Нашы гарады – Ветка

0
1443
город

Ветка заснавана ў 1685 годзе рускімі стараверамі як слабада.

Тыя, хто бываў тут, успамінаюць аб ім з цеплынёй: прыемны гарадок. I людзі ветлівыя! А якія вакол цудоўныя мясціны, проста вачэй не адарваць. Светлыя бярозавыя гаі, шумныя дубровы, маляўнічы Сож… Нездарма ж усё гэта ўключана ў зону адпачынку гамяльчан. Іх часта можна ўбачыць у суботнія і нядзельныя дні — каго з вудачкай, каго з фотаружжом…

Ветка — цэнтр адміністрацыйнага раёна Гомельскай вобласці і буйная прыстань на Сожы, ад абласнога цэнтра яе аддзяляюць 22 км.

Узнікненне населенага пункта звязана з пасяленнем тут у другой палавіне XVII стагоддзя стараабрадцаў, якія ўцяклі сюды ад праследаванняў улад. «I пустые они, и зверопаственчые населяху места»,— сведчыць аб пачатку пасялення мясцозы летапісец. Мясцовасць гэта і сапраўды ўяўляла сабой у той час лясную глухамань, адгароджаную ад вялікіх дарог непраходнымі балотамі.

Ветка была вялікім пасяленнем — у 1764 годзе ў ёй налічвалася каля 20 тыс. жыхароў. У 1784 годзе яна стала мястэчкам, належала Халецкім. У сувязі з буйнымі памерамі пасялення і абмежаванымі магчымасцямі для земляробства яго жыхары здаўна займаліся рознымі промысламі: вырабам сетак, канатаў, кавальскай справай, рабілі нават якары. Вядомы былі яны і як умелыя ткачы, чырванадрэўшчыкі, будаўнікі, за якімі неаднойчы прыязджалі з Кіева, Масквы, Пецярбурга. Яны ўдзельнічалі ў аздабленні такіх помнікаў архітэктуры, як Аружэйная палата ў Крамлі, Каломенскі палац, Новадзявочы і Іверскі манастыры.

Гісторыя і дзень сённяшні моцна перапляліся тут паміж сабой. Па беразе Сожа працягнуліся вуліцы невялікага горада, дзе кожны дом упрыгожан драўлянай разьбой, прычым самай разнастайнай, непаўторнай. У цэнтры, на Краснай плошчы, размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр. I тут жа — музей. Веткаўскім экспанатам могуць пазайздросціць сталічныя музеі. Адны з іх сведчаць аб тым, што ў свой час шукаў у Ветцы ўкрыцця ад улад Емельян Пугачоў. Адсюль, выправіўшы пашпарт і мінуўшы царскія заслоны, ён пайшоў у народ узнімаць яго на паўстанне. А ў пачатку 1987 года газета «Труд» паведаміла, што ў архіве Веткаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў знойдзены асабісты лісток № 4706 Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Есць меркаванне, што запаўняўся ён напярэдадні XII з’езда РКП(б), на якім Дзяржынскі выступаў з дакладам і быў выбран членам Цэнтральнага Камітэта партыі. Невядома толькі, якім чынам лісток трапіў у Ветку, гэта — тэма для даследаванняў. Гордасцю музея з’яўляюцца старажытныя рукапісныя і першадрукаваныя кнігі, якім па 500 і больш гадоў. Не адна вайна прайшла па тэрыторыі Беларусі, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Мала засталося нават мураваных будынкаў, а «Апостал» Івана Фёдарава 1574 года, «Евангелле напрастольнае» Пятра Мсціслаўца 1575 года, фёдараўскае выданне «Евангелля» 1569 года, надрукаванае ў Заблудаўскай друкарні гетмана Хадкевіча, захаваліся. Не ў багатых маёнтках, манастырах, бібліятэках, а ў простых вясковых хатах жылі яны ўвесь гэты час, пераходзячы ад бацькоў да дзяцей, з пакалення ў пакаленне, робячы сваю вялікую асветніцкую справу. У гэтым высокая культура, даўнія кніжныя традыцыі нашага народа, пацвярджэннем чаго з’яўляюцца і рукапісныя сялянскія кнігі XVII—XX стагоддзяў, якія таксама можна бачыць сёння ў Веткаўскім дзяржаўным музеі народнай творчасці. Калекцыя старадрукаваных і рукапісных кніг, што знаходзяцца тут,— самая багатая ў рэспубліцы. У ёй сабраны выданні друкарскіх двароў XV—XVI стагоддзяў Масквы і Львова, Гродна і Клінцоў, кнігі з крамлёўскіх сабораў з укладнымі запісамі цароў, вядомых вучоных і літаратараў, унікальныя кнігі, зробленыя рукамі першых рускіх друкароў Нявежы і Фафанава, экземпляры, якія маглі б упрыгожыць любы музей ці бібліятэку краіны.

Веткаўскі музей не выпадкова носіць назву музея народнай творчасці. Акрамя кніг, тут экспануюцца ўзоры мясцовай разьбы па дрэву, арнаментальныя матывы якой паходзяць яшчэ ад XVII стагоддзя. Тое, што рабілі веткаўчане разцом, падобна на казку. I зараз у народзе жывыя гэтыя традыцыі, як жывая на ўвесь свет слава ткачых з вёскі Няглюбка, іншых веткаўскіх майстроў сваёй справы, такіх, як вядомы камбайнер-тысячнік Герой Сацыялістычнай Працы Георгій Макаравіч Катляроў. Усіх іх аб’ядноўвае глыбокая павага да працы, імкненне зрабіць яе па-майстэрску, узняць на ўзровень мастацтва.

Нямала такіх людзей працуе сёння і на прамысловых прадпрыемствах Веткі — бавоўнапрадзільнай фабрыцы, філіяле Рэчыцкага вытворчага ткацкага аб’яднання «Чырвоны Кастрычнік», цэху Гомельскага вытворчага аб’яднання будаўнічых матэрыялаў, маслазаводзе, хлебазаводзе, Доме быту. За кошт умення, павышэння прадукцыйнасці працы яны штогод нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці, паляпшаюць якасць прадукцыі. Як і 300 гадоў назад, Ветка застаецца горадам майстроў і ў наш час.

 

Крыніца: “Нашы гарады” Малішэўскі У.А., Пабока П.М.