Нашы гарады — Добруш

0
391
фабрика Паскевича, Паскевіч

Добруш вядомы з XVI стагоддзя як вёска.

У адным з паданняў расказваецца, як сяляне, ратуючыся ад прыгнёту, шукалі месца для пасялення. I прыйшлі яны на круты бераг, дзе стаялі густыя дубовыя ды сасновыя лясы, і скрозь іх працякала звілістая блакітная стужка ракі. «Дабро ж»,— сказаў адзін. «И путь,— паказаў рукой удалечыню другі,— далёкий». Засталіся ўцекачы ў гэтым утульным месцы. Паселішчапачалі называць Добрушам, а рэчку — Іпуць. Вядомы з XVI стагоддзя як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага павета Вялікага княства Літоўскага. Пасля ўваходу ў 1772 годзе ў склад Расійскай дзяржавы стала прыватным мястэчкам графа Румянцава, затым — князя Паскевіча. У гандлёвых кругах славілася вырабамі канатаў і парусаў. У 1870 годзе князь Паскевіч пачынае будаўніцтва тут папяровай фабрыкі, затым сюды пракладваецца чыгунка, што выводзіць Добруш у лік даволі буйных прамысловых цэнтраў. У канцы XIX стагоддзя ў мястэчку жыве каля 2,5 тыс. жыхароў, маецца школа, бальніца, царква. Аб тым, як жыў тут працоўны люд, газета «Искра» у 1903 годзе пісала так: «Адміністрацыя папяровай фабрыкі амаль нічога не плаціць. Пастаўлены ў яе на службу ўраднік адмаўляецца складаць нават пратаколы аб няшчасных выпадках. Калеку ў лепшым выпадку прадастаўляецца якая-небудзь работа, за якую ён атрымлівае мізэрную плату — 20—25 капеек у дзень».

I гэта на прадпрыемстве, якое лічылася адным з буйнейшых у Еўропе. А што казаць пра тых, хто працаваў у невялічкіх майстэрнях?

Актыўна ўдзельнічалі дабрушчане ў рэвалюцыйным руху Расіі. Акрамя групы РСДРП, тут дзейнічала праўдзісцкая група, якая мела сувязь з бальшавіцкай фракцыяй 4-й Дзяржаўнай думы. Адразу пасля Лютаўскай буржуазнай рэвалюцыі ў Добрушы быў створаны Савет рабочых дэпутатаў, а летам 1917 года сфарміравалася бальшавіцкая фракцыя, члены якой прынялі самы непасрэдны ўдзел ва ўстанаўленні ў мястэчку Савецкай улады. Калі ў сакавіку 1918 года сюды падышлі кайзераўскія войскі, жыхары разам з чырвонагвардзейцамі 1-га і 2-га гомельскіх атрадаў некалькі гадзін вялі з імі жорсткі бой. У экскурсіі па сённяшняму Добрушу гасцям абавязкова раскажуць аб той гераічнай старонцы з гісторыі горада, зводзяць іх і на вуліцу Лазо, дзе на брацкай магіле загінуўшых у тым баі ўзвышаецца сціплы помнік, і дзе заўсёды — свежыя кветкі. Успамінаючы тыя падзеі, дабрушчане з гонарам назавуць і той факт, што іх землякі, П. Д. Марозаў, А. Д. Марукоў, штурмавалі Зімні палац.

У 1927 годзе Добруш становіцца цэнтрам раёна, з 1935 года — горадам, хоць у гэтыя гады ён яшчэ мала чым адрозніваўся ад таго — дарэвалюцыйнага мястэчка. Вуліцы не мелі цвёрдага пакрыцця, забудова была ў асноўным драўляная. I толькі ў перадваенныя гады пачалося вялікае будаўніцтва. Але мірныя планы гараджан парушыла вераломнае нападзенне на нашу краіну фашысцкай Германіі. Калі праз месяц пасля пачатку вайны вораг заняў Добруш, многае адсюль было ўжо эвакуіравана, у тым ліку папяровая фабрыка. Фашыстаў сустрэлі толькі гнеў ды нянавісць мясцовых жыхароў. Ужо ў канцы 1941 і пачатку 1942 года ў горадзе дзейнічала некалькі падпольных груп, а ў раёне ствараліся партызанскія атрады, якія затым аб ядналіся ў Добрушскую партызанскую брыгаду імя I. В. Сталіна. Ніколі не забудуць дабрушчане сваіх сыноў і дачок, загінуўшых у барацьбе з лютым ворагам у гады Айчыннай вайны. Іх імёны на шматлікіх помніках і мемарыяльных дошках, у назвах вуліц, на старонках кніг.

