Нашы гарады — Буда-Кашалёва

0
466
Будо-Кошелёво, город

Буда-Кашалёва ўзнікла ў 1873 годзе як чыгуначная станцыя.

Цэнтр раёна, вядома яшчэ як чыгуначная станцыя БудаКашалёўская на лініі Гомель — Мінск. Да 1861 года гэта была вёска дзяржаўных сялян Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета. Пачала расці пасля пабудовы тут у 1873 годзе Лібава-Роменскай чыгункі, з 1877 года з’яўляецца станцыяй. У канцы XIX стагоддзя тут заснавана прадпрыемства па вырабу драўляных дэталей для ткацкіх станкоў, зарэгістравана каля 500 жыхароў. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года, а ў сакавіку 1918 года тэрыторыя воласці аказалася акупіраванай кайзераўскімі войскамі. Пасля іх адыходу зноў усталёўваецца ўлада працоўных, пры якой БудаКашалёва ў 1924 годзе становіцца цэнтрам раёна, у 1938 годзе — гарадскім пасёлкам, у 1971 годзе — горадам. У час Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1941 года да лістапада 1943 года акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут 485 чалавек. Супраць ворага ў самім Буда-Кашалёве дзейнічалі падпольшчыкі пад кіраўніцтвам нелегальных райкомаў партыі і камсамола.
З якога б боку не ўвайшоў у гэты горад, ён сустракае дружным, неўстрывожаным шматгалоссем птушак, трывала абжыўшых «верхнія паверхі» сквераў, прыдарожных алей, шматлікіх садоў. Есць тут і яшчэ адна «птушыная славутасць» — непадалёку размешчаны адзіны ў рэспубліцы гадавальнік па штучнаму развядзенню лясных прыгажуноў-фазанаў, якіх мясцовыя энтузіясты намерыліся акліматызаваць у нашых краях. Арыгінальныя помнікі нашым землякам: у сухапутным гарадку нарадзіўся баявы марскі военачальнік — віцэ-адмірал В. П. Дрозд, бегаў басаногім хлапчуком будучы праслаўлены ас, двойчы Герой Савецкага Саюза П. Я. Галавачоў.

Мясцовыя жыхары і любяць свой горад такім — ціхім, звычайным. Есць у ім нешта, што не пакідае раўнадушным і прыезджага. Можа, адчуванне нейкай прыемнай утульнасці, якой так не хапае нашым шумным прамысловым цэнтрам. Ажыўленымі бываюць вуліцы горада раніцай, калі ідзе па іх рабочы люд. Яго чакаюць цэхі кансервавага завода, масласырзавода і хлебазавода, філіяла Веткаўскага вытворчага аб’яднання будаўнічых матэрыялаў, райаграпрамтэхнікі, лясгаса, прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання… Расчыняюць свае дзверы ўстановы, Дом культуры. Адпраўляюцца ў рэйс прыгарадныя аўтобусы. А чыгуначная станцыя і зусім «не змыкае вачэй», прапускаючы і прымаючы паязды. Хоць у горадзе і не густа з прамысловасцю (ён застаецца ўсё ж цэнтрам сельскагаспадарчай вытворчасці), але і яго не абмінае інтэнсіўны рытм нашага часу. Выклікаюць, напрыклад, павагу маштабы капітальнага будаўніцтва. Апрача сучасных шматкватэрных дамоў, кварталы горада папаўняюць будынкі школ, дзіцячых садоў, іншых устаноў. Забудова пакуль што пераважна аднапавярховая. Аднак паводле генеральнага плана прадугледжана будаўніцтва 2—5-павярховых дамоў, развіццё цэнтра ўздоўж галоўнай вуліцы — Савецкай.

Калі цікавяць параўнанні, можна зазірнуць у сярэднюю школу № 2, пазнаёміцца з экспанатамі размешчанага тут народнага музея У. I. Леніна. У дакуменце за 1908 год зафіксавана: «Вёска Буда-Кашалёва знаходзіцца пры Лібава-Роменскай чыгунцы, каля балота Борышча… Усяго ў вёсцы 57 двароў… За вёскай — 364 дзесяціны прыдатнай і 50 дзесяцін непрыдатнай зямлі».

57 хацін і горад з некалькімі тысячамі насельніцтва, які жыве паўнакгоўным жыццём… Перамены яркія. Такі лёс Буда-Кашалёва. Аднаго з тыповых раённых цэнтраў рэспублікі.

 

Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. «Нашы гарады»