў, Да пытания аб навуковым змесце паняцця i’Нацыяиалъны харакmap”, Масква, Навука і тэхніка, 1973
  3. Μ. Гарэцкі, Збор твораў у 4-х тамах, 2, Мінск, Мастацкая літаратура, 1984.
  4. Π. I. Гнаценка, Нацыянальная псіхалогія, Днепрапятроўск, Паліграфіст, 2002.
  5. Μ. В. Гогаль, Поўны збор твораў, 8, Масква, Мастацкая літаратура, 1980.
  6. Н. Д. Джандзільдзін, Прырода нацыянальнай псіхалогіі, Алма-Ата, 1971.
  7. В. Локун, Узняцца да лесу агульначалавечага, Полымя, №5, 2001.
  8. І. Мележ, Жыццёвыя клопаты, Мінск, Мастацкая літаратура, 1975.
  9. І. Мележ, Подых навальніцы, Мінск, Мастацкая літаратура, 1991.
  10. Д. Г. Суворава, Крытыка этнапсіхічных канцэпцый сучаснай буржуазнай псіхалогіі, Аўтарэф. дыс. канд. філас. навук, Алма-Ата, 1971.
  11. Μ. Тычына, Канцэпцыя нацыянальнага характару ў сучаснай прозе, Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне, Мінск, Навука і тэхніка, 1980.

Аўтар: Г.В. Палякова
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1(34), 2006. С. 59-64.