Нашы гарады — Чачэрск

2
1014
город Чечерск, Чачэрск

Чачэрск упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годам.

Паходжанне гэтай назвы ўстанавіць, здавалася б, няцяжка — вось яна побач, рака Чачора, якая дала, на першы погляд, імя гораду. Але чаму яе так назвалі? Аказваецца, слова «чачор» у перакладзе на сучасную рускую мову азначае «воск». Далёкія продкі цяперашніх жыхароў Чачэрска выраблялі яго ў вялікай колькасці, збіраючы па лясах мёд дзікіх пчол, і адпраўлялі па Сожу і Дняпры для абмену на іншыя тавары. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчаць рэшткі суднаў, гружаных воскам, якія былі знойдзены ў старадаўніх рэчышчах.

Першыя пасяленцы ў тутэйшых месцах паявіліся, як сведчаць раскопкі, яшчэ ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу. Займаліся паляваннем, рыбнай лоўляй, сельскай гаспадаркай, жылі на Замкавай гары, якая адыгрывала ролю ўмацаванага цэнтра. Яна і цяпер узвышаецца над прасторай прырэчных лугоў, увенчаная помнікам савецкім воінам і партызанам, якія вызвалілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Побач з ім — мармуровая пліта з высечанымі на ёй словамі: «Дачцэ Балгарыі, карэспандэнту «Комсомольской правды», адважнай партызанцы Ліліі Карастаянавай». Яна загінула ў вёсцы Будзішча ў лютым 1943 года, калі партызанскае злучэнне А. Ф. Фёдарава, куды Лілія ўступіла добраахвотнікам, рабіла рэйд па тылах праціўніка.

Уся гісторыя Чачэрска звязана са шматлікімі бітвамі за валоданне тутэйшымі землямі. I нават першае ўпамінанне аб ім паявілася ў 1159 годзе ў Іпацьеўскім летапісе, відаць, таму, што чарнігаўскаму князю, які заняў да таго часу кіеўскі трон, удалося ў ліку іншых гарадоў утрымаць за сабой і Чачэрск. Далейшыя падзеі развіваліся, аднак, так, што ўжо ў 1323 годзе яго захапілі літоўскія князі, якія выкарысталі цяжкае становішча рускага народа, аслабленага барацьбой з манголататарскімі заваёўнікамі на ўсходзе і нямецкімі — на захадзе. Нялёгка жылося сялянству і гарадской беднаце пад двайным — сацыяльным і нацыянальным прыгнётам. Асабліва цяжка стала пасля прыняцця ў 1569 годзе Люблінскай уніі, якая аб’яднала Літву з Польшчай. Яснавяльможныя паны і каталіцкая царква рабілі ўсё, каб трымаць «халопаў» у рабскім паслушэнстве. Аднак барацьба народа супраць сацыяльнага і нацыянальнага ярма разгаралася. У грамаце, накіраванай ў 1609 годзе чачэрскаму і прапойскаму старасту, кароль Сігізмунд III адзначаў, што «яны (жыхары Чачэрска і навакольных вёсак) збіраюць вакол сябе шматлікія ватагі.., нападаюць на нашы і іншыя валоданні і спустошваюць іх». Выступленні слаба арганізаваных і ўзброеных сялян і гарадской беднаты цярпелі паражэнні. 3 жорсткасцю былі падаўлены паўстанні чачэрскай чэрні спачатку ў 1649, затым у 1651 годзе. Зразумела таму, з якой ахвотай далучаліся беларускія паўстанцы да рускіх войск і казакаў атамана I. Залатарэнкі, пасланага сюды Багданам Хмяльніцкім, у час распачатай у 1654 годзе руска-польскай вайны.

Далучэнне ў 1773 годзе Беларусі да Расіі мела прагрэсіўнае значэнне для развіцця горада, які становіцца павятовым цэнтрам Рагачоўскай правінцыі. Тут будуюцца цагельныя, шкляныя, вінныя і іншыя заводы. 3 ростам прамысловасці ажывае гандаль. Мяняецца аблічча горада — ён у многім перабудоўваецца, вуліцы абсаджваюцца ліпавымі алеямі. Узведзеныя ў другой палавіне XVIII стагоддзя гарадская ратуша і Праабражэнская царква ў нашы дні аб’яўлены помнікамі архітэктуры і ўзяты пад ахову дзяржавы.

