Наша Амэрыка

0
2541
Амэрыка, Сяргей Балахонаў, кнігі

Бадай што ад самай морскае вандроўкі Хрыстафора Калюмба 1492 года да “берагоў усходніх індыйскіх” (г.зн. Амэрыкі) існуюць вэрсіі, якія адмаўляюць слыннаму мараплаўцу ў ляўравым вянку першаадкрывальніка. Хаця яшчэ й сёньня К.Калюмб зьяўляецца сымбалем адкрыцьця Амэрыкі, навука гэтую сымбалічнасьць ладным чынам карэгуе. Мы паважна ставімся да вэрсіяў нашых братоў ірляндцаў і ўкраінцаў, але яны падаюцца малаімавернымі. Наступае час, калі трэба ўрэшце адкінуць усе сумневы й голасна заявіць, што насамрэч першаадкрывальнікамі Амэрыкі былі прашчуры беларусаў.

Гэты гістарычны чын зьдзейснілі нашыя далёкія продкі – грамадзяне гіпатэтычнай “Банцараўскай дзяржавы”. Назва, дастаткова ўмоўная, паходзіць ад найменьня археалягічнае культуры VI-VIII стст. н.э. (Банцараўшчына – гарадзішча пад Менскам). Яна абыймала абшары Верхняга Падняпроўя, Верхняга Панямоньня, Падзьвіньня (паўночна-заходняя, ці ўласна банцараўская група) і гомельскага ды магілёўскага Падняпроўя, ніжняй плыні Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусьця Пцічы да зліцьця з Дняпром (паўднёва-ўсходняя, ці калочынская група). Выйсьця да мора ў банцараўцаў было сама мала два. Па-першае, водны шлях па Заходняй Дзьвіне ў Балтыйскае мора. Менавіта банцараўцы шмат раней за крыжакоў-фальсыфікатараў заклалі ў вусьці гэтай ракі паселішча Рыга (яшчэ Вацлаў Ластоўскі згадваў пра беларускую этымалёгію гэтае назвы). Па-другое, банцараўцы мелі сваё сэзоннае мора – т. зв. “Мора Герадота”. Яно станавіла сабою сыстэму азёр ў басэйне ракі Прыпяць, якія ўвесну ядналіся ў вялізны водны арганізм, захопліваючы нават частку разьліванага таксама Буга ў акрэсе паміж сучаснымі Влодавым і Бярэсьцем (Брэстам). Дзякуючы гэтаму ўтвараўся маршрут Мора Герадота – Буг – Вісла – Балтыйскае мора. Безумоўна тут лоб у лоб сутыкаліся інтарэсы нашых продкаў з інтарэсамі продкаў палякаў. Але апошнія папросту ня ўмелі так па-майстэрску знацца ў зорках.

Дзяды ляхаў страдалі,
Зорнага Кола ня зналі,
а крывічоў дзяды
сачылі ўсі звязды…

– адзначалася ў беларускай гутарцы лірніка Амброза Кабяткі канца ХVIII стагодзьдзя. Акром астранамічных ведаў банцараўцы надта паднатарыліся ў вырабе адмысловых плыўных сродкаў. “А тыя барбары, якія жывуць на захад ад Барысфена (г.зн. Дняпра – С.Б.) рыхтуюць сабе вадаплавы із сшытых шкураў незабітых медьзвядзёў альбо кудлатых элефантаў і частакроць на гэтых суднах яны пераплываюць шырокія моры”, – адцеміў у сваёй “Стратэгіі” бізантыец Канстанцін Тэзаўрус (VI ст.). Бадцом (імпульсам) для экспэдыцыі паслужыла расшыфроўка банцараўскімі жрацамі надпісу на камяні, які шляхам абмену прывандраваў у наш край з захаду Эўропы. Туды ж ён троху раней патрапіў на мэсаамэрыканскім чаўне, зьнесеным ветрам ад родных берагоў да ўзьбярэжжаў Францыі ці Гішпаніі. У беларускай легендзе “Чортаў камень” гэтая падзея набыла фантастычныя рысы, захаваўшы аднак сваю першасную істу. Вось жа: зь вечаровага сонца зваліўся камень, на якім былі разнастайныя відарысы (“людзе, пціцэ і травэ ўсялякія”), узяў яго каваль, ды занёс сабе ў хату. Сымболіка, як бачыцца, тут даволі празрыстая: вечаровае сонца – сонца, што заходіць, заходні кірунак сьвету (захад); відарысы на камяні – піктаграмы ці ерагліфічнае пісьмо; каваль – жрэц/мудрэц/шаман, які паспалітуе (общается) з боствамі агню, сьвятла. “Ажно ў трэйці дзень загаварыў камень пра чужыя земле да пра людзей чужых, жывых за блізкім сьветам “, – паведамляе легенда пра расшыфроўку загадкавага тэксту. Выправа распачалася дзесь у сярэдзіне VI ст. праз Герадотава мора. Кіраваў ёю ваяр, вядомы нам па скандынаўскіх сагах як Палтэнэс, па позьніх беларуска-літоўскіх кроніках як Палямон, а па беларускім фальклёры як Палявік. Маршрут нашых прашчураў істотна ўдакладняецца ў народнай песьні “Цераз мора йшоў да брат з сястрыцаю”:

Цераз мора йшоў да брат зь сястрыцаю.
Братка перайшоў, сястра ўтонула.
Сястра ўтонула да рэчыць-мовіла:
“Не пі, братачка, да з мора вадзіцы.
Гэта не вада – гэта кроў мая.
Да кроў гаручая.
Не бяры, братачка, да з мора рыбачкі.
Гэта ж ня рыбачка – гэта цела маё.
Цела маё дай цела белае.
Не касі, братачка, да з мора травіцы.
Гэта не трава – гэта каса мая.
Каса мая дай каса русая”.

