Жыткавічы вядомы з XVIII стагоддзя як вёска.
Гэты горад вядомы з часоў Вялікага княства Літоўскага, калі Жыткавічы ўпамінаюцца як вёска Слуцкага княства Навагрудскага ваяводства. Паводле другога падзелу Рэчы Паспалітай, у 1793 годзе яна адышла да Расіі, стала цэнтрам воласці Мазырскага павета. Сваім далейшым развіццем Жыткавічы абавязаны чыгунцы Гомель — Лунінец, якая прайшла па глухому палескаму краю ў 1886 годзе. Недалёка ад станцыйных пабудоў пачаў расці пасёлак лесарубаў. У 1897 годзе ў ім ужо налічвалася 1,2 тыс. жыхароў, былі народнае 2-класнае вучылішча, аптэка, паштовае аддзяленне, лесапільны завод, царква. Са станцыі адпраўлялася штогод да 280 тыс. пудоў лесаматэрыялаў. У Жыткавічах і воласці былі развіты бандарны промысел, саматужны выраб драўляных прылад для земляробства (сохі, бароны і іншае). У Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года тут адбыліся рэвалюцыйныя выступленні рабочых, летам — 12-дзённая палітычная забастоўка на лесапільным заводзе. Савецкая ўлада ў Жыткавічах устаноўлена ў лістападзе 1917 года. Перамога Вялікага Кастрычніка дала новы штуршок развіццю пасёлка, паклала канец безгаспадарчаму растранжырванню навакольных лясоў. Жыткавічы хутка раслі, павялічвалася іх насельніцтва. 3 1924 года гэта мястэчка, цэнтр раёна ў Мазырскай акрузе, з 1938 года — гарадскі пасёлак у Палескай вобласці.
У жніўні 1941 года Жыткавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На тэрыторыі раёна ў гэты час дзейнічалі камуністычнае падполле, падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Вызвалены пасёлак 6 ліпеня 1944 года войскамі 55-й стралковай дывізіі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту. Са студзеня 1954 года знаходзіцца ў складзе Гомельскай вобласці, з 19 лістапада лічыцца горадам.
Вуліцы ў Жыткавічах праляглі ва ўсіх напрамках ад чыгуначнай станцыі. Аформіўся і грамадскі цэнтр горада. Тут знаходзяцца прыгожыя сучасныя будынкі раённага камітэта КПБ, райвыканкома, кінатэатра «Усход», універмага, іншых адміністрацыйных, гаспадарчых, бытавых устаноў. Такі сённяшні выгляд Жыткавічаў. Тут нічога не захавалася ад старых пабудоў — сцёрла вайна. Горад увесь накіраваны ў будучыню. Асноўны напрамак яго развіцця выбраны на поўдзень, дзе ўзведзены ўжо новы мікрараён. У далейшым такімі сучаснымі кварталамі мяркуецца забудаваць увесь жылы масіў. Паўночна-ўсходняя частка горада адведзена пад індывідуальнае будаўніцтва. Катэджавая забудова надасць гэтаму раёну асаблівую прыгажосць.
Жыткавічы вядомы сёння і сваімі працоўнымі набыткамі. Выдаюць прадукцыю маслазавод (філіял Петрыкаўскага завода сухога абястлушчанага малака) і хлебазавод, буйнейшае ў вобласці аб’яднанне «Жыткавічлес», створанае на базе былых лесазаводаў, прымае збожжа элеватар, р-азлічаны на 150 тыс. т. У горадзе дзейнічаюць райаграпрамтэхніка і райсельгасхімія, камбінат бытавога абслугоўвання і лясгас, ёсць метэастанцыя. Кожную восень для маладых грамадзян Жыткавічаў адчыняюць свае дзверы прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча механізацыі меліярацыйных работ, 2 сярэднія і 2 васьмігадовыя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, самых маленькіх прымаюць дашкольныя ўстановы. У Жыткавіцкім раёне знаходзіцца адзін з самых старых беларускіх гарадоў, у мінулым — сталіца старажытнага ТураваПінскага княства, а цяпер гарадскі пасёлак Тураў. Першае ўпамінанне аб ім адносіцца да 980 года. Прыехаўшы сюды, кожны лічыць сваім абавязкам пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі старажытнага горада, яго краязнаўчым музеем. Дарэчы, нядаўна Тураў уключан у адзін з усесаюзных турысцкіх маршрутаў.
Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. “Нашы гарады”