Жыццё – гэта прыгоды, асмелься на іх.
Маці Тэрэза
Шчыры, адкрыты погляд, прыемная ўсмешка, чароўная прывабнасць і сціпласць… Гэта – Дар’я Балотнікава, аўтар выставы жывапісу і графікі ў жанры псеўдарэалізму пад назвай “Авось”, адкрыццё якой адбылося 24 кастрычніка ў выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны. Дар’я – студэнтка 5-га курса факультэта замежных моў, вывучае яна нямецкую, англійскую і французскую мовы.
Сама Дар’я заўважае, што філалогія ёй падабаецца. “Падабаецца карыстацца замежнай мовай, даследаваць абсягі мовы, вывучаць фразеалогію, спазнаваць адрозненні асаблівасцей мовы ад месцаў, дзе на ёй размаўляюць”, прызнаецца Дар’я. Да таго ж прыхільнасць да моў прыводзіць да развіцця перакладчыцкіх здольнасцей. І справа гэтая далёка не самая лёгкая! Па-першае, на сябе патрэбна “прымерыць” ролю аўтара, прапусціць праз сябе напісанае, каб пасля сродкамі сваёй мовы падаць дадзены твор. Так-так, пераклады Дар’я робіць з нямецкай мовы на беларускую, упэўненая, што беларуская мова мае перспектывы. Акрамя таго, трэба заўважыць, прысутнасць перакладчыка ў тэксце пераклада не павінна адчувацца.
“Балтыйскія матывы”
Талантлівы чалавек мае таланты не ў адной сферы. Таму не выклікае здзіўлення той факт, што на другім курсе сваёй вучобы ва ўніверсітэце аднекуль звонку Дар’я атрымала штуршок намаляваць чалавека. І – панеслася! Малявала шмат, часам невыразна, але пачатую справу не кідала. Дар’я разумела, што патрэбна вучыцца, таму самастойна здабывала веды з усемагчымых крыніц: ці то падручнікі па розных відах тэхнік мастацтва, ці то размовы з мастакамі на прасторах інтэрнэту.
Далей у біяграфіі Дар’і была вучоба ў мастацкай студыі выяўленчага мастацтва пры Дварцы творчасці дзяцей і моладзі “Юнацтва” пад кіраўніцтвам члена Саюза мастакоў, заслужанага педагога Пакаташкіна Валянціна Пятровіча. На жаль, вучоба ў студыі працягвалася толькі год: Дар’я ў ліку лепшых германістаў атрымала стыпендыю і на семестр ад’ехала на вучобу ў Германію. Маляваць, аднак, Дар’я не кінула. Наадварот, аўтар выставы шчыра прызнаецца, што заняткі ў студыі дапамаглі набыць “свабоду рукі”, а ранейшая заціснутасць знікла.
“Удых”
“Падчас чытання твораў, перакладчыцкай дзейнасці напаўняешся ўражаннямі, якія канцэнтруюцца ўнутры і застаюцца нават пасля таго, як кніга адкладзена ўбок. Адзінае выйсце ў дадзеным выпадку – папера. Літаратурная ілюстрацыя ў такім разе выступае своеасаблівым водгукам на аўтарскі тэкст”, адзначае Дар’я. Адсюль – цяга да пэндзля, каб адлюстраваць сваё бачанне мастацкага тэксту. Таму знаходзім у скарбонцы аўтара работы на творы Макса Фрая, Віктора Гюго, Ханса Хрысціяна Андэрсэна, Уільяма Шэкспіра. Тут жа і пейзажы, тут і партрэты. Здзіўляешся рознабаковасці таленту мастачкі!
“Купалінка”
“Эвалюцыю” сваёй творчай асобы Дар’я параўноўвае з развіццём лялечкі матылька. “Так, яму там добра, утульна, і няма цвёрдай упэўненасці ў тым, што жаданне пакінуць гэты прыстанак сапраўды прысутнічае. Але, аднекуль атрымаўшы штуршок, істота пачынае прагнуць жыцця. Хоць ёй і страшна, але яна разварочвае крылцы. Ды і не можа яна інакш. Гэта насамрэч становіцца вышэй за нас”.
Дар’я Балотнікава і Марына Маркевіч
У сувязі з гэтым цікавы выбар назвы для выставы. “Авось” – крэда па жыцці амаль не кожнага беларуса: гэта закладзена ў яго культуры, побыце, менталітэце. Менавіта гэтым словам характарызуецца стан чалавека, які ведае, што перспектыў у дадзенай гіблай справе няма, але ідзе наперад, свята верачы ў шчаслівы канец справы.
“Эсмеральда”
Французскі пісьменнік Ларашфуко заўважыў, што “розум служыць нам часам толькі для таго, каб смялей рабіць глупствы”. Якія ж глупствы дазваляюць сабе людзі мастацтва? “Галоўнае глупста майго жыцця, авантура, так бы мовіць, гэта дадзеная выстава. Хто будзе рабіць выставу, ведаючы аб сваіх памылках і дакладна не ўпэўнены ў поспеху выставы? Але, трэба прызнацца, што з узростам пачынаеш разумець вартасць адчування, яно не можа быць няправільным, паколькі калі глыбока сягаеш у падсвядомае, не можаш памыляцца”, рэзюміруе Дар’я.
Варта прыслухацца да словаў Дар’і. Сапраўды, выратаванне часам знаходзім у тым, каб зрабіць першы крок. Яшчэ адзін крок.
Аўтар: Марына Маркевіч
Фатаздымкі: Ксенія Барысава