Нашы гарады – Васілевічы

0
1665
вакно, вакенца, Васілевічы, василевичи Беларусь

Васілевічы вядомы з XVII стагоддзя як вёска.

Гэты невялікі палескі горад лёгка пазнаць нават уначы — па буравых вышках, ззяючых электрычнымі агнямі, быццам навагоднія ёлкі. Да раённага цэнтра Рэчыца, якую называюць сталіцай беларускіх нафтавікоў, адсюль рукой падаць. Першыя пасяленні людзей у гэтых месцах, як сведчаць знойдзеныя тут крэмніевыя прылады працы, паявіліся ў глыбокай старажытнасці. Аднак, знаходзячыся ўдалечыні ад адміністрацыйных і эканамічных цэнтраў, не маючы надзейных шляхоў зносін, яны развіваліся вельмі марудна. У кнізе «Жывапісная Расія — айчына наша ў зямельным, гістарычным, племянным, эканамічным і бытавым значэнні», якая выйшла ў свет у 1882 годзе пад рэдакцыяй П. П. Смірнова, сказана: «Вялікая казённая вёска Васілевічы ляжыць на рубяжы непраходных балот, называемых Хмяльніцкімі. Тут тры царквы і касцёл. Недалёка ад Васілевічаў знаходзяцца калодзежы, якія называюцца «заўжынамі». Паданне гаворыць, што яны пабудаваны па загаду вялікай княгіні Вольгі. Гэта апошнія населеныя пункты. Далей цягнецца царства туманаў, лясоў, балот».

Такія мястэчкі, раскіданыя па Палессі, мелі велізарнае значэнне для жыхароў навакольных, больш дробных пасяленняў. Не’ выпадкова ў тым жа апісанні краю яны названы «аазісамі сярод змрочнай і пустыннай прыроды», дзе можна было «зірнуць на людзей і пераканацца ва ўласным існаванні». Тут палешукі прадавалі або абменьвалі на іншыя тавары прадукты сваёй працы. У канцы XIX стагоддзя чыгунка Гомель — Лунінец прайшла праз Васілевічы. Мястэчка стала даволі бойкім гандлёвым пунктам. Аднак пакупныя здольнасці сялян засталіся на нізкім узроўні. Насілі яны даматканае адзенне, на нагах — лапці з лазы.

Асноўнай крыніцай даходаў было земляробства на невялікіх астраўках сушы сярод балот. Таму зразумелае нездавальненне мясцовага насельніцтва будаўніцтвам чыгункі, якая павінна была звязаць Васілевічы і Хойнікі, а сотні сем’яў зрабіць беззямельнымі. У 1910 годзе сяляне тройчы праганялі са сваіх надзелаў рабочых. Але наляцела паліцыя, бунтаўшчыкоў збілі, і нават кампенсацыі за адабраную зямлю яны не атрымалі. Мара аб уласным лапіку, дзе можна было б вырасціць хоць самае неабходнае — збожжа, ажыццявілася толькі пасля ўстанаўлення Савецкай улады. 28 лістапада 1923 года ў газеце «Беднота» паведамлялася: «Свята шостай гадавіны Кастрычніка з’явілася для Рэчыцкага павета выдатным святам савецкага будаўніцтва. Пасля вялікіх работ, праведзеных губернскім аддзелам сельскагаспадарчай меліярацыі, паблізу сяла Васілевічы адкрыты два сплаўна-асушальныя каналы… Абодва каналы — Віць і Ведрыч — прарэзваюць велізарныя балоты, усмоктваючы ў сябе лішак вады, і дзякуючы ім безжыццёвыя, закінутыя, бездаходныя балоты ператворацца цяпер у новыя квітнеючыя землі». Далейшае наступленне на балоты павёў саўгас, цяпер ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі племзавод «Ведрыч» — дзецішча першай пяцігодкі. У 1920 годзе, калі Васілевічы спалілі белапалякі, 5 сем’яў пагарэльцаў адшукалі невялікую пясчаную граду за 6 км ад мястэчка і пасяліліся там. Так быў пакладзен пачатак новай вёсцы, дзе 1 снежня 1930 года ўтворан саўгас.

Калі пачалася вайна, усе трактары, аўтамабілі, жывёла былі эвакуіраваны ў глыбокі тыл, а жыхары, здольныя насіць зброю, узняліся на барацьбу з ворагам. Кіраваў партыйным падполлем у тагачасным Васілевіцкім раёне Ц. М. Астапенка. Учарашнія школьнікі, сярод якіх быў і вядомы цяпер беларускі савецкі пісьменнік I. Я. Навуменка, стварылі камсамольскую падпольную групу «За Радзіму». Многія з патрыётаў загінулі. 18 лістапада 1943 года войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Васілевічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З 1950 года Васілевічы — гарадскі пасёлак, з 1971 года — горад. Побач з традыцыйнымі драўлянымі дамамі тут у апошнін гады паявіліся шматпавярховыя мураваныя. У цэнтры размешчаны кінатэатр, універмаг, санаторная школа-інтэрнат, ёсць сярэдняя і васьмігадовая школы, Дом піянераў і школьнікаў, бальніца, гасцініца, дзіцячыя сады. Дарэчы, у Васілевічах няма праблемы ўладкавання малышоў у дашкольныя ўстановы. Аб гэтым паклапаціліся дэпутаты гарадскога Савета, калектывы прамысловых прадпрыемстваў — у горадзе размешчаны завод масла і сухога малака, хлебакамбінат, мэблевы цэх Рэчыцкага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання, цагельны завод Гомельскага вытворчага аб’яднання будматэрыялаў, філіял Рэчыцкага камбіната бытавога абслугоўвання, майстэрні па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, цэхі па вытворчасці безалкагольных напіткаў і каўбас, лясгас. Дзейнічае аграметэастанцыя, заснаваная яшчэ ў 1878 годзе. У межах горада знаходзяцца саўгасы «Ведрыч» і «Сцяг Перамогі», дзе таксама актыўна вядзецца будаўніцтва аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Асабліва ганарацца ў калек’ ыве племзавода дзіцячым садам-яслямі, пабудаваным сваімі сіламі. Для дзяцей — будучай змены — тут створаны ўсе ўмовы.

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. “Нашы гарады”