Нашы гарады — Мазыр

0
4046

Мазыр упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1155 годам.

Яго называюць маленькай «беларускай Швейцарыяй». Прырода стварыла ‘ тут такі мудрагелісты рэльеф мясцовасці, што іншы раз здаецца, што ўсе гэтыя маляўнічыя ўзгоркі і ўпадзіны, на якіх размясціўся горад, не ледніковага паходжання, як тлумачыць навука, а вынік нейкай таямнічай стыхіі. Узмацняе гэта пачуццё і тое, што насупраць, праз даволі шырокую ў гэтым месцы Прыпяць, мясцовасць зусім роўная, таму ў гады моцных паводак горад з крутога правабярэжжа падоўгу глядзіць у цёмную гладзь разлітага велізарнага мора. Некалькі гадоў назад рэспубліканскі камітэт па ахове прыроды ўносіў ідэю зрабіць Мазыр ландшафтна-архітэктурным запаведнікам, але, на жаль, гэта разумная думка так і не ажыццявілася. Пройдземся па вуліцах старажытнага гарадка, заглянем у яго ўчарашні дзень, угледзімся ў сённяшні. Цэнтр горада — плошча Леніна. Тут, на беразе Прыпяці, устаноўлен помнік правадыру рэвалюцыі, склаўся маляўнічы ансамбль грамадскіх і жылых будынкаў, які звязаў глыбокую старажытнасць і тварэнні сённяшняй архітэктуры. У 1905 годзе Мазырская арганізацыя РСДРП правяла тут агульнагарадскі мітынг, на якім была аб’яўлена ўсеагульная стачка. Каля паўтара тыдня ўлада ў горадзе належала рэвалюцыйнаму камітэту. Гэта адно з буйных рэвалюцыйных выступленняў працоўных у Беларусі ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Мазырскай рэспублікі». Ў памяць аб тых гераічных падзеях на будынку кінатэатра «Радзіма» ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Праз плошчу Леніна, уздоўж ракі, праходзіць адна з галоўных вуліц горада — Савецкая. 3 1909 па 1921 год тут жыла Герой Савецкага Саюза В. 3. Харужая. У Мазыры яна закончыла гімназію, тут пачала сваю рэвалюцыйную дзейнасць. У памяць аб ёй яе імем названы вуліца, дзіцячая бібліятэка, мемарыяльныя дошкі ўстаноўлены на адным з жылых дамоў і будынку былой гімназіі на плошчы Леніна, а ў скверы па вулі-цы Ленінскай — помнік. Воды Прыпяці баразніць параход «Вера Харужая».

У апошнія гады вуліца Савецкая прыметна «памаладзела». Тут пабудаван рачны вакзал, рад вышынных жылых будынкаў, дзіцячая паліклініка, пераўтварыўся парк «Перамогі». На скрыжаванні з Рыначнай плошчай падняўся крыты рынак, Дом быту. Паралельна Савецкай — насупраць парку Перамогі — праходзіць невялікая вуліца Камсамольская. Яна цікава своеасаблівай забудовай жылых дамоў, на ёй размешчан адзін з помнікаў архітэктуры пачатку XVIII стагоддзя — рэстаўрыраваны будынак былога каталіцкага манастыра. Паміж гэтымі дзвюма вуліцамі ёсць месца, якое стане адным з папулярных у горадзе. Гэта гара Камунараў, дзе калісьці пачынаў зараджацца старажытны Мазыр. Тут, у рэстаўрыраваных і новых збудаваннях, на плошчы каля 2 га размесціцца музейна-археалагічны комплекс, у якім будуць прадстаўлены тысячы экспанатаў, што адлюстроўваюць жыццё Палесся і яго сталіцы на працягу ўсёй яго шматвяковай гісторыі. Як сведчаць раскопкі старажытных гарадзішчаў, людзі жылі тут многа стагоддзяў да цяперашняга тысячагоддзя, аднак першае пісьмовае ўпамінанне аб Мазыры адносіцца да 1155 года. Тады Мазыр належаў чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу, але валодалі ім у розныя часы кіеўскія і маскоўскія князі, доўгі час ён знаходзіўся ў Тураўскім княстве. У XIII стагоддзі горад зведаў нашэсці мангола-татар. 3 XIV стагоддзя ён у складзе Вялікага княства Літоўскага, у 1569 годзе ўвайшоў у Мінскае ваяводства. У 1577 годзе атрымаў магдэбургскае права, а праз 32 гады — герб горада. Памятнае ў гісторыі Мазыра лета 1609 года. Пажар тады знішчыў амаль увеСь горад. Калі ў яго прыехалі пасланцы з Мінска перапісваць, што згарэла, у ім быў толькі попел. Да пачатку 1613 года за кошт ахвяраванняў былі адноўлены гарадскія ўмацаванні і Мазыр быў «… абнесен высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». Праз 2 гады, восенню 1615 года, гэтыя ўмацаванні штурмавалі паўстаўшыя гараджане, якія выступілі супраць самавольства замкавай адміністрацыі. Апошняя, насуперак магдэбургскаму праву, спаганяла з гараджан падаткі. I вось яны, узброеныя мушкетамі і іншай зброяй, асадзілі замак, арыштавалі тых гараджан, якія падтрымалі яго адміністрацыю. У выніку ўлада ў горадзе перайшла да гарадскога магістрата. Каралеўскі суд 1622 года прызнаў частку патрабаванняў паўстанцаў. У перыяд вызваленчай вайны 1648—1654 гадоў тут таксама адбылося (1649) буйное паўстанне, але яно было жорстка падаўлена гетманам Янушам Радзівілам і ў адплату за тое, што жыхары адхілілі прапанову гетмана аб капітуляцыі, большую частку горада карнікі спалілі. 3 1793 года горад у складзе Расіі, з 1795 — павятовы цэнтр Мінскай губерні.

Напярэдадні нашага стагоддзя Мазыр — даволі буйны горад. У ім пражывала каля 8 тыс. чалавек, дзейнічала 3 прадпрыемствы з 680 рабочымі, 16 майстэрняў, 5 навучальных устаноў з 430 навучэнцамі. У лістападзе 1917 года ў горадзе ўстаноўлена Савецкая ўлада, але ўжо ў лютым наступнага года яго акупіравалі войскі буржуазнай Польшчы. 3 1924 года Мазыр — цэнтр раёна, з 1938 па 1954 — цэнтр Палескай вобласці, потым зноў — раённы цэнтр. Прадоўжым наша падарожжа па сённяшняму Мазыру.

Замыкае старадаўні квартал горада вуліца Ленінская. Гэта адна з цэнтральных магістралей, своеасаблівыя вароты ў раёны новых мікрараёнаў. 6—7 кастрычніка 1917 года ў доміку на ёй, побач з цяперашнім будынкам атэлье «Мазыранка», праходзіў V з’езд сялянскіх дэпутатаў Палесся, на якім была прынята рэзалюцыя аб перадачы ўлады Саветам, зямлі — сялянам. На жаль, дом не захаваўся, і на яго месцы ўстаноўлена мемарыяльная пліта. У перыяд вайны з буржуазнай Польшчай у ноч з 6 сакавіка 1920 года ў доме пад нумарам 32 па-геройску загінуў адзін з арганізатараў Савецкай улады на Украіне, камісар 139-й брыгады Чырвонай Арміі Н. С. Данілеўскі. Акружаны з групай байцоў, ён на працягу 10 гадзін змагаўся з пераўзыходзячымі сіламі ворага. У памяць аб гібелі чырвонагвардзейцаў на доме ўстаноўлена мемарыяльная дошка, а імем Данілеўскага названа адна з вуліц горада. Прах герояў пахаваны цяпер у брацкай магіле барацьбітоў за Савецкую ўладу на вуліцы Фрунзе каля стадыёна «Спартак». Хадзіць па вуліцах Мазыра нават для фізічна вынослівага чалавека далёка не лёгка. Іншыя вулачкі настолькі крута бяруць уверх, што аўтамабілі з цяжкасцю пераадольваюць гэтыя вышыні. Дом, у якім жыве мастак-кераміст М. М. Пушкар, стаіць на высокім узгорку. Вось ужо многа гадоў гэты натхнёны чалавек збірае старадаўнія прадметы быту людзей палескага краю. I сабраў іх столькі, што, пацясніўшы сябе ва ўласнай майстэрні, стварыў сапраўдны музей, дзверы якога не зачыняюцца да позняга вечара, а адрас яго — Я. Коласа. 20— ведаюць не толькі мазыране. Цяпер у Мікалая Мікітавіча многа задум у сувязі са стварэннем музейнага комплексу на гары Камунараў. Там ён збіраецца выставіць рад сваіх твораў.

Побач з домікам-музеем М. М. Пушкара ёсць і яшчэ два цікавыя аб’екты, якія мазыране з гордасцю пакажуць любому госцю. Першы — гэта стадыён побач з сярэдняй школай № 3. Футбольнае поле, бегавыя дарожкі, іншыя пляцоўкі для гульняў размешчаны на дне глыбокага рова, трыбуны — на маляўнічых схілах. Другі аб’ект — былы «божы храм» па вуліцы Гогаля. Яшчэ нядаўна ў ім размяшчалася музычнае вучылішча. Цяпер гэты архітэктурны помнік мінулага стаў набыткам спартсменаў горада. Уласнымі сіламі яны ў ім абсталявалі залы для розных відаў спорту, адно з памяшканняў прыстасавалі пад гасцініцу.

Вось ужо сколькі гадоў гасцей, якія прыязджаюць у горад, абавязкова вядуць і ў яшчэ адну тутэйшую выдатную мясціну — тэрасныя лясы, якія акружаюць паўднёвую частку Мазыра. Стварыў іх нястомны чалавек, заўзяты аматар прыроды роднага краю, заслужаны лесавод рэспублікі, дырэктар мясцовага лясгаса Р. Е. Бондар. На месцы закінутых пустэч і равоў высаджаны дзесяткі парод лясных і пладовых дрэў, кустоў, абсталяваны арыгінальныя пешаходныя дарожкі, месцы адпачынку, спартыўныя пляцоўкі, створан дэндрапарк, якія зрабілі глухую ўскраіну любімым месцам адпачынку гараджан. У планах Рыгора Елісеевіча — акружыць падобным кальцом увесь горад. Цікавая задумка на гэтыя рукатворныя лясы ў Міністэрстве культуры рэспублікі. Яно плануе пабудаваць тут сучасную гасцініцу, экскурсійнае бюро і зрабіць іх цэнтрам, адкуль турысты стануць рабіць аўтамабільныя і водныя паездкі, пешыя пераходы па ўсяму беларускаму Палессю. Многа ў горадзе мясцін, якія напамінаюць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, у час якой фашысты загубілі тут каля 5 тыс. чалавек, сотні мазыран загінула, змагаючыся на франтах, у партызанскіх атрадах. На вуліцы Рыжкова на ўшанаванне памяці загінуўшых пабудаваны велічны мемарыяльны комплекс. На тэрыторыі сярэдняй школы па вуліцы Крупскай устаноўлен помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў. Падполле ў Мазыры пачало дзейнічаць з восені 1941 года. Першую групу ўзначалілі В. I. Крыцкі — бургамістр горада і М. Ю. Майсееў — намеснік бургамістра па Мазырскаму раёну. Выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, яны разам з другімі падпольшчыкамі выратоўвалі людзей ад вывазу ў няволю, перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, папярэджвалі аб карных аперацыях фашыстаў, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Летам 1942 і ў пачатку 1943 года частка падполля была разгромлена, загінулі Крыцкі і Майсееў, другія кіраўнікі груп. Многія пайшлі ў партызаны. На тэрыторыі раёна дзейнічала партызанская брыгада Мазырская імя Аляксандра Неўскага, якая ў студзені 1944 года разам з часцямі Чырвонай Арміі вызваляла Мазыр. У аперацыі па яго вызваленню вызначыліся лётчыкі 16-й паветранай арміі, у гонар якіх на вуліцы Інтэрнацыянальнай устаноўлен на пастаменце самалёт. А ўсяго каля 20 вуліц Мазыра носяць назвы, маюць памятныя знакі, якія звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Уяўленне аб абліччы Мазыра будзе няпоўным, калі не сказаць аб яго новых мікрараёнах. Яны амаладзілі старажытны горад, вызначаюць яго будучы выгляд. У іх сёння пражывае і асноўнае насельніцтва, якое за пасляваенны час павялічылася больш чым у 5 разоў (у 1985 годзе горад адзначаў нараджэнне 100-тысячнага юнага мазыраніна). Асабліва прыгожымі выглядаюць новабудоўлі на вуліцах Пралетарская і Інтэрнацыянальная, уздоўж бульвараў Дружбы і Стракавіцкага, у пасёлках Бабры і Пхоў. Апошні — раён працаўнікоў завода меліярацыйных машын на левабярэжжы Прыпяці — у хуткім часе, з заканчэннем будаўніцтва новага маста цераз раку, практычна сальецца з горадам. К канцу гэтага стагоддзя насельніцтва Мазыра, паводле разлікаў сацыёлагаў, павялічыцца прыкладна на чвэрць. Мазыр — горад-працаўнік, буйны культурны цэнтр. Калі ў даваенны час тут была развіта толькі дрэваапрацоўчая прамысловасць, то сёння яго называюць горадам хімікаў, нафтавікоў, машынабудаўнікоў. Тут дзейнічае адзін з буйнейшых у Еўропе нафтаперапрацоўчы завод. Ва ўсёй краіне і за мяжой ведаюць тэхніку і прадукцыю кабельнага завода, фабрыку мастацкіх вырабаў. Нядаўна ўступілі ў строй тут і буйнейшае ў краіне прадпрыемства па здабычы харчовай солі, завод кармавых дражджэй. Усяго ж у горадзе дзейнічае каля 30 буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыі ў год амаль на мільярд рублёў.

Больш як 40 гадоў рыхтуе высокакваліфікаваных выкладчыкаў для сярэдніх школ і тэхнічных вучылішчаў педагагічны інстытут, малодшых камандзіраў вытворчасці выпускае палітэхнікум. Есць у горадзе музычнае і медыцынскае, 3 прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы. 3 1935 года плённа працуе неаднаразовы лаўрэат Усесаюзных фестываляў народны тэатр. У горадзе каля 20 клубаў і кінатэатраў, больш як 50 бібліятэк, нядаўна ўступіў у строй Дом тэхнікі. I апошняе. Адкуль назва горада? Есць меркаванне, што яна ад слова «мазур» — назвы этнічнай групы насельніцтва паўночна-ўсходняй часткі Польшчы, прадстаўнікі якой, мабыць, і аснавалі тут першае пасяленне. Другая версія — ад старажытнага слова «масыр», што значыла вільготнасць, вільготнае месца. Словам, даследчыкам тут ёсць над чым падумаць.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. “Нашы гарады”