…Усяго 17 гадоў споўнілася Фёдару Кухараву, калі пачалася вайна. Стварыўшы падпольную групу з такіх жа маладых хлапцоў, ён наладзіў сувязь з партызанамі, перадаваў ім з горада зброю, якую дабывалі ў фашыстаў, распаўсюджваў лістоўкі. На чыгунцы Гомель — Бранск юныя падпольшчыкі арганізавалі ўзрыў трох варожых эшалонаў. А калі фашысты напалі на след патрыётаў, усе яны пайшлі ў партызаны. Да прыходу Чырвонай Арміі Фёдар быў камандзірам дыверсійнай групы ў атрадзе імя Молатава, якая толькі за лета і восень 1943 года падарвала 24 цягнікі ворага. Герой Савецкага Саюза Фёдар Кухараў загінуў у маі 1946 года на мірным пасту. Пра яго напісана кніга «Парень из Добруша», на будынку сярэдняй школы № 2, дзе ён вучыўся перад вайной, устаноўлена мемарыяльная дошка. У ліку першых добраахвотнікаў пайшоў на фронт былы рабочы папяровай фабрыкі Пётр Бухонка. Подзвіг здзейсніў пры фарсіраванні Дняпра ў 1943 годзе. Памёр ад ран. Імя Героя Савецкага Саюза Пятра Бухонкі носіць адна з вуліц горада, на будынку фабрыкі ў яго памяць устаноўлена мемарыяльная дошка. Добра памятаюць у калектыве гэтага сёння вядомага на ўсю краіну прадпрыемства і подзвіг падпольшчыкаў I. Курыліна, П. Саладкова, партызан брыгады імя Сталіна П. Бязменава, М. Гаршунова, В. Клыпіна, братоў I. і Я. Чуніхіных, якія правялі смелую дыверсію і вывелі да канца вайны са строя застаўшыеся магутнасці фабрыкі, на якіх фашысты наладжвалі рамонт баявой тэхнікі. Аб тым, як змагаліся дабрушчане ў гады вайны, сведчыць той факт, што 11 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

А ці ж могуць забыць сённяшнія жыхары тых, хто залечваў раны вайны, адбудоўваў горад? На папяровай фабрыцы, напрыклад, гэта рабочыя дынастыі Волкавых, Казловых, Васілеўскіх, Бухонак… Гэта дзякуючы ім і іншым героям працоўных здзяйсненняў папяровая фабрыка змагла за кароткі тэрмін перакрыць у некалькі разоў свае былыя магутнасці, стаць перадавым прадпрыемствам у галіне, на якім сёння вырабляецца больш чым 70% чарцёжнай і 30 — маляванай паперы саюзнай вытворчасці. А зусім нядаўна тут уступіла ў дзеянне новая машына магутнацю 20 тыс. т сшыткавай паперы ў год. У адну з прыгажэйшых вуліц ператварыўся праспект Луначарскага, дзе размешчана сама фабрыка. А колькі сучаснага жылля, сацыяльных аб’ектаў узвяло гэта прадпрыемства ў іншых кутках горада! Шмат тых, хто непасрэдна сваімі рукамі разбіраў руіны пасляваеннага Добруша, узводзіў на іх месцы дамы і цэхі прадпрыемстваў, і паралельна з гэтым працаваў на вытворчасці, назавуць вам на хлебазаводзе, заводах крухмальным і сухога абястлушчанага малака, у будаўнічых арганізацыях.

Няма пакуль рабочых дынастый у навасёла Добруша — фарфоравага завода. Тут працуе ў асноўным моладзь. Але пройдуць гады, і яе праца на будаўніцтве самога завода, мікрараёна, вырасшых на былой пустэчы, увойдзе гераічнай старонкай у біяграфію горада. Дарэчы, калектыў гэтага прадпрыемства ўжо нямала зрабіў для таго, каб назва іх гарадка стала вядомай далёка за межамі рэспублікі і краіны. Кубкі, вазы, чайнікі, сервізы, якія тут вырабляюцца, ідуць сёння ў Афрыку, на Блізкі Усход, у многія сацыялістычныя краіны. Размешчаны на граніцы з Чарнігаўскай і Бранскай абласцямі, Добруш — своеасаблівыя вароты ў нашу рэспубліку. Таму прыезджых тут заўсёды многа. У горадзе няма помнікаў архітэктуры мінулага, цікавых гістарычных месц, але прайсціся па яго светлых вуліцах, адзначыць перамены ў яго абліччы прыемна для многіх. Вось цэнтр горада — плошча Леніна. Калі ісці сюды з вуліцы Савецкай, то ўжо здалёк бачыш цікавы будынак Дома быту, які лічыцца адным з лепшых у вобласці, сучасны універмаг, кінатэатр, шматпавярховыя жылыя дамы. А вось ля Дома быту і новабудоўля — паліклініка на 375 наведванняў у змену. Раней, каб трапіць да ўрача, гараджанам прыходзілася ехаць аж на ўскраіну горада — у мікрараён меліяратараў. Цяпер зручна — у самым цэнтры.

А як папрыгажэлі ў апошнія гады тут вуліцы К- Маркса, Камарова, праспект Міру… Больш з’явілася сучасных жылых дамоў, магазінаў, зеляніны. Калі прайсціся на вуліцу Чапаева, дзе размешчана пакуль што адзінае ў горадзе прафесіянальнатэхнічнае вучылішча, тут убачыш цікавы будынак новага Дома культуры на 500 месц, які стаў другой, пасля Палаца культуры імя Куйбышава, буйной культурнай установай горада. Есць у Добрушы і добры парк, спартыўны комплекс, музычная школа, дзейнічае тут некалькі бібліятэк. На паўднёвай ускраіне ва ўрочышчы Лядцы створана неблагая зона адпачынку. Ва ўтульным кутку на ўзбярэжжы рэчкі Іпуці дзейнічае санаторый-прафілакторый «Сонечны», дзе кожны год папраўляюць здароўе сотні працаўнікоў горада і раёна. Мясцовыя жыхары, калі вы з імі пачняце гаворку пра іх родны горад, абавязкова да свайго расказу з гонарам дададуць і тое, што на іх зямлі нарадзіўся, правёў дзяцінства, вучыўся народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. I наогул, калі размова зойдзе пра людзей, ёсць тут пра каго расказаць. Наведайцеся ў Добруш.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. «Нашы гарады»