Нашы гарады — Хойнікі

0
551
Хойники

Хойнікі вядомы з 1512 года як вёска.

У сакавіку 1512 года дзяк Кніцічаў, складваючы абмежаваны акт Брагінскага графства, запісаў, што вёрстах у 20 ад Брагіна, з трох бакоў акружанае балотамі і масівамі хваёвых лясоў, размешчана мястэчка Хвойнічак. Гэта першае пісьмовае ўпамінанне аб пасяленні і з’яўляецца датай летазлічэння сённяшніх Хойнікаў. А вось як Хвойнічкі сталі Хойнікамі, ёсць такая версія. У 1568 годзе княжна Любецкая складае дароўную грамату на імя Шчаснага-Харпінскага на права ўладання ў ваколіцах мястэчка (запісала Хойнікі) сёламі і іх жыхарамі. 3 таго часу ва ўсіх дакументах і пайшла гэта скарочаная назва.

Пасля аб’яднання Вялікага княства Літоўскага (куды ўваходзіла мястэчка) з Польшчай у Рэч Паспалітую гаспадарамі Хойнікаў становяцца князі Вішнявецкія, затым Шуйскія, Прозары.

Зусім нядаўна выпадкова ўдалося высветліць цікавую старонку з жыцця апошніх. У час расшырэння гарадскіх могілак бульдозер агаліў цагляны склеп-пахаванне, дзе сярод рэчаў нябожчыцы (захавана была жанчына) знаходзіўся сасуд з пергаментам. Работнікі Дзяржаўнага музея БССР па тэксту на ім устанавілі, што гэта эпітафія на Людвіку Шуйскую (апошнюю з рода Шуйскіх гаспадыню Хойніцкага маёнтка) ад яе мужа Караля Прозара, сыноў і ўнукаў. Вось што ў ёй было напісана: «Турэмны і тыранскі лёс, які ўтрымліваў мяне ў жорсткай няволі за інтарэсы радзімы, не дазволіў мне раней аддаць табе апошні доўг. Страціўшы цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам…» Каб высветліць, як апынуўся ў турме гэты адзін з прадстаўнікоў багатага рода Прозараў, прыйшлося звярнуцца да архіўных дакументаў. Вось што высветлілася. Нарадзіўшыся ў 1759 годзе, Караль Прозар атрымаў выдатную адукацыю, займаў пасаду маршала трыбунала літоўскага, быў потым абозным (генерал-кватармайстрам). У 1792 годзе вырашыў узняць сялян на барацьбу супраць царызму, а ў 1793 — прымкнуў да паўстання Касцюшкі. Пасля яго паражэння жыў за граніцай. Атрымаўшы амністыю, у Хойнікі вярнуўся ў 1802 годзе, дзе гаспадыняю маёнтка ўвесь час была пані Людвіка. Затым за сувязь яго з дзекабрыстамі (што дакладна не ўстаноўлена) цар Мікалай I арыштаваў Прозара і пасадзіў у Петрапаўлаўскую крэпасць. Каб уратаваць мужа, за ім паехала Людвіка, але ў 1828 годзе памерла ў дарозе (у Брэсце). Пахавалі яе ва уніяцкім храме ў вёсцы Вялікі Бор (у некалькіх кіламетрах ад Хойнікаў). Калі ў 1829 годзе Караля Прозара выпусцілі з турмы і дазволілі вярнуцца ў свой маёнтак, ён перавёз труну з целам жонкі ў касцёл на могілкі ў Хойніках. Пасля смерці ў 1841 годзе Караля Прозара, Хойнікі па спадчыне перайшлі да яго сыноў, адзін з якіх у 1882 годзе прадаў за 1,5 млн рублёў маёнтак арлоўскім гандлярам жывёлай Міхаілу Аўраамаву і Гаўрылу Курындзіну. Што ўяўляла сабой у тыя гады мястэчка? У раённым краязнаўчым музеі ёсць экспанат, на якім намаляваны план Хойнікаў канца XIX стагоддзя. У цэнтры яго размяшчаўся замак. Непадалёку стаяла царква. Далей ішла забудова мястэчка па вуліцах Базарнай і Зялёнай (цяпер Савецкая), Замкавай (цяпер плошча Танкістаў). У памятнай кніжцы і каляндары Мінскай губерні, выдадзеных у 1890 годзе, сказана, што ў мястэчку Хойнікі маецца мяшчанская ўправа, валасное праўленне, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, урачэбны ўчастак, народнае вучылішча, касцёл і Пакроўская царква. У пачатку XX стагоддзя тут дзейнічалі 2 млыны, невялікі жалезаробчы завод, у навакольных лясах гналася смала. У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў адбыліся сялянскія выступленні ў вёсках Стралічава, Бабчыне, Рудным, Тульгавічах. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Хойніках быў створаны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў, рэвалюцыйны камітэт. У першай палавіне лістапада 1917 года ўстаноўлена Савецкая ўлада. Старшынёй Хойніцкага валаснога рэвалюцыйнага камітэта стаў чырвонагвардзеец, ураджэнец вёскі Руднае Ц. С. Назаранка, які першым даставіў сюды дэкрэты Савецкай улады аб міры і зямлі. У 1926 годзе Хойнікі сталі цэнтрам раёна, а горадам толькі ў 1967 годзе. Якім жа выглядае сёння гэты «у самым сэрцы» Палесся гарадок? У ім, паводле генеральнага плана развіцця, выдзелены адміністрацыйна-грамадскі цэнтр, 3 жылыя і 1 прамысловы раёны, паркавая зона. Шматпавярховая забудова ідзе ў асноўным у мікрараёне на ўездзе з боку Гомеля, а таксама па вуліцах Савецкай і К. Маркса ў цэнтры, дзе знаходзіцца і плошча Леніна.

