Аўтар: Аляксандр Ганчароў
У 2003-2004 гадах я займаўся зборам звестак аб гісторыі школы і наогул адукацыі ў вёсцы Нісімкавічы, наведваў архіўныя ўстановы Гомеля і Мінска, вёў перапіску. 3 архіўных даведак, атрыманых з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, даведаўся, што ў 1864 годзе ў Нісімкавічах было заснавана пачатковае народнае вучылішча. Першым настаўнікам і законавучыцелем быў святар Фёдар Ігнатавіч Мігай, які закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Невядома, колькі вучняў было ў той час, але ўжо ў 1881 годзе вучылішча наведвалі 15 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, а ў 1885 годзе – 22 хлопчыкі і 5 дзяўчынак. 3 верасня 1880 года настаўніцай працавала дачка святара Ганна Фёдараўна Мігай (закончыла Буйніцкае жаночае духоўнае вучылішча). У верасні 1883 года яе замяніла Ганна Францаўна Пашкевіч. 3 даведкі вынікала, што яна атрымлівала 174 рублі ў год і забяспечвалася бясплатнай кватэрай. I тады ў мяне і ў думках не было, што я змагу штосьці даведацца аб гэтай жанчыне. Але гэта адбылося, і зусім нечакана.
Нядаўна я зацікавіўся біяграфіяй і творчасцю Уладзіміра Караткевіча, перачытаў аўтабіяграфію пісьменніка, успаміны аб ім і яго сям’і, матэрыялы ў Інтэрнэце. Аднойчы мне трапілася праца Анатоля Вераб’я “Радавод Уладзіміра Караткевіча”, дзе апавядалася пра дзеда пісьменніка Васіля Юльянавіча Грынкевіча, і менавіта тут я знаўшоў звесткі аб Ганне Францаўне Пашкевіч. У ра-даводзе гаварылася, што дзед пісьменніка, Васіль Юльянавіч Грынкевіч, нарадзіўся ў 1861 годзе, пасля адмены прыгоннага права, у Краснаполлі. Быў чалавекам магутнага целаскладу. У свой час скончыў духоўнае вучылішча ў Гомелі, але ў семінарыю не пайшоў і ўвогуле адмовіўся быць святаром. У пачатку 80-х гадоў уладкаваўся ў Чачэрску лясным аб’ездчыкам у пана Круглікава. У гэты час пазнаёміўся з настаўніцай Ганнай Францаўнай Пашкевіч, часта стаў наведваць яе ў вёсцы Нісімкавічы, дзе яна працавала. Бацька яе займаў пасаду загадчыка гаспадаркі турмы ў Рагачове. Прыгожая дзяўчына паставіла ўмову: калі Васіль пяройдзе на дзяржаўную службу, то яна выйдзе за яго замуж. Неўзабаве яны пераехалі ў Мсціслаў, дзе Грынкевіч працаваў пісарам у казначэйстве. Пазней яны жылі таксама ў Чэрыкаве, Оршы, Магілёве і Рагачове. Васіль даслужыўся да надворнага саветніка. Відаць, недзе ў 1922 годзе пайшоў на пенсію. Было ў іх з Ганнай чацвёра дзяцей: Сяргей (1891 – не вярнуўся з першай імперыялістычнай вайны); Надзея – маці пісьменніка [1893 -1977); Яўгенія (1896 -1983); Ніна (1904-1993). Бабуля Ганна памерла ў жніўні 1906 г.
Праз паўгода дзед ажаніўся на Людміле Антонаўне Барысевіч. У аўтабіяграфіі У. Караткевіч заўважыў што дзед быў атэістам. Калі ён ажаніўся другі раз, поп адмовіўся яго вянчаць, бо ён ні разу не прычашчаўся і не спавядаўся ў царкве, што было абавязковым для дзяржаўнага служачага. Тады дзед абвянчаўся за пятнаццаць вёрст ад Рагачова. Ад другога шлюбу ў дзеда быў сын Ігар. У 1914 годзе дзед пабудаваў вялікі драўляны дом у Рагачове. Жыў ён там да вайны. Любіў вандраваць, часта наведваў дочак, якія з сем’ямі жылі ў Оршы і Полацку. Незадоўга да смерці дзед аслеп. У. Караткевіч у аўтабіяграфіі згадваў: “…Я быў у яго чымсьці накшталт сакратара: чытаў яму, а часам і пісаў за яго”. У вайну дзед пераехаў у Карму Гомельскай вобласці да дачкі Ніны і там памёр у 1945 г.
Вось так цікавасць да творчасці выдатнага беларускага пісьменніка, які шмат сваіх твораў прысвяціў гістарычным падзеям, дазволіла даведацца аб яшчэ адной старонцы гісторыі Нісімкавіч і Чачэршчыны ў цэлым.