Нашы гарады — Ельск

0
305

Ельск вядомы з XVI стагоддзя як мястэчка.

Размешчаны на самым поўдні Палесся, у баку ад вялікіх дарог, гэты невялікі горад (з 1971 года) асаблівага ўражання ў прыезджага чалавека не выклікае. 3 боку Мазыра, адкуль можна прыехаць як па чыгунцы, так і па шашы, ен сустракае сучасным мікрараёнам, які носіць назву «50 год СССР». Дамы тут усё ў 3—5 паверхаў, ёсць сярэдняя школа, дзіцячыя сады, магазіны, Дом быту. Нядаўна на ўскрайку гэтага «горада ў горадзе» (тут жыве больш чым 3 тыс. чалавек) пасяліўся новы палац здароўя — бальнічны комплекс, дзе наведвальнікаў прымаюць амаль 200 чалавек у белых халатах. Па назвах вуліц — Будаўнічая, Меліярацыйная — няцяжка ўявіць, што жывуць у мікрараёне ў асноўным тыя, хто будуе горад і новыя вёскі ў ваколіцах, асушвае былыя багны.

Цэнтр Ельска і па назве галоўных тут вуліц (Савецкая, Ленінская, Пушкіна), плошчы імя У. I. Леніна, і па забудове размешчаных тут характэрных для ўсіх райцэнтраў адміністрацыйных будынкаў падобны да тых, якія мы ўжо бачылі ў большасці гарадоў рэспублікі.

Вуліца Ленінская, 3. Велічны драўляны будынак Троіцкай царквы. Храм стаіць тут ужо 2 стагоддзі. Калі б можна было спытаць у яго, што бачыў і чуў ён за сваё жыццё, цікавага расказаў бы шмат. Напрыклад, калі ён быў яшчэ «маленькім», то і сам Ельск, першае ўпамінанне аб якім адносіцца да XVI стагоддзя, тады быў невялікім мястэчкам Мазырскага павета. Было ў ім менш чым 50 хацін, школа з адным настаўнікам, пошта, вінаробчы заводзік, 3 крамы. У 1873 годзе побач пралягла чыгунка Жлобін — Оўруч, і мястэчка крыху ажывілася. У гады першай рускай рэвалюцыі тут, напрыклад, адбыліся выступленні чыгуначнікаў, рабочых некаторых майстэрань. У лістападзе 1917 года ў горадзе ўстаноўлена Савецкая ўлада, у лютым наступнага — акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. 3 1924 года Ельск — цэнтр раёна, з 1938 — гарадскі пасёлак.

Затым, калі далей крочыць па Ленінскай вуліцы, немагчыма не затрымацца каля помніка землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну, і будынка сярэдняй школы № 1, на якім 2 мемарыяльныя дошкі, а ў двары помнік ў памяць вучняў і настаўнікаў школы, якія аддалі жыццё за Радзіму ў барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі. Ельск, як усе населеныя пункты Беларусі, амаль 30 месяцаў быў пад акупацыяй фашыстаў. I ўвесь гэты час захопнікі не адчувалі сябе тут гаспадарамі. Ужо ў жніўні 1941 года ў горадзе пачало дзейнічаць падполле, члены якога працавалі на чыгунцы (тут было 2 групы), у нямецкіх установах. Сярод насельніцтва яны распаўсюджвалі лістоўкі, падпольную газету «Кліч Радзімы». А калі фашысты пачалі ў горадзе рамонт баявой тэхнікі, патрыёты ўзарвалі майстэрні, будынак дэпо, чыгуначны мост. У 1943 годзе па даносу здрадніка фашысты напалі на след падполля. Былі арыштаваны і пасля доўгіх катаванняў расстраляны Я. К. Шэцка, I. Е. Уласенка, I. П. Казак, I. I. і М. I. Мазуркевічы. 3 першых дзён вайны ў раёне пачалі дзейнічаць і некалькі партызанскіх атрадаў. Так, у раёне вёскі Качышча з мясцовага партыйна-савецкага актыву ў жніўні 1941 года быў створаны атрад Качышчанскі, у раёне вёскі Скароднае — атрад Скараднянскі. Кіраўніцтва партызанскім рухам ажыццяўляла Ельская аператыўная група на чале з А. П. Шыла і 3. Я. Чарнаглазам. У 1943 годзе ўсе групы і атрады аб’ядналіся ў партызанскую брыгаду 37-ю Ельскую, якая ў снежні 1943 года і студзені 1944 года разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічала ў вызваленні роднага горада.

ёсць у горадзе і яшчэ’ адно месца, якое непасрэдна звязана з падзеямі тых гадоў. Гэта знешне непрыметны, драўляны домік пад нумарам 40 на вуліцы Савецкай. У ім у 1942—1943 гадах кватараваў славацкі антыфашыст, Герой Савецкага Саюза і Герой Славацкага нацыянальнага паўстання Ян Налепка. Будучы начальнікам штаба 101-га славацкага палка, ён ужо ў першыя дні прыбыццяў Ельск стварыў антыфашысцкую групу, наладзіў сувязь з партызанамі, перадаваў ім ваенныя звесткі, зброю, медыкаменты, выратоўваў мірнае насельніцтва ад загубы. Калі гітлераўцы даведаліся аб сувязях саюзнікаў з партызанамі, Ян Налепка з таварышамі перайшоў да партызан, дзе стаў камандзірам асобнага славацкага атрада. У канцы 1943 года пры вызваленні горада Оўруч загінуў. Імем чэшскага патрыёта названа вуліца ў Ельску, а на хаціне, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Знаёмячыся з сённяшнім Ельскам, нельга не пабываць у яго паўночнай частцы, дзе размешчаны галоўныя прадпрыемствы райцэнтра. Найбольш «магутныя» з іх тут — мэблевая фабрыка і кансервавы завод. Прадукцыя першага, а гэта дубовыя крэслы, якія ніхто больш у рэспубліцы не вырабляе, ідзе нават у замежныя краіны. Вырасшая з невялічкага цэха прамкамбіната, сёння фабрыка — сучаснае, аснашчанае па апошняму слову тэхнікі прадпрыемства. Есць чым ганарыцца і калектыву кансервавага завода. Джэмы, варэнні, павідла, сокі, таматы, салянкі — усяго больш як 30 назваў — адпраўляліся ў розныя куткі краіны. Цяпер, калі Чарнобыльская бяда закранула і гэты гарадок, перад прадпрыемствам узніклі складаныя задачы. Мясцовы лясгас па аб’ёмах вытворчасці не аднясеш да ліку буйных. Але ведаюць яго не менш чым кансервавы завод, мэблевую фабрыку. Гэтага калектыў дабіўся якасцю сваіх вырабаў. Вось чаму іх куплялі нават у такіх лясных дзяржавах, як Фінляндыя, Швецыя.

Есць дзе пабываць, што паглядзець у гарадку і калі трапілі вы ў яго вечарам. У Доме культуры, напрыклад, можна паслухаць мясцовых спевакоў, музыкантаў, палюбавацца майстэрствам танцораў. Калі вы кнігалюб, то ёсць магчымасць задаволіць і гэту цікавасць. У бібліятэцы, а іх тут некалькі, да вашых паслуг любое перыядычнае выданне, апошнія кніжныя навінкі.

Многае яшчэ можна было б расказаць аб гэтым ціхім палескім горадзе. I аб яго больш даўняй гісторыі, і аб сённяшнім дні. Але і ў гэтым выпадку поўным апавяданне ўсё роўна не будзе. Бо кожны дзень упісвае ў яго гісторыю ўсё новыя і новыя радкі.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. «Нашы гарады»