Ва ўсіх гарадоў, вялікіх і маленькіх, ёсць рысы, памятныя месцы, якімі даражаць, ганарацца жыхары. Есць такія і ў Хойніках, хоць яны тут і не вызначаюць аблічча горада. Скажам, на вуліцы К. Маркса ў густой зеляніне дрэў прыцягвае ўвагу цікавай архітэктуры 2-павярховы будынак. Гэта былая сядзіба апошняга з гаспадароў дарэвалюцыйных Хойнікаў — Андрэя Аўраамава. Вакол яе прыгожы парк, сад, побач стадыён, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Па вуліцы Савецкай нельга не затрымацца каля будынка музычнай школы. Але не толькі гукамі музыкі вабіць ён да сябе. Гэта месца памятна гараджанам тым, што ў 1942 годзе, у час адной з партызанскіх вылазак супраць мясцовага гарнізона, тут загінуў партызан Герой Савецкага Саюза Аляксей Качаткоў. Здарылася так, што байцы не змаглі вынесці яго цела, і фашысты ўчынілі над ім здзек — спалілі ў агні. Ва ўшанаванне памяці 24-гадовага юнака на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка, яго імя носіць адна з вуліц.

Дарэчы, аб падзеях мінулай вайны ў горадзе напамінае многае. Гэта і назвы вуліц, школ, піянерскіх дружын і атрадаў, помнікі. Адзін з іх на заходняй ускраіне Хойнікаў, дзе знаходзяцца брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні ў 1943 годзе. Сярод іх Героі Савецкага Саюза М. А. Грачыхін і У. Р. Калеснік, сакратар Хойніцкага падпольнага райкома партыі П. П. Домнікаў, камандзір аднаго з дзейнічаючых на тэрыторыі раёна партызанскага атрада імя Чапаева В. Р. Карась, 25 удзельнікаў маладзёжна-камсамольскага падполля, якім кіраваў былы дырэктар Мазырскага драматычнага тэатра Я. I. Казачук.

Вайна з фашыстамі нанесла цяжкі ўрон гораду і раёну. Загінула больш чым 4 тыс. чалавек, былі разбураны ўсе прамысловыя прадпрыемствы, большасць школ, культурных устаноў, спалены з жыхарамі амаль 10 вёсак. Гараджане ганарацца, што за мінуўшыя гады ўсё гэта не толькі адноўлена, але і многае пабудавана занава. У мікрараёне «Юбілейны», а гэта, па сутнасці, цэлы асобны горад, нельга не любавацца прыгожым, утульным пасёлкам торфазаводцаў, узнікшай на месцы балота добраўпарадкаванай зонай адпачынку з рукатворным возерам, паркам, новымі сучаснымі будынкамі ў цэнтры горада.

Да вайны ў Хойніках культуру прадстаўлялі клуб ды 2 хатычытальні. Сёння тут кінатэатр, 3 буйныя бібліятэкі, 2 дамы культуры, у адным з якіх — раённым — вось ужо 30 гадоў дзейнічае неаднаразовы пераможца розных аглядаў — на одны драмтэатр, дзе ставяцца такія складаныя спектаклі, як «Мікітаў лапаць», «Амністыя» і многія іншыя. У 3 сярэдніх школах вучыцца больш як 3 тыс. вучняў, ёсць спартыўная школа, сярэдняе прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча будаўніюў. У апошнія гады пабудаваны новы бальнічны гарадок, дзейнічае больш чым 50 прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання (да вайны было ўсяго 5 магазінаў).

Падарожжам у свет чароўнага называюць экскурсію на мясцовую фабрыку мастацкіх вырабаў. У глыбіню вякоў ідуць традыцыі тутэйшых майстроў (Хойнікі ў XVIII—XIX стагоддзях адносіліся да буйных цэнтраў мастацкага рамяства ў Беларусі). 3 тонкіх залацістых стужачак саломкі тут плятуць модныя жаночыя сумкі, цукерачніцы, вазы, пано. Купляюць гэтыя вырабы нават у замежных краінах. Пачынала фабрыка з невялічкай арцелі, створанай яшчэ ў першыя гады Савецкай уладьі. Усяго ж у горадзе працуе больш чым 10 прамысловых прадпрыемстваў, прадукцыя якіх вядома як у нашай краіне, так і за мяжой. Шмат часу патрабуецца, каб абысці сённяшнія Хойнікі. Нямала тут цікавых месц, вялікі і сам горад. У ім 80 вуліц і завулкаў, а колькі славутасцей у ваколіцах! Хто, скажам, адмовіцца наведаць музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў яго роднай вёсцы Глінішча, пагутарыць з землякамі пісьменніка Барыса Сачанкі ў вёсцы Вялікі Бор? А якія тут краявіды! I вось над гэтым гарадком, як і над іншымі поўдня Беларусі, сёння навісла пагроза Чарнобыльскай бяды. Як жыць тут людз’ям? Што рабіць? Гэтыя пытанні хвалююць жыхароў горада, ставяць перад імі складаныя задачы.

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. «Нашы гарады»