Развіццё горада паскорылася пасля адмены прыгоннага права. На шклозаводзе, напрыклад, паявіліся першыя 2 машыны — для . здрабнення матэрыялаў і рэзання дроў. Працавалі яны, праўда, ад коннага прывада. Расшырыўся і гандаль — з чачэрскай прыстані па Сожу цяпер адпраўлялася грузаў больш, чым паступала сюды. Было 2 народныя вучылішчы -мужчынскае і жаночае, бальніца, у якую наязджаў урач з Рагачова. Становішча працоўных тым не менш заставалася цяжкім. Асабліва непасільнымі былі ўмовы працы ў маёнтку графа Чарнышова-Круглікава, дзе ў чэрвені 1905 года ўспыхнула забастоўка сялян і рабочых-падзёншчыкаў, арганізаваная створанай у Чачэрску сацыял-дэмакратычнай групай. Толькі з прымяненнем ваеннай сілы ўлады падавілі гэта выступленне беднаты.

Барацьба з самадзяржаўем працягвалася і ў чорныя дні рэакцыі. Дарэчы ўспомніць выпадак, які адбыўся ў 1910 годзе ў вёсцы Дудзічы. Селянін Фёдар Платонаў, вярнуўшыся з Кіева, дзе працаваў возчыкам і ўдзельнічаў у разагнанай жандарамі маніфестацыі ў памяць Л. М. Талстога, перанёс свой дом на 2 км ад вёскі і ў знак пратэсту ўладам назваў новае месца жыхарства Яснай Палянай.

З радасцю была сустрэта ў Чачэрску вестка аб перамозе Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак ворагі Савецкай улады не змірыліся з яе ўстанаўленнем. Паявіліся легіянеры ДоўбарМусніцкага, а калі яны былі разбіты, прыйшлі кайзераўскія войскі. Дзейнічалі шматлікія банды, якія грабілі насельніцтва, забівалі актывістаў. У гэтых умовах партыя заклікала да арганізацыі адпору ворагу. Шырыўся партызанскі рух, на падаўленне якога акупанты накіроўвалі вялікія сілы. Але пад напорам Чырвонай Арміі яны ўсё ж у лістападзе 1918 года пакінулі Чачэрск. Пачалося мірнае стваральнае жыццё. У раёне расла колькасць прадпрыемстваў, якія выпускаюць абутак, адзенне, вырабляюць будматэрыялы, забяспечваюць насельніцтва прадуктамі. Усё больш уступала ў строй школ, бальніц. Набраны тэмп будаўніцтва абарвала вайна. За 27 з палавінай месяцаў акупацыі фашысты ператварылі Чачэрск у груду развалін. Жорстка помсцілі ворагу за зняслаўленую зямлю жыхары раёна, якія пайшлі на фронт і ў партызаны. Створаны з першых дзён вайны падпольны райком партыі ўзначаліў барацьбу, якая не сціхала ні ўдзень, ні ўначы. Зямля гарэла пад нагамі акупантаў. 3 мая па жнівень 1942 года партызаны кантралявалі 11 сельсаветаў, левабярэжны бок Сожа ў граніцах раёна.

27 лістапада 1943 года Чачэрск быў вызвален ад нямецкафашысцкіх захопнікаў войскамі 1-га Беларускага фронту. . Не пазнаць цяпер горад. Старажытным, але маладым называюць яго жыхары. Толькі за апошнія гады тут пабудаваны тысячы кв. м жылля. Побач з помнікамі мінулага ў архітэктурны ансамбль Чачэрска ўпісаліся будынкі новага кінатэатра на 240 гледачоў, сучаснай 5-павярховай бальніцы, адміністрацыйных, культурных, бытавых устаноў. Далёка за межамі раёна вядома прадукцыя агароднінакансервавага завода, фабрыкі мастацкіх вырабаў. На палях і фермах нашай рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, далёкай Манголіі працуюць спецыялісты, якія прайшлі падрыхтоўку ў Чачэрскім прафтэхвучылішчы.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. “Нашы гарады”