Вобраз патанулай сястры маркіруе асноўныя пункты вандраваньня: “кроў гаручая” – радовішчы нафты ў Паўночным моры, “вочкі ярыя” – Аркнэйскія і Шэтлэндзкія астравы, “цела белае” – ледзяныя берагі Грэнляндыі, айсбэргі, “каса русая” – Саргасава мора, вядомае сваімі водарасьцямі. Меркавана ў 565 г. нашы продкі прысталі да ўзьбярэжжа Флярыды. Менавіта гэты год пазначаны на глёбусе Адама Гайстгайма (1490г.) як час адкрыцьця сьвятым Апалінарам нейкай выспы на захадзе Атлянтыкі. Важак экспэдыцыі, паводле зьвестак на глёбусе, “прыбыўшы на абтоку, скінуў свой плашч, агледзіў з захапленьнем яе краявіды. А забавіўся там сем гадоў, па чым вярнуўся ў Край Перакручаных Ваўкоў”. Тое, што Апалінар і Палямон-Палявік адная і таясамая асоба, ўскосна пацьвярджае апошняя назва. Ужо з бронзавга веку і ажно да раньняга сярэднявечча беларускія землі ўважаліся далёкімі і блізкімі суседзямі акурат за краіну ваўкалакаў (перакручаных ваўкоў). Магчыма, што А. Гайстгайм зьвесткі для свайго глёбуса чэрпаў з рымскіх і бізантыйскіх крыніцаў, зьлёгку іх хрысьціянізуючы.

Імаверна, што людзі Палевіка-Палямона рабілі выцечкі ўглыбкі кантынэнта й мелі шчыльныя кантакты з тутэйшым жыхарствам. Сьведчаньнем на тое зьяўляюцца найперш археалягічныя знаходкі. Так у цырыманіяльным комплексе Кахок’я (слушнейшая транскрыпцыя – Каханка), цяперашні штат Ілінойс, выяўлены каменны ідал, які ёсьць паменшанай копіяй ідала Шклоўскага. У маўзалеях Этова (паўночная Джорджыя) археолягі адшукалі вялікія мядзяныя пацеркі, аздобленыя напаянымі на на іх паверхню дробнымі срэбнымі шарыкамі. Апошняе, нагадаю, было адметнаю акрасай жыхарак басэйна Прыпяці, пазьней успадкаванай дрыгавічамі.

Вяртаньне экспэдыцыі збольшага аб’ектыўна апісваюць беларуска-літоўскія кронікі (калі ня ўлічваць моманты сфальшаваныя недобрасумленнымі перапісчыкамі, што выводзілі Палямона з Рыму): “…минаючи Ангелию, приплыли ку кролевству Дуньскому, а оттед през море-окиян ся добрали до устя реки Немен”. Дасьледніцкі імпэт прычыніўся да таго, што вандроўнікі паспрабавалі вярнуцца на радзіму праз вусьце ракі Нёман. Але шматлікія каменныя парогі не дазволілі ім патрапіць у цэнтральную Беларусь. Зрэшты нельга скідваць з рахункаў і іншую вэрсію – зьмену палітычнага становішча ў “Банцараўскай дзяржаве”, калі героі на радзіме сталіся асобамі непажаданымі, таму й мусілі асесьці ў Прыбалтыцы. Водгульле гэтага адчуваецца ў беларускіх казках, дзе галоўны герой, вяртаючыся пасьля доўгай адсутнасьці дадому, знаходзіць сваё вяртаньне непатрэбным a) князю (каралю), b) нарачэнай (жонцы), c) ім абодвум. Паколькі вяртаньне адбывалася ў пашыраным складзе: разам з жонкамі і дзецьмі каманды 565 г., то вельмі праясьняецца, адкуль была прыўнесена блытаніна ў антрапанімію Беларусі раньняга сярэднявечча. Усе гэтыя Утэнасы, Мінгайлы, Міндоўгі, Жыгімонты і г.д. ёсьць перайначанымі імёнамі індзейскага паходжаньня. Прыраўнай: Утэнас і Ункас, Мінгайла і Магуа, Міндоўг і Таменунд, Жыгімонт і Чынгачгук). Нездарма спробы вытлумачыць іх зь літоўскай (летувіскай) мовы церпяць лінгвістычныя паразы ці, прынамсі, выглядаюць за вушы прыцягнутымі.

Надалей плаваньні жыхароў Беларусі ў Амэрыку ды іхняя прысутнасьць там набылі сталы характар. Адным з капітанаў тых дальных плаваньняў быў полацкі князь Рагвалод. У раньнім сьпісе “Повести временных лет” з дапамогаю ультра-фіялетавага праменьня высьветленыя асобныя моманты, зьнішчаныя бязьлітаснымі праўкамі пазьнейшых летапісцаў. “Бе бо Рогволод пришел иза моря Платона…” – гаворыцца ў удакладненым варыянце. Морам Плятона летапісец вобразна назваў Атлянтычны акіян, бо акурат Плятону належыць сьведчаньне пра Атлянтыду. У Амэрыку на эміграцыю падаліся двое зь пяцёх полацкіх князёў, якіх у 1129 г. запраторыў быў у бізантыйскі палон сын Уладзімера Манамаха Мсьціслаў. Мараканскія кронікі пад 1131 г.паведамляюць: “Два няверных з паўночнай Краіны Белых Шапак Іса Срава ды Муса Срава набылі карабель і ветрам спадарожным паплылі за сонцам” (не забываймася пра адну з адкінутых сучаснай навукай вэрсій аб паходжаньні назвы Белая Русь ад белага колеру адзеньня, а найперш шапак).

Пра доўгую прысутнасьць беларусаў у дакалюмбавай Амэрыцы, найперш у Паўночнай, сьведчаць шматлікія тапонімы, няслушна інтэрпрэтаваныя як індзейскія ці познаўтвораныя амэрыканскія:
Minnesota – “Менеск ото!”;
Colorado – “кола радасьці (ці можа рады)”;
Nebraska – “нябрацкая (зямля)”;
Nevada – “не + вада (бязводная зямля, пустэльня)”.
Назва Florida паходзіць зусім не ад лацінскага кораня ” flor” (“квет”), а ад старадаўняга беларускага слова “хламіда” (плашч), якое надта сказілася ў тамтэйшых гаворках.. Апроч таго ў беларускіх пісьмовых крыніцах XIII-XV стст. ня так ужо й рэдка сустракаюцца згадкі паўночнаамэрыканскіх рэаліяў. У копіі царкоўнага твора канца ХІІІ ст. “Лествица” захаваліся фрагмэнты павучальнай гісторыі пра нейкага крывіцкага князя (верагодна – перасяленца з Амэрыкі), які вызнаваў татэмізм і меў за татэм саву: “…сово быва тому князю тотем на очи то его светлые”. Паводле неідэнтыфікаванага ўрыўка зь беларускага летапісу XV ст. князь Гедзімін пасьля свайго знакамітага “ваўчынага сну” й размовы з астролягам прамовіў: “Ведаю Худсон (г.зн. Гудзон – С.Б.), але место ставлю на Вилии”. У лісьце ананімнага военачальніка да князя Вітаўта (канец XІV ст.) мімаходзь згадваецца вычын невядомага ваяра. Забраўшы ў палон, тэўтонскія псы-рыцары запатрабавалі ад яго паказаць шацёр Давыда Гарадзенскага, на што непахісны духам вой з апрычонай іроніяй перапытаў: “А может еще вигвам указати?”.

Ня дзіўна, што за гэты час беларускія мараходы займелі ўласную мапу зь фіксаванымі марскімі шляхамі да Амэрыкі. Адну з такіх мапаў склаў у 1380 г. нехта Аўлас Бончык. Копію гэтай карты ў канцы 80-х гг. XV ст. на Генуэзскім рынку ў купца Давойны Дайновіча зь Вільні прыдбаў Хрыстафор Калюмб. Мы б ніколі не даведаліся пра гэта, калі б Калюмб не папрасіў выдаць яму пацьверджаньне куплі, якое мусіў прадставіць сваім каранаваным фундатарам. Паводле дакумэнта купец “атрымаў 2000 залатых флярынаў за карту навігацыі праз Атлянтыку ў Невядомыя Землі”. Як бачым, беларусы паспрыялі і другому адкрыцьцю новага кантынэнта. Завяршаючы наш артыкул, хочацца адцеміць, што сама назва “Амэрыка” ўзьнікла ня безь беларускага ўдзелу. Адзін з нашых эмігрантаў сярэдзіны XVI ст. Пісімонт Рэчыцкі, набываючы ў Новым Сьвеце землі, патрабаваў дакумэнтальна засьведчваць літаральна кожны лапічак. Калі прадаўцы ня рупіліся тое рабіць, ён мамэнтальна ўскліцаў: “А мэтрыка?!”. Нагадаем, што мэтрыкай у Вялікім Княстве Літоўскім называўся выпіс з актавых кніг, ці то па-сучаснаму даведка. Дзякуючы юрыдычнай скрупулёзнасьці аднаго з нашых продкаў каляніяльныя ўлады сталі называць усе набываныя землі спачатку “Амэтрыкай”, а пазьней “Амэрыкай”. Нездарма ў 1777 г. Тадэвуш Касьцюшка, будучы ў мястэчку Саратога ўсклаў кветкі на магілу былога суграмадзяніна.

Гомель, 2004 г.