Нашы гарады — Калінкавічы

0
362
Калінкавічы, вокзал

Калінкавічы вядомы з XVIII стагоддзя як мястэчка.

Буйны чыгуначны вузел Беларусі… Горад, жыццё і росквіт яго цесна звязаны са сталёвай дарогай. …Станем ля чыгуначнага вакзала і акінем вокам гэты палескі гарадок.

Няроўная і доўгая, што рака, вуліца перасякае яго. Чыгуначная станцыя — выток гэтай вуліцы-ракі, вусце — плошча аўтобуснага вакзальчыка. Да каменнай ракі збягаюць прытоківулкі. I нязмоўна гамоняць, віруюць. Ва ўсе канцы імчацца аўтобусы, перапоўненыя працоўным людам, грузавікі з прычэпамі, самазвалы… I ўсё ж якім бы ні быў шумным рабочы гоман вуліц, яго ўладна перакрывае гул чыгункі. Тут перакрыжоўваюцца сталёвыя артэрыі з поўначы на поўдзень, з усходу на захад: Магілёў — Оўруч і Гомель — Брэст. Нястомна працуе станцыя, днямі і начамі прымае і адпраўляе паязды. Пасажырскія, таварныя, рэфрыжэратарныя… «Упершыню прайшоў поезд па станцыі ў 1882 годзе, калі быў адкрыты рух на Палескай чыгунцы»,— паведамляе адзін са стэндаў у пакоіку-музеі дэпо.

А вось ветэраны-чыгуначнікі. Мікалай Сямёнавіч Гуцаў, класны машыніст, які ўпершыню правёў цяжкавагавы поезд на ўчастку Оўруч — Калінкавічы. Іван Цімафеевіч Баранаў. За выдатнае ваджэнне цяжкавагавых саставаў на вялікай хуткасці ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Выходзіш з музея, і адразу ў вочы кідаюцца кветкі ў скверыку. Усіх колераў вясёлкі. I ты з радасным здзіўленнем прыгадваеш, што ў гулкіх цэхах дэпо побач з магутнымі новымі станкамі ўсюды красуюцца кветкі. А ля карпусоў дэпо няспынна гудзе пад вагонамі сталь рэек. Гэты гуд — нібы водгулле часу. Услухоўваешся ў яго, і на момант быццам пераступаеш мяжу вякоў. …На месцы цяперашняга гарадка шарэе саламянымі стрэхамі невялічкае паселішча. Вакол яго ў вячэрняй смузе заміраюць дрымотныя, як вечнасць, лясы, балоты. Сяляне ў зрэбных світках, у лазовых лапцях — шыракаплечыя, барадатыя нашчадкі радзімічаў — вяртаюцца з лясоў і азярын. Па тварах людзей водбліскамі сонца ззяюць усмешкі: удалы выдаўся для іх сённяшні дзень. I для рыбаловаў, і для паляўнічых. Рыба, розная дзічына прыемна абцяжарваюць плечы. Над хатамі сцелюцца дымы, на падворках палаюць кастры — жанчыны гатуюць вячэру. Перад гэтым яны цэлы дзень тарпавалі на балоце торф, гарбелі на малаплодных жытнёвых і льняных загонах. Так нетаропка з дня ў дзень, з году ў год цякло жыццё ў гэтым паселішчы, імя якога пайшло ці то ад беглага казака Каліны, аднаго з першых тубыльцаў, ці то ад звычайнай каліны-ягады, процьма якой было ў навакольных лясах і балотах.

Толькі з 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Калінкавічы становяцца адносна вядомыя свету. Пад гэты час сціплае палескае селішча стала мястэчкам — у ім было ўжо 100 двароў, 8 цэркваў, 2 сінагогі. Канчаткова разбудзіў яго балотналясную дрымоту гром першых паяздоў. Мястэчка пераходзіць ва ўласнасць царскай казны. Але жыццё калінкаўчан ад гэтага не палепшала. Рабочы дзень іх, цяпер ужо ў асноўным дробных рамеснікаў і чыгуначных рабочых, цягнуўся 12—15 гадзін, заробак быў мізэрны.

Калінкаўчане не мірыліся з горкай нядоляй. Летам 1905 года на будаўніцтве чыгуначнай дарогі забаставалі муляры. Забастоўкай кіравалі мясцовыя сацыял-дэмакраты. Выступленне муляраў закончылася паспяхова, ім павысілі заработную плату і скарацілі рабочы дзень.

У красавіку 1917 года ў Калінкавічах быў створаны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў, а ў лістападзе ўсталявалася Савецкая ўлада. Але пасля зрыву мірных перагавораў у БрэстЛітоўску войскі германскага кайзера акупіравалі Палессе. Калінкаўчане падняліся на бой з ворагам. Тут арганізоўваецца партызанскі атрад. Яго ўзначалілі маракі Балтыйскага флоту Андрэй Зубец і Рыгор Гарбачэўскі.

Зімой 1918 года чырвонаармейцы Заходняга фронту вызвалілі Калінкавічы. А затым войскі панскай Польшчы запаланілі гарадок. Калінкаўчане стварылі першы камуністычны атрад. Прыйшоў час, і захопнікаў вымелі з роднага краю. Але неўзабаве накацілася новая навала. Напярэдадні трэцяй гадавіны Кастрычніка з Польшчы вырвалася банда Булак-Балаховіча. Яна захапіла Калінкавічы, шэраг іншых гарадоў і раёнаў Палесся. На разгром ворагаў выступіла 17-я чырвоная стралковая дывізія на чале з В. Д. Каўшовым, маладым бальшавіком, удзельнікам баёў з Калчаком. Пад напорам чырвонаармейцаў бандыты паспешліва адступалі. Але неяк у вёсцы Аўцюкі балахоўцы акружылі хату, у якой адпачываў чырвоны камандзір. Каўшоў адстрэльваўся да апошняга патрона. Баявога бальшавіка пахавалі ля Крамлёўскай сцяны ў Маскве. У 1923 годзе была створана Калінкавіцкая воласць (з 1939 — раён) і выбраны валасны савет. А праз 3 гады ўпершыню ў Нардоме, у бальніцы і на Савецкай вуліцы загарэліся лямпачкі Ільіча. Адкрыўся народны тэатр. Пры ім распачаў творчую дзейнасць гурток «Сіняя блуза», а таксама драматычны, спартыўны, самаадукацыі. Першы канцэрт самадзейных артыстаў быў дадзены ў дзень 9-й гадавіны Вялікага Кастрычніка. За год драмгурток паказаў 92 пастаноўкі. У 1926 годзе Калінкавічы набываюць статус горада.

…Перад тым, як пакінуць двор дэпо, абавязкова пастаіш ля мемарыяльнай дошкі з надпісам: «У 1941—45 гг. тут мужна змагалася з нямецка-фашыецкімі захопнікамі група падпольшчыкаў-чыгуначнікаў П. С. Ануфрыева і У. I. Баравіка». У горадзе можна ўбачыць і другую мемарыяльную дошку, якая паведамляе аб гераічнай барацьбе з ворагам камсамольска-маладзёжнай групы «Смугнар» (смерць прыгнятальнікам народа) — так называлі юныя падпольшчыкі сваю арганізацыю, у якую ўваходзіла 11 чалавек і якой кіраваў камсамолецдзевяцікласнік Косця Ярмілаў. Маладыя патрыёты, рызыкуючы жыццём, расклейвалі лістоўкі, знішчалі запасы шпал, тэлеграфных слупоў, хавалі пуцейныя інструменты, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і ў горадзе.

14 студзеня 1944 года камсорг першага батальёна 237-га гвардзейскага стралковага палка Мікалай Жгун узняў чырвоны сцяг над будынкам Калінкавіцкага райвыканкома. У баях за горад вызначылася нямала герояў. Імёнамі Аляксандра Азёрына, Андрэя Ніканава, Міхаіла Быкоўскага, Цярэнція Брагоніса, Юрыя Шлыкава названы вуліцы. На Круглай плошчы пастаўлены помнік воінам-вызваліцелям. У сярэдняй школе № 6 з 1966 года працуе музей баявой славы. Вучні школы сабралі больш як 5 тыс. дакументаў, якія расказваюць аб слаўных герояхземляках, якія змагаліся з ворагам на фронце і ў партызанскіх атрадах, падполлі, аб тых, хто загінуў пры вызваленні іх роднага горада. Кожны год на свята Перамогі збіраюцца тут былыя ўдзельнікі мінулай вайны. Сярод іх заўсёды можна бачыць мужа і жонку Леаніда Мечыслававіча і Ганну Пятроўну Вырвічаў. 3 першага і да апошняга дня вайны прайшлі яны поплеч праз усе яе пекла. Закончылі свой баявы шлях каля сцен рэйхстага, дзе пакінулі свае аўтографы. Жывуць ветэраны на вуліцы Міру — адной з галоўных магістралей Калінкавіч, якая пачынаецца ад Круглай плошчы і ідзе ў цэнтр горада. Роўная, як страла, забудаваная сучаснымі будынкамі, яна адна з прыгажэйшых у горадзе. На ёй размешчаны саўгас-тэхнікум імя У. Ф. Міцкевіча. У 20-х гадах вуліца называлася Загародняй, потым Гомельскім трактам і была яна звычайнай прасёлачнай дарогай. У год 50-годдзя Кастрычніка стала вуліцай Міру.

Аб многім могуць паведаць госцю горада і такія яго вуліцы, як Камсамольская, Фрунзе, Дзяржынская, Кастрычніцкая. У апошнія гады яны значна перабудаваны. Няма пакуль багатай гісторыі ў мікрараёне горада «Поўнач», дзе пражываюць больш як 5 тыс. чалавек. Вырас ён зусім нядаўна. Тут размешчаны хлебазавод і масласырзавод, раённая бальніца, завод заменніка цэльнага малака. А наогул Калінкавічы сёння даволі буйны прамысловы горад. Тут працуюць і заводы бытавой хіміі, дахавых матэрыялаў, механічны, камбінат хлебапрадуктаў, некалькі будаўнічых арганізацый.

Звычайна падарожжа па гэтаму хутка растучаму палескаму гарадку заканчваецца пасля Круглай плошчы. У розныя канцы рэспублікі праходзяць праз яе 4 дарогі — на Мінск, Гомель, Мазыр, Давыд-Гарадок. Глядзіш на іх і дзівішся, як вольна дыхаецца гораду! Ен нібы вартавы гэтых шляхоў, якія праз дні і ночы несціхана перамаўляюцца ледзь не з усімі гарадамі рэспублікі. 3 імі Калінкавічы жывуць сёння адным жыццём, аднымі клопатамі. А апошнія ва ўсіх адны — рабіць наша жыццё ўсё больш заможным, прыгажэйшым.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. «Нашы